КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Асаблівасці эканамічнага і палітычнага становішча Усходняй Германіі пасля вайны. СВАГ і яе дзейнасць. Стварэнне партыйна-палітычнай сістэмы Усходняй Германіі
Згодна з рашэннямі Ялцінскай канферэнцыі, потым пацверджанымі ў Патсдаме, тэрыторыя Германіі падзялялася на чатыры зоны акупацыі. СССР атрымліваў пад свой кантроль 40% плошчы, 30% насельніцтва і 33% вытворчага патэнцыялу краіны. 6 чэрвеня 1945 г. на занятай савецкімі войскамі тэрыторыі Германіі (да захаду лініі Одэр-Нэйсе) пастановай СНК СССР была арганізаваная Савецкая ваенная адміністрацыя ў Германіі (СВАГ) на чале з Г.К. Жукавым (неўзабаве яго замяніў В.Д. Васілеўскі). Камандуючыя арміямі былі прызначаны начальнікамі ваеннай адміністрацыі зямель (па месцы дыслакацыі арміяў). Нацысты выдаляліся з адміністрацыйных і гаспадарчых устаноў, ствараліся новыя органы ўлады. Г.К. Жукаў разгледзеў і зацвердзіў кандыдатуры прэзідэнтаў і віцэ-прэзідэнтаў зямель. Таксама пад кіраўніцтвам СВАГ былі падрыхтаваныя мясцовыя і зямельныя выбары. Справа аднаўлення эканомікі Усходняй Германіі выглядала нашмат цяжэйшай, чым у Заходняй Германіі. На Ўсходнім фронце другой сусветнай вайны вяліся больш жорсткія баі, што выклікалі моцныя разбурэнні, на Захадзе засталася значная доля радовішчаў карысных выкапняў і прадпрыемстваў цяжкой прамысловасці. У параўнанні з Заходняй Германіяй, большым цяжарам на Ўсходнюю Германію леглі рэпарацыйныя выплаты на карысць СССР. (Як казаў першы кіраўнік СВАГ: " Нам трэба хутка вывезці ўсё, што трэба ў кошт пакрыцця выдаткаў вайны " пакуль немцы " прыгаломшаныя фіналам вайны ".) Першыя палітычныя партыі ў савецкай акупацыйнай зоне – Камуністычная партыя Германіі і Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі былі легалізаваныя яшчэ ў чэрвені 1945 г. Савецкія акупацыйныя ўлады ўскладалі галоўныя спадзяванні камуністаў, асабліва на тых, хто добра зарэкамендаваў сябе працай у міжнародных камуністычных органах у Савецкім Саюзе. 21 красавіка 1946 г. КПГ і СДПГ аб’ядналіся на базе марксісцка-ленінскай ідэалогіі у Сацыялістычную адзіную партыю Германіі (САПГ). Узначалілі партыю адразу двое – Вільгельм Пік і Ота Гротэволь, былыя лідары КПГ і СДПГ, адпаведна. Пры гэтым значная частка СДПГ, асабліва заходнегерманскія сацыял-дэмакраты, выступіла супраць аб’яднання і заявіла аб намеры працягнуць самастойную дзейнасць пад старой назвай. Раскол арганізаванага рабочага руху стаў адным з першых крокаў да падзелу краіны. На тэрыторыі акупацыйных зон заходніх дзяржаў дзейнасць любых палітычных партый была яшчэ забароненая, таму САПГ стала дзейнічаць толькі ў савецкай акупацыйнай зоне. На працягу 1945-1948 гг. былі створаныя чатыры іншыя партыі: Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), Ліберальна-дэмакратычная партыя Германіі (ЛДПГ), Нацыянальна-дэмакратычная партыя Германіі (НДПГ) і Дэмакратычная сялянская партыя Германіі (ДСПГ). Дзве апошнія партыі былі мэтанакіравана створаны намаганнямі САПГ для пашырэння сацыяльнай базы рэжыму – у першым выпадку за кошт былых членаў НСДАП і вермахту, а ў другім – за кошт сялянства. Нягледзячы на поўнае дамінаванне ў палітычным жыцці САПГ, фармальная шматпартыйнасць існавала ў ГДР столькі, колькі існавала сама ўсходнегерманская сацыялістычная дзяржава. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні ў другой палове 1940‑х гг. Пытанне аб адзінстве Германіі. Абвяшчэнне ГДР. Канстытуцыя 1949 г. Пераход да “дыктатуры пралетарыяту”. У верасні 1945 г. па ініцыятыве кіраўніцтва зямель і правінцый (паколькі органы ўлады зацвярджаліся СВАГ, там панавалі цалкам лаяльныя да СССР сілы) пачалося правядзенне аграрнай рэформы. Як і ў астатніх краінах Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы, падлягалі канфіскацыі зямельныя ўладанні нацыстаў і ваенных злачынцаў з усёй сельскагаспадарчай маёмасцю. Тое самае датычылася буйных зямельных уладанняў звыш 100 га. 2/3 атрыманай у выніку рэформы зямлі перадалі за невялікую плату беззямельным і малазямельным сялянам (атрымальнікамі сталі каля паўмільёны чалавек), а астатняе пайшло на стварэнне т.зв. "народных маёнткаў", навукова-даследчых інстытутаў і г.д. Правядзенне рэформы спрашчала тое, што большая частка буйных землеўласнікаў яшчэ да гэтага з’ехала ў Заходнюю Германію. Хаця палітыка дэкартэлізацыі прадугледжвала толькі драбненне нямецкіх манаполіяў, СВАГ пайшла нашмат далей гэтага, пераўтварыўшы дэкартэлізацыю ў нацыяналізацыю. У кастрычніку 1945 г. СВАГ наклала секвестр на ўсю маёмасць, якая належала гітлераўскай дзяржаве, ваенным злачынцам, актыўным нацыстам, а таксама манаполіям, што ўдзельнічалі ў развязванні вайны. Большасць секвестраваных прадпрыемстваў СВАГ перадаў усходнегерманскай адміністрацыі, астатнія былі вывезеныя ў СССР у кошт рэпарацыяў. Летам 1946 г. у савецкай акупацыйнай зоне быў праведзены рэферэндум, на базе рашэнняў якога быў прыняты закон "Аб перадачы прадпрыемстваў нацысцкіх злачынцаў народу". Да пачатку 1948 г., калі гэтыя мерапрыемствы былі завершаны, у грамадскую ўласнасць перайшлі звыш 9 тыс. прамысловых прадпрыемстваў. Яны заклалі аснову для дзяржаўнага сектару эканомікі. Гэткім чынам, у савецкай акупацыйнай зоне пад выглядам дэкартэлізацыі была нацыяналізаваная большасць буйных прадпрыемстваў, банкаў і страхавых таварыстваў. Таксама была праведзеная школьная рэформа. Школа адасаблялася ад царквы, уводзілася ўсеагульнае абавязковае і бясплатнае навучанне. Больш даступнай рабілася вышэйшая школа. Задача пабудовы дэмакратычнай міралюбівай Германіі была непарыўна звязана з пытаннем яе нацыянальнага адзінства. Са спаўзаннем свету да "халоднай вайны" магчымасць знаходжання былымі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі нейкай палітычнай "агульнай роўніцы" для Германіі ўжо напачатку 1947 г. стала выглядаць нерэальнай. Нежаданне СССР адмовіцца ад аграмадных рэпарацыйных выплатаў, абвяшчэнне Злучанымі Штатамі "дактрыны Трумэна", рознаскіраваныя эканамічныя рэформы саюзнікаў у сваіх акупацыйных зонах і г.д. толькі паглыблялі праблему. Масавыя форумы лаяльных да Савецкага Саюзу сілаў, што ладзіліся ва Усходняй Германіі (1-шы, 2-гі і 3-ці Нямецкія народныя кангрэсы, 1947-1949 гг.), былі няздольныя сваімі лозунгамі і маніфестамі прадухіліць раскол краіны. Акрамя таго, у той час, калі яшчэ і сталінскае палітычнае кіраўніцтва канчаткова не вырашыла, якой быць Германіі, асобныя лідэры САПГ зрабілі стаўку на раскол краіны – " лепей чвэрць Германіі кантраляваць цалкам, чым усю Германію на чвэрць ". (К Адэнаўэр, у сваю чаргу, любіў паўтараць словы ліберальнага германскага гісторыка К. Ротэка: " Лепей свабода без адзінства, чым адзінства без свабоды ".) Вясной-летам 1949г. працэс выхаду дзвюх частак Германіі на адрозныя палітычныя арбіты стаў непазбежным. Следам за прыняццем у Заходняй Германіі Асноўнага закону 3-ці Нямецкі народны кангрэс прыняў праект Канстытуцыі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР). У яе падмурак была закладзеная сталінская Канстытуцыя СССР 1936 г. Праз 5 месяцаў, 7 кастрычніка 1949 г., адбылося абвяшчэнне ГДР, якое завяршыла раскол Германіі. Тады ж набыла моц Канстытуцыя 1949 г., якая абвяшчала, што ва Усходняй Германіі ствараецца "дзяржава дыктатуры пралетарыяту", дэкларавала прынцыпы народаўладдзя, дэмакратычнай арганізацыі дзяржавы, яе антыфашысцкі характар. Прызнавалася права ўласнасці з магчымасцю яго абмежавання дзеля грамадскай карысці. Неўзабаве О. Гротэволь быў абраны прэм’ер-міністрам новай дзяржавы, а В. Пік – яе прэзідэнтам. З канчатковым афармленнем дзяржаўна-палітычнай структуры ГДР СВАГ перадаў яе кіраўніцтву ўсе свае адміністратыўныя функцыі. Пры гэтым замест СВАГ стваралася Савецкая кантрольная камісія (СКК), якая захоўвала некаторыя рычагі ўплыву на сітуацыю ў краіне. 15 кастрычніка 1949 г. былі ўсталяваныя дыпламатычныя адносіны паміж ГДР і СССР. Курс на будаўніцтва сацыялізму савецкай мадэлі. Падзеі чэрвеня‑ліпеня 1953 г., іх прычыны, характар і вынікі. З абвяшчэннем ГДР пачынаецца канчатковая арыентацыя на савецкую сталінскую сацыяльна-эканамічную і грамадска-палітычную мадэль. Праграма пасляваеннага аднаўлення і развіцця эканомікі была, напрыклад, увасобленая ў двухгадовым плане, разлічаным на 1949 - 1950 гг. Асаблівая ўвага надавалася базавым для цяжкай індустрыі галінам – вуглездабычы, энергетыцы і машынабудаванню. Згодна афіцыйным дадзеным, пастаўленыя задачы былі датэрмінова выкананыя і прамысловая вытворчасць краіны дасягнула ўзроўню 1936 г. Нацыянальны даход за перыяд з 1946 па 1950 гг. вырас больш чым удвая. У ліпні 1950 г. яшчэ больш высокія і, аб’ектыўна, нерэальныя задачы былі вызначаны на 1 - ю пяцігодку (1951-1955) ІІІ з’ездам САПГ. Неспрыяльныя ўмовы (дэфіцыт энергарэсурсаў і сыравіны, рэпарацыі і дэмантажы абсталявання), завышаныя планы, у першую чаргу ў цяжкой прамысловасці, шматлікія бюракратычныя перашкоды, аднабаковы знешні гандаль (з сацыялістычнымі краінамі) і палітычныя праблемы хутка сарвалі выкананне плану. Перад выбарамі 1950 г. у Народную палату (парламент) палітычныя партыі і масавыя арганізацыі краіны (напрыклад, Саюз свабоднай нямецкай моладзі, Аб’яднанне свабодных нямецкіх прафсаюзаў) аб’ядналіся ў Нацыянальны фронт дэмакратычнай Германіі (НФДГ), палітычную структуру, якая пры фармальным захаванні шматпартыйнасці і шырокім прадстаўніцтве таксама фармальна грамадскіх аб’яднанняў, забяспечвала поўны кантроль САПГ. Цалкам у духу савецкага першаўзору, на ІІІ з’ездзе САПГ была усталявана пасада генеральнага сакратара партыі. Таксама невыпадковым было абранне на яе найбольш цвёрдага германскага сталініста Вальтэра Ульбрыхта, які бачыў неабходным распаўсюдзіць партыйна-дзяржаўны кантроль на ўсе бакі грамадскага жыцця краіны. У лютым 1950 г., як і ў іншых “братэрскіх краінах”, па савецкім ўзоры было створана Міністэрства дзяржаўнай бяспекі - штазі (ням. - Ministerium für Sta ats si cherheit, Stasi). Пачынаецца жорсткае змаганне са шпіёнамі і падрыўнымі элементамі, што служаць сілам імперыялізму, ідэалагічнымі ворагамі – трацкістамі і цітаістамі. (У часы Халоднай вайны разам з КДБ і ЦРУ штазі лічылася адной мацнейшых спецслужбаў у свеце. Напрыканцы 1980-х гг. прыкладна кожны 50-ты грамадзянін ГДР супрацоўнічаў з міністэрствам.) Раскол Германіі і стварэнне ФРГ і ГДР паклалі пачатак своеасабліваму спаборніцтву паміж гэтымі дзяржавамі. На яго ход самы непасрэдны ўплыў імкнуліся аказваць супердзяржавы – ЗША і СССР. У 1950 г. Савецкі Саюз удвая скараціў рэпарацыйныя выплаты, актывізаваў пастаўкі ГДР сыравіны і тэхнікі. У 1952 г. 2-я канферэнцыя САПГ паставіла перад партыяй, дзяржавай і грамадствам задачу пабудовы сацыялізму. Гэта азначала фарсіраванне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, правядзенне абмежавальных захадаў супраць дробных і сярэдніх уласнікаў, масавую нацыяналізацыю прадпрыемстваў. Для змагання з варожымі сацыялістычнаму шляху элементамі прадугледжвалася ўзмацненне ролі паліцыі і сілаў дзяржаўнай бяспекі. Каб хутчэй сцерці з памяці усходніх немцаў "старарэжымныя" рэаліі, у 1952г. пачалася адміністратыўная рэформа. Замест расфармаваных 5 "гістарычных" зямель – Саксоніі, Анхальт-Саксоніі, Цюрынгіі, Брандэнбурга і Мекленбурга – ствараліся 14 штучных акругаў. Энтузіязм, з якім усходнегерманскія рабочыя віталі першыя рэформы САПГ, хутка змяніся незадаволенасцю і адкрытым пратэстам. Стрымліванне даходаў, ураўняльныя тэндэнцыі пры матэрыяльным ацэньванні працы, невыгодныя вынікі параўнання свайго матэрыяльнага становішча з тым, што было да вайны або з тым, што мелі рабочыя ў ФРГ, дэфіцыт прадуктаў харчавання і спажывецкіх тавараў, нарастанне палітычных і антыцаркоўных рэпрэсіяў выклікалі незадаволенасць грамадзян ГДР. Смерць Сталіна і аслабленне савецкага акупацыйнага кантролю (была расфармаваная СКК і замест яе ўведзена пасада Вярхоўнага камісара) выклікалі масавыя уцёкі ўсходніх немцаў на Захад. Моцнае абурэнне ў грамадстве выклікала красавіцкае павышэнне цэн. Разумеючы небяспеку сацыяльнага выбуху ў ГДР і працягваючы курс на лібералізацыю сваёй палітыкі, міністэрства унутраных спраў СССР накіравала кіраўніцтву ГДР мемарандум з патрабаваннем спыніць фарсіраваную індустрыялізацыю і паслабіць рэпрэсіі. Усходнегерманскія лідары былі нават выкліканыя ў Маскву, дзе прызналі свае памылкі. Па прыездзе дадому яны абвясцілі "Новы курс", скіраваны на паляпшэнне забеспячэння насельніцтва. Аднак запланаванае ўладамі ГДР павышэнне нормаў выпрацоўкі на вытворчасці засталося ў недатыкальнасці. Калі напачатку чэрвеня рабочыя атрымалі заробак і знайшлі вылічэнні за недапрацоўку, цярпенне рабочых лопнула. 16 чэрвеня 1953 г. ў Берліне пачалася забастоўка, якая на наступны дзень – 17 чэрвеня – перарасла ва ўсеагульную. На сярэдзіну дня ў цэнтры горада сабралася каля 150 тыс. чалавек. Лозунгі казалі пра рашучы настрой маніфестантаў: " Далоў урад! Далоў Народную Паліцыю! " " Мы не хочам быць рабамі, хочам быць вольнымі! ", " Бародка, пуза і акуляры – гэта не воля народа " (асабісты выпад супраць В. Ульбрыхта). Акцыя набыла гвалтоўны характар. Натоўп граміў паліцэйскія ўчасткі, будынкі партыйных і дзяржаўных органаў. Знішчаліся сімвалы дзяржаўнай улады. Горад быў фактычна захоплены народам. Партыйнае кіраўніцтва было вымушанае ўцякаць пад абарону савецкіх войск у сталічнае прадмесце Карлхорст. Народныя выступленні перакінуліся і на некаторыя іншыя гарады краіны – Лейпцыг, Гале і г.д. Рэжым выратавала толькі выкарыстанне савецкіх войск. У ходзе падаўлення паўстання загінула да 300 чалавек. В. Ульбрыхт не толькі здолеў утрымацца пры ўладзе, але таксама выкарыстаў момант для расправы з унутрыпартыйнай апазіцыяй. Тым не менш, галоўным вынікам падзей лета 1953 г. стала значная карэкціроўка палітычнага курсу САПГ. Пры савецкай дапамозе ўлады здолелі забяспечыць падвышэнне дабрабыту насельніцтва, адмовіцца ад "перагібаў" у каапераванні сельскай гаспадаркі, палепшылі існаванне прыватнікаў у сферы дробнай і сярэдняй вытворчасці і гандлю. У 1954 г. СССР цалкам адмовіўся ад спагнання з ГДР рэпарацыйных выплатаў. Гэтак была закладзеная база пад стварэнне паспяховай і канкурэнтаздольнай па мерках савецкага лагера усходнегерманскай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. У 1958 г. былі скасаваныя прадуктовыя карткі. Да канца 1950-х гг. ГДР выйшла на 5-е месца ў Еўропе па ўзроўню прамысловага развіцця і стала пераўтварацца ў г.зв. "вітрыну сацыялізму". Тым не менш, задача "дагнаць і перагнаць ФРГ" была далёкая ад вырашэння: спажыванне ГДР складала 25% заходнегерманскага, а вытворчасць – 30%. Заява аб перамозе сацыялістычных вытворчых адносін, іх асаблівасці. Гаспадарчая рэформа ў ГДР 1960‑х гг. і яе вынікі. Асноўныя напрамкі эканамічнага развіцця ГДР у 1970‑я гг. Супярэчнасці эканамічнага развіцця ГДР ў 1980‑я гг. VI з’езд САПГ, які адбыўся ў 1963 г., абвясціў аб пачатку этапу сацыялістычнага развіцця ГДР. У тым жа 1963 г. пачынаецца ажыццяўленне эканамічнай рэформы па стварэнню ў краіне мадэлі "сацыялістычнага рынку" – Новай эканамічнай сістэмы (НЭС). Скарачаліся дзяржаўныя датацыі на прамысловую прадукцыю, прадпрыемствы пераводзіліся на гаспадарчы разлік, пашыралася іх вытворчая самастойнасць. ГДР становіцца мадэллю для прамысловых эксперыментаў сацыялістычных краін, асабліва Савецкага Саюзу. Асноўнай адметнасцю працэсу пабудовы сацыялізму ў ГДР стала прыцягненне да вырашэння задач пераходнага перыяду сярэдняй і дробнай буржуазіі. Ажно да лета 1972 г. у краіне працягвала існаваць значная колькасць дробных і сярэдніх прыватных прадпрыемстваў у прамысловасці, на транспарце, у гандлі. Пры гэтым дзяржава няўхільна абмяжоўвала сферу дзейнасці прыватнакапіталістычных структураў, паступова трансфармуючы іх у паўдзяржаўныя і дзяржаўныя прадпрыемствы. Рэформа дазволіла эканоміцы ГДР дасягнуць значных поспехаў, а таксама забяспечыць усходніх немцаў дастаткова высокім дабрабытам. Новая Канстытуцыя 1968 г., абвясціла ГДР "сацыялістычнай дзяржавай нямецкай нацыі" і афіцыйна замацавала палітычнае дамінаванне САПГ (арт. 1). Пасля адстаўкі В. Ульбрыхта і абрання першым сакратаром ЦК САПГ Эрыха Хонэкера (1971 г.) адбываецца пэўная змена сацыяльна-эканамічнага курсу. Важнейшай задачай партыі і ўраду абвяшчалася "падвышэнне матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця народу", а неабходнасць карэннай мадэрнізацыі эканомікі была адсунутая на другі план. Новы лідэр у большай ступені, чым яго папярэднік, арыентаваўся на савецкую мадэль эканамічнага развіцця. Аднак за фасаднай часткай "вітрыны сацыялізму" хаваліся немалыя праблемы. Станоўчы эфект эканамічных рэформаў 1960-х гг. не мог быць вечным. З сярэдзіны 1970-х гг. эканамічная сітуацыя ў ГДР стала пагаршацца. Павелічэнне выдаткаў на сацыяльную сферу, у прыватнасці дарагую жыллёвую праграму, знізіла аб'ём інвестыцый у развіццё і абнаўленне састарэлага абсталявання, знос якога ў прамысловасці складаў 50%, а ў сельскай гаспадарцы – 65%. Узрастальнае тэхналагічнае адставанне, нізкі ўзровень прадукцыйнасці працы (ад трэці да паловы ад заходнегерманскага), нерацыянальнае выкарыстанне замежных крэдытаў (ішлі не на інвестыцыі ці набыццё новых тэхналогій, а на імпарт сыравіны, прадуктаў харчавання і тавараў шырокага попыту для насельніцтва) падрывалі асновы усходнегерманскай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. Нягледзячы на глыбінныя праблемы,да пачатку 1980-х гг. ГДР стала высокаразвітай індустрыяльнай краінай з інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай. Па аб’ёме выпуску прамысловай прадукцыі ГДР выйшла на 6-е месца ў Еўропе і 10-е ў свеце. Яе вядучыя галіны прамысловасці, непасрэдна закранутыя навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй (машынабудаванне, металаапрацоўка, хімічная прамысловасць, электратэхніка і электроніка, оптыка, прыборабудаванне, лёгкая прамысловасць) з’яўляліся ўзорнымі для ўсяго сацыялістычнага лагеру. Вельмі высокім па ўсходнееўрапейскіх стандартах быў і ўзровень жыцця насельніцтва ГДР. Аднак, як хутка выявілася, яно проста жыло не па сродках. Калі напачатку 1970-х гг. знешняя запазычанасць ГДР складала 3,5 млрд. марак, то на 1989 г. – ўжо пераваліла за 30-мільярдны рубеж. На фоне далейшай арыентацыі насельніцтва ГДР на заходнія спажывецкія стандарты шанцаў на паспяховае задавальнення яго ўзрастальных патрэбаў, а значыць і на захаванне ўласнай улады, у САПГ практычна не засталося.
Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 596; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |