КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Развіццё эканомікі Італіі ў 1990-я – 2000-я гг. 1 страница
Вынікі другой сусветнай вайны для Італіі. Урады Нацыянальнага адзінства пры ўладзе. Рэферэндум 1946 г. Перабудова партыйнай сістэмы краіны. Выбары ва Ўстаноўчы сход. Роля знешняга фактара у грамадска-палітычным жыцці Італіі. Умацаванне палітычнага ўплыву мафіі. Прыняцце Канстытуцыі 1947 г. Палітыка ўрада А. Дэ Гаспэры. Парламенцкія выбары 1948 г. Паражэнне ў другой сусветнай вайне прынесла Італіі немалыя чалавечыя і матэрыяльныя страты. На франтах, у палоне, ад ранаў загінулі ці прапалі без вестак 374 тыс. італьянскіх салдат і афіцэраў. (Яшчэ каля 350 тыс. былі параненыя, а 620 тыс. патрапілі ў палон.) Таксама загінулі 105 тыс. мірных жыхароў Італіі. Нацыянальнае багацце краіны зменшылася на адну трэць. У грашовым выражэнні страты Італіі склалі каля $50 млрд. Было разбурана 60% дарог дзяржаўнага значэння, 90% партовых збудаванняў,знішчана 60% агульнага парку лакаматываў і таварных вагонаў, 80% пасажырскіх вагонаў. Аграмаднымі былі страты гандлёвага флоту. Сотні тысяч італьянцаў засталіся без даху над галавой. Аб'ём прамысловай вытворчасці ў 1945 г. быў на 60% меншым за даваенны. У вельмі цяжкім становішчы знаходзілася і сельская гаспадарка. Вытворчасць яек, напрыклад, знізілася на 48%, а мяса – на 40%. На прадукты харчавання была ўведзеная карткавая сістэма. Значных памераў дасягнула спекуляцыя ды інфляцыя. Армія беспрацоўных вырасла да 2 млн. чалавек. Умовы пасляваеннага хаосу спрыялі росквіту бандытызму. Разгром фашызму спрыялі дэфашызацыі і дэмакратызацыі Італіі. Ужо на працягу 1943-1945 гг. былі ліквідаваныя найбольш рэакцыйныя інстытуты былога рэжыму: распушчана і забаронена фашысцкая партыя, фашысцкая міліцыя ды іншыя падобныя арганізацыі. На поўначы Італіі ўлада на першых парах апынулася ў руках Камітэту нацыянальнага вызвалення Паўночнай Італіі (КНВПІ), у якім вядучая роля належала левым антыфашысцкім партыям. Адміністратыўная ўлада на месцах ажыццяўлялася Камітэтамі нацыянальнага вызвалення (КНВ) і дэмакратычнымі джунтамі (італ. giunta – саюз) – органамі народнай ўлады на месцах. Народныя трыбуналы чынілі суд над фашыстамі. У Паўднёвай Італіі, якая была вызваленая саюзнікамі і дзе рух Супраціўлення не атрымаў шырокага развіцця, КНВ не набылі масавага характару. Тут больш трывалыя пазіцыі меў каталіцкі касцёл і традыцыйныя кансерватыўныя сілы. Тым не менш, Італьянская дзяржава мела патрэбу ў фундаментальным абнаўленні. Амаль 20 гадоў фашысцкай дыктатуры зруйнавалі былую партыйную сістэму краіны. Найбольш уплывовай буржуазнай партыяй пасля вайны стала Хрысціянска-дэмакратычная партыя (ХДП), створаная ў 1943 г. на базе даваеннай каталіцкай Народнай партыі (папалары). Адыгрываючы важную ролю ў італьянскім Супраціўленні, партыя імкнулася займаць цэнтрысцкія пазіцыі і ўлічваць інтарэсы шырокіх народных мас: сярэдніх слаёў, дробнай і сярэдняй буржуазіі, часткі рабочых. У праграмным дакуменце партыі "Пераўтваральныя ідэі хрысціянскай дэмакратыі", напісаным яе стваральнікам і лідэрам Альчыдэ Дэ Гаспэры, гаварылася аб неабходнасці "назаўжды знішчыць здань беспрацоўя", выказвалася ідэя аб "знікненні пралетарыяту як класу" шляхам ператварэння яго ў клас дробных уласнікаў. У праграму былі ўключаныя і гэткія прагрэсіўныя патрабаванні, як правядзенне аграрнай, прамысловай і фінансавай рэформаў, знішчэнне панавання буйнога манапалістычнага капіталу, дэмакратызацыя палітычнай сістэмы краіны. Рэжым, аб усталяванні якога ў Італіі марыла ХДП, называўся "хрысціянскай цывілізацыяй". ХДП абвясціла сябе партыяй супрацоўніцтва паміж класамі ў рамках нацыі. Аднак хрысціянска-дэмакратычная трактоўка карпаратывізму (класавага супрацоўніцтва ў грамадстве) істотна адрознівалася ад фашысцкай. Калі фашызм імкнуўся стварыць адзіны блок народных мас і правячай эліты вакол ідэяў першаснасці "дзяржавы" і "нацыі", што цалкам падаўлялі асобу, то ХДП высунула ў якасці гуртуючай дактрыны хрысціянства. Хрысціянска-дэмакратычная ідэалогія, пададзеная ў рэлігійнай абалонцы, і маштабная сацыяльная праграма дала магчымасць ХДП актыўна ўздзейнічаць на народныя масы, асабліва на сялянства. У сярэдзіне 1946 г. у шэрагах гэтай партыі налічвалася каля 1 млн. чалавек. Масавая база ХДП стварала ёй значную перавагу над буржуазнымі канкурэнтамі і дазваляла разлічваць на станоўчы зыход барацьбы з масавымі рабочымі партыямі З ХДП непасрэдна сапернічала Ліберальная партыя, адноўленая ў 1943 г. пад кіраўніцтвам выдатнага філосафа Бенедэта Крочэ. Гэтая свецкая, г.зн. не звязаная з касцёлам і каталіцкай ідэалогіяй, партыя імкнулася да аднаўлення буржуазнай дэмакратыі дафашысцкага перыяду. Аднак у адрозненне ад тых часоў большасць італьянцаў ужо не ўспрымала лібералаў як сілу, здольную забяспечыць Італіі развіццёвы прарыў. Сапраўды, пасля другой сусветнай вайны Ліберальная партыя аб'ядноўвала найбольш кансерватыўныя колы буржуазіі і памешчыкаў. Левы фланг у лагеры буржуазных партыяў займалі Італьянская рэспубліканская партыя і Партыя дзеяння. На скрайне правым флангу дзейнічаў неафашысцкі рух "Фронт шараговага чалавека" (італ. Fronte dell'uomo qualunque; г.зв. "куалюнкісты"), якія стаяў на антыкамуністычных манархічных пазіцыях. Праўда, пасля з'яўлення новай больш моцнай неафашысцкай арганізацыі "Італьянскі сацыяльны рух" (ІСР) куалюнкісты даволі хутка сышлі з палітычнай арэны. Пасля перамогі над фашызмам аграмадны ўплыў набываюць яго паслядоўныя праціўнікі – камуністы і сацыялісты. Ужо на момант вызвалення краіны Камуністычная партыя Італіі (КПІ) аб'ядноўвала каля 400 тыс. чалавек, а да канца 1945 г. членства ў ёй вырасла да 1,7 млн., прычым каля 280 тыс. камуністаў былі працаўнікамі вёскі. Пальміра Тальяці, генеральны сакратар КПІ, не толькі карыстаўся папулярнасцю ў сваёй краіне, але таксама лічыўся адным з буйнейшых дзеячаў міжнароднага камуністычнага руху. Італьянскія камуністы выступалі з праграмай буйнамаштабных пераўтварэнняў ва ўсіх сферах жыцця грамадства, але на першых парах былі згодная супрацоўнічаць з шырокай кааліцыяй антыфашысцкіх дэмакратычных сілаў. Важным рэсурсам камуністаў быў іх магутнейшы ўплыў у асяроддзі італьянскай творчай інтэлігенцыі. Членамі партыі, напрыклад, былі класікі італьянскага і сусветнага кіно Лукіна Вісконці, Віторыа дэ Сіка і Джузэпэ дэ Сантіс. Важнае месца ў рабочым руху таксама належала Італьянскай сацыялістычнай партыі пралетарскага адзінства (ІСППА) – напрыканцы 1945 г. яна налічвала 700 тыс. членаў. У першыя пасляваенныя гады ІСППА выступала з праграмай блізкай да праграмы КПІ і ў кастрычніку 1946 г. рабочыя партыі заключылі пакт аб адзінстве дзеянняў, дзе падкрэслівалася неабходнасць нацыяналізацыі манаполіяў і правядзення аграрнай рэформы, аб заваяванні дэмакратычным шляхам большасці выбаршчыкаў і прыходзе да ўлады працоўных класаў. У чэрвені 1945 г. прэм'ер-міністрам стаў буйны дзеяч Супраціўлення, лідэр Партыі дзеяння Феруча Пары (чэрвень-снежань 1945 г.), у яго ўрад Нацыянальнага адзінства увайшлі прадстаўнікі асноўных палітычных сіл Італіі. Тым не менш, шырокая кааліцыя хутка сутыкнулася з праблемамі і ў снежні 1945 г. яе пакінулі лібералы, нязгодныя супрацоўнічаць з камуністамі. Новым прэм'ер-міністрам стаў лідэр ХДП А. Дэ Гаспэры (1945-1953). Адной з важнейшых палітычных праблемаў пасляваеннай Італіі з'яўлялася вызначэнне формы праўлення ў краіне. Некалі слаўная італьянская манархія і яе Савойская дынастыя, прывёўшая Італію да нацыянальнага адзінства, за гады фашысцкай дыктатуры згубілі свае прывабнасць і легітымнасць у вачах значнай часткі грамадства. Левыя партыі і нават частка хрысціянскіх дэмакратаў патрабавалі абвяшчэння рэспублікі. Разумеючы хісткасць становішча італьянскай канстытуцыйнай манархіі, Віктар Эмануіл ІІІ у траўні 1946 г. выракся трону на карысць сына – Умбэрта ІІ. Тым не менш, гэты запознены манеўр не прынёс чаканых палітычных дывідэндаў. 2 чэрвеня 1946 г. адбыўся рэферэндум аб форме дзяржаўнага праўлення. Усенароднае галасаванне адбылося пры высокай актыўнасці выбаршчыкаў (упершыню ў гісторыі краіны да выбарчых урнаў прыйшлі жанчыны) і прынеслі перамогу рэспубліканскім сілам: 12,7 млн. (54,3%) італьянцаў прагаласавалі за рэспубліку і толькі 10,7 млн. (45,7%) – за захаванне манархіі. (Яшчэ 1,5 млн. бюлетэняў былі прызнаныя несапраўднымі.) Прычым перавагі італьянцаў размеркаваліся вельмі характэрным чынам: у паўночнай палове краіны падтрымалі рэспубліканскае дзяржаўнае ўладкаванне, а ў паўднёвай – манархічнае. Умбэрта, празваны "травеньскім каралём", выказаў нязгоду з вынікамі і назаўжды пакінуў радзіму. 18 чэрвеня 1946 г. Італія была афіцыйна абвешчана рэспублікай, а дзень 2 чэрвеня, калі праходзіў рэферэндум, стаў нацыянальным святам – Днём Рэспублікі. Адначасова з рэферэндумам па прапарцыйнай сістэме праходзілі выбары ва Ўстаноўчы сход. Перамога на іх дасталася вядучым партыям КНВ. Хрысціянскія дэмакраты атрымалі 35% галасоў выбаршчыкаў. Сацыялісты і камуністы здабылі адпаведна 21% і 19% галасоў. Ліберальная партыя, якая ўзначальвала Нацыянальна-дэмакратычны саюз, выступіла няўдала: разам з партнёрамі па блоку яна атрымала менш за 7%. (Усяго ва Ўстаноўчы сход прабіліся прадстаўнікі 16 партыяў.) 25 чэрвеня 1946 г. Устаноўчы сход пачаў сваю работу. Спачатку быў абраны часовы галава дзяржавы – ліберал Энрыка дэ Нíкала. Па яго даручэнні А. Дэ Гаспэры сфармаваў новы, таксама кааліцыйны, ўрад, у якім былі прадстаўленыя ХДП, ІСППА, КПІ ды Італьянская рэспубліканская партыя. Гэткая стракатая правячая групоўка даволі хутка стала сутыкацца з праблемамі ў практычнай дзейнасці. Камуністы, напрыклад, патрабавалі ўвесці ўрадавы кантроль над вытворчасцю і пераразмеркаваннем, надзвычайны падатак на маёмасныя класы, нацыяналізацыю цэлага шэрагу прамысловых манаполіяў і банкаў, увесці рабочы кантроль на прадпрыемствах і распачаць радыкальную аграрную рэформу на карысць бяднейшай часткі сялянства. Гэтая радыкальная праграма была адкінутая хрысціянскімі дэмакратамі, якія звязвалі аднаўленне нацыянальнай эканомікі з выкарыстаннем традыцыйных сродкаў і механізмаў і, перадусім, з амерыканскай фінансавай дапамогай. Падчас візіту ў Вашынгтон (студзень 1947 г.) А. Дэ Гаспэры быў запэўнены амерыканскім бокам, што Італія можа разлічваць на заем на суму $100 млн. пры ўмове выдалення з ураду камуністаў і сацыялістаў. Практычна адначасова з гэтым адбыўся раскол у ІСППА: правыя сацыялісты на чале з Джузэпэ Сарагатам патрабавалі скасавання пакту з камуністамі аб адзінстве дзеянняў і застаўшыся ў меншасці выйшлі з партыі ўтварыўшы Сацыялістычную партыю італьянскіх працоўных (з 1952 г. – Італьянская сацыял-дэмакратычная партыя, ІСДП). Левыя сацыялісты абралі для сваёй партыі старую назву (насілі яе да 1943 г.) - Італьянская сацыялістычная партыя (ІСП). Раскол у лагеры сацыялістаў стаў нагодай для ўрадавага крызісу. Аднак выдаліць з ураду камуністаў тады не атрымалася: ІСП прыгразіла выхадам з кааліцыі, а без яе А. Дэ Гаспэры губляў большасць ва Ўстаноўчым сходзе. Але пасля абвяшчэння "дактрыны Трумэна" (5 сакавіка 1947 г.) лёс кааліцыі быў прадвызначаны. Хрысціянскія дэмакраты разгарнулі масіраваную антыкамуністычную кампанію і ў траўні 1947 г. дамагліся стварэння аднапартыйнага ўраду (пазней у яго ўвайшлі рэспубліканцы і сарагатаўцы). Антыкамуністычная істэрыя супала з актывізацыяй італьянскай мафіі. Сіцылія практычна апынулася пад кантролем мафіёзных кланаў. Адзін з яе лідэраў дон Джуліяна нават выношваў планы аб далучэнні вострава да ЗША у якасці яе 49-га штату (тады іх налічвалася толькі 48). Мафія разгарнула барацьбу супраць "камунізму і бальшавізму", адкрыта выкарыстоўваючы зброю. У адным з сіцылійскіх мястэчак была расстраляная першамайская дэманстрацыя. Гэтак Італія ізноў сутыкнулася з мафіяй, здавалася б канчаткова пераможанай рэжымам Б. Мусаліні. Гэтая праблема ў наступныя дзесяцігоддзі (да пачатку 1990-х гг.) будзе заставацца адным з найбольш сур'ёзных выклікаў дэмакратыі і законнасці ў Італьянскай Рэспубліцы. Тым часам у гэтых складаных умовах ва Ўстаноўчым сходзе працягвалася работа над распрацоўкай канстытуцыі. 22 снежня 1947 г. канстытуцыя Італіі была ўхваленая. З 1 студзеня 1948 г. яна набыла моц, а часовы галава дзяржавы Э. Дэ Нікала стаў першым прэзідэнтам Італьянскай Рэспублікі. Італьянская Канстытуцыя 1947 г. стала адной з самых дэмакратычных канстытуцыяў свету. У Італіі забаранялася аднаўленне ў якой заўгодна форме распушчанай фашысцкай партыі. Скасоўваліся шляхецкія тытулы, членам і нашчадкам Савойскай дынастыі забаранялася знаходжанне на тэрыторыі краіны, а іх уласнасць пераходзіла да дзяржавы. Італія абвяшчалася дэмакратычнай рэспублікай, заснаванай на працы. За ўсімі грамадзянамі прызнавалася права на працу і заахвочванне "ўмоваў, якія робяць гэтае права рэальным". Канстытуцыя гарантавала дэмакратычныя правы і свабоды. Канстытуцыя ўсталёўвала два віды ўласнасці – дзяржаўную і прыватную, прычым апошняя магла быць адчужаная ў грамадскіх інтарэсах за справядлівае ўзнагароджанне. Таксама прадугледжвалася ўсталяванне максімальных памераў зямельнай уласнасці. Усталёўвалася парламенцкая рэспубліка. Парламент складаецца з Палаты дэпутатаў і Сената рэспублікі, якія маюць роўныя заканадаўчыя функцыі і абіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5-гадовы тэрмін на базе прапарцыйнага прынцыпу (з 1994 па 2006 гг. дзейнічала змешаная выбарчая сістэма з перавагай мажарытарнага прынцыпу). Галава дзяржавы – прэзідэнт набываў дастаткова шырокія паўнамоцтвы (распускае парламент, прызначае рэферэндум, з'яўляецца галоўнакамандуючым і г.д.), аднак бясспрэчна першай асобай ў новай палітычнай сістэме Італіі станавіўся прэм'ер-міністр – Старшыня ўраду. Вялікае значэнне для краіны з устойлівымі каталіцкімі традыцыямі мела ўрэгуляванне пытання ўзаемаадносінаў паміж касцёлам і дзяржавай. Асноўныя палітычныя сілы Італіі здолелі дасягнуць няпростага кампрамісу. Было вырашана, што адносіны паміж дзяржавай і касцёлам будуць па-ранейшаму вызначацца на базе Латэранскіх пагадненняў 1929 г. Гэта азначала, што рымска-каталіцкі касцёл захоўваў уплыў на сферу сямейнага заканадаўства і школьнай адукацыі. Таксама Канстытуцыя 1947 г. усталявала адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Італіі на 20 абласцей. (Традыцыйна вылучаюцца 8 паўночных (Вале д'Аоста, П'емонт, Лігурыя, Ламбардыя, Эмілія-Раманья, Венета, Трэнціна-Альта-Адзіджэ, Фрыулі-Венецыя-Джулія), 4 цэнтральных (Таскана, Марке, Умбрыя, Лацыа,) і 8 паўднёва-астраўных (Абруцца, Малізэ, Кампанія, Апулія, Базіліката, Калабрыя, Сіцылія, Сардзінія) абласцей.) 18 красавіка 1948 г. адбыліся парламенцкія выбары. Градус палітычнага напружання быў скрайне высокім. Незадоўга да італьянскіх выбараў фактычна ў выніку дзяржаўнага перавароту да ўлады ў Чэхаславакіі прыйшлі камуністы. Многія ў Італіі і за яе межамі баяліся, што тут камуністы ды іх саюзнікі могуць прыйсці да ўлады электаральным шляхам і потым уцягнуць краіну ў сферу савецкага ўплыву. Не дзіва, што адным з найбольш шчодрых фундатараў ХДП выступіла Цэнтральнае Разведвальнае Ўпраўленне (ЦРУ) Злучаных Штатаў. У выніку хрысціянскія дэмакраты заваявалі ўпэўненую перамогу на выбарах у абедзве палаты (48%). Іх галоўны канкурэнт – Народна-дэмакратычны фронт у складзе КПІ ды ІСП – задаволіліся толькі 31% галасоў і, адпаведна, дэпутацкіх мандатаў. (Колькасць прадстаўленых у Палаце дэпутатаў партыяў скарацілася да 10.) Гэты зыход дазволіў А. Дэ Гаспэры застацца на чале ўраду. Была сфармаваная цэнтрысцкая кааліцыя ў складзе ХДП, лібералаў, рэспубліканцаў і сацыял-дэмакратаў Дж. Сарагата. Поспех на выбарах антыкамуністычных сілаў адкрыў для краіны магчымасць запрасіць амерыканскай фінансавай дапамогі. У чэрвені 1948 г. было падпісана італа-амерыканскае пагадненне аб дапамозе Італіі ў рамках "плану Маршала" тэрмінам на 2 гады. Агульны аб'ём паставак Злучаных Штатаў (прадукты харчавання і прамысловае абсталяванне) склаў $1,5 млрд. Італія ў 1950 – 1960‑я гг. Перадумовы хуткага эканамічнага развіцця. Дыспрапорцыі ў эканоміцы. Сацыяльна-палітычныя наступствы "эканамічнага дзіва". Палітычная барацьба. Палітыка ХДП і лева-цэнтрысцкіх урадаў у 1950 – 1960‑я гг. Неафашызм. Ліпеньскія падзеі 1960 г. Становішча ў рабочым руху. Антыфашысцкі, студэнцкі рухі. Знешняя палітыка Італіі ў 1945 – 1960-я гг. Заключэнне Італіяй мірнага дагавору. У першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі італьянская эканоміка перажывала моцны ўздым. Асабліва хуткімі тэмпамі яна развівалася ў 1950-х - пачатку 1960-х гг. падчас г.зв. "італьянскага эканамічнага дзіва" (італ. il boom). За 1950-я гг. аб'ём прамысловай прадукцыі ўзрос на 87% і ў 2,5 разы перавысіў даваенны ўзровень. З 1959 г. італьянская прамысловасць ўступіла ў паласу буму. Тэмпы прыросту прамысловай прадукцыі ў 1959-1962 гг. дасягнулі 14% у год! Высокія тэмпы росту эканомікі ў 1950-1960-х гг. прывялі да павелічэння нацыянальнага даходу Італіі амаль удвая. За гэты час склалася мадэль паскоранага "даганяючага" развіцця, характэрная для краін Паўднёвай Еўропы. Пры гэтым "італьянскі варыянт " аказаўся сутнасна бліжэйшым да развітых краін Захаду, чым іншыя дзяржавы паўднёваеўрапейскай перыферыі. У выніку Італія пераўтварылася ў індустрыяльную дзяржаву і ўвайшла ў сямёрку буйнейшых эканомік свету. Эканамічнаму ўздыму Італіі спрыяў цэлы шэраг фактараў: удзел у рэалізацыі "плану Маршала"; рост попыту на сталь падчас Карэйскай вайны (1950-1953); да 1950-х гг. у краіне ў цэлым скончылася мадэрнізацыя прамысловасці; распрацоўка адкрытых у краіне радовішчаў нафты, метану і гідракарбанатаў; прыток долараў у сувязі з развіццём масавага турызму; уступленне Італіі ў "Агульны рынак". Акрамя таго важнай перадумовай італьянскага эканамічнага дзіва аказалася актыўнае і, галоўнае, эфектыўнае ўмяшанне дзяржавы ў эканоміку. Захаваўся і працягваў адыгрываць важную ролю ў крэдытаванні прамысловасці створаны яшчэ пры фашыстах дзяржаўны Інстытут прамысловай рэканструкцыі (ІРІ). З адкрыццём у Італіі запасаў нафты была створана дзяржаўная кампанія ЭНІ (італ. Ente Nazionale Indrocarburi, ENI; Нацыянальнае вуглевадароднае агенцтва), якая цалкам узяла ў свае рукі новую галіну італьянскай прамысловасці – нафтахімічную. Немалаважнае значэнне меў вялікі лішак працоўнай сілы ў Італіі і, значыць, магчымасць утрымання на нізкім узроўні заробкаў, скарачэнне выдаткаў вытворчасці і г.д. Асабліва хуткімі тэмпамі развіваліся металургія, хімічная і аўтамабільная галіны прамысловасці. Паказальным быў поспех італьянскага аўтапрамысловасці. У 1957-1960 гг. вытворчасць аўтамабіляў вырасла на 89%. Прычым галіновы лідэр канцэрн ФІАТ (Fabbrica Italiana Automobili Torino) здолеў атрымаць на свае развіццёвыя патрэбы 35% усіх італьянскіх крэдытаў па "плану Маршала". Эканамічныя перамены выклікалі значныя палітычныя і сацыяльныя зрухі, змяніліся спажывецкія стандарты, жыццёвы ўклад і нават мысленне італьянцаў. Пры гэтым цана эканамічнага дзіва азначала нераўнамернасць і цыклічнасць эканамічнага развіцця, залежнасць ад замежных капіталаўкладанняў і імпартных тэхналогіяў, адставанне сельскай гаспадаркі. Напрыклад, моцна паскорыла ўнутраныя міграцыйныя працэсы. Усяго на працягу 1950-1960-х гг. вёскі пакінула 1,8 млн. чалавек. Галоўным чынам з аграрна перанаселенага Поўдню італьянцы перабіраліся на больш развітую індустрыяльную Поўнач. Аднак часам урбанізацыя набывала ўсе рысы "несапраўднай урбанізацыі", калі імклівы рост колькасці гарадскога насельніцтва не суправаджаўся дастатковым ростам колькасці працоўных месцаў, а былое сельскае насельніцтва проста папаўняла армію беспрацоўных і паўночнаітальянскія гарады абрасталі мноствам заняпалых трушчобных прадмесцяў. Асабліва сур'ёзнай заставалася праблема Поўдню. 6 паўднёвых і 2 астраўных абласцей напачатку 1950-х гг. займалі 43% тэрыторыі Італіі, там пражывала каля 1/3 насельніцтва краіны. Пры гэтым доля рэгіёну ў прамысловасці складала толькі 15%. Нашмат больш нізкай на Поўдні была прадукцыйнасць працы, а беспрацоўе – удвая вышэйшым. У выніку рэгіён з'яўляўся шчыра датацыйным: ён атрымліваў у два разы больш сродкаў, чым даваў бюджэту. Аднак ні стварэнне ў 1950 г. Кáсы Поўдню – дзяржаўнага фонду спецыяльнага доўгачасовага фінансавання адсталых раёнаў, ні многія іншыя ўрадавыя мерапрыемствы не здолелі карэнным чынам выправіць рэгіянальныя дыспрапорцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Няўпэўненае выступленне ХДП (партыя страціла каля 4 млн. галасоў) і поспех левых партыяў на муніцыпальных выбарах у 1951 і 1952 гг. выклікалі небеспадстаўную трывогу ў хрысціянскі дэмакратаў за зыход будучых парламенцкіх выбараў. Восенню 1952 г. імі быў прадстаўлены распрацаваны міністрам унутраных спраў Марыа Шэльбам законапраект, згодна якому партыя або выбарчы блок, што набралі абсалютную большасць галасоў выбаршчыкаў (50%+1 голас), атрымлівалі 2/3 парламенцкіх месцаў. Не толькі апазіцыя, але нават і некаторыя саюзнікі хрысціянскіх дэмакратаў расцанілі гэты законапраект як замах на італьянскую дэмакратыю і назвалі яго "махлярскім законам". Аўтар сумна вядомага фашысцкага выбарчага закону 1923 г. Дж. Ачэрба даў да яго наступны каментарый: " Грамадскі абвінаваўца Вярхоўнага суда (хрысціянскі дэмакрат) сцвярджаў, што мой закон 1923 г. прывёў да разбурэння найбольш свяшчэнных заваёваў Рысарджымента, і гэтым матываваў патрабаванне вынесці мне смяротны прысуд... Але вось хрысціянскія дэмакраты зрабілі закон, што з'яўляецца дакладнай копіяй закону Ачэрба – і ён абмяркоўваецца зараз у парламенце. " Адчайная кампанія апазіцыі прынесла поспех: урадавая кааліцыя на чале з ХДП (сацыял-дэмакраты, лібералы, рэспубліканцы і яшчэ дзве больш дробныя партыі) набралі толькі 49,9% (хрысціянскія дэмакраты – толькі 40,1%) і не дацягнула да планкі, якая ім гарантавала 2/3 месцаў. КПІ ды ІСП набралі адпаведна 22,6% і 12,7%. Правал планаў ХДП тлумачыўся не столькі выдатнымі вынікамі дзвюх вядучых рабочых партыяў, здолеўшых мабілізаваць левы пратэстны электарат, але таксама паспяховым выступленнем неафашыстаў з ІСР, якія здолелі адабраць нямала галасоў у ХДП на аграрным Поўдні і набралі каля 6%. У выніку месцы ў дзвюх палатах парламента былі размеркаваныя старым прапарцыйным спосабам. ХДП паспрабавала стварыць аднапартыйны ўрад меншасці і кіраваць з разлікам на падтрымку разнародных парламенцкіх сілаў. Тым не менш, хутка стала відавочнай эфемернасць гэтых разлікаў і ў жніўні А. Дэ Гаспэры падаў у адстаўку. З зыходам з вялікай палітыкі бацькі-заснавальніка ХДП ў гэтай партыі ўзмацняецца барацьба за ўплыў паміж яе трыма плынямі – правымі (гаспэрыстамі), левымі (падтрымлівалі ідэю шчыльнага супрацоўніцтва з сацыялістамі) і цэнтрыстамі (выступалі са стварэнне шырокай цэнтрысцкай кааліцыі). Наступнае пяцігоддзе (1953-1958) прайшло пры перавазе цэнтрыстаў і пад знакам урадавай нестабільнасці – змянілася пяць прэм'ер-міністраў. (Яшчэ пяць узначальвалі ўрад у наступнае пяцігоддзе – за 1958 па 1963 гг.) Найбольш істотным зрухам стаў перагляд палітычнай арыентацыі ІСП. Яе кіраўніцтва на чале з П'етра Нэні пасля венгерскіх падзеяў 1956 г. разарвала супрацоўніцтва з камуністамі і, адмовіўшыся ад статусу апазіцыйнай партыі, узяло курс на ўдзел ва ўладзе. Хрысціянскія дэмакраты, якія сутыкнуліся з праблемай стварэння трывалай урадавай большасці на базе цэнтрызму і былі зацікаўленыя ў пашырэнні сацыяльнай базы ўраду, пазітыўна ацэньвалі магчымасць ўзаемадзеяння з сацыялістамі. Тактыка "левага цэнтру" не выклікала прынцыповых пярэчанняў і з боку каталіцкага касцёлу. У энцыкліцы новаабранага папы рымскага Яна ХХІІІ Pacem in terris ("Мір на зямлі", 1958) як раз змяшчаліся заклікі да міру і супрацоўніцтва розных палітычных плыняў. Парламенцкія выбары 1958 г. прайшлі па традыцыйнай прапарцыйнай сістэме і прынеслі партыям-удзельніцам практычна тыя ж самыя вынікі. Спачатку быў сфармаваны кааліцыйны ўрад ХДП-ІСДП на чале з Амінторэ Фанфані (1958-1959). У 1959-1960 гг. дзейнічалі два правацэнтрыскія ўрады на чале з хрысціянскімі дэмакратамі. Апошні правацэнтрысцкі ўрад на чале з Фернанда Тамброні быў створаны пры падтрымцы ІСР. Апірышча на неафашыстаў уваходзіла ў супярэчнасць з адным з самых базавых прынцыпаў Італьянскай Рэспублікі – г.зв. тэорыяй "канстытуцыйнага скляпення" (Arco Costituzionale). Паводле яе аніводная ўрадавая або кааліцыйная партыя, якая галасавала ў падтрымку Канстытуцыі 1947 г., не павінна была мець аніякіх адносінаў з неафашысцкімі або манархічнымі сіламі, што разглядаліся як антыканстытуцыйныя. Незадавальненне "правай" палітыкай ураду нарастала. Пасля таго, як напрыканцы чэрвеня 1960 г. Італьянскі сацыяльны рух паспрабаваў правесці свой санкцыяваны ўладамі з'езд у Генуі, горадзе, узнагароджаным Залатым медалём Супраціўлення, пачаліся антыфашысцкія акцыі. У ліпні 1960 г. масавы антыфашысцкі рух, які часам набываў яўны антыўрадавы характар (урад Ф Тамброні вінавацілі ў сімпатыях да неафашыстаў), ахапіў усю краіну. У дэманстрацыях, мітынгах стачках ўзялі ўдзел каля 2,5 млн. чалавек. У сутычках антыфашыстаў з сіламі аховы правапарадку (выкарыстоўвалася матарызаваная паліцыя і нават танкі) сотні чалавек з абодвух бакоў былі параненыя, не абышлося без чалавечых ахвяраў. Урад быў вымушаны адправіцца ў адстаўку. У 1962 г. з'езд ХДП афіцыйна зацвердзіў тактыку "левага цэнтру". Неўзабаве пасля парламенцкіх выбараў 1963 г. (ХДП – 38,3%, КПІ – 25,3%) быў створаны першы левацэнтрысцкі ўрад на чале з новым папулярным лідэрам хрысціянскіх дэмакратаў Альда Мора (1963-1968). Дзейнасць гэтага ўраду, больш устойлівага за папярэднія, аказалася даволі плённай. Была абноўленая сістэма дзяржаўнага рэгулявання эканомікі. Рэформа сістэмы адукацыі распаўсюджвала канстытуцыйны прынцып аб бясплатным і абавязковым навучанні на вучняў няпоўнай сярэдняй школы ва ў зросце да 14 гадоў. Значнымі аказаліся заваёвы рабочых: былі падвышаныя заробкі, ліквідаваліся занальныя адрозненні ў аплаце працы, уводзіўся 40-гадзінны працоўны тыдзень у прамысловасці, паляпшалася пенсійнае забеспячэнне. Тым не менш запавольванне тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і нарастанне крызісных з'яў у грамадска-палітычным жыцці напрыканцы 1960-х гг. моцна абмяжоўвалі эфектыўнасць палітыкі левага цэнтру. Скарачэнне занятасці і бесперапынны рост кошту жыцця з другой паловы 1960-х гг. выклікалі ўздым сацыяльнага пратэсту. Асаблівасцю новага этапу забастовачнай барацьбы стаў яе масавы характар і ўцягванне ў барацьбу новых слаёў – студэнтаў, служачых, чыноўнікаў настаўнікаў, урачоў, пенсіянераў, якія раней займалі пасіўную пазіцыю. Забастовачная барацьба італьянцаў за паляпшэнне ўмоваў працы і жыцця была больш інтэнсіўнай і маштабнай, чым у другіх краінах капіталістычнага свету. У 1968 г. адбыўся бурны ўсплёск студэнцкай барацьбы не толькі за рэформу вышэйшай школы, але і пад антыкапіталістычнымі лозунгамі. Вясной 1968 г. хваляванні ахапілі ўсе 36 універсітэтаў Італіі. Студэнтаў падтрымалі прафсаюзы і камуністычная партыя. У 1968 і 1969 гг. адбыліся дзве буйнейшыя агульнанацыянальныя забастоўкі за правядзенне пенсійнай рэформы і вырашэнне жыллёвай праблемы. Урад быў вымушаны пайсці на саступкі і вылучыў значныя сродкі на будаўніцтва "народных кватэраў". "Спякотнай восенню" 1969 г. выступаючы за больш выгодныя ўмовы калектыўных дагавораў баставалі некалькі мільёнаў чалавек. У выніку ў 1970 г. быў прыняты Статут правоў працоўных, які замацаваў становішча прафсаюзаў на прадпрыемствах і абмежаваў магчымасць прадпрымальнікаў на звальненне рабочых. Дасягненні забастовачнай барацьбы выклікалі рост шэрагаў прафсаюзаў і павелічэнне іх уплыву. З 1969 г. пастаяннай становіцца практыка сустрэч і перамоваў паміж прафсаюзамі і ўрадам. Важнейшай падзеяй у галіне знешняй палітыкі першых пасляваенных гадоў стала заключэнне мірнага дагавору. Умовы перамір'я, падпісаныя пры капітуляцыі Італіі, давалі магчымасць амерыкана-брытанскім прадстаўнікам умешвацца ва ўнутраныя справы краіны. 10 лютага 1947 г. быў падпісаны Парыжскі мірны дагавор. Сухапутныя межы Італіі вызначаліся збольшага ў адпаведнасці з існаваўшымі на 1 студзеня 1938 г. Італія адмаўлялася ад прэтэнзіяў на калоніі ў Афрыцы (Лівія, Эрытрэя, Італьянскае Самалі), прызнавала суверэнітэт Албаніі і Эфіопіі і вяртала Грэцыі Дадэканезскія астравы. Горад Трыест з акругай быў вылучаны ў асобную тэрыторыю, губернатар якой прызначаўся ААН. (У далейшым г.зв. "вольная тэрыторыя Трыест" была падзеленая паміж Італіяй і Югаславіяй. Трыест з 1954 г. адышоў да Італіі.). Дагавор вызначаў абмежаванні для ўзброеных сіл краіны і вызначаў, што яна павінна выплаціць рэпарацыі СССР, Югаславіі, Грэцыі і Албаніі – краінам, тэрыторыі якіх пацярпелі ад італьянскай фашысцкай агрэсіі. У верасні 1947 г. Парыжскі дагавор быў ратыфікаваны Ўстаноўчым сходам Італіі і набыў моц. А праз тры месяцы, як тое і прадугледжвалася тэкстам пагаднення, яе тэрыторыя была вызваленая ад акупацыйных войск. Праамерыканскі знешнепалітычны курс А. Дэ Гаспэры знайшоў свой далейшы працяг у далучэнні Італіі 4 красавіка 1949 г. да блоку НАТО – яна стала адным з сузаснавальнікаў паўночнаатлантычнага альянсу. Гэтае рашэнне выклікала актыўны пратэст з боку значнай часткі італьянскага грамадства. Пад народнай петыцыяй з патрабаваннем адмовы ад удзеле ў НАТО было сабрана 8 млн. подпісаў. Тым не менш, у ліпні 1949 г. абедзве палаты італьянскага парламенту прагаласавалі "за" удзел у Паўночнаатлантычным пакце і ўступленне Італіі ў гэты блок было ратыфікаванае. Неўзабаве ўрад даў дазвол на будаўніцтва амерыканскіх вайсковых баз і размяшчэнне саюзніцкіх штабоў на тэрыторыі краіны. У партах Неапаля, Ліворна і некаторых іншых гарадоў размясціліся караблі 6-га амерыканскага флоту.
Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 537; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |