Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Захоп Германіяй Аўстрыі. Мюнхенскае пагадненне і яго наступствы. Захоп Італіяй Албаніі




Пачатак агрэсіі Японіі ў Паўночна-Ўсходнім Кітаі, выхад Японіі з Лігі Нацый. Курс Германіі на дасягненне сусветнага панавання пасля прыходу да ўлады Гітлера. Жэнеўская канвенцыя па раззбраенні. Выхад германіі з Лігі Нацый. Крушэнне Версальскай сістэмы.

Абвастрэнне міжнародных супярэчнасцей у перыяд сусветнага эканамічнага крызісу. Ідэя Пан-Еўропы. План Юнга. Мараторый Гувера і крах рэпарацыйнай палітыкі. Лазанская канферэнцыя. Аслабленне міжнародных пазіцый Францыі.

Стабілізацыя міжнародных адносін. Пацыфізм. План Даўэса. Канферэнцыя ў Лакарна. Нармалізацыя адносін СССР з буйнейшымі краінамі Захаду. Праблема раззбраення і бяспекі. Пакт Брыяна-Кэлага.

Тэма 25. Міжнародныя адносіны ў 1924-1939 гг.

Знешняя палітыка Ф. Д. Рузвельта. Ізаляцыянізм і інтэрнацыяналізм. Палітыка нейтралітэту. Адносіны з краінамі Лацінскай Амерыкі.

Нягледзячы на далейшую дэстабілізацыю абстаноўкі ў свеце, новая адміністрацыя Злучаных Штатаў працягвала праводзіць курс на ізаляцыянізм і дыстанцыяванне ад канфліктаў у астатнім свеце, асабліва ў Еўропе. На фоне падрыхтоўкі Італіі да агрэсіі супраць Абісініі ў 1935 г. Кангрэс прыняў Закон аб нейтралітэце. Згодна з яго палажэннямі забараняўся продаж амерыканскай зброі варагуючым бакам, незалежна ад таго, агрэсар гэта ці ахвяра агрэсіі. Яшчэ больш строгі закон на гэты конт быў прыняты пасля пачатку ў 1936 г. грамадзянскай вайны ў Іспаніі.

У Ціхаакіянскім басейне Ф. Д. Рузвельт працягваў гувераўскую палітыку непрызнання заваёў Японіі ў Азіі. Калі ў 1937 г. гэтая краіна здзейсніла новую агрэсію супраць Кітаю, дэмакратычная адміністрацыя пачала фактычны адыход ад палітыкі ізаляцыянізму. Але нават патапленне амерыканскага ваенна-марскога судна японцамі не здолела вымусіць Злучаныя Штаты перайсці да нейкіх рашучых дзеянняў.

І толькі пасля нападзення Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 г. Ф. Д. Рузвельт склікаў спецыяльную сесію Кангрэсу з мэтай перагледзець Закон аб нейтралітэце. У выніку быў дазволены продаж зброі "ваюючым краінам", а фактычна толькі Вялікабрытаніі і Францыі. Калі ж у чэрвені 1940 г. апошняя капітулявала Злучаныя Штаты перайшлі да палітыкі ўсямернай падтрымкі Вялікабрытаніі. Дэ-факта ЗША канчаткова адмовіліся ад палітыкі ізаляцыянізму і нейтралітэту. Нападзенне Японіі на ваенна-марскую базу ЗША Пёрл-Харбар 7 снежня 1941 г. азначала іх уступленне ў другую сусветную вайну.

Прыход новага палітычнага кіраўніцтва ў Злучаных Штатах дазволіў ажыццявіць сур’ёзны перагляд знешнепалітычнага курсу краіны адносна Лацінскай Амерыкі. Яшчэ ў сваёй інаўгурацыйнай прамове Ф. Д. Рузвельт абвясціў палітыку "добрага суседа". Яна базіравалася на прынцыпах неўмяшання ЗША ва ўнутраныя справы краін Лацінскай Амерыкі і прадугледжвала заключэнне гандлёвых пагадненняў на базе ўзаемнасці, ажыццяўленне прынцыпу роўнасці нацыяў і аказанне ім тэхнічнай дапамогі. Тым самым да канца 1939 г. дэмакраты дамагліся росту прэстыжу ЗША ў рэгіёне і забяспечылі куды лепшыя пазіцыі для канкурэнтнай барацьбы за эканамічнае дамінаванне ў ім.

З мёртвай кропкі былі ссунутыя амерыкана-савецкія двухбаковыя сувязі. У лістападзе 1933 г. урад ЗША прызнаў Савецкі Саюзы і ўсталяваў з ім дыпламатычныя адносіны.

Першая сусветная вайна аказала выцверажальнае ўздзеянне на народы і большасць палітыкаў Еўропы. Пасля стабілізацыі эканамічнай і ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў еўрапейскіх краінах паступова набывае палітычную вагу пацыфісцкі рух – рух за адмову ад гвалту і войнаў як сродкаў міжнароднай палітыкі. З прыходам на пасаду прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў Францыі Эдуарда Эрыо, вядомага ідэолага пацыфізму, гэтыя ідэі на пэўны час становяцца адным з асноватворных прынцыпаў сусветнай палітыкі.

Э. Эрыо выступіў з ініцыятывай стварэння ўсеабдымнай сістэмы міжнародных адносін, заснаванай на раўнапраўі ўсіх краін і адмове ад вайны як сродку палітыкі. Меркавалася стварыць пад эгідай Лігі Нацый цэласную сістэму калектыўнай бяспекі, міжнароднага арбітражу і механізму раззбраення. Шэраг канкрэтных прапаноў па рэалізацыі гэтай праграмы былі адкінутыя Вялікабрытаніяй, якая бачыла ў пацыфісцкай палітыцы толькі "еўрапейскія перспектывы" і лічыла іх непрыдатнымі для выкарыстання ў глабальным маштабе. Сапраўды, каланіяльнае панаванне на такіх прынцыпах ажыццяўляць было немагчыма.

Калектыўная бяспека, арбітраж і раззбраенне былі таксама прынцыпова немагчымыя пакуль па-за фарматам сістэмы міжнародных адносін заставаліся гэткія буйныя і важныя для еўрапейскай і сусветнай стабільнасці дзяржавы як Германія і СССР. У сярэдзіне 1920-х гг. у гэтым пытанні намеціўся прарыў.

Паварот да канструктыўнага вырашэння "нямецкага пытання" быў пачаты ў ліпні 1923 г. Камісія па рэпарацыях прыняла рашэнне аб стварэнні міжнароднага камітэту экспертаў для вызначэння новага парадку рэпарацыйных выплат Германіі. Яго старшынёй стаў амерыканскі дзяржаўны дзеяч і прадпрымальнік Чарльз Даўэс. Распрацаваны праект, "план Даўэса", быў абмеркаваны і падпісаны на Лонданскай канферэнцыі 16 жніўня 1924 г. Агульная сума выплат не змянялася, але штогадовыя плацяжы зніжаліся. Вызначалася, што ў 1924 г. Германія сплаціць рэпарацыі на суму 1 млрд. залатых марак, а да 1928 г. іх штогадовы памер вырасце да 2,5 млрд. Адначасова Германія атрымлівала першапачатковы заем у 800 млн. марак, а да 1929 г. у краіну паступіла крэдытаў яшчэ на суму ў 21 млрд. Гэта моцна аблягчала выплату рэпарацыяў. "Планам Даўэса" таксама скасоўвалася палітыка забеспячэння "прадуктыўных закладаў", што дазволіла скончыць акупацыю Рурскага рэгіёну. Францыя не толькі выводзіла адтуль свае войскі, але і абавязвалася не накладаць на Германію санкцыі без адзінадушнай згоды рэпарацыйнай камісіі. Для забеспячэння рэпарацыйных выплат Рэйхсбанк і Рэйхсбан (чыгунка) былі пастаўлены пад міжнародны кантроль. У 1925 г. за асабісты ўнёсак у справу вырашэння складанай міжнароднай праблемы Чарльзу Даўэсу была прысуджана Нобелеўская прэмія міру.

Важным крокам у справе фарміравання новай сістэмы калектыўнай бяспекі і нармалізацыі адносін з Германіяй стала падпісанне Лакарнскіх пагадненняў. У кастрычніку 1925 г. у швейцарскім горадзе Лакарна адбыліся перагаворы з удзелам прадстаўнікоў Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі, Бельгіі, Францыі, Польшчы і Чэхаславакіі. Іх вынікам сталі 7 дагавораў, падпісаных 1 снежня 1925 г. у Лондане.

Галоўным "лакарнскім" дакументам стаў Рэйнскі гарантыйны пакт. Згодна з ім Германія, Францыя і Бельгія прызнавалі непарушнасць пасляваенных межаў, вызначаных Версальскім дагаворам. У выпадку парушэння названых ўмоў дзяржавы-гаранты (Вялікабрытанія ды Італія) мелі права выкарыстаць сілу дзеля аднаўлення статус-кво. Галоўным дасягненнем пакта станавілася прызнанне Германіяй сваіх новых заходніх межаў. Арбітражнае пагадненне Германіі, Бельгіі і Францыі прадугледжвала вырашэнне ўсіх спрэчак паміж гэтымі дзяржавамі мірным шляхам – праз Лігу Нацыяў і міжнародныя суды.

Арбітражныя пагадненні Германіі з Польшчай і Чэхаславакіяй зафіксавалі адмову першай ад ваеннага вырашэння тэрытарыяльных спрэчак (гарантам пагаднення станавілася Францыя). Аднак пра непарушнасць межаў, як у пагадненні з Бельгіяй і Францыяй, тут гаворка не ішла. Акрамя таго Вялікабрытанія і Італія станавіліся гарантамі дэмілітарызаванага статусу Рэйнскай вобласці. Было прынятае рашэнне аб прыёме Германіі ў Лігу Нацыяў.

Гэткім чынам, Лакарнскія пагадненні заклалі базу для паляпшэння міжнароднага клімату ў Заходняй Еўропе ў другой палове 1920-х гг. Нездарма кіраўнікі германскай і французскай дэлегацый на перагаворах – Густаў Штрэземан і Арыстыд Брыян – атрымалі Нобелеўскую прэмію міру за 1926 г.

Стабілізацыя становішча савецкай улады і правядзенне новай эканамічнай палітыкі наблізілі магчымасць паляпшэння адносін і з СССР. У 1924 г. пачалася "паласа прызнання" яго заходнімі краінамі. Першай гэты крок зрабіла Вялікабрытанія, а следам за ёй – Італія, Нарвегія, Грэцыя, Аўстрыя, Швецыя, Данія. Асаблівае значэнне савецкая дыпламатыя надавала ўсталяванню дыпламатычных адносін з Францыяй, бо гэта дазваляла разлічваць на змену "агульнай палітычнай лініі" ў дачыненні СССР з боку краін Захаду. Аб прызнанні Савецкага Саюзу заявілі Кітай і Мексіка. У 1925 г. з СССР усталявала дыпламатычныя адносіны Японія.

6 красавіка 1927 г. у дзень 10-ых угодкаў уступлення ЗША ў першую сусветную вайну міністр замежных спраў Францыі Арыстыд Брыян звярнуўся з заклікам да Злучаных Штатаў заключыць двухбаковы дагавор "аб вечным сяброўстве, які забараняе зварот да вайны як да сродку нацыянальнай палітыкі". Неўзабаве кіраўнік дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Фрэнк Кэлаг выказаў задавальненне самой ідэяй, але адзначыў неабходнасць падключэння да пагаднення ўсіх галоўных дзяржаў.

27 жніўня 1928 г. прадстаўнікамі ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Японіі і шэрагам іншых дзяржаў быў заключаны Парыжскі дагавор аб адмове ад вайны ў якасці прылады нацыянальнай палітыкі, вядомы як пакт Брыяна-Кэлага. Да канца 1929 г. да яго далучыліся 44 дзяржавы, а ў 1938 г. такіх было ўжо 65.

Пакт Брыяна-Кэлага здолеў яшчэ больш паслабіць напружанасць міжнародных адносін, даў надзею на далейшае збліжэнне еўрапейскіх народаў. (Ф. Кэлаг стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру за 1929 г.) Аднак адным пагадненнем забяспечыць мір было немагчыма.

З наступленнем сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. і узмацненнем дзяржаўнага эгаізму, жадання выжыць за кошт суседа, пацыфізм для многіх палітычных сіл і лідэраў губляе сваю былую прывабнасць.

На рубяжы 1920-1930-х гг. на міжнародным узроўні актыўна абмяркоўваўся праект Пан-Еўропы. Упершыню з гэтай ідэяй на Асамблеі Лігі Нацый (верасень 1929 г.) выступіў французскі прэм’ер-міністр А. Брыян. Ён прапанаваў разгледзець пытанне аб магчымасці заключэння зацікаўленымі ўрадамі пагаднення ў мэтах усталявання "паміж еўрапейскімі народамі свайго роду еўрапейскага федэральнага саюзу". Разгорнутае ўвасабленне гэтая ідэя атрымала ў афіцыйным французскім Мемарандуме аб арганізацыі рэжыму еўрапейскага федэральнага саюзу, разасланым еўрапейскім краінам-членам Лігі Нацый у траўні 1930 г. Сама рэальнасць еўрапейскага эканамічнага адзінства, на думку аўтараў мемарандума, дыктавала ўвасабленне краінамі Еўропы "прынцыпу салідарнасці", пераадолення распыленне сіл, найперш у гаспадарчай галіне. Механізм рэалізацыі эканамічных, фінансавых і палітычных захадаў бачыўся ў выглядзе Еўрапейскай канферэнцыі, якая будзе рэгулярна склікацца. Выканаўчым органам канферэнцыі павінна была стаць пастаянная Еўрапейская камісія ў Жэневе.

Французскі мемарандум выклікаў стрыманую рэакцыю, хаця ніхто яго не адважваўся прама адкінуць. Па праекце ў Пан-Еўропу не павінны былі ўваходзіць Вялікабрытанія, ЗША і СССР, таму Германія і многія іншыя справядліва лічылі, што гэта чарговая спроба Францыі забяспечыць сабе еўрапейскае дамінаванне. Ранняя спроба распачаць еўрапейскую інтэграцыю сутыкнулася з традыцыйным недаверам дзяржаў адна да адной.

Няпростае міжнароднае становішча ўскладнялася яшчэ й тым, што Германія апынулася на мяжы эканамічнай катастрофы. Патрабаванні Германіі ў канцы перагледзець "план Даўэса" прывялі да таго, што ў сярэдзіне 1929 г. быў прыняты новы план рэпарацыйных выплат – "план Юнга". Штогадовыя плацяжы скарачаліся да 2 млрд. марак у 1929-1965 гг., а потым да 1988 г. іх сумы вызначаліся ў адпаведнасці з памерамі запазычанасці краін атрымальнікаў рэпарацый перад Злучанымі Штатамі Амерыкі. Інакш кажучы, Германія абавязвалася разлічвацца за чужыя даўгі перад ЗША. Але і гэты план стаў нерэальным пры паглыбленні сусветнага эканамічнага крызісу. З набліжэннем чарговага тэрміну пагашэння рэпарацыяў узрастала трывога адносна яе здольнасці выплаціць хоць што-небудзь. У чэрвені 1931 г. Г. Гувер выступіў прапановай аб прыпыненні Германіяй на адзін год усіх плацяжоў па міжнародных урадавых даўгах, рэпарацыях і заёмах ("мараторый Гувера").

Францыя была незадаволена гэткім вырашэннем рэпарацыйнага пытання і патрабавала за сваю згоду ад Германіі "палітычныя гарантыі", у тым ліку, спыненне агітацыі за перагляд Версальскага дагавору і адмовы ад аўстра-германскага мытнага саюзу. Але напрыканцы лета 1931 г. міжнародны камітэт экспертаў прызнаў факт, што і па сканчэнні тэрміну мараторыя Гувера будзе не ўстане аднавіць рэпарацыйныя плацяжы.

Канчатковае вырашэнне пытання было ўскладзена на Лазанскую канферэнцыю ("канферэнцыю па рэпарацыях"), якая прайшла ў чэрвені-ліпні 1932 г. Сума рэпарацый Германіі была зменшана з 96 да 3 млрд. марак! Пасля выплаты гэтай сумы па заканчэнні 3-гадовага мараторыя (1932-1934) яна станавілася вольнай ад даўгавой залежнасці.

На пачатку 1930-х гг. ачагом міжнароднай напружанасці становіцца Далёкі Усход. У 1931-1933 гг. Японія захапіла паўночна-ўсходнюю частку Кітаю – Маньчжурыю. 24 кастрычніка 1931 г. Ліга Нацый прыняла рэзалюцыю, якая заклікала Японію вывесці свае войскі з акупіраванай тэрыторыі. Паколькі гэтае рашэнне не прадугледжвала аніякіх механізмаў уздзеяння на агрэсара, 18 лютага 1932 г. Японія абвясціла аб стварэнні на занятых тэрыторыях марыянетачнай дзяржавы Маньчжоў-Го і ў сакавіку 1933 г. заявіла аб сваім выхадзе са складу Лігі Нацый.

У 1937 г. Японія скарысталася скрайняй палітычнай нестабільнасцю ў Паднябеснай і распачала супраць Кітаю буйнамаштабную вайну. На Далёкім Усходзе ўзнікла пагроза бяспецы Савецкага Саюзу. У 1938-1939 гг. адбываюцца ваенныя дзеянні паміж савецкімі і японскімі войскамі ля ракі Халхін-Гол і возеры Хасан. Гэтыя агрэсіўныя вылазкі Японіі скончыліся правалам. Але ў Кітаі да канца 1939 г. практычна ўся частка прыбярэжная тэрыторыя апынулася пад японскім кантролем.

У лютым-ліпні 1932 г. у Жэневе адбылася першая сесія міжнароднай канферэнцыі па раззбраенні (працягвалася да 1934 г.), на якой былі прадстаўленыя 60 дзяржаў. Абмеркаванні былі вельмі напружанымі, бо ўсе праекты раззбраення прадугледжвалі ўзмацненне дзяржавы, што выступала з прапановамі, і аслабленне астатніх. Германія патрабавала права на роўнасць ва ўзбраеннях, г.зн. ліквідацыі адпаведных абмежавальных артыкулаў Версальскага дагавору. Паколькі дасягненне вялікай колькасці кампрамісаў адначасова было нерэальным, вялікія дзяржавы прыйшлі да ідэі зрабіць пытанне аб правах Германіі прадметам асобнага разгляду. У снежні 1932 г. была падпісана Дэкларацыя пяці дзяржаў – ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Германіі. За Германіяй, як і за астатнімі прайграўшымі Першую сусветную вайну дзяржавамі – Аўстрыяй, Венгрыяй і Балгарыяй, было прызнана раўнапраўе ва ўзбраеннях. Гэта была буйная саступка Берліну.

Але прыход да ўлады ў Германіі А. Гітлера карэнным чынам змяніла сітуацыю на міжнароднай арэне. Заявіўшы аб сваім імкненні ўз’яднаць нямецкую нацыю ў межах адзінага Трэцяга Рэйху, нацысты ў канчатковым выніку імкнуліся да развязвання татальнай вайны і ўсталяванню новага сусветнага парадку. У кастрычніку 1933 г. Германія дэманстратыўна пакінула Лігу Нацыяў і міжнародную канферэнцыю па раззбраенні, узяўшы курс на падрыхтоўку да выхаду з сістэмы абмежаванняў, якія накладаў на яе Версальскі дагавор. Спроба аншлюсу Аўстрыі ў 1934 г., аднаўленне ўсеагульнай вайсковай павіннасці ў 1935 г. і гучныя заявы германскага фюрэра сведчылі аб рашучасці зламаць ненавісную Версальскую сістэму.

Рэакцыю вялікіх дзяржаў на гэтыя дэмаршы Германіі цяжка назваць адпаведнай ступені іх пагрозы стабільнасці ў Еўропе. У красавіку 1935 г. прайшла міжнародная канферэнцыя па германскаму пытанню ў Стрэзе. Яе краіны-удзельніцы выказаліся з асуджэннем аднабаковых парушэнняў Версальскага дагавору.

Захоп Абісініі (Эфіопіі) фашысцкай Італіяй. Італа-германская інтэрвенцыя супраць Іспанскай рэспублікі. Утварэнне агрэсіўнага блока Берлін‑Рым‑Токіа.

Абісінія заставалася адной з нямногіх незалежных дзяржаў Афрыкі. Фашысцкая Італія, якая прагнула экспансіі, была вельмі зацікаўленая ў захопе абісінскіх прыродных рэсурсаў. Планы агрэсараў аблягчаліся тым, што афрыканская краіна знаходзілася паміж італьянскімі калоніямі – Эрытрэяй і Самалі. Момант для нападу быў абраны ўдала. У 1935 г. набліжаліся парламенцкія выбары ў Вялікабрытаніі і лёс маленькай афрыканскай краіны там мала каго цікавіў. Германія імкнулася скіраваць ўвагу Італіі куды падалей, каб ажыццявіць аншлюс Аўстрыі. З СССР у Італіі з 1933 г. дзейнічаў разлічаны на 5 гадоў Пакт аб сяброўстве, ненападзенні і нейтралітэце. З Францыяй праблем узнікнуць не магло, бо ужо раней (студзень 1935 г.) краіны пагадзіліся на размежаванне сфер уплыву на афрыканскім кантыненце. Сама ж вайна, нягледзячы на ўпартае супраціўленне абісінцаў, не паставіла перад Італіяй невырашальных праблем. У перыяд з кастрычніка 1935 г. па травень 1936 г. Абісінія была заваявана і ўключана ў склад Італьянскай імперыі.

Далейшая дэстабілізацыя міжнародных адносін спрыяла збліжэнню агрэсіўных дзяржаў – Германіі, Італіі і Японіі. Рэмілітарызацыя нацысцкім кіраўніцтвам Рэйнскай зоны (7 сакавіка 1936 г.), што ўпершыню груба парушыла вызначаныя Версальскім дагаворам межы, і паспяховая вайна Італіі ў Абісініі абвастралі адносіны гэтых дзяржаў з міжнароднай супольнасцю і, адначасова, падштурхоўвалі іх да збліжэння. У ліпні 1936 г. было падпісана італа-германскае пагадненне аб неўмяшанні Італіі ва ўзаемаадносіны Германіі і Аўстрыі.

Пачатак антырэспубліканскага мяцяжу на чале з Франсіска Франка ў Іспаніі быў з задавальненнем успрыняты кіраўніцтвам Германіі і Італіі. Неабходнасць аказання дапамогі іспанскім аднадумцам адкрывала новыя перспектывы для італа-германскага супрацоўніцтва. Падтрымка франкістаў стала першым выпадкам сапраўднага партнёрства Італіі і Германіі.

У верасні-кастрычніку 1936 г. вяліся актыўныя перагаворы паміж германскімі і італьянскімі дыпламатамі. Іх вынікам стала падпісанне 25 кастрычніка пакту аб утварэнні "восі Берлін-Рым". У пагадненні з 5 пунктаў бакі канстатавалі супадзенне пазіцыяў у галіне знешняй палітыкі, дамовіліся аб размежаванні сфераў экспансіі на Балканах і ў басейне ракі Дунаю, замацоўвалі прызнанне генерала Ф. Франка ў якасці галавы іспанскага ўраду, намячалі мерапрыемствы па ўзмацненні вайсковай дапамогі з іх боку фашысцкім мяцежнікам у Іспаніі. Акрамя таго, Германія прызнавала захоп Італіяй Абісініі.

У лістападзе 1936 г. у Іспанію сталі прыбываць італьянскія і германскія войскі. Фармальна гэта былі не рэгулярныя войскі, а "легіянеры" – добраахвотнікі, за якімі, аднак, хаваліся прафесійныя вайскоўцы. Гэтая дапамога шмат у чым вырашыла пераможны для мяцежнікаў зыход вайны. Іспанская вайна моцна змяніла расстаноўку сіл у свеце, напрыклад, значна зменшыўся міжнародны прэстыж і ўплыў Францыі.

25 лістапада 1936 г. ў Берліне быў падпісаны міжнародны дагавор паміж Германіяй і Японіяй – Антыкамінтэрнаўскі пакт. Двухбаковы блок быў скіраваны на барацьбу з міжнародным камуністычным рухам і распаўсюджаннем савецкага ўплыву ў свеце. У сакрэтным дадатку да пакту змяшчаліся артыкулы, якія прама абгаворвалі магчымыя дыпламатычныя захады супраць СССР. Пакт, аднак, нельга назваць выключна антыкамуністычным і антысавецкім. Яго вастрыё ў не меншай ступені была скіравана супраць Вялікабрытаніі і Францыі. У лістападзе 1937 г. да Антыкамінтэрнаўскага пакту далучылася Італія.

Складванне блоку агрэсіўных дзяржаў працягнулася 22 траўня 1939 г. з падпісаннем Германа-італьянскага дагавору аб саюзе і сяброўстве, больш вядомага пад назвай " Стальны пакт". Былі пацверджаны дзеянне Антыкамінтэрнаўскага пакту і двухбаковыя саюзніцкія абавязацельствы. Германія і Італія дамаўляліся аб ўзаемадапамозе у выпадку вайсковых дзеянняў з трэцяй краінай, шырокім супрацоўніцтве ў вайсковай і эканамічнай сферах.

Канчатковае афармленне агрэсіўнай " восі Берлін-Рым-Токіа" адбылося 27 верасня 1940 г. з заключэннем Германіяй, Італіяй і Японіяй " Траістага пакту" (Берлінскага пакту). Пакт прадугледжваў падзел свету паміж трыма дзяржавамі. Германіі і Італіі адводзілася вядучая роля пры стварэнні г.зв. новага сусветнага парадку ў Еўропе, а Японскай імперыі – у Азіі. Пазней да "Траістага пакту" далучыліся Венгрыя, Румынія, Іспанія, Балгарыя, Фінляндыя і некаторыя іншыя дзяржавы.

Палітыка "неўмяшання", "замірэння агрэсара" і нейтралітэту заходніх дзяржаў.

Нягледзячы на недвухсэнсоўныя заявы А. Гітлера заходнія дзяржавы разлічвалі на магчымасць працягу супрацоўніцтва з Германіяй на мове палажэнняў Версальскай сістэмы. У ліпені 1933 г. Германія была запрошана ў Рым для сумеснага з Вялікабрытаніяй, Італіяй і Францыяй падпісання пакту аб узаемным супрацоўніцтве пад эгідай Лігі Нацый. Ратыфікацыя гэтага пагаднення была сарвана выхадам Германіі з удзелу ў Лазанскай канферэнцыі па раззбраенні, а потым і з Лігі Нацый.

Аднак заходнія палітыкі, якія любой цаной імкнуліся пазбегнуць паўтарэння крывавай бойні першай сусветнай, працягвалі не заўважаць пагрозы. Меркаванне пра тое, што канфлікту можна пазбегнуць шляхам саступак і "замірэння" атрымала асабліва шырокае распаўсюджанне ў Вялікабрытаніі. Ніякіх контрзахадаў не паследавала нават тады, калі ў 1935 г. Германія аднавіла ўсеагульную вайсковую павіннасць. Наадварот, неўзабаве ў тым жа годзе быў падпісаны ваенна-марскі дагавор Вялікабрытаніі з Германіяй, які фактычна стаў аднабаковай уступкай Гітлеру з боку брытанскіх уладаў.

Падобным жа чынам міжнародная супольнасць рэагавала і на захопніцкую палітыку фашысцкай Італіі. Пасля яе нападзення на Абісінію Ліга Нацый увяла санкцыі супраць захопніка. Але і без замежнай зброі Італія была здольная без асаблівых цяжкасцяў разграміць невялікую афрыканскую дзяржаву. А вось сам факт асуджэння адштурхнуў Б. Мусаліні ад былых саюзнікаў – Вялікабрытаніі і Францыі – і паспрыяў збліжэнню з ідэалагічна і палітычна блізкай Германіяй.

Выключэннем у недальнабачнай пазіцыі заходнееўрапейскіх дзяржаў стала французская ініцыятыва аб стварэнні "Усходняга Лакарна". Галоўны ідэолаг гэтага праекту, новы міністр замежных спраў Францыі Луі Барту, прапанаваў у 1934 г. стварыць дагаворны комплекс, закліканы дапоўніць і ўраўнаважыць Рэйнскі гарантыйны пакт ("Заходняе Лакарна"). Аднак насцярожанае стаўленне да Савецкага Саюзу з боку ўсходнееўрапейскіх дзяржаў (Румыніі, Чэхаславакіі, Югаславіі), а потым гібель Л.Барту ад рук харвацкага тэрарыста прывялі да ахалоджвання стаўлення французскіх уладаў да гэтага праекту. Падпісаны Францыяй і СССР у 1935 г. Дагавор аб узаемадапамозе не быў падмацаваны ваеннай канвенцыяй, а таму яго эфектыўнасць выклікала сумненні.

Пачатак грамадзянскай вайны ў Іспаніі яшчэ раз прадэманстраваў беднасць палітычнага арсеналу заходніх дэмакратычных дзяржаў, якія жадаючы застацца па-за канфліктам абвясцілі аб сваім неўмяшанні ў іспанскія справы. Гэтая пазіцыя не толькі не аддаліла вайну, але паскорыла яе надыход.

Ва ўмовах абвастрэння міжнароднай напружанасці і нарастання новай сусветнай вайны ЗША узмацняюць свой ізаляцыянісцкі курс. А ў 1935 г. Кангрэс прыняў Закон аб нейтралітэце які забараняў продаж амерыканскіх узбраенняў варагуючым бакам, прадастаўленне ім займаў і крэдытаў, не робячы адрознення паміж агрэсарам і яго ахвярай. Яшчэ больш жорсткі ізаляцыянісцкі закон быў прыняты пасля пачатку Грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Самаўхіленне ЗША ад удзелу ў вырашэнні самых надзённых праблемаў і супярэчнасцяў яшчэ больш паглыбляла нарастаючы міжнародны крызіс.

Бяззубая палітыка "замірэння" заходніх дзяржаў толькі развязвала Германіі рукі. Прыйшла чарга карэнных тэрытарыяльных зменаў у Еўропе. Спачатку нацысты здолелі ажыццявіць аншлюс Аўстрыі. Першая спроба аншлюсу ў 1934 г. выглядала непадрыхтаваным кавалерыйскім наскокам і прадказальна правалілася. Падмацаванае саюзам з Італіяй жаданне насуперак міжнароднаму праву аб’яднаць дзве нямецкія дзяржавы было рэалізавана вясной 1938 г. 12 сакавіка 200-тысячнае германскае войска заняло Аўстрыю, а ўжо 13 сакавіка А. Гітлер падпісаў дакумент аб поўным яе аншлюсе. Аўстрыя становіцца "правінцыяй германскага рэйху".

Францыя перажывала ў гэты час урадавы крызіс і таму практычна не адрэагавала на аншлюс. Вялікабрытанія ў духу "замірэння" вырашыла не ўмешвацца. Прапанова савецкага ўраду склікаць спецыяльную канферэнцыю для абмеркавання захадаў па прадухіленні далейшай агрэсіі Германіі была сустрэтая ў Еўропе без энтузіязму.

Далучыўшы Аўстрыю, А. Гітлер атрымаў стратэгічны плацдарм для захопу Чэхаславакіі. Гэтая краіна была наступным пунктам у спісе тэрытарыяльных патрабаванняў А. Гітлера. На захадзе Чэхаславакіі пражывала значная нямецкая меншасць (3,3 млн.), якая імкліва трапляла пад уплыў нацызму. А. Гітлер, які імкнуўся па максімуму пашырыць Трэці Рэйх без еўрапейскай вайны, здолеў на ўсю Еўропу раструбіць аб няздольнасці пражскага ўраду забяспечыць правы судэцкіх немцаў і цяпер патрабаваў перадачы спрэчнай тэрыторыі Германіі. Тым не менш, правесці далучэнне ў аднабаковым парадку, як у выпадку з аншлюсам, было немагчыма. Было яшчэ неабходна атрымаць згоду вялікіх дзяржаў.

На думку многіх тагачасных заходніх палітыкаў вырашэнне "судэцкага пытання" упісвалася ў схему памяркоўнага, нават "справядлівага" германскага рэваншызму. На руку нацыстам была і этнічная неаднароднасць Чэхаславакіі па-за межамі Судэтаў. У Славакіі існаваў моцны аўтанамісцкі рух. Можна было выкарыстаць для развалу краіны яшчэ й мільён венграў і паўмільёны русінаў (украінцаў Закарпацця).

У траўні 1938 г. нават быў падрыхтаваны план нападу на Чэхаславакію. Але гэтая дзяржава была ўпісаная ў сістэму міжнародных пагадненняў і магла разлічваць на саюзніцкія абавязкі Францыі і СССР, таму А. Гітлер вырашыў адступіць. Але летам 1938 г. пазіцыя заходніх саюзнікаў стала зусім мяккай і Германія здолела рэалізаваць свае мэты ў Судэтах перагаворным шляхам.

На міжнароднай канферэнцыі ў Мюнхене, якая адбылася 29-30 кастрычніка 1938 г. лідэры Вялікабрытаніі, Італіі, Францыі і Германіі дамовіліся аб перадачы апошняй Судэцкай вобласці. Германская армія магла пачаць акупацыю ўжо 1 кастрычніка. Дапушчаныя ў залу пасяджэнняў, дзе заставаліся толькі брытанцы і французы, чэхаславацкія прадстаўнікі былі паінфармаваныя: калі Мюнхенскае пагадненне не будзе падтрымана, Чэхаславакіі прыйдзецца застацца з Германіяй сам на сам.

На наступны дзень была падпісана брытана-германская дэкларацыя, у якой бакі заяўлялі аб намеры ніколі не ваяваць адзін з адным і вырашаць усе праблемы толькі шляхам кансультацыяў. Пасля гэтага ўпэўнены ў сваёй дыпламатычнай перамозе брытанскі прэм’ер-міністр Нэвіл Чэмберлен па вяртанні дадому заявіў: "Я думаю, што гэта мір для цэлага пакалення". Хутка ход гісторыі даказаў адваротнае. Яшчэ адной спробай, па сутнасці апошняй, дыпламатычнай гульні А. Гітлера з заходнімі дэмакратыямі было падпісанне 6 снежня 1938 г. пагаднення паміж Германіяй і Францыяй, у якім бакі гарантавалі непарушнасць і існуючых межаў. Цяпер заходнія дэмакратыі маглі быць спакойныя: выглядала, што нацызм пойдзе на Ўсход супраць бальшавікоў. Нездарма, узрадаваны амерыканскі часопіс "Time" назваў Гітлера "чалавекам года" і напісаў: "чалавек 1938 г. зробіць 1939 г. такім, аб якім мы яшчэ доўга будзем памятаць."

Тым часам лёс Чэхаславакіі быў прадвызначаны. Пасля страты Судэтаў драпежныя суседзі адарвалі ў яе яшчэ па “нечэхаславацкаму” кавалку тэрыторыі: Польшча – раён Цешэна, а Венгрыя – частку Славакіі. У сакавіку 1939 г. Гітлер паспрыяў распаду Чэхаславакіі (незалежнасць абвясціла Славакія). 15 сакавіка 1939 г. германскія войскі ўвайшлі ў Чэхаславакію. Чэшскія землі – Багемія і Маравія сталі непасрэднай часткай Трэцяга Рэйху. Са славацкім марыянетачным урадам Германія падпісала пагадненне пра "абарону" Славацкай дзяржавы – гітлераўскія войскі заставаліся на яе тэрыторыі. У красавіку 1939 г. прыкладу Гітлера паследаваў і Б. Мусаліні, які ў выніку хуткай дэсантнай аперацыі акупіраваў Албанію.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 1655; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.011 сек.