Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Да пытання аб эфектыўнасці аматарскай творчасці




Пытанні эфектыўнасці аматарскай творчасці і праблема яё ацэнкі з’яўляюцца найбольш складанымі ў тэорыі сацыяльна-культурнай дзейнасці. Пакуль што не існуе поўнай яснасці ні ў даследчыкаў, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі кожны раз, калі патрэбна ацаніць эфектыўнасць кіраўніцкіх намаганняў альбо ўкараняемых методык, ні ў практыкаў. Сістэма існуючых у практыцы паказчыкаў застаецца нездавальняючай.

Асноўнымі паказчыкамі, на якія арыентавана сучасная практыка кіравання мастацкай самадзейнасцю, з’яўляюцца:

· колькасць удзельнікаў арганізаваных калектываў аматарскай творчасці;

· колькасці арганізаваных мастацкіх калектываў (гурткоў аматарскай творчасці);

· колькасць канцэртаў, спектакляў, выставак і іншых публічных выступленняў арганізаваных аматарскіх калектываў;

· колькасць насельніцтва, ахопленага выступленнямі аматарскай творчасці.

Гэтыя паказчыкі, у асноўным, звяртаюць увагу на колькаснае нарошчванне масіву ўдзельнікаў (першыя два паказчыкі) і арыентаванасць на “грамадскую аддачу” (два другія паказчыкі).

Мы меркуем, што гэтыя паказчыкі сёння не проста недастатковыя, але і ўяўляюць сабой пэўны тормаз у развіцці аматарскай творчасці.

Недыферэнцыраваныя ўяўленні аб колькасці ўдзельнікаў і калектываў без уліку сацыяльна-дэмаграфічнага складу, без уліку жанрава-відавога набору калектываў і ступені іх адпаведнасці рэальнай прадстаўленасці асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва ў рэгіёнах, ступені іх адпаведнасці жанрава-відавым перавагам патанцыяльных удзельнікаў – у вядомым сэнсе тлумачаць тое, што з пад увагі кіраўніцтва выпадае задача мэтанакіраванага фарміравання сацыяльна-дэмаграфічнай і жанрава-відавой структуры аматарскай творчасці. Паказчыкі на гэта не нацэльваюць і да гэтага не абязуюць.

У верхавенстве гэтых паказчыкаў крыецца адна з прычын пагаршэння сацыяльна-дэмаграфічнага складу аматарскай творчасці (напрыклад, перавага колькасці дзіцячых калектываў і адносна невялікая колькасць маладзёжных і дарослых) і разыходжанне жанрава-відавой структуры арганізаванай самадзейнасці (якая традыцыйна прадстаўлена ва ўстановах культуры так званымі “мегажанрамі” – музычным, харэаграфічным і тэатральным) з патрэбамі людзей у самых розных мастацкіх занятках у вольны час – ад новых плыняў маладзёжнай субкультуры да традыцыйных відаў адраджаемай нацыянальнай культуры.

Паказчык масавасці працуе ў аматарскай творчасці як смутна вядомы з мінулых часоў, так званы “вал” у прамысловасці. Ён не падштурхоўвае да вывучэння “попыту” і да пошуку новых сродкаў яго задавальнення, ігнаруе выкананне вышэазначаных функцый вядзе да забеспячэння “масавасці” як самамэты, прычым, любымі сродкамі. Можна сцвярджаць, што голы крытэрый масавасці заканамерна параджае безпрынцыповасць кіраўніцкай практыкі.

Другая група крытэрыяў паказвае на функцыю мастацкага абслугоўвання публікі. Але гэта, увогуле, генеральная функцыя прафесійнага мастацтва.

Аматарская творчасць, хаця і прымае пэўны ўдзел у мастацкім абслугоўванні публікі, не можа яе мець у якасці вядучай.

Па-першае, як сацыяльна-педагагічная з’ява, аматарская творчасць прызначаецца, перш за ўсё, для задавальнення інтарэсаў і патрэбаў, для развіцця здольнасцей удзельнікаў.

Па-другое, сучаснае развіццё сродкаў масавай камунікацыі, калі людзі сёння могуць далучыцца праз тэлебачанне, відэа, Інтэрнэт да любых мастацкіх каштоўнасцей, аматарская творчасць у значнай ступені страчвае сваю былую ролю “замяняльніка” прафесійнага мастацтва на месцах, якую яна выконвала ў мінулыя гістарычныя часы. Факусаванне увагі кіраўніцкай практыкі на “абслугоўванне” ставіці мастацкую творчасць аматараў у ролю канкурэнта прафесійнага мастацтва і сродкаў яго масавага распаўсюджвання.

Панаванне паказчыкаў, якія арыентуюць непрафесійную мастацкую дзейнасць на канкурэнцыю с прафесійнай, не толькі супярэчыць сутнасці аматарскай творчасці, не толькі адцягвае ад рэалізацыі сацыяльна-педагагічных задач, у адносінах да ўдзельнікаў, якія ў свеце гэтых паказчыкаў становяцца не вельмі важнымі.

Гэтыя паказчыкі, ўзятыя з вытворчай сферы, падштурхоўваюць практыку аматарскай творчасці на шлях інтенсіфікацаі канцэртна-выканаўчай і іншай мастацка-прадуктыўнай дзейнасці. Выяўляецца гэта ў прынцыпе “чым больш, тым лепей”, які закладзены ў паказчыках колькасці канцэртных акцый і колькасці абслужаных, якія па логіцы гэтых паказчыкаў, павінны заўсёды расці.

Прынцып колькаснай інтэнсіфікацыі “аддачы” аматарскай творчасці, і ў тым выпадку, калі яе сапраўды дабіваюцца за кошт павілічэння канцэртна-выканаўчай занятасці ўдзельнікаў, і ў тым, калі, не маючы магчымасці павялічыць колькасць канцэртаў і абслужаных, практыкі прыбягаюць да прыпісак, - маюць шматлікія адмоўныя вынікі ў сацыяльна-культурнай дзейнасці.

У аматарскай дзейнасці становяцца “патрэбнымі” толькі тыя ўдзельнікі, якія па ўзроўню майстэрства і таленавітасці, а таксама і самаадданасці, з якой звязана інтэнсіўная практыка рэпетэцыйнай дзейнасці, будуць здольны прыняць удзел у мастацкім абслугоўванні, задаволіць усё ўзрастаючыя патрэбы публікі, з адной стараны, і патрабаванням арганізатараў заняцца самадзейнасцю як другой прафесіяй, з другой.

Але ж далёка не ўсе жадаючыя займацца мастацкай дзейнасцю па сілах працаваць на такім узроўні патрабаванняў. Устаноўка на выкарыстанне аматарскай творчасці, як сродка абслугоўвання публікі аб’ектыўна працуе супраць масавасці, выцесняючы з “неперспектыўных” удзельнікаў.

Два паказчыкі, звязаныя з “абслугоўваннем” публікі, аб якіх ішла гаворка вышэй, маюць яшчэ адзін вынік: яны фіксуюць увагу практыкі толькі на тых відах аматарскай творчасці, магчымасці якіх як сродкаў “абслугоўвання” найбольш відавочныя. Да іх перш за ўсё адносяцца віды выканаўчай творчасці: тэатральная, вакальна-харавая, аркестровая, харэаграфічная. Віды аўтарскай самадзейнасці, напрыклад, літаратурная, выяўленчая творчасць, аўтарская песня, кіна-фота-відэа самадзейнасць, магчымасці якіх у “абслугоўванні” некалькі абмежаваны, выпадаюць з-пад увагі практыкаў як меней значныя, а то і ўвогуле не існуючыя.

Гэта адлюстроўваецца ў самых розных з’явах: у падрыхтоўцы кадраў, якая ў асноўным з’арыентавана на выканаўчыя віды; у адсутнасці спецыялістаў па аўтарскай самадзейнасці ў навукова-метадычных цэнтрах, у дыфіцыце метадычнай літаратуры па гэтых відах самадзейнасці.

Складанасць праблемы ацэнкі аматарскай творчасці яшчэ звязана з тым, што тут існуюць мноства аспектаў, якія пакуль недастаткова асэнсаваны і з’яўляюцца пакуль невырашальнымі ў практыцы.

Па-першае, гэта пытанне аб мэтах і прызначэнні ацэнкі. Адна справа, калі вядзецца пошук выснов для ацэнкі становішча і працэсаў развіцця аматарскай творчасці ў краіне, рэгіёне, у раёне дзеяння нейкай установы культуры ў мэтах карэктыроўкі стратэгіі і тактыкі кіравання аматарскай мастацкай творчасцю.

Другое – калі вядзецца пошук высноў практыкі ацэнкі, якая б стымулявала мастацка-творую актыўнасць і грамадскую дзейнасці кіраўнікоў і удзельнікаў самадзейных мастацкіх калектываў.

Трэцяе – калі адшукоўваюцца высновы для ацэнкі ўздзеяння ўдзелу працэсу аматарскай творчасці на асобу, з мэтай вымярэння сацыяльна-педагагічнага эфекту.

Але ж, якія б аспекты не меліся на ўвазе, перш за ўсё неабходна вызначыць метадалагічныя высновы вырашэння праблемы ацэнкі ў цэлым.

Адна з важнейшых метадалагічных высноў, на наш погляд, - гэта сувязь крытэрыяў альбо паказчыкаў з сацыяльнымі функцыямі аматарскай творчасці. Распрацоўка ў нашым даследванні пытання аб функцыях дае пэўны падыход да вызначэння падобных крытэрыяў.

Калі галоўная гістарычная функцыя аматарскай творчасці і яе галоўная тэндэнцыя ў нашым грамадстве заключаецца ў павышэнні колькасці суб’ектаў мастацкай творчасці, то і галоўным крытэрыям эфектыўнасці кіравання мастацкай творчасцю з’яўляецца крытэрый пашырэння суб’екта да граніц грамадства ў цэлым. Гістарычным сродкам гэтага пашырэння і выступае аматарская творчасць.

Крытэрый, які ацэньвае эфектыўнасць кіравання працэсам пашырэння аматарскай творчасці аднак не можа выяўляцца ў росце абсалютнай колькасці удзельнікаў; тым болей абсалютная колькасць не можа выкарыстоўвацца пры параўнальнай ацэнцы стану аматарскай творчасці ў розных рэгіёнах без уліку колькасці насельніцтва у цэлым і яго сацыяльна-дэмаграфічнага стану.

Таму кратэрый пашырэння суб’екта аматарскай творчасці можа быць выкарыстаны ў практыцы сацыяльна-культурнай дзейнасці толькі пры умове разумення яго як адносін колькасці удзельнікаў аматарскай творчасці да колькасці насельніцтва акрэсленага рэгіёна, гэта значыць працэнтнае суаднясенне рэальных і патэнцыяльных удзельнікаў.

Але гэтага недастаткова. Неабходна правесці дыферэнцыяцыю гэтага паказчыка ў сацыяльна-дэмаграфічным плане – выявіць ступень адпаведнасці ў аматарскай творчасці сацыяльна-дэмаграфічных груп іх рэальнаму прадстаўніцтву ў структуры насельніцтва даннага рэгіёна.

Такі крытэрый можа працаваць і на ўзроўні кіравання мастацкай самадзейнасцю як грамадска-мастацкімм рухам у цэлым па рэспубліцы; і на узроўні кіравання ёю ў розных рэгіёнах (вобласці, раёне) і на ўзроўні асобнай установы культуры, мікрараёна, працоўнага калектыву і т.д.

Выніковасць яго, як стымула кіраўніцкай практыкі, заключаецца ў тым, што ён будзе прымушаць да пошуку тае разнастайнасці жанрава-відавых і арганізацыйных форм, якая аптымальна зможа адпавядаць патрэбам розных сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва.

Рэалізацыя гэтага крытэрыя на практыцы звязана з увядзеннем у сістэму статыстычных справаздач паказчыкаў, характарызуючых сацыяльна-дэмаграфічны склад удзельнікаў у абсалютнай колькаснасці, а таксама ў адносінах часткі асноўных сацыяльна-дэмаграфічных груп у структуры насельніцтва. Зыходным дакументам можа быць сацыяльны пашпарт аматарскай арганізацыі, змест якога ўключае інфармацыю аб складзе ўдзельнікаў.

Ёсць магчымасць знайсці і спосабы ўліку “неарганізаванай” аматарскай творчасці, калі ўстановы культуры возьмуць курс на індывідуальна-кансультатыўную работу ў іх асяроддзі і арганізацыю пераадычных кантактаў з “неарганізаванымі удзельнікамі”.

Дадзеныя аб колькасці “неарганізаваных”, якія могуць уключыцца хаця б у разавыя мерапрыемствы (святы горадоў і вуліц, святы народных рамёстваў, агляды сямейных мастацкіх калектываў і т.д.) будуць з’яўляцца абавязковымі справаздачнымі дадзенымі. Адзначым, што установы культуры зацікаўлены ва ўліку кантынгента “неарганізаваных” у рэгіёне свайго ўздзеяння ні дзеля самаго ўліку, а з-за магчымасці ўсталявання саміх кантактаў і запрашэння “неарганізаваных” у самыя розныя формы арганізаванай мастацкай работы.

Другім важкім крытэрыем ацэнкі аматарскай творчасці з’яўляецца склад мастацкіх каштоўнасцей, у ёй функцыянуючых, якія азначаюцца, па-першае, жанрава-відавым складам, а, па-другое, рэпертуарам, тэматыкай, праблематыкай мастацкай творчасці.

Рэалізацыя гэтага крытэрыя звязана з удасканаленнем формы статыстычных справаздач, у аснову якіх павінна быць пакладзена навуковаабгрунтаваная класіфікацыя аматарскай мастацкай творчасці (напрыклад, Смірнова Я.І.) [12]. што дазволіць фіксаваць змяненні жанрава-відавой структуры самадзейнасці.

Што тычыцца рэпертуара, тэматыкі і праблематыкі, то яны могуць стаць прадметам аналізу ў тэкставых справаздачах рэгіянальных органаў кіравання мастацкай самадзейнасцю (упраўлення культуры, навукова-метадычнага цэнтра і інш.).

Трэці прапанаваны намі крытэрый звязаны з функцыямі аматарскай творчасці як падсістэмы вольнага часу. Яго можна азначыць як крытэрый гарманічнасці функцыянавання асобы за кошт аптымальнага спалучэння мастацка-аматарскай актыўнасці і актыўнасці ў іншых сферах жыццядзейнасці ўдзельнікаў (працоўнай, вучэбнай і інш.). Шчыра кажучы, адзначым, што гэты крытэрый наўрад ці можа быць закладзены ў нейкі ўліковы альбо справаздачны дакумент.

Узаемасувязь паміж свабодным і несвабодным часам і паводзінамі чалавека ў гэтых сферах пакуль мае шэраг супярэчнасцей, патрабуючых штодзённага практычнага вырашэння. Сёння павінна ісці гаворка аб разумным супадчыненні дзей насці ў вольны час і асноўнай дзейнасці ўдзельнікаў. Пры гэтым, дзейнасць у вольны час дзейнасць не павінна быць звыш інтэнсіўнай за кошт зніжэння актыўнасці ў асноўнай – працоўнай альбо вучэбнай сферы.

Праблема цэласнага і гарманічнага функцыянавання суб’екта па свайму характару з’яўляецца праблемай сацыяльна-псіхалагічнай, якая дапускае псіхалагічнае кіраванне працэсам “фарміравання” асобы на аснове аптымальнага для кожнага асобнага індывіда спалучэнняў шматлікіх відаў дзейнасцей у розных сферах (працоўнай, сямейнай, дзейнасці ў вольны час) у мэтах агульнай станоўчай самарэалізацыі індывіда.

Мінімальны эфект удзелу ў аматарскай творчасці магчыма прадбачыць у тым, каб мастацкая дзейнасць не перашкаджала станоўчым праяўленням асобы ў іншых сферах; максімальны – у тым, каб удзел у аматарскай творчасці суправаджаўся палепшэннем дзейнасці ў гэтых сферах.

Пры такім падыходзе задача заключаецца ў тым, каб вызначыць паказчыкі, якія бы сведчылі аб неспрыяльных выніках захаплення мастацтвам у іншых сферах жыццядзейнасці; паказчыкі таго, што мастацкая дзейнасць не перешкаджае функцыянаванню ў іншых сферах і паказчыкі станоўчага ўздзеяння дзейнасці на функцыянаванне ў іншых сферах. Вырашэнне задачы звязана з распрацоўкай прыёмаў дыагностыкі, а таксама індывідуальна арыентаваных праграм сацыяльна-тактычных прыёмаў рэгуляцыі функцыянавання асобы.

Гэты крытэрый з’яўляецца неабходным ні для знешней ацэнкі аматарскай творчасці чалавека, але выключна як выснова для самакарэктыроўкі працы кіраўніка. Калі задача гарманізацыі будзе асэнсавана як функцыянальная прафесійная задача, кіраўніку будзе не вельмі цяжка вызначыць удзельнікаў, станоўча спалучаючых мастацкую дзейнасць з іншымі сваімі сацыяльнымі ролямі і тых, у каго ёсць пэўная дысгармонія, цяжкасці сумяшчэння.

Звычайна, на аказанні дапамогі апошнім і павінен засяродзіць свае намаганні кіраўнік аматарскага мастацкага калектыву.

Яшчэ неабходна звярнуць увагу на такі аспект праблемы як аб’ём загружанасці удзельнікаў аматарскай творчасці канцэртна-выканальніцкай і іншай дзейнасцю “мастацкага абслугоўвання”. Тэзісу “інтэнсіфікацыі”, які закладзены ва ўяўленне аб тым, што чым болей канцэртаў, спектакляў і іншых падобных мерапрыемстваў, тым лепш, чым болей “аддача” самадзейнасці, неабходна супрацьпаставіць тэзіс абумоўленага нарміравання і абмежавання пажаданняў кіраўнікоў і удзельнікаў на звыш высокую колькасць і большы аб’ём падобнай дзейнасці.

Вялікі аб’ём падобнай працы ні можа не перашкаджаць функцыянаванню ўдзельнікай у другіх сферах жыццядзейнасці. Больш таго, гэтая дзейнасць падчас суправаджаецца патрабаваннямі стварыць для калектыву, які актыўна эксплаатуецца для “мастацкага абслуговання”, нейкія спецыяльныя ўмовы (вызваленне ад вучэбных і працоўных заняткаў, матэрыяльнае стымуляванне і т.д.).

Выступленне перад публікай, паказ ёй вынікаў сваёй творчасці павінны быць не абавязкам, а гонарам для непрафесійных выканаўцаў.

Пытанні аб аптымільным аб’ёме загружанасці ўдзельнікаў, на наш погляд, змогуць вырашацца на шляху нейкага фарміравання дзейнасці мастацка-абслугоўваючага парадку. Колькасць такіх акцый можа быць эксперэментальна вызначана для кожнага жанра дзейнасці як сярэдняя норма, якой павінна прытрамлівацца, і якая не будзе перашкаджаць функцыянаванню удзельнікаў у іншых сферах.

Калектывы і удзельнікі не павінны прымушацца да парушэння гэтых норм. Укараненне такіх норм не з.яўляецца прымусам для тых калектываў, якія і такую колькаць выступленняў лічаць для сябе звышмерным і заўчасным. У той жа час, устанаўленне такіх норм не значыць забарону на болей інтэнсіўную працу для некаторых калектываў і удзельнікаў.

У дадзеным выпадку спецыяльныя мастацкія саветы альбо атэстацыйныя камісіі павінны атрымаць доказ таго, што ўдзельнікі сумяшчаюць мастацкія і другія віды сваёй загружанасці без страты для асноўнай працы.

На заканчэнне звернемся да пытання аб асаблівасцях ацэнкі мастацка-прадуктыўнай стараны дзейнасці калектываў аматарскай мастацкай творчасці і іх удзельнікаў.

Перш за ўсё адзначым, што для ацэнкі мастацкага прадукта мы не прапануем нейкія асаблівыя, заніжаныя ў параўнанні з прафесійным мастацтвам крытэрыі. Удзельнік чакае не проста кампліментарнай адзнакі, але і аб’ектыўнага дзелавого аналізу яго дасягненняў у параўнанні з яго мінулым мастацкім вопытам, чакае дапамогі ў вызначэнні таго, над чым ён павінен працаваць дзеля магчымага далейшага росту.

Можна сцвярджаць, што чым прафесійным і больш дэталёвым будзе аналіз яго творчасці, тым большую карысць будзе мець гэтая ацэнка.

Ацэнка усялякай дзейнасці можа ажыццяўляцца падвойна: па-першае, калі ацэньваюць розныя аб’екты, параўноўваючы іх паміж сабой, па-другое, калі ацэньваюць той жа самы аб’ект у дынаміцы, тым самым параўноўваючы яго цяперашні стан з мінулым. У першым выпадку абавязковае патрабаванне да ацэнкі – параўнанне параўнальнага.

Але ў аматарскай творчасці практычна кожны калектыў мае свае асаблівыя характарыстыкі, якія робяць параўнанне іх вынікаў некарэктнымі. Адзін – толькі створаны, другі – існуе дзесяцігоддзі; у адных – кіраўнік-самавучка без спецыяльнай мастацкай падрыхтоўкі, у другіх – заслужаны прафесіянал; у тым – у асноўным людзі з сельскай мясцовасці, у другім – гараджане з высокім адукацыйным статусам і т.д.

Што ж у выніку ацэньваецца на аглядзе аматарскай творчасці? Прафесійны ўзровень кіраўніка? Агульны культурны ўзровень удзельнікаў, які не можа не адбіцца на выніках творчасці?

Як не дзіва, але конкурснасць, якая ляжыць у аснове практыкі аглядаў і фестываляў, з’яўляецца неспрыяльнай для аматарскай творчасці. Найбольш важнай і значнай павінна быць ацэнка шляхам параўнання дасягненняў калектыву ці кожнага ўдзельніка ў параўнанні з яго ж уласнымі мінулымі дасягненнямі.

Паўсядзённая ацэнка, аналіз кожнай работы – праграмы, спектакля, карціны, выставы, кінафільма і т.д. – павінны быць галоўнай ацэнкай, прызначэнне якой карэктыроўка творчай дзейнасці, дапамога непрафесійным мастакам, вучоба і стымуляванне далейшай творчасці.

Мы прапануем некалькі ўзроўней ацэнкі, прапанаваных у сваім дысертацыйным даследванні Г.А. Апарыным:

1. Абмеркаванне і ацэнка работы асобнага мастака паміж ім і кіраўніком (спецыялістам-кансультантам).

2. Абмеркаванне і ацэнка работы сягод калег па захапленні (у калектыве, аб’яднанні, на сустрэчах некалькіх калектываў аднаго жанру).

3. Абмеркаванне і ацэнка індывідуальных альбо групавых работ экспертнай групай (мастацкім саветам установы культуры, адборачнай камісіяй, спецыяльна сфарміраванай групай знешніх “крытыкаў”).

4. Абмеркаванне і ацэнка работ публікай (на вечарынах-справаздачах, шляхам стварэння “журы гледачоў”, кнігі водгукаў на выставах і т.д.).

Крытыка з нашай стараны конкурснай сістэмы ацэнкі аматарскай творчасці, аднак не сведчыць аб поўным адмаўленні ад творчых спаборніцтваў удзельнікаў самадзейнасці. Крытыка сучаснай практыкі аглядаў і конкурсаў звязана з тым, што атрыманне адзнакі звычайна становіцца самамэтай для калектываў і ўдзельнікаў, а яе выдача і размеркаванне прызёраў – самамэта журы пад час конкурсу.

Агляды пераўтварыліся ў пэўны стымул, падрыхтоўка конкурснай праграмы – у асноўны змест дзейнасці кіраўнікоў і калектываў. У выніку аматарская творчасць заахвочвае не столькі да ўдзелу ў культурным жыціі, да эстэтызацыі сваёй бытнасці і асяроддзя, да сканцэнтравання на сацыяльна-педагагічных задачах – развіцця інтарэсаў, культуры, удасканалення каштоўнасных арыентацый, мастацкага густу ўдзельнікаў і т.д., колькі на трэнінгі, “адпрацоўку” конкурснай праграмы, калі усім астатнім неабходна ахвяраваць дзеля поспеху ў журы.

Існасці аматарскай творчасці адпавядае не працэдура конкурсу з непазбежнасцю “перамогі” адных і “паражэнне” іншых, а хучэй сітуацыя мастацкіх свят і фэстаў. Галоўнымі “выхадамі” аматарскай творчасці павінны быць не выхады на журы, але выхады ў соцыум, да сваіх суайчыннікаў.

Неабходны не аглядавыя кампаніі, а мастацка-святочны календар, вызначаючы ўключэнне аматарскай творчасці ў агульнаграмадскія і народныя святы, якія павінны суправаджацца святамі мастацтваў; у рэгіянальныя святы, а таксама асобныя святы па жанрах, альбо шматжанравыя, арыгінальныя (падобныя, напрыклад, святу горада, святу гумару ў Аўцюках, альбо святу беларускай полькі і т.д.).

У такім выпадку сам агляд, работа мастацкага савета, адборачных камісій з мэтай вызначэння найлепшага і азначэння яго месца ў ходзе свята, будзе папярэднічаць гэтаму святу, а не яўляць яго кульмінацыю, калі пасля заканчэння агляду і размеркавання месцаў, узнагарод, дыпломаў, усё звычайна ідзе да заканчэння. Узнагародай павінен быць сам удзел у свяце, што не выключае нейкіх форм заахвочвання найлепшых.

Аднак гэта не павінна быць узнагарода за нейкі “узровень”, выяўлены членамі журы падчас агляду, але ўзнагарода за тыя фарбы, якія ўнеслі ўдельнікі аматарскага калектыву ў плынь свята, за тую меру шчырасці, радасці і прыгажосці, якую яны змаглі падарыць суайчыннікам, а не прадэманстраваць перад спецыялістамі.

Адным з элементаў свята можа быць і конкурс, аднак зусім не самым галоўным элементам; удзел у ім не павінны быць абавязковым і масавым; састаў можа вызначацца на падставе папярэдніх заяў жадаючых паспрабаваць свае сілы, атрымаць конкурсную адзнаку.

Як мы адзначылі – мастацкі савет фестывалю і рэжысёрска- пастановачная група, разам з членамі журы павінны папрацаваць да самаго свята. Вызначыць больш моцныя калектывы, знайсці для іх месца ў цэнтральнай паздеі свята (на галоўнай плошчы, на асноўнай сцэне і т.д.). Больш сціплыя па мастацкім узроўні калектывы размясціць на іншых пляцоўках, каб яны не сутыкаліся з больш моцнымі і не адчувалі сябе стратнымі ў нейкім сэнсе. Блага, што свята ахоплівае вялікую колькасць людзей на вялікім абшары наваколля, таму кожны ўдзельнік і кожны калектыў на свяце знойдзе свайго ўдзячнага гледача.

Гэтыя прапановы па працэдуры ацэнкі увогуле не супярэчаць самой прародзе аматарскай творчасці, якая ўзнікла як патрэба атрымаць мастацкую асалоду, адчуць радасць, проста павесяліцца пасля нейкай добра зробленай працы альбо падчас добравядомага, традыцыйнага свята (заканчэнне пасяўной, касавіцы, збору ўраджаю, падчас Калядаў, Купалля і т.д.). Людзі спявалі і танцавалі не таму, што аб’яўлены наступны агляд ці конкурс аматарскай творчасці, а таму што ёсць наяўнасць святочнай сітуацыі, без якой правесці любое свята немагчыма.

На заканчынне адзначым, што ў Рэспубліцы Беларусь існуюць добрыя традыцыі святаў і фестываляў аматарскай мастацкай творчасці. Іх пералік з кожным годам пашыраецца, негледзячы на пэўныя цяжкасці. Неабходна і далей утрымліваць намечаную тэндэнцыю адыходу ад арыентацыі аматарскай творчасці на спаборніцтвы на конкурсах і аглядах і пераходу на традыцыйнае ўкараненне ў гэтай сферы масавых святаў і фэстаў, якія больш адпавядаюць самой сутнасці аматарскай творчасці.

Сучасная сацыяльна-культурная дзейнасць па свайму ўнутранаму зместу ўжо даўно пераступіла аб’ём і рамкі былой культурна-асветніцкай работы. Істотна трансфармаваліся функцыі сацыякультурнага менеджмента, усё болей значную ролю пачынаюць адыгрываць разам з асветай, культурна –творчая, рэкрэацыйна – аздараўляльная, забаўляльная, сацыяльна – інтэграцыйная функцыі. У лік актыўна дзеючых суб’ектаў сацыякультурнай сферы уваходзяць сёння не толькі традыцыйныя культурна-асветніцкія установы, але і новыя вучэбна – творчыя цэнтры сістэмы дадатковай адукацыі, разнастайныя структуры сацыяльна – ахоўнага і сацыяльна–педагагічнага профіляў, аздараўляльна-рэкрэацыйныя аб’екты, сацыякультурныя рухі, асацыяцыі, фонды і г.д.

Да традацыйных відаў асветніцкай дзейнасці далучыліся віды, якія маюць адметны сацыяльны характар – работа з дзецьмі, інвалідамі, з падлеткамі дэвіянтных паводзін, сацыярэабілітацыйная работа з групамі рызыкі, пажылымі, адзінокімі людзьмі, бежанцымі, вымушанымі перасяленцамі і г.д. Натуральна, што вывучэнне такой складанай, шматузроўневай з’явы павінна будавацца на базе добра адрэфлексаванай метадалогіі і тэорыі, у рамках адэкватных ёй інавацыйных педагагічных канцэпцый, уключаючы мастацкую творчасць як сацыякультурную з’яву.

Крыніцы:

16. Актуальные проблемы социально-культурной деятельности: Сборник статей.- М.: МГУК, 1995.- 121 с.

17. Алексеева Л. От рабочих кружков к народным коллективам. – М.: Просвещение, 1973. - 157 с.

18. Бакланова Т.И. Педагогика художественной самодеятельности: Учебное пособие / МГИК.- М., 1992. – 160 с.

19. Исторический опыт социальной работы в России. – М.: Б.и, 1994. – 255с.

20. Каргин А.С. Воспитательная работа в самодеятельном художественном коллективе. – М.: Просвещение, 1984. – 234 с.

21. Каргин А.С. Самодеятельное художественное творчество. История, теория, практика. – М.: Просвещение, 1988. – 189 с.

22. Киселёва Т.Г., Красильников Ю.Д. Основы социально-культурной деятельности: Учебное пособие. – М.: Изд-во МГУК, 1995. – 136с.

23. Культурно-просветительная работа в СССР. – М., 1974. – 349 с.

24. Педагогические условия организации самодеятельного творчества: Сборник статей. – Л.: ЛГИК, 1982. – 156 с.

25. Проблемы взаимодействия самодеятельного и профессионального художественного творчества. Тр. НИИ культуры, т. 110. – М., 1982. – 176 с.

26. Сасыхов А.В., Стрельцов Ю.А. Основы клубоведения: Теория и методика клубной работы. – Улан-удэ: Вост.-Сиб. гос. институт культуры, 1969.– 531 с.

27. Смирнова Е.И. Теория и методика организации самодеятельного творчества трудящихся в культурно-просветительных учреждениях. – М.: Просвещение, 1983. – 178 с.

28. Смирнова Е.И. Клубные объединения.– М.: Просвещение, 1977. – 184 с.

29. Соколовский Ю.Е. Коллектив художественной самодеятельности: Вопросы теории и практики. – М.: Просвещение, 1984. – 167 с.

30. Социально-культурная деятельность: поиски, проблемы, перспективы: Сборник статей. – М., МГУК, 1999. – 132 с.

31. Триодин В.Е. Клуб в свободное время. – М.: Профиздат, 1982. – 184 с.

32. Ярошенко Н.Н. Социально-культурная деятельность: Парадигмы, методология, теория. – М., МГУКИ, 2000. – 204 с.

33. Ярошенко Н.Н. Становление теории внешкольного образования: Учебн. пособие. – М., МГУКИ, 2000. – 207 с.

 

Л. П. Сівурава




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-12-25; Просмотров: 681; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.008 сек.