КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Знешняя палітыка Вялікабрытаніі ў 1945-1960-я гг. Крызіс і распад Брытанскай каланіяльнай імперыі. Пераўтварэнне імперыі ў Брытанскую Садружнасць нацыяў. 2 страница
Перамога ў другой сусветнай вайне антыгітлераўскай кааліцыі, якая выступалі пад дэмакратычнымі лозунгамі, паспрыяла стварэнню ўмоў для ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху народаў калоніяў. Непасрэдны ўдзел у выгнанні чужаземных захопнікаў (перадусім, японскіх) дазволіла ім здабыць каштоўны вопыт узброенай і палітычнай барацьбы, атрымаць узброеныя арміі і неабходнае кадравае забеспячэнне, спрыяў росту нацыянальнай самасвядомасці. Рух за свабоду заняволеных народаў не мог не закрануць і Брытанскую імперыю. Лондан быў вымушаны прызнаць далейшую немагчымасць падтрымліваць сваё панаванне над Індыяй. У 1947 г. гэтая "перліна" брытанскай кароны атрымала незалежнасць, праўда, распаўшыся пры гэтым на дзве асобныя часткі – пераважна індуісцкую Індыю і мусульманскі Пакістан. З 1947 г. у афіцыйных дакументах лейбарысцкага ўраду тэрмін "Брытанская імперыя" быў заменены на тэрмін "Брытанская Садружнасць нацыяў", а замест слова "дамініён" стала выкарыстоўвацца паняцце "член Садружнасці". У красавіку 1949 г. канферэнцыя прэм'ер-міністраў краін Садружнасці скасавала формулу Вестмінстэрскага статуту 1931 г. аб "адданасці кароне", што раней аб'ядноўвала яго ўдзельнікаў, і прызнала манарха "сімвалам свабоднай асацыяцыі незалежных нацыяў". У 1948 г. незалежнасць была дадзена Цэйлону (зараз Шры-Ланка) і Бірме. Індыя, Пакістан і Цэйлон добраахвотна засталіся ў Брытанскай садружнасці. Тым не менш, рэалізаваць цалкам мірны і палюбоўны дэмантаж брытанскай каланіяльнай сістэмы аказалася прынцыпова нерэальнай задачай. Брытанскім урадам прыйшлося тут і там сутыкацца з магутнымі выбухамі нацыянальна-вызваленчага руху. Перамены на нацыянальным палітычным алімпе пачатку 1950-х гг. не ўнеслі прынцыповых паправак курс Вялікабрытаніі на міжнароднай арэне. Кансерватарамі была сфармуляваная знешнепалітычная канцэпцыя "трох колаў", якая мусіла прыстасаваць глабальныя прэтэнзіі дзяржавы да рэаліяў пасляваеннага парадку. Згодна з яе палажэннямі брытанская знешняя палітыка павінна будавацца ў межах трох асноўных зонаў адказнасці ("колаў") – атлантычнай супольнасці (англасаксонскі свет на чале з ЗША і Вялікабрытаніяй), Еўропы і Брытанскай Садружнасці нацыяў. Вялікабрытанія неаднойчы даказвала свой уплыў і ў іншых справах. Кансерватыўны ўрад на чале аўтарытэтным у свеце лідэрам У. Чэрчылям і брытанская дыпламатыя адыгралі прыкметную ролю ва ўрэгуляванні карэйскага канфлікту ды індакітайскай праблемы, знайшлі кампраміс з іранскімі ўладамі, якія ў 1951 г. ажыццявілі нацыяналізацыю сваёй нафтавай прамысловасці. У 1955 г. пачалося стварэнне Арганізацыі цэнтральнага дагавору (СЕНТО) або Багдадскага пакту, куды апрача Вялікабрытаніі ўвайшлі Турцыя, Ірак, Іран і Пакістан. У 1952 г. была паспяхова выканана праграма ядзернага ўзбраення Вялікабрытаніі – у кастрычніку гэтага году адбылося выпрабаванне брытанскай атамнай бомбы ў Ціхім акіяне да поўначы ад Аўстраліі. З 1954 г. была распачата работа па стварэнню ўласнай вадароднай бомбы і ўжо ў 1957 г. яны завяршыліся серыяй тэрмаядзерных выпрабаванняў. Нягледзячы на тое, што Вялікабрытанія стала ядзернай дзяржавай, у 1958 г. ўрад торы заключыў са Злучанымі Штатамі пагадненне аб размяшчэнні на брытанскіх астравах амерыканскіх ракетных сілаў. Здараліся і няўдачы. Адным з самых балючых палітычных паражэнняў Вялікабрытаніі ў пасляваенныя дзесяцігоддзі стаў Суэцкі крызіс. У ліпені 1956 г. Егіпет нацыяналізаваў Суэцкі канал, што наносіла непасрэдныя страты эканамічным інтарэсам Вялікабрытаніі. Праз гэты канал праходзіла не менш за чвэрць яе экспарту і імпарту, а таксама каля 40% нафты, што здабывалася брытанцамі на Блізкім Усходзе. Сумесная з Францыяй ды Ізраілем агрэсія Вялікабрытаніі пацярпела поўны палітычны крах. СССР выступіў з рашучым асуджэннем вылазкі "неакаланіялістаў і сіяністаў" і прыгразіў выкарыстаннем ядзернай зброі. Паколькі амерыканская адміністрацыя Д. Эйзенхаўэра не была зацікаўленая ў эскалацыі канфлікту і, самае галоўнае, не бачыла ў рэгіёне прамых пагрозаў амерыканскім нацыянальным інтарэсам, Лондану і Парыжу прыйшлося прызнаць status quo. Пачатак у Заходняй Еўропе інтэграцыйных працэсаў не пакінуў абыякавай і Вялікабрытанію. Спачатку брытанцы не верылі ў перспектывы "Агульнага рынку" у Еўропе. Выступаючы ў Палаце абшчын у кастрычніку 1956 г., тады яшчэ міністр фінансаў Г Макмілан заявіў: " ...Што б мы ні думалі з нагоды гэтай праблемы, мы, я мяркую, аднадушныя ў перакананні, што для Злучанага Каралеўства няма аніякага сэнсу ўступаць у гэткі мытны саюз... Я не думаю, што Палата абшчын калі-небудзь пагадзіцца з планамі нашага ўступлення "Агульны рынак ". Потым Вялікабрытанія імкнуліся супрацьпаставіць еўрапейскім супольнасцям уласны інтэграцыйны праект – Еўрапейскую асацыяцыю свабоднага гандлю. Тым не менш, створаная арганізацыя не здолела забяспечыць найбольш спрыяльныя ўмовы для брытанскіх тавараў. Гэта, а таксама аб'ектыўны інтарэс Вялікабрытаніі да рынку ЕЭС абумовілі змену брытанскай пазіцыі. Ужо 1961 г. брытанскі ўрад упершыню заявіў аб намеры Вялікабрытаніі далучыцца да ЕЭС. Аднак Францыя ад самога пачатку разглядала свайго паўночнага суседа толькі як "траянскага каня" Злучаных Штатаў і таму рэалізацыі гэтых планаў прыйшлося чакаць больш за дзесяць гадоў. У 1950-х гг. працэс распаду брытанскай каланіяльнай імперыі набывае неабарачальны характар. Гэта былі вымушаныя прызнаць і брытанскія ўлады. Упершыню гэта было зроблена адкрыта ў 1960 г. падчас афрыканскага турнэ Г. Макмілана. У прамове, вядомай пад назвай "Вецер пераменаў", брытанскі прэм'ер падкрэсліў: " Вецер пераменаў дзьме на прасторах гэтага [афрыканскага] кантыненту і, падабаецца нам тое ці не, рост нацыянальнай самасвядомасці ёсць палітычным фактам. Мы павінны прыняць яго як факт і палітыка нашай дзяржавы мусіць лічыцца з гэтым ". Некалькі пазней брытанскі ўрад абвясціў аб намеры праводзіць у дачыненні афрыканскіх краін палітыку "плаўнага і ліберальнага прагрэсу", што азначала паступовы сыход Вялікабрытаніі з Усходняй і Цэнтральнай Афрыкі. Падобная пазіцыя не ў апошнюю чаргу тлумачылася (гэта рабіў і Г. Макмілан у сваёй прамове) блокавым супрацьстаяннем з Савецкім Саюзам. Брытанскія ўлады ўсведамлялі прынцыповую важнасць захаванне Афрыкі ў лагеры заходняга "вольнага свету". З вяртаннем лейбарыстаў да ўлады знешнепалітычны курс краіны не зазнаў кардынальных зменаў. Па-ранейшаму яе сутнасць вызначалася "асаблівымі адносінамі" з ЗША. Хаця брытанскія вайскоўцы і не ўзялі непасрэднага ўдзелу ў амерыканскай агрэсіі супраць В'етнаму, Вялікабрытанія аказала свайму "старэйшаму партнёру" поўную палітычную падтрымку.
Тэма 5. Вялікабрытанія ў 1970‑1980-я гг.
Крызісы 1974-1975 і 1979-1981 гг., іх наступствы. Сацыяльна-эканамічная палітыка кансерватараў і лейбарыстаў у 1970‑я гг. Напачатку 1970-х гг. эканамічныя паказчыкі Вялікабрытаніі працягвалі зніжацца. У 1972 г. яе доля ў сусветнай капіталістычнай вытворчасці ўпала да 5,8%, а доля ў сусветным гандлі – да 6,6%. Нягледзячы абвяшчэнне ў тым жа годзе "антыінфляцыйнай праграмы", працягвала падаць вартасць фунту. Паглыбленне грашова-фінансавых праблемаў напачатку 1973 г. прывяло да скарачэння золатавалютных рэзерваў амаль на 1 млрд. фунтаў. Вырашэнню гэтых складаных праблемаў павінна было паспрыяць рашэнне ўраду Эдварда Хіта (1970-1974) аб уступленню ў "Агульны рынак". Гэтым разам заяўка Вялікабрытаніі была задаволена і з пачатку 1973 г. яна стала паўнапраўным членам Еўрапейскіх Супольнасцяў. Для ўступлення ў ЕЭС Вялікабрытаніі прыйшлося пайсці на цэлы шэраг значных саступак. Гэтак пераходны перыяд для прамысловасці быў разлічаны на 4,5 гады, а для сельскай гаспадаркі – на 5 гадоў. Існаваўшыя пошліны на прамысловыя тавары ў гандлі з шасцю краінамі-заснавальніцамі ЕЭС скасоўваліся паэтапна. Вялікабрытаніі прыйшлося змірыцца з новымі больш высокімі коштамі на сельгаспрадукцыю і пераглядаць свае гандлёвыя адносіны з краінамі Брытанскай Садружнасці нацый. Акрамя таго, Лондан згадзіўся з патрабаваннем адмовіцца ад фунта як рэзервовай валюты (г.зн. агульнапрызнанай ў свеце валюты, якая назапашваецца цэнтральнымі банкамі ў валютных рэзервах). У 1974 г. у Вялікабрытаніі, як і ў іншых краінах капіталістычнага свету выбухнуў, самы магутны за ўвесь пасляваенны час эканамічны крызіс. Прамысловая вытворчасць за 1974-1975 гг. скарацілася на 10%, а беспрацоўе за той жа перыяд узрасло ўдвая – да 1,4 млн. чалавек. Аграмадных маштабаў дасягнула інфляцыя: у1974 г. рознічныя цэны узняліся на 19%, а ў 1975 г. – ужо на 24%! Дадатковыя цяжкасці для нацыянальнай эканомікі складалі паліўна-энергетычныя праблемы. Рост коштаў на нафту меў для яе катастрафічныя наступствы. Вялікабрытанія з'яўлялася адным з буйнейшых імпарцёраў арабскай нафты. Хаця краіна валодала вялікімі запасамі вугалю, а на мяжы 1960-1970-х гг. былі разведаныя буйныя залежы уласнага "чорнага золата" і прыроднага газу на брытанскай частцы шэльфу Паўночнага мора, значэнне вугалю для эканомікі пастаянна падала, а здабыча сваёй нафты пачалася толькі ў 1975 г. і не магла выйсці на сур'ёзныя аб'ёмы. У лютым 1974 г. адбыліся датэрміновыя парламенцкія выбары. Ужо адчуваўся подых крызісу, але асноўныя палітычныя партыі не здолелі прапанаваць выбаршчыкам дзейсных механізмаў паляпшэння эканамічнай сітуацыі. Брытанцы адказалі пратэстным галасаваннем. Кансерватары і лейбарысты сабралі адпаведна толькі 37,9% і 37,2% галасоў, страціўшы на дваіх за чатырохгадовы тэрмін 14,4%! Упершыню з 1929 г. дзве вядучыя партыі не дацягнулі да паказчыка ў 80%. І наадварот, утрая больш галасоў, чым на папярэдніх выбарах, атрымала ліберальная партыя (19,3%), удвая больш – Шатландская нацыянальная партыя (ШНП). У Шатландыі за ШНП прагаласавала 22% выбаршчыкаў. Склалася складаная сітуацыя, калі ні кансерватары, ні лейбарысты не валодалі большасцю ў Палаце абшчынаў – адпаведна 297 і 301 мандат. Разлік торы на ўрадавы альянс з лібераламі не спраўдзіўся. Таму права на фармаванне ўраду атрымала партыя, якая мела найбольшую парламенцкую фракцыю – лейбарысты. (Цікава, што прагаласавала за яе на амаль 227 тыс. чалавек меней, чым за кансерватараў.) Узначаліў урад меншасці Г. Вільсан (1974-1976). Лейбарысцкая партыя ў сваёй перадвыбарчай праграме заяўляла аб мэтазгоднасці нацыяналізацыі шэрагу важных прамысловых галінаў, усталявання дзяржаўнага кантролю за распрацоўкай нафтавых рэсурсаў у Паўночным моры, перагляду ўмоў удзелу Вялікабрытаніі ў "Агульным рынку". Прыйшоўшы да ўлады, яны неадкладна скасавалі антыпрафсаюзны закон, прыняты папярэднім кабінетам, павысілі пенсіі па старасці і замарозілі кватэрную плату. Няўстойлівасць ураду меншасці дыктавала лейбарыстам паспытаць шчасця на хуткіх новых датэрміновых выбарах. У кастрычніку 1974 г. яны заваявалі 319 дэпутацкія крэслы і тым самым здолелі замацаваць сваё лідэрства. Вынікі выбараў выклікалі вострыя дыскусіі ў лагеры кансерватараў. Чарговае паражэнне паставіла пад сумненне лідэрскія пазіцыі Э. Хіта. У лютым 1975 г. на пасады старшыні партыі торы і лідэра ценявога кабінету міністраў была абраная Маргарэт Тэтчар, міністр адукацыі і навукі у апошнім кансерватыўным урадзе. Лейбарысты зрабілі захады па дэмакратызацыі сістэмы адукацыі, паляпшэнні сістэмы пенсійнага забеспячэння. Але зараз, калі эканамічная сітуацыя пагоршылася яшчэ больш, урад лейбарыстаў быў вымушаны перайсці да антыінфляцыйнай палітыкі, а значыць праводзіць стрымліванне росту аплаты працы, падвышэнне падаткаў на спажывецкія тавары і скарачэнне дзяржаўных выдаткаў. Г. Вільсан здолеў атрымаць ад трэд-юніёнаў згоду абмежаваць свае патрабаванні да росту заробкаў у памеры 10% у год. У 1975 г. адбываецца небывалая ў брытанскай гісторыі падзея. Згодна са сваімі перадвыбарчымі абяцаннямі, лейбарысты далі народу магчымасць выказацца з нагоды членства Вялікабрытаніі ў ЕЭС на рэферэндуме. Брытанцы падтрымалі ўдзел сваёй краіны ў еўрапейскай інтэграцыі. У другой палове 1970-х гг. эканоміка Вялікабрытаніі знаходзілася ў вельмі складаным становішчы. З аднаго боку, узмацніліся галіновыя дыспрапорцыі: гіганцкія паспяховыя манаполіі ў сучасных галінах вытворчасці суіснавалі з неразваротлівым, слаба кіраваным дзяржаўным сектарам, што ахопліваў пераважна старыя традыцыйныя галіны вытворчасці. З іншага боку, узрастальныя сацыяльныя выдаткі не толькі не ўлічвалі эканамічныя магчымасці краіны, але таксама спараджалі ў грамадстве тэндэнцыі да ўтрыманства. Спробы ўтаймаваць апетыты працоўных сустракалі супраціўленне магутных і ўплывовых, у тым ліку ў самой лейбарысцкай партыі, трэд-юніёнаў. Гэткім чынам да канца 1970-х гг. Вялікабрытанія пераўтварылася ў грамадства з усімі прыкметамі застою. Вострыя сацыяльна-эканамічныя праблемы і адсутнасць у лейбарыстаў прадуманай праграмы дзеянняў у гэтай сітуацыі рабілі становішча Г. Вільсана незайздросным. У сакавіку 1976 г. ён вырашыў скласці з сябе паўнамоцтвы прэм'ер-міністра. Пераемнікам Г. Вільсана на пасадах старшыні партыі і кіраўніка ўраду стаў Джэймс Калагэн (1976-1979), аўтарытэтны і вопытны палітык. Ён стаў адзіным брытанскім прэм'ер-міністрам, які на шляху да свайго піку кар'еры пабываў на ўсіх трох галоўных міністэрскіх пасадах – канцлера казначэйства (міністр эканомікі і фінансаў), міністра ўнутраных і замежных спраў. Складанае эканамічнае становішча не пакідала новаму прэм'ер-міністру іншага выбару, як толькі перайсці да палітыкі бюджэтнай эканоміі і стрымлівання інфляцыі, адмовіцца ад планаў нацыяналізацыі. Гэтыя цалкам лагічныя захады ўраду не маглі дадаць яму папулярнасці. Ужо ў 1977 г. лейбарысты пацярпелі паражэнне і на давыбарах у Палату абшчынаў і на муніцыпальных выбарах. Галоўны саюзнік Лейбарысцкай партыі – рабочы рух – пераўтвараецца ў самага прынцыповага і непрымірымага апанента. Расчараванне палітыкай ураду спарадзіла магутнейшы забастовачны рух. Свайго піку ён дасягае зімой 1978-1979 гг. - г.зв. "зімой незадаволенасці" (англ. Winter of Discontent). Па меры набліжэння да новых парламенцкіх выбараў няздольнасць правячай лейбарысцкай партыі зладзіць з цэлым комплексам складаных сацыяльна-эканамічных праблемаў запатрабавала ад ураду Дж. Калагэна пошуку нестандартных спосабаў аднаўлення сваіх палітычных пазіцыяў. Гэткім сродкам магло б стаць ажыццяўленне "дэвалюцыйнай рэформы" – дэлегавання Лонданам часткі сваіх паўнамоцтваў новаўтвораным заканадаўчым сходам Уэльса і Шатландыі. Аднак разлік на кансалідацыю падтрымкі ў рэгіёнах не спраўдзіўся. У 1979 г. валійцы і шатландцы на рэферэндумах не выказалі вялікай зацікаўленасці ў пашырэнні сваіх правоў. Правал "дэвалюцыі" азначаў поўнае фіяска лейбарысцкага кабінету. І гэта красамоўна праілюстравалі травеньскія парламенцкія выбары 1979 г. У 1980-1982 гг. Вялікабрытанія сутыкнулася з новым эканамічным крызісам. Агульнае падзенне прамысловай вытворчасці ў гэты перыяд склала каля 12%, у апрацоўваючай прамысловасці – 16%, а ў галінах лёгкай прамысловасці – нават да 27%. Эканамічны крызіс суправаджаўся высокім узроўнем інфляцыі (у сярэднім 13% у год). Колькасць беспрацоўных узрасла з 1,5 да 3,3 млн. чалавек і да 1986 г. не апускалася ніжэй за 3-мільённы рубеж. Тым не менш, новыя ўлады – кансерватыўная партыя, якая вярнулася да ўлады ў 1979 г. - здолелі знайсці адэкватныя рашэнні гэтых і многіх іншых праблемаў і далі новы штуршок для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Умацаванне ўплыву неакансерватыўных ідэй у канцы 1970‑х гг. Прыход да ўлады М. Тэтчэр, яе сацыяльна-эканамічная палітыка. Тэтчарызм. Парламенцкія выбары 1983 і 1987 гг. ды іх вынікі. Аслабленне лейбарысцкай партыі, яе раскол у пачатку 1980‑х гг. Утварэнне Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Рознагалоссі ў Кансерватыўнай партыі. Адстаўка М. Тэтчар. У той час, як лейбарыстам заставалася толькі спадзявацца на нейкі цуд у сусветнай эканоміцы і заклікаць брытанцаў "перачакаць цяжкія часы", кансерватары на працягу 1976-1978 гг. распрацавалі праграму глыбокіх сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў. Электаральныя поспехі торы ў 1977 гг., няхай пакуль што лакальныя, ужо сведчылі, аб гатоўнасці краіны да пераменаў. На 3 траўня 1979 г. былі прызначаныя новыя парламенцкія выбары. Пераканаўчую перамогу на іх атрымала Кансерватыўная партыя. Упершыню ў брытанскай гісторыі у прэм'ер-міністрам краіны стала жанчына – 53-гадовая Маргарэт Тэтчар. Перад новым кансерватыўным урадам стаялі вельмі складаныя задачы, а найважнейшымі з іх былі пераадоленне эканамічнага крызісу і стварэнне новай эфектыўнай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. М. Тэтчар прапанавала новую эканамічную праграму развіцця, якая прынцыповым чынам адрознівалася ад папярэдніх. Новы ўрад прааналізаваўшы характар эканамічных праблемаў прыйшоў да высновы, што для вываду краіны з крызісу неабходна выправіць шэраг недахопаў у сацыяльна-эканамічнай сістэме. Прапанаваная стратэгія, якая адмаўляла жорсткае дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі, г.зн. кейнсіянства, атрымала назву неакансерватызм. Яна прадугледжвала наступныя крокі. Неабходна было абмежаваць празмерную ўладу ў краіне лідэраў трэд-юніёнаў (яны часта кіраваліся асабістымі інтарэсамі і шантажавалі буйных прадпрымальнікаў пагрозамі забастовак), знізіць падаткі (у той час у Вялікабрытаніі стандартная стаўка на асабісты даход складала 33%, але у асобных выпадках нават даходзіла да 83%) і інфляцыю. Асобнай праблемай з'яўлялася залішняя ўлада ў руках дзяржавы, а значыць – засілле неразваротлівай і неэфектыўнай бюракратыі. Навукова-тэарэтычнай базай брытанскіх неакансерватыўных рэформаў – г.зв. " тэтчарызму" – сталі манетарызм і тэорыя прапановы. У падмурку ідэалогіі кансерватыўнага ўраду знаходзіліся: свабоднае прадпрымальніцтва, асабістая ініцыятыва, скрайні індывідуалізм і віктарыянскія каштоўнасці. У 1980,1982 і 1984 гг. былі прынятыя законы, якія значна абмяжоўвалі права трэд-юніёнаў на забастоўкі. Гэтыя і іншыя ўрадавыя захады выклікалі актыўны забастовачны рух: у 1984-1985 гг. баставалі шахцёры, а ў 1986 г. - друкары. Тым не менш, цвёрдасць пазіцыі дазволіла М. Тэтчар дасягнуць пастаўленай мэты. Іншым важным напрамкам дзейнасці кансерватыўнага ўраду стала прыватызацыя абагульненага сектару. На 1979 г.. на долю нацыяналізаваных галінаў прамысловасці прыпадала каля 10% ВНП. Пры гэтым многія з гэтых галінаў сталі класічным узорам слабай прадукцыйнасці працы і малой эканамічнай эфектыўнасці. У перыяд з 1984 па 1987 гг. у прыватную ўласнасць перайшлі 9 дзяржаўных канцэрнаў (1/3 усёй уласнасці дзяржавы), напрыклад, тэлекамунікацыі і прадпрыемствы газавай прамысловасці. Напрыканцы 1987 г. пачаўся продаж акцыяў нафтавай кампаніі "Брыціш петролеум". Потым прыйшла чарга сталеліцейнай прамысловасці, а пасля яе – электраэнергетыкі і водазабеспячэння. У выніку прыватызацыі адбылася адчувальная "дэмакратызацыя капіталу". Калі ў 1979 г. доля акцыянераў у Вялікабрытаніі складала толькі 7% дарослага насельніцтва, то ў 1988 г. ужо 20%. З гэтым паказчыкам брытанцы выйшлі на другое месца ў свеце і саступалі цяпер толькі амерыканцам. Яшчэ адным важным накірункам дзейнасці кансерватыўнага ўраду М. Тэтчар дзеля ўмацавання "грамадства ўласнікаў" з'яўлялася спрыянне развіццю малога і сярэдняга бізнесу. У выніку невялікія, добра тэхнічна ўзброеныя дробныя і сярэднія фірмы аказаліся здольнымі своечасова рэагаваць на змены гаспадарчай кан'юнктуры, чаго нельга было сказаць пра многіх гігантаў прамысловай вытворчасці. Адначасова ўрад актыўна падтрымліваў і абараняў транснацыянальныя карпарацыі, у якіх брытанскі капітал адыгрываў важную ролю. Адной з важнейшых спецыфічных асаблівасцяў брытанскай эканомікі была высокая ступень інтэрнацыяналізацыі ў вядучых галінах вытворчасці. Толькі нямногія сферы прамысловай вытворчасці абапіраліся на трывалы ўнутраны рынак, мелі высокі ўзровень капіталаўкладанняў і развітую базу НДВКР. У першую чаргу гэта хімічная і аэракасмічная галіны, астатнія збольшага былі шчыльна звязаныя з міжнароднымі карпарацыямі. Вялікая ўвага ў працэсе перабудовы брытанскай эканомікі надавалася прыватызацыі жылля. Значная яго частка належала муніцыпальнай уладзе, а таму патрабавала новых і новых дзяржаўных грашовых асігнаванняў. М. Тэтчар паставіла перад урадам задачу зрабіць большую частку брытанцаў уласнікамі свайго жылля. У выніку продажу дамоў па ільготным коштам жыхарам-арандатарам колькасць домаўладальнікаў узрасла да 66%. Яшчэ адным важным спосабам зніжэння нагрузкі на дзяржаўны бюджэт стала скарачэнне дзяржаўнага апарату і выдаткаў на яго ўтрыманне. Напрыклад, колькасць міністэрстваў была скарочаная да 16, а галіновых, цалкам звычайных для развітых краін, практычна не засталося. Важнейшым захадам, што стымуляваў развіццё эканомікі Вялікабрытаніі таксама стала зніжэнне стаўкі падаходнага падатку. Урад напружана змагаўся з інфляцыяй. Калі ў 1980 г. яна складала 16%, то ў 1983 г. яе ўдалося знізіць да 3% і ў далейшым яна ўжо не перавышала 6%. Станоўчыя вынікі дзесяцігоддзя рэформаў пад кіраўніцтвам М. Тэтчар не маглі б стацца рэальнасцю, каб не падтрымка яе курсу значнай часткай насельніцтва краіны. Паступовае адступленне крызісу 1980-1982 гг. і пераможная вайна за Фалклендскія астравы (гл. далей) стваралі для кансерватараў зручныя ўмовы для правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў. У чэрвені 1983 г. правячая партыя замацавала свой поспех чатырохгадовай даўнасці. Падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі кансерватары абяцалі даць рады беспрацоўю, забяспечыць хуткі эканамічны рост і трывалую абароназдольнасць краіны, прапаноўвалі для дасягнення гэтага адпаведныя механізмы. Праграма лейбарыстаў выглядала занадта авантурыстычнай. У прыватнасці, яны абяцалі вывесці Вялікабрытанію з ЕЭС, ліквідаваць Палату лордаў і адмовіцца ад сілаў ядзернага стрымлівання. Хаця кансерватары атрымалі на 1,5% галасоў меней, чым на папярэдніх выбарах (усяго 42,4%), з пункту гледжання колькасці дэпутацкіх мандатаў яны выступілі проста бліскуча. Гэтым разам яны заваявалі на 58 месцаў болей (усяго 397). Лейбарысты ж выбары правалілі, страціўшы каля 10% галасоў і 60 месцаў. М. Тэтчар справядліва расцаніла гэтыя вынікі як дэманстрацыю крэдыту даверу і яшчэ больш актыўна ўзялася за рэфармаванне брытанскай сацыяльна-эканамічнай сістэмы. Пачатак упэўненага эканамічнага росту, што пачаўся з сярэдзіны 1980-х гг., ізноў падказваў кансерватарам мэтазгоднасць датэрміновага правядзення выбараў. Іх перадвыбарчая праграма рабіла акцэнт на зніжэнні падаткаў і аздараўленні эканомікі, а таксама імкнулася выкарыстоўваць любыя прамашкі сваіх асноўных апанентаў. Напрыклад, кансерватары дасціпна паіранізавалі з прапановы лейбарыстаў пайсці на аднабаковую адмову ад ядзернай зброі. На адным з плакатаў торы быў намаляваны брытанскі салдат з узнятымі да гары рукамі, а надпіс на ім гаварыў: "Labour's Policy On Arms" ("Палітыка Лейбарысцкай партыі ў галіне ўзбраенняў" ці "Палітыка лейбарысцкай партыі адносна рук"; "arms" – адначасова азначае і "узбраенні" і "рукі"). Тактыка не падвяла торы, і ўжо ў трэці раз запар яны адсвяткавалі перамогу. Гэтым разам падтрымка кансерватараў з боку выбаршчыкаў аказалася крыху меншай (– 0,2%) ды іх фракцыя зменшылася на 21 дэпутата. Аднак больш чым камфортная перавага над лейбарыстамі ў Палаце абшчынаў была захаваная – адпаведна 376 супраць 229 мандатаў. Паражэнне лейбарыстаў на парламенцкіх выбарах 1979 г. абвастрыла ўнутрыпартыйныя супярэчнасці. Пасля вымушанага зыходу з пасады старшыні партыі Дж Калагэна яго пераемнікам быў абраны лідэр левацэнтрысцкага крыла – Майкл Фут. У выніку значнага палявення лейбарысцкай партыі адкалолася правая групоўка. У Палаце абшчынаў яе патрымалі 27 дэпутатаў, у краіне колькасць прыхільнікаў новай партыі ацэньвалася ў 70 тыс. чалавек. Лідэры гэтай групоўкі неўзабаве абвясцілі аб стварэнні Сацыял-дэмакратычнай партыі (СДП). У ходзе падрыхтоўкі да выбараў 1983 г. СДП заключыла альянс з Ліберальнай партыяй аб сумесным высоўванні кандыдатаў і адзінай парламенцкай тактыцы. Хаця з пункту гледжання заваявання дэпутацкіх мандатаў поспехі альянсу на гэтых выбарах і цяжка назваць здавальняючымі (не быў абраны ў парламент нават лідэр СДП), па колькасці атрыманых галасоў выбаршчыкаў ён выступіў някепска, набраўшы толькі на 700 тыс. галасоў меней за другую па папулярнасці партыю ў краіне – лейбарыстаў. Пасля парламенцкіх выбараў 1987 г. у СДП, якая ізноў выступіла слаба і правяла ў Палату абшчынаў толькі 5 дэпутатаў, узмацняюцца настроі ў падтрымку поўнага зліцця з Ліберальнай партыяй. У сакавіку 1988 г. было афіцыйна абвешчана аб стварэнні новай Сацыял-ліберальна-дэмакратычнай партыі. У 1989 г. яна была перайменаваная ў Ліберальна-дэмакратычную партыю. На першых парах яна сутыкнулася з цэлым шэрагам праблемаў – адтокам членаў, недахопам сродкаў і г.д., аднак паступова здолела пераўтварыцца ў дастаткова моцную трэцюю сілу краіны. На мяжы 1980-х - 1990-х гг. пазіцыі М. Тэтчар сталі патроху слабець. Упершыню пасля эканамічнага крызісу 1980-1982 гг. сярэднегадавы ўзровень інфляцыі перавысіў 10%. Вялікае незадавальненне шырокіх колаў грамадства выклікала правядзенне вясной 1990 г. рэформы мясцовага падатковага заканадаўства. Яна прадугледжвала ўвядзенне "падушнага" падатку", які павінны быў выплачвацца па аднолькавай стаўцы, незалежна ад маёмаснага статусу падаткаплацельшчыка. Нягледзячы на адносна нязначныя грашовыя дывідэнды ўраду ад гэтага новаўвядзення, прэм'ер-міністр у сваёй жорсткай і безапеляцыйнай манеры адмаўлялася ісці на любыя саступкі. А тым часам грамадская думка пачынала ўсё больш і больш крытычна ацэньваць не толькі саму "Жалезную лэдзі", але і ўсю яе партыю. Гэта не магло не выклікаць актывізацыю ўнутрыпартыйнай апазіцыі М. Тэтчар. Напачатку лістападу 1990 г. у знак пратэсту супраць яе катэгарычнага нежадання далучыцца да абмеркавання перспектыў агульнай еўрапейскай валюты падаў у адстаўку намеснік прэм'ер-міністра Джэфры Хаў. Неўзабаве адкрыты выклік М. Тэтчар кінуў міністр абароны Майкл Хэзлтайн, заявіўшы пра жаданне ўзначаліць партыю. Выбары лідэра партыі прадэманстравалі дастаткова трывалыя пазіцыі дзеючага прэм'ер-міністра. Але не здолеўшы атрымаць перамогу ў першым туры, пакрыўдзіўшыся на недавер да сябе з боку аднапартыйцаў, але пры гэтым не жадаючы паглыбляць раскол у партыі новым вітком барацьбы за лідэрства, М. Тэтчар нечакана вырашыла скласці з сябе паўнамоцтвы. На новых выбарах 28 лістападу 1990 г. пераможцам стаў яе паплечнік і міністр фінансаў яе кабінету, 47-гадовы Джон Мэйджар.
Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 596; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |