Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Асаблівасці сусветнага эканамічнага крызісу ў Францыі. Сацыяльна-эканамічныя праблемы і канфлікты




Тэма 11. Францыя ў 1929-1939 гг.

Аднаўленне разбураных пасля першай сусветнай вайны раёнаў, што дазволіла захаваць значную колькасць працоўных месцаў у паўночна-усходніх дэпартаментах краіны, выкарыстанне германскіх рэпарацыйных выплат на стымуляванне вытворчасці, павелічэнне экспарту пасля дэвальвацыі франку, пашырэнне сыравіннай базы ў выніку Версальскага дагавору і пачатак шырокай мілітарызацыі эканомікі запаволілі наступленне сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. ў Францыі. Гэткім чынам пачатак крызісу прыпадае ўжо на 1930 г.

Піку крызіс дасягнуў у 1932 г., калі падзенне вытворчасці дасягнула 44%. Імклівы спад змяніўся некаторым ажыўленнем у наступныя паўтары гады. Але ў 1934 г. французская эканоміка аказалася ў стане ўстойлівай дэпрэсіі. У многіх галінах крызіс працягваўся да 1936 г. Збанкрутавала каля 10 тыс. прадпрыемстваў, 100 тыс. гандлёвых фірмаў, нямала буйных манаполій. Утрая знізіўся ўзровень жыцця народу. Прамысловы крызіс пераплятаўся з аграрным. Пра цяжкае становішча сельскай гаспадаркі сведчыла двухразовае падзенне вытворчасці і даходнасці ад земляробства (на 1934 г.). У параўнанні з дакрызіснымі гадамі знешні гандаль Францыі ў 1936 г. знізіўся больш чым на палову.

Скарачэнне вытворчасці вяло да масавага звальнення рабочых. Пры гэтым беспрацоўе ў Францыі не стала настолькі масавай з’явай, як у ЗША, Вялікабрытаніі ці Германіі. Немалое значэнне для падтрымання занятасці насельніцтва мела будаўніцтва на працягу 1929-1934 гг. на 750-кіламетровай памежнай лініі паміж Францыяй і Германіяй абарончай лініі “Мажыно”.

Структурны крызіс французскай эканомікі ўскладняўся залежнасцю прамысловасці ад імпарту сыравіны, састарэлай энергетычнай базай эканомікі, моцным уплывам фінансава-банкаўскіх колаў, не зацікаўленых у вытворчых інвестыцыях. Адчуваўся моцны галіновы перакос, які склаўся падчас эканамічнага рыўка 1920-х гг. У той час, як яўная перавага цяжкой індустрыі падсілкоўвалася значнымі інвестыцыямі, заснаваная на больш гнуткім, натуральным рынку вытворчасць сродкаў спажывання пастаянна цярпела ад недафінансавання.

З вялікімі цяжкасцямі урад Францыі ліквідаваў наступствы зацяжной дэпрэсіі. Яму прыйшлося ўсталяваць кантроль над Французскім банкам, нацыяналізаваць шэраг галінаў прамысловасці, у тым ліку вайсковую галіну. Пад ціскам "галодных паходаў" забастоўшчыкаў і дэманстрацый дзяржаўнай адміністрацыя павысіла заробкі рабочым і служачым, увяла 40-гадзінны працоўны тыдзень, 14-дзённыя штогадовыя адпачынкі.

Вялікае значэнне для паступовага выхаду Францыі з крызісу мелі калоніі, дзе яна была здольная збываць свае нерэалізаваныя прамысловыя тавары ў абмен на танную сыравіну і сельскагаспадарчую прадукцыю.

Развіццё французскай эканомікі 1930-х гг. не было падобнае на прагрэс брытанскай, нямецкай, амерыканскай. Яно аказалася асабліва павольным, зацяжным. Застой у галоўных галінах быў больш працяглым у параўнанні з іншымі краінамі. Захавалася дробная вытворчасць, дзе працавала 40% рабочых і служачых. У Францыі мацнейшым быў працэс канцэнтрацыі фінансава-крэдытных устаноў. Да 1939 г. некалькі буйнейшых банкаў кантралявалі 86% усіх капіталаў краіны. Французскі капітал актыўна пранікаў у Цэнтральную і Паўднёва-Усходнюю Еўропу, значная яго частка накіроўвалася ў калоніі.

Нягледзячы на ажыўленне эканомікі, доля Францыі ў сусветнай прамысловай вытворчасці скарачалася. Да пачатку першай сусветнай вайны яна складала 7%, а ў 1937 г. знізілася да 4%. Звязана гэта было з павольным абнаўленнем абсталявання, тэхнічнай адсталасцю эканомікі. Напрыклад, у Германіі замена абсталявання ў той час праходзіла ў сярэднім раз у 3-4 гады, у ЗША – кожныя 5-7 гадоў, у Вялікабрытаніі – 7-8, а ў Францыі – кожныя 25 гадоў. Пахіснулася нацыянальная валюта – франк. Яго залаты змест няўхільна зніжаўся. У няпростым становішчы заставалася сельская гаспадарка. Яна не мадэрнізавалася, а таму нягледзячы на яе 10% рост ў 1930-х гг. сваіх прадуктаў харчавання Францыі не ставала ды іх прыйшлося ўвозіць з-за мяжы. Францыя страчвала былыя пазіцыі ў міжнародным гандлі. Напрыканцы 1930-х гг. аб’ём яе знешняга гандлю на чвэрць саступаў паказчыкам 1912 г.

"Пазапартыйныя" кабінеты. Урад "Картэлю левых", яго палітыка. Далейшае паслабленне палітычнага ўплыву Францыі на міжнароднай арэне.

Пасля няўдалай спробы А. Брыяна рэанімаваць "Нацыянальная яднанне" у перыяд з 1929-1932 гг. ўлада знаходзілася ў руках "пазапартыйных" кабінетаў, якія звычайна ўзначальвалі Андрэ Тард’е і П’ер Лаваль. Нягледзячы на шматлікія абвінавачванні на свой адрас, у т.л. у беспрынцыповасці і прадажнасці, гэтыя не звязаныя партыйнымі повязямі ды ідэалагічнымі прыхільнасцямі палітыкі аб’ектыўна былі неабходныя ў той сітуацыі, каб хоць нейкім чынам згуртаваць разнародныя канфліктуючыя палітычныя сілы і захаваць ўрадавую стабільнасць, неабходную для правядзення антыкрызісных захадаў. Абапіраючыся на ў цэлым пазітыўны вопыт пазапартыйнай улады, А. Тард’е і П. Лаваль нават выступалі з ідэяй стварэння рэжыму "цвёрдай рукі" (гэтаму спрыялі і пэўныя нацыянальныя палітычныя традыцыі, увасобленыя ў банапартызму і буланжызму).

Эканамічная палітыка "пазапартыйных" кабінетаў засноўвалася на прынцыпах ускоснага дзяржаўнага рэгулявання эканомікі з прадастаўленнем вялікіх ільгот буйному капіталу. Быў сфармаваны г.зв. "абаронены сектар", куды ўвайшлі буйнейшыя банкі, чыгуначныя, хімічныя, металургічныя кампаніі. Яго прадпрыемствы атрымлівалі падатковыя перавагі, дзяржаўныя заказы, правы на ільготныя транспартныя тарыфы. Радыкальныя захады былі прадпрынятыя для змякчэння крызісу перавытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Напрыклад, было забаронена пашырэнне пасяўных плошчаў пшаніцы, знішчана1/10 плошчаў вінаграднікаў, уводзіліся прэміі за экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі і г.д.

Узмацненне аўтарытарных тэндэнцый на пачатку 1930-х гг. паспрыяла згуртаванню левых сіл. На травеньскіх выбарах 1932 г. яны атрымалі 368 мандатаў з 594. Буйнейшую партыю ў парламенце ўтварылі радыкалы – 157, сацыялісты здолелі правесці 129 дэпутатаў. Пры падтрымцы ўсіх іншых левых партый парламенту яны стварылі ўрад на чале з Э. Эрыо – г.зв. "другое выданне Картэлю левых".

Перадвыбарчая праграма левых прадугледжвала сур’ёзныя пераўтварэнні, але рознагалоссі ўрадавых сіл – змаганне фракцый Э. Далад’е і Э. Эрыо ў партыі радыкалаў, унутрыпартыйная барацьба сацыялістаў – зрабілі гэтыя планы нерэальнымі. У выніку ўрад працягнуў палітыку жорсткай эканоміі і ўзмацніў падатковы цяжар на прадпрымальнікаў, чым не здолеў палепшыць эканамічную сітуацыю. Ужо ў снежні 1932 г. Э. Эрыо зышоў у адстаўку. За наступныя паўтары гады змянілася яшчэ шэсць прэм’ер-міністраў, але эфектыўнасць левацэнтрысцкай улады блізілася да нулю і напачатку 1934 г. "Картэль левых" канчаткова распаўся. Да наступных выбараў (1936) дзейнічала пяць кааліцыйных урадаў з размытай парламенцкай базай (урады "перамір’я партый"). Існаваўшая партыйная сістэма не здолела забяспечыць ні трывалай базы для кааліцыйных урадаў, ні з’яўленне новых агульнацыянальных лідараў. Французскі парламентарызм перажываў яўны крызіс.

Зыход з пасады міністра замежных спраў А. Брыяна ў 1932 г. паставіў кропку ў працяглых спробах Францыі пабудаваць устойлівую сістэму міжнародных адносін у Еўропе, пабудаваную на прынцыпах пацыфізму.

Апошняя сур’ёзная спроба аднавіць знешнепалітычны прэстыж і ўплыў Францыі была зроблена ў 1934 г. міністрам замежных спраў Луі Барту, які выступіў з ідэяй "Усходняга Лакарна" – дагаворнага комплексу з удзелам Францыі, Савецкага Саюзу і краін "Малой Антанты" для арганізацыі сістэмы калектыўнай бяспекі. Як раз французская пазіцыя моцна спрасціла прыём у Лігу Нацый СССР. Гібель Л. Барту і прыход на яго пасаду П. Лаваля некалькі змянілі сітуацыю. У траўні 1935 г. быў заключаны франка-савецкі дагавор аб узаемадапамозе, у адпаведнасці з якім бакі абавязваліся аказваць адзін аднаму дапамогу ў выпадку нападзення якой-небудзь трэцяй краіны. Дагавор не быў дапоўнены вайсковай канвенцыяй, а таму яго практычная рэалізацыя выглядала скрайне цьмянай.

На думку французскай дыпламатыі больш перспектыўным у той час выглядаў саюз з Італіяй. Аднак паспяховы пачатак двухбаковых адносін быў перакрэслены брытанскай дыпламатыяй, не жадаўшай дапусціць гэтага саюзу са своекарыслівых меркаванняў, і зразумелай логікай збліжэння дзвюх агрэсіўных дзяржаў – Італіі і Германіі. Тым часам выхад Германіі з сістэмы ваенных абмежаванняў Версальскага дагавору стаў бясспрэчным фактам.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 622; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.01 сек.