КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Знешняя палітыка Ш. дэ Голя. Курс на адраджэнне нацыянальнай велічы Францыі. Прызнанне незалежнасці калоній у Афрыцы
Усталяванне Пятай рэспублікі. Канстытуцыя 1958 г. Пашырэнне дзяржаўна-манапалістычнага рэгулявання эканомікі і сацыяльных адносін. Палітычная барацьба ў перыяд рэжыму асабістай улады Ш. дэ Голя. Травеньска-чэрвеньскі эканамічны крызіс 1968 гг., яго вынікі. Адстаўка дэ Голя. Вярнуўшыся да ўлады генерал Ш. дэ Голь узначаліў працу па распрацоўцы новай канстытуцыі Францыі. 28 верасня 1958 г. яе праект быў вынесены на рэферэндум. Асноўныя палітычныя сілы і падаўляючая большасць грамадзян (79%) падтрымала Ш. дэ Голя. Многія французы не пагаджаліся з новай канстытуцыяй і канцэптуальна, і па асобных яе палажэннях, не расцэньвалі кандыдатуру дэ Голя як найлепшую. Але адзінай альтэрнатывай ім лічылі толькі спаўзанне краіны ў хаос і грамадзянскую вайну. Паслядоўна выступалі супраць Ш. дэ Голя толькі камуністы і частка сацыялістаў. Прыняцце Канстытуцыі 1958 г. юрыдычна замацавала стварэнне Пятай рэспублікі ў Францыі. Замест парламенцкай рэспублікі ў стваралася рэспубліка, у цэнтры ўладнай сістэмы якой знаходзіўся прэзідэнт. Новы асноўны закон значна пашыраў паўнамоцтвы галавы дзяржавы: ён старшынстваваў у Радзе міністраў, прызначаў прэм'ер-міністра і міністраў, з'яўляўся галоўнакамандуючым ажыццяўляў прызначэнні на ўсе вышэйшыя цывільныя і вайсковыя пасады, карыстаўся правам заканадаўчай ініцыятывы, мог вярнуць любы закон на паўторны разгляд ці нават вынесці яго на рэферэндум. Акрамя таго прэзідэнт меў права абвясціць надзвычайнае становішча і ўзяць у свае рукі ўсю паўнату ўлады ў выпадку пагрозы рэспубліцы або незалежнасці нацыі. Паўнамоцтвы парламенту, які складаўся з дзвюх палатаў – Нацыянальнага сходу і Сенату – былі істотна меншымі, чым у Чацвёртай рэспубліцы. Парламент прымаў законы і бюджэт, зацвярджаў праграму ўраду, але не мог ні кантраляваць, ні, тым больш, змясціць прэзідэнта. У лістападзе 1958 г. адбыліся выбары ў Нацыянальны сход. Згодна з канстытуцыяй выбары праходзілі па мажарытарнай сістэме ў два кругі. Калі ў першым туры ніхто не набіраў абсалютнай большасці галасоў – 50%+1 голас, прызначаўся другі тур, куды выходзілі кандыдаты, якія набралі не менш за 8% галасоў. У другім туры пераможцы было дастаткова набраць адносную большасць галасоў – апярэдзіць іншых кандыдатаў. Перамогу атрымалі прыхільнікі Ш. дэ Голя, якія незадоўга да выбараў стварылі новую партыю – Саюз за новую рэспубліку (ЮНР; Union pour la nouvelle République). Важнейшым фактарам поспеху стала новая выбарчая сістэма. Прадстаўнікі гэтай партыі набралі ў першым туры толькі 3,6 млн. галасоў (17,6% ад узяўшых удзел у галасаванні), але па выніках двух тураў заваявалі 189 месцаў (34,6% дэпутацкіх крэслаў). Палітычныя сілы, што падтрымлівалі Ш. дэ Голя (г.зв. "Большасць за Пятую рэспубліку") абсалютна дамінавалі ў ніжняй палаце – 534 мандатаў з 546! А вось за ФКП хаця і галасавалі ў першым туры 3,8 млн. чалавек, пашчасціла патрапіць у Нацыянальны сход толькі 10 дэпутатам-камуністам. Перамога галістаў была замацаваная на выбарах прэзідэнта рэспублікі. 21 снежня 1958 г. Ш. дэ Голь быў абраны галавой дзяржавы калегіяй выбаршчыкаў, куды ўваходзілі дэпутаты Нацыянальнага сходу і сходаў заморскіх тэрыторыяў, мэры гарадоў ды іх намеснікі, члены муніцыпалітэтаў (разам каля 80 000 чалавек). Пераможца атрымаў 78,5% галасоў. Прэзідэнт прызначыў новым прэм'ер-міністрам свайго паплечніка, аднаго з лідэраў ЮНР Мішэля Дэбрэ. Ва ўтвораным ім урадзе былі прадстаўлены ўсе галоўныя партыі за выключэннем камуністаў і сацыялістаў. З усталяваннем рэжыму Пятай рэспублікі галоўным зместам эканамічнай палітыкі стала заахвочванне прамысловасці шляхам далейшай канцэнтрацыі вытворчасці, утварэння буйных манаполіяў і ўзмацненне іх сувязяў з дзяржавай. Прадугледжвалася развіццё практычна ўсіх галінаў прамысловасці. Пазней гэтая лінія атрымала назву "прамысловага імператыву" (прапарцыйнае развіццё усіх галінаў эканомікі). Вялікая роля ў гэтым адводзілася навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. На яе базе адбывалася структурная перабудова прамысловасці. Хуткае развіццё атрымліваюць авіяцыя, хімічная і аўтамабільная галіны. Ствараюцца новыя галіны ваенна-прамысловага комплексу: атамная, ракетная, аэракасмічная. Развіццё НТР прывяло да паскарэння тэмпаў прамысловага развіцця краіны. За перыяд 1958-1968 гг. аб'ём прамысловай вытворчасці узрос больш чым на 60%, а тэмпы эканамічнага росту ў сярэднім складалі 5,5% у год. Галісцкаму ўраду ўдалося стабілізаваць фінансавую сістэму краіны. Радыкальная дэвальвацыя франка (1 да 100) дазволіла стварыць цвёрдую нацыянальную валюту. Удзел Францыі ў заходнееўрапейскай інтэграцыі толькі ўзмацніў дзяржаўна-манапалістычныя тэндэнцыі ў эканоміцы. Клапоцячыся пра канкурэнтаздольнасць фірмаў, дзяржава рознымі сродкамі заахвочвала манапалістычную канцэнтрацыю. У выніку на працягу 1960-х гг. з'явіліся гіганцкія фінансавыя групы, якія сталі галоўнай арганізацыйнай формай манапалістычных аб'яднанняў у Францыі. Тым не менш, і ў 1960-я гг. ступень канцэнтрацыі прамысловасці у Францыі была ніжэйшай, чым у іншых высокаразвітых краінах. НТР і пашырэнне маштабаў прамысловай вытворчасці паскорылі інтэнсіфікацыю ды індустрыялізацыю сельскай гаспадаркі. Значныя капіталаўкладанні дазволілі павялічыць за 1958-1968 гг. вытворчасць сельгаспрадукцыі на 60%, што дазволіла Францыі стаць другім пасля ЗША экспарцёрам прадуктаў харчавання, буйнейшым пастаўшчыком малака і віна, а таксама адзінай заходнееўрапейскай краінай-экспарцёрам збожжавых. Пры гэтым працягвала скарачацца доля насельніцтва, занятага ў сельскай гаспадарцы. Напачатку 1970-х гг. на вёсцы пражывала толькі 12% эканамічна актыўнага насельніцтва. На працягу 1960-х гг. адбываецца істотная актывізацыя знешняга гандлю Францыі. Гэтаму галоўным чынам спрыялі паспяховы ход развіцця заходнееўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў і распад французскай каланіяльнай імперыі. У 1960-1963 гг. Францыя заключыла амаль з усімі сваімі былымі калоніямі пагадненні аб эканамічнай, тэхнічнай і вайсковай дапамозе. Аднак заходнееўрапейскі напрамак стаў прыярытэтным: калі яшчэ ў 1958 г. гандаль з калоніямі пераважаў над гандлем з краінамі "Агульнага рынку", то ў 1967 г. яе знешнегандлёвы абарот у межах ЕЭС быў утрая большым, чым з былымі французскімі калоніямі. Важным дасягненнем Пятай рэспублікі аказалася ліквідацыя да 1965 г. французскай запазычанасці перад ЗША. Францыя зноў стала кранай-крэдыторам і выйшла на трэцяе месца (пасля Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі) у свеце па экспарту капіталу. Працягваў расці жыццёвы ўзровень насельніцтва. Тэрмін штогадовага аплатнага адпачынку быў павялічаны з 3 да 4 тыдняў. Заняўшы пасаду прэзідэнта Ш. дэ Голь засяродзіў у сваіх руках асноўныя рычагі дзяржаўнага кіравання. Рашэнні па ўсіх важнейшых пытання прымаў прэзідэнт, часта нават не абмяркоўваючы іх з урадам. Нягледзячы на тое, што выбары былі, бясспрэчна, свабоднымі, дзяржава трымала манаполію на радыё і тэлебачанне. Манаполія не была абсалютнай толькі дзякуючы франкамоўнаму вяшчанню з суседніх краінаў – Манака, Люксембургу і ФРГ. Аўтарытарны стыль кіравання стаў вызначальнай рысай яго праўлення і заслугоўваў нямала крытыкі з боку апазіцыі. Найбольш паслядоўнымі крытыкамі прэзідэнта былі камуністы, якія абвінавачвалі яго ва ўсталяванні дыктатарскага рэжыму і заклікалі народ змагацца "за аднаўленне і абнаўленне дэмакратыі". У падрыве нармальных рэспубліканскіх механізмаў абвінавачвалі Ш. дэ Голя сацыялісты і блізкія ім партыі. Лідар ЮДСР Ф. Мітэран нават выдаў у 1964 г. скрайне крытычную ў дачыненні прэзідэнта кнігу с красамоўнай назвай "Перманентны дзяржаўны пераварот". Левыя і левацэнтрысцкія сілы асуджалі курс галавы дзяржавы на празмерную мілітарызацыю Францыі, асабліва нарошчванне ядзерных арсеналаў. Паступова апазіцыя прэзідэнту стала пашырацца. Напачатку 1960-х гг. у апазіцыю да Ш. дэ Голя перайшлі таксама правыя і цэнтрысцкія партыі, якія абвінавачвалі прэзідэнта ў здрадзе прынцыпам "атлантызму" і "еўрапеізму". У траўні 1962 г. шырокая галісцкая кааліцыя распалася – міністры з МРП і частка прадстаўнікоў СНІП пакінулі ўрад. У выніку галісты страцілі большасць у Нацыянальным сходзе і Ш. дэ Голь вырашыў яшчэ больш узмацніць ролю прэзідэнта ў сістэме дзяржаўнай улады. Згодна з палажэннямі першапачатковага варыянту Канстытуцыі 1958 г. абранне прэзідэнта ажыццяўляла выбарчая калегія. Гэта была яўная саступка сілам, якія непакоіліся наконт аўтарытарных ці банапартысцкіх схільнасцяў Ш. Дэ Голя. (Прамыя ўсенародныя выбары прэзідэнта ў Францыі праходзілі толькі аднойчы ў гісторыі і скончыліся абраннем у 1848 г. Луі-Напалеона Банапарта, які выкарыстаў дэмакратычны механізм толькі як трамплін да ўлады і неўзабаве пераўтварыў сваю ўладу на фактычна бестэрміновую, а потым і спадчынную.) Тым не менш, згодна з перакананнямі самога Ш. дэ Голя непасрэднае дэлегаванне народам часткі свайго суверэнітэту абранаму лідэру складала аснову рэспубліканскай формы праўлення. Гэтак прэзідэнт пайшоў на правядзенне першай значнай канстытуцыйнай рэформы ў гісторыі Пятай рэспублікі. У тым жа 1962 г. французам было прапанавана выказацца на рэферэндуме па пытанні магчымага абрання галавы дзяржавы на прамых, усеагульных выбарах. Паколькі новая працэдура абрання галавы дзяржавы азначала далейшае абмежаванне парламенцкага кантролю над прэзідэнцкай уладай, супраць прапановы Ш. дэ Голя выказвалася большая частка палітычных партыяў. Рашучую падтрымку прэзідэнту аказалі толькі галісты з Саюзу за новую рэспубліку-Дэмакратычнага саюзу працы (ЮНР-ЮДТ; Union pour la nouvelle République-Union démocratique du travail) – партыі, якая ўварылася пасля далучэння да партыі-лідэра яшчэ адной галісцкай групоўкі. Нягледзячы на крытычны настрой французскіх палітычных элітаў, звыш 61% узяўшых удзел у рэферэндуме французаў станоўча адрэагавалі на прапанову Ш. дэ Голя. Палітычная барацьба вакол рэферэндуму па працэдуры абрання прэзідэнта садзейнічала згуртаванню антыгалісцкай апазіцыі. У прыватнасці, упершыню за доўгі час камуністы і сацыялісты дамовіліся аб супрацоўніцтве падчас правядзення другога тура парламенцкіх выбараў (разумны тактычны ход, які дазваляў аб'ядноўваць рэсурсы дзвюх партыяў для заваявання першынства ў выбарчай акрузе). Парламенцкія выбары 1962 г. прынеслі перамогу галістам. Найбольш папулярнай партыяй стала партыя ЮНР-ЮДТ заваявала 229 месцаў у Нацыянальным сходзе. Праўрадавай парламенцкай групоўцы "незалежных рэспубліканцаў" Валеры Жыскар д'Эстэна дасталася 32 месцы. (Гэтая групоўка ўзнікла пасля нядаўняга расколу СНІП і ў 1966 г. пераўтварылася ў партыю Нацыянальная Федэрацыя незалежных рэспубліканцаў (ФНРІ; Federation nationale des republicains independants). Удала выступілі левыя. СФІО правяла ў Нацыянальны сход 67 дэпутатаў, а ФКП – 67. А вось цэнтрысцкія партыі паступова страчвалі падтрымку. Радыкалы, МРП і СНІП, аб'яднаныя ў блок "Дэмакратычная згода", здабылі на траіх толькі 100 мандатаў (адпаведна 44, 38 і 18). Вынікі гэтых выбараў прадэманстравалі важнейшую тэндэнцыю французскай палітыкі наступных дзесяцігоддзяў: галоўная барацьба за ўладу будзе адбывацца паміж правацэнтрысцкімі (галісты ды іх спадкаемцы) і левацэнтрысцкімі (сацыялісты і камуністы) сіламі. Радыкалам, МРП і СНІП, наадварот, было ў хуткім часе наканавана сысці з палітычнай арэны. Гэтая тэндэнцыя праявілася і на першых прамых, усеагульных выбарах прэзідэнта Пятай рэспублікі, якія адбыліся ў снежні 1965 г. Дзеючы прэзідэнт не здолеў атрымаць пераканаўчую перамогу ўжо ў першым туры: Ш. дэ Голь набраў толькі 44,6%. Другое месца у першым туры заняў лідэр ЮДСР, кандыдат ад Федэрацыі сацыялістычных і дэмакратычных левых сілаў (акрамя ЮДСР у згуртаванне ўваходзілі СФІО і левыя радыкалы) і падтрыманы таксама ФКП Ф. Мітэран – 31,7%. Кандыдат цэнтрыстаў Жан Леканюэ здабыў толькі 15,6% галасоў. У другім туры Ш. дэ Голь без вялікіх праблемаў адолеў Ф. Мітэрана – 55,2% на 44,8% – і быў пераабраны на наступны 7-гадовы тэрмін. Вынік яго саперніка таксама ўражваў. Даўні апанент Ш. дэ Голя, Ф. Мітэран пераўтвараецца ў буйнейшага апазіцыйнага лідэра Францыі і праз 16 гадоў здолее стаць "гаспадаром" Елісейскага палацу (галоўнай рэзідэнцыі прэзідэнта Францыі). Нягледзячы на значныя дасягненні Ш. дэ Голя ў эканамічнай і знешнепалітычнай сферах, напрыканцы 1960-х гг. унутрыпалітычнае становішча Францыі станавілася ўсё больш і больш напружаным. Па выніках выбараў 1967 г. галісты разам з саюзнікамі захавалі ў Нацыянальным сходзе толькі 244 мандаты. Затое павялічылі сваё прадстаўніцтва левыя. Камуністы, напрыклад, правялі ў ніжнюю палату парламенту 73 дэпутаты, а сацыялісты і радыкалы, па-ранейшуму аб'яднаныя ў ФСДЛ -116. Пад час выбараў актывізаваліся леварадыкальныя ("левацкія") групоўкі або "гашысты" (ад франц. gauche – "левы"). У межах "гашызму" вылучаліся два накірункі – анархічны і трацкісцкі. Сацыяльнай базай руху былі французскія студэнты, а метады, якія выкарыстоўваліся на працягу 1960-х – пачатку 1970-х гг. зачастую былі экстрэмісцкімі і часам нават тэрарыстычнымі. Незадаволенасць галісцкім рэжымам дасягнула свайго апагею ў траўні 1968 г. Пачалося ў ўсё з выступленняў студэнцкіх экстрэмісцкіх груповак. Потым пачаліся вулічныя сутыкненні моладзі з паліцыяй, а буйнейшыя прафсаюзы выступілі ў падтрымку і нават абвясцілі ўсеагульную забастоўку салідарнасці. На працягу траўня-чэрвеня 1968 г. па краіне баставала каля 10 млн. - амаль увесь рабочы клас, значная частка інтэлігенцыі і служачых. Напрыканцы траўня 1968 г. асноўныя патрабаванні працоўных прыйшлося задаволіць: мінімальны заробак быў падвышаны на 35%, сярэдні заробак – на 10%, а дапамогі па беспрацоўю – на 15%. Для перагрупоўкі ўрадавых сілаў быў распушчаны Нацыянальны сход і праведзеныя новыя парламенцкія выбары. Іх зыход азнаменаваў сабой заканчэнне канфлікту. Прэм'ер-міністр Жорж Пампіду, які заклікаў ў перадвыбарчай кампаніі да "абароны рэспублікі" перад пагрозай "камуністычнай небяспекі" і звяртаўся да "маўклівай большасці", каб тая падтрымала парадак і стабільнасць, здолеў дасягнуць значнага поспеху. Галісцкая партыя Саюз дэмакратаў за Пятую рэспубліку (ЮДСР, Union pour la défense de la Cinquiéme République) новая назва перайменаванай ЮНР) атрымала абсалютную большасць месцаў у парламенце і стала першай партыяй у гісторыі Пятай рэспублікі ўзяўшай гэткі высокі рубеж. Ш. дэ Голь і яго паплечнікі былі далёкія ад пераацэнкі значэння апошняй электаральнай перамогі. Яны разумелі, што раскол у грамадстве пераадолены не быў і патрабаваліся значныя намаганні для змякчэння класавай барацьбы і згуртавання французскай нацыі. Пачатак рэформам быў павінен пачаць законапраект аб рэформе Сенату і органаў мясцовага самакіравання. Новыя рэгіянальныя інстытуты ўлады задумваліся як прылада класавага супрацоўніцтва паміж прадстаўленымі ў іх "сацыяльна-прафесійнымі групамі" (рабочымі, сялянамі, рамеснікамі, прамыслоўцамі, прадстаўнікамі вольных прафесіяў). Каб падкрэсліць значнасць прапанаванай рэформы, здабыць ніколі не лішнюю народную падтрымку і, нарэшце, у чарговы раз паказаць у дзеянні мадэль прамой дэмакратыі, Ш. дэ Голь вырашыў вынесці законапраект аб гэтай рэформе на рэферэндум і прыгразіў французам у выпадку іх нязгоды сысці ў адстаўку. Усенароднае волевыяўленне станавілася галасаваннем адносна даверу дзеючаму прэзідэнту. Супраць законапраекту выказаліся практычна ўсе палітычныя партыі Францыі за выключэннем ЮДСР. Як вынік, на красавіцкім рэферэндуме 1969 г. 53,2% французаў, што прыйшлі на ўчасткі для галасавання адкінулі план прэзідэнцкай рэформы. Першы прэзідэнт Пятай Французскай рэспублікі неадкладна склаў з сябе паўнамоцтвы і пайшоў у адстаўку. Пасля заканчэння вайны ў Алжыры Ш. дэ Голь стаў праводзіць актыўную знешнюю палітыку, сутнасць якой складалася ў адмове ад ідэі атлантычнай салідарнасці і імкненні адрадзіць " нацыянальную веліч" Францыі. Мяркуючы, што толькі валоданне ядзернай зброі можа стаць гарантыяй гэтага, французскія ўлады узяліся за стварэнне ўласных стратэгічных ядзерных сілаў. У 1960 г. Францыя выпрабавала сваю першую атамную бомбу і стала чацвёртай дзяржавай, якая валодала новай суперзброяй. Францыя не падпісала Маскоўскі дагавор аб забароне выпрабавання ядзернай зброі ў трох асяроддзях. Ш. дэ Голь лічыў, што раззбраенне павінна датычыцца толькі звышдзяржавы – ЗША і СССР. Французская дыпламатыя абвясціла, што Францыя будзе рыхтавацца да абароны "па ўсіх азімутах", г.зн. будзе гатовая даць адпор не толькі ворагам з Усходу, але і з Захаду. Каб пакласці канец залежнасці ад Злучаных Штатаў, у 1966 г. Ш. дэ Голь абвясціў аб выхадзе сваёй краіны з вайсковай арганізацыі НАТО (яна засталася ў палітычных структурах Паўночнаатлантычнага альянсу), на яе тэрыторыі былі ліквідаваныя амерыканскія вайсковыя базы. Францыя асудзіла амерыканскую інтэрвенцыю ва В'етнаме, выказвалася ў падтрымку разрадкі міжнароднай напружанасці і развіццё міжнароднага супрацоўніцтва. Пазіцыянуючы сябе як краіну, здольную стаць пасярэднікам у дыялогу паміж Захадам і Усходам, Францыя пайшла на значнае паляпшэнне франка-савецкіх адносінаў. У 1960 г. М.С. Хрушчоў упершыню наведаў Францыю, а ў 1966 г. Ш. дэ Голь нанёс візіт у адказ. Пашыраліся адносіны з краінамі сацыялістычнага лагеру. Напрыклад, Францыя першай сярод заходніх дзяржаў прызнала ГДР. Вялікая ўвага надавалася супрацоўніцтву Францыі з краінамі "Агульнага рынку", асабліва двухбаковым адносінам з ФРГ. У 1963 г. паміж краінамі быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве ў галіне знешняй палітыкі, абароны, асветы і выхавання моладзі. Выступаючы за развіццё еўрапейскай інтэграцыі Ш. дэ Голь, як вядома, рашуча адмаўляў мэтазгоднасць допуску ў Еўрапейскія супольнасці Вялікабрытаніі і планаў ваенна-палітычнай інтэграцыі Заходняй Еўропы ў адзіную дзяржаву. Ідэі "Злучаных Штатаў Еўропы" ён супрацьпастаўляў праект "Еўропы дзяржаў" (таксама ў літаратуры выкарыстоўваюцца назвы "Еўропа нацыяў" або "Еўропа Айчынаў") – міждзяржаўнага саюзу, у якім усе яго члены захоўвалі б нацыянальны суверэнітэт. Важнейшае значэнне для будучага Францыі і яе месца на міжнароднай арэне мелі трансфармацыя яе каланіяльнай імперыі і наладжванне адносін з яе былымі калоніямі – цяпер новымі незалежнымі дзяржавамі. У адпаведнасці з Канстытуцыяй 1958 г. Французскі Саюз быў пераўтвораны ў Супольнасць. Яе удзельнікі атрымлівалі права на вольны выхад з аб'яднання і на атрыманне поўнай незалежнасці. Толькі на працягу 1960 г. ("года Афрыкі") скарысталіся гэтай магчымасцю і набылі самастойнасць 14 былых афрыканскіх калоніяў Францыі. Але, дзякуючы разважлівай і гнуткай палітыцы Ш. дэ Голя, яна здолела захаваць значны эканамічны і палітычны ўплыў на кантыненце. Важнейшае значэнне для закладвання новай базы пад ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва былых метраполіі і калоніяў, умацавання маральнага аўтарытэту Францыі мела падпісанне ў сакавіку 1962 г. Эвіянскіх пагадненняў, што паклалі канец алжырскаму канфлікту.
Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 588; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |