КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Усталяванне дыктатуры М. Прыма дэ Рыверы і яе характар. Палітычны курс М. Прыма дэ Рыверы
Абвастрэнне сацыяльных і нацыянальных праблем. У канцы 1920 г. эканамічны бум часоў першай сусветнай змяніўся крызісам. Згортванне вытворчасці, дарагоўля і рост беспрацоўя хутка дэстабілізавалі сітуацыю ў краіне. Становішча пагаршалася няўдачамі іспанскіх каланіяльных войск у Марока. Магутныя дэманстрацыі, стачкі і ўсеагульныя забастоўкі, сутыкненні з паліцыяй і войскамі сталі самай звычайнай справай. І без таго не надта высокая легітымнасць іспанскай двухпартыйнай сістэмы, у рамках якой дзесяцігоддзямі ўрады па чарзе фармавалі манархічныя Кансерватыўная і Ліберальная партыі, распадалася на вачах. Як вынік абвастрэння сацыяльна-эканамічны цяжкасцяў і палітычнай барацьбы ў 1920-1921 гг. складваецца Камуністычная партыя Іспаніі (КПІ). Нягледзячы на цэнтралізатарскую палітыку іспанскай манархіі апошніх стагоддзяў, якая аб’ектыўна вяла да "кастылізацыі" (Кастылія – сэрца ўласна Іспаніі, а кастыльскі дыялект быў пакладзены ў падмурак іспанскай літаратурнай мовы), на нацыянальных ускраінах Іспаніі па-ранейшаму не страчвалі папулярнасць альтэрнатыўныя нацыятворчыя праекты – каталонскі, басконскі і, у меншай ступені, галісійскі. Пры гэтым нацыянальныя пачуцці і патрабаванні каталонцаў (каля 4,5 млн. чалавек), галісійцаў (2,2 млн.) і баскаў (0,6 млн.) уладамі ігнараваліся. З пагаршэннем эканамічнай сітуацыі і аслабленнем цэнтральнай улады палітычныя згуртаванні нацыянальных меншасцяў Іспаніі (дзве буржуазныя партыі ў Каталоніі, адна – ў Басконіі) актывізуюць барацьбу з афіцыйным Мадрыдам. 13 верасня 1923 г. капітан-генерал Каталоніі Мігель Прыма дэ Рывера ажыццявіў дзяржаўны пераварот. У сваім маніфесце ён абвінаваціў ва ўсіх праблемах дзяржавы парламенцкі лад і своекарыслівых, чужых адданасці айчыне і нацыі палітыканаў і ўзяў на сябе абавязак навесці парадак у краіне. Зацікаўлены ў захаванні кансерватыўнай стабільнасці Альфонса ХІІІ падтрымаў вайскоўцаў і даручыў лідару путчыстаў у якасці прэм’ер-міністра сфармаваць урад. Гэта прывяло да ўсталявання ў Іспаніі рэжыму ваенна-манархічнай дыктатуры. Цэнтральнае месца ў ім, аднак, належала не ўраду, а Вярхоўнай дырэкторыі ў складзе 8 вышэйшых вайсковых чыноў, на чале з самім дыктатарам. Новая ўлада ўвяла ваеннае становішча – прыпыніла дзеянне Канстытуцыі 1876 г., адмовілася ад гарантыяў дэмакратычных правоў і свабод, распусціла палітычныя партыі. Замест цывільных чыноўнікаў былі прызначаныя афіцэры сярэдняга звяна. Манапольнае становішча на палітычнай арэне атрымаў Іспанскі патрыятычны саюз (ІПС), створаны М. Прыма дэ Рыверам у красавіку 1924 г. Новая надкласавая асацыяцыя "ўсіх людзей добрай волі", што выступала пад лозунгам "Айчына, Рэлігія і Манархія" павінна была замяніць традыцыйныя партыі і стаць апірышчам дыктатуры. Частка іспанскага грамадства, стомленая ўзрастальнай грамадска-палітычнай нестабільнасцю і эканамічнымі праблемамі, падтрымала пераварот у спадзяванні на тое, што моцны лідар у саюзе з арміяй верне Іспанію на правільны шлях. У сваіх эмацыйных прамовах новы прэм’ер-міністр запэўніваў іспанцаў у неабходнасці моцнай дзяржавы для мадэрнізацыі эканомікі і аблягчэння становішча рабочага класу. Выдатны іспанскі філосаф Хасэ Артэга-і-Гасэт, напрыклад, пісаў: "Альфа і амега задачы, якая стаіць перад вайсковай Дырэкторыяй – пакласці канец старой палітыцы. Мэта нагэтулькі цудоўная, што не пакідае месца для пярэчанняў. Старую палітыку трэба пахаваць." Станоўчая эканамічная кан’юнктура сярэдзіны і другой паловы 1920-х гг., актыўная ўрадавая палітыка пад лозунгам "адраджэння краіны", дапамога буйному бізнесу дазволілі дыктатуры дасягнуць пэўных поспехаў у эканамічным будаўніцтве. Прыярытэтнымі накірункамі сталі развіццё цяжкой прамысловасці, горназдабычы, энергетыкі і транспарту. У 1924 г. пачало дзейнічаць метро ў Барселоне. На іспанскіх рэках, перадусім на Дуэра і Эбра, пачалася рэалізацыя гідраэнергетычных праектаў. Гэта дазволіла не толькі ўпершыню забяспечыць электрычнасцю найбольш адсталыя вясковыя раёны, але таксама дало дадатковыя рэсурсы для ірыгацыі зямель засушлівых абласцей. Напачатку 1920-х гг. аўтамабіль у Іспаніі заставаўся рэдкасцю, а да 1930 г. ужо ўдалося пабудаваць адну з найлепшых сетак аўтамабільных дарог у Еўропе. Захады па мадэрнізацыі і пашырэнні чыгункі палепшылі сістэму камунікацыяў і стымулявалі далейшае развіццё металургічнай і сталеліцейнай галін. Урад уставаў на абарону айчынных вытворцаў ад замежнай канкурэнцыі. Аднак нягледзячы на абмежаванне імпарту знешні гандаль толькі за 1923-1927 гг. узрос на 300%! Кіраванне эканомікай перайшло ў рукі Рады нацыянальнай эканомікі і стала цэнтралізаваным. Адносная стабільнасць рэжыму забяспечвалася таксама пэўнай ўвагай да інтарэсаў рабочага класу. Цікава, што адзінымі легальнымі альтэрнатыўнымі ІПС арганізацыямі ў краіне засталіся Іспанская сацыялістычная рабочая партыя (ІСРП) і звязаны з ёй прафсаюзны цэнтр Усеагульны саюз працоўных (УСП). (Дыктатар нават лічыў ІСРП адзінай сумленнай партыяй, што існавала да ў тварэння ІПС, і напрыканцы 1920-х гг. не выключаў пераходу да двухпартыйнай сістэмы ІСП-ІСРП.). "Кодэкс працы" (1926) закладаў юрыдычную базу пад супрацоўніцтва рабочых з рэжымам. Праз сістэму карпарацый, якія сталі стварацца пад уплывам італьянскага вопыту, заўжды максімальна аддаленыя ад любых рычагоў кіравання, рабочыя атрымалі небывалыя магчымасці для ўзаемадзеяння з уладамі і бізнесам для вырашэння пытанняў аб заробках, працягласці рабочага дня, умовах працы і г.д. Дзяржава стварала нямала працоўных месцаў праз сістэму грамадскіх работ, чым звяла да мінімуму ўзровень беспрацоўя. Тым не менш, за гэтыя дасягненні іспанцы мусілі заплаціць сваю цану: змірыцца з дыктатурай, няхай і дастаткова мяккай па форме і метадах. Дзейнічала строгая цэнзура. За крытыку ўраду быў распушчаны самы славуты літаратурна-мастацка-навуковы клуб краіны "Атэнэум". Жорсткія рэпрэсіі зведалі іспанскія анархісты – Нацыянальная канфедэрацыя працы (НКП), буйнейшае прафсаюзнае аб’яднанне, якое напярэдадні ўсталявання дыктатуры аб’ядноўвала ў сваіх шэрагах звыш 1 млн. чалавек. Вельмі жорстка рэжым абыходзіўся з любымі праявамі нацыянальна-культурнай адметнасці і палітычнага сепаратызму. Напрыклад, было забаронена ўжыванне ў грамадскіх месцах каталонскай мовы і нават выкананне каталонскага нацыянальнага танца сардана. Падобныя захады выкарыстоўваліся і адносна іншых этнічных меншасцяў – баскаў і галісійцаў. Бліжэй да канца 1920-х гг. сталі праяўляцца відавочныя недахопы эканамічнай палітыкі М. Прыма дэ Рыверы. Хваля замежнага капіталу, што захлынула дыктатарскую Іспанію не толькі забяспечвала інвестыцыямі адсталую эканоміку, але таксама вымывала значную частку нацыянальнага багацця краіны. Маштабныя дзяржаўныя праекты не заўжды маглі пахваліцца выніковасцю і, як правіла, абслугоўвалі інтарэсы правячай вярхушкі і заможнай часткі грамадства. Яшчэ большую праблему для перспектыў захавання існуючага рэжыму ўтварала поўнае ігнараванне ім самай вострай праблемы Іспаніі – аграрнага пытання. У снежні 1925 г. М. Прыма дэ Рывера распусціў Дырэкторыю і аднавіў цывільны ўрад, але дзеянне канстытуцыі заставалася прыпыненым і крытыка дыктатара нарастала. Летам 1926 г. група былых палітыкаў звярнулася да караля з просьбай адправіць прэм’ер-міністраў адстаўку і вярнуцца да канстытуцыйнага ладу. Аднак дыктатар пайшоў на правядзенне плебісцыту ў верасні 1926 г. і здолеў атрымаць вотум даверу суайчыннікаў (1/3 грамадзян байкатавала "народнае" волевыяўленне). Палітычная сістэма, якой бракавала легітымнасці ў вачах значнай часткі грамадства, заставалася вельмі няўстойлівай. У 1926 і 1929 гг. буржуазная апазіцыя спрабавала захапіць уладу пры дапамозе зброі. М. Прыма дэ Рыверы прыходзілася манеўраваць. У кастрычніку 1927 г. пачалі дзейнасць новыя картэсы, дзе былі прадстаўлены намінаваныя рэжымам і надзеленыя выключна дарадчымі паўнамоцтвамі дэпутаты. Па прамым указанні прэм’ер-міністра ў 1929 г. картэсы прадставілі новую канстытуцыю. Прадугледжвалася яе ратыфікацыя на ўсенародным плебісцыце, прызначаным на 1930 г. Аднак у 1929 г. эканамічнаму буму прыйшоў канец, пачынаецца рэзкае абясцэньванне іспанскай песеты, адносна замежных валют, здарыўся неўраджайны год і склаўся моцны знешнегандлёвы дэфіцыт. Хаця напрыканцы 1929 г. пачынаецца эканамічны крызіс сусветнага маштабу, галоўная віна за сітуацыю была ўскладзена менавіта на іспанскую ўладу. Кансерватыўныя крытыкі абвінавачвалі ўрад у празмерных выдатках на забеспячэнне грамадскіх работ. Дыктатар перастаў задавальняць нават караля і ўзброеныя сілы (армія ад самага пачатку не была аднадушнай адносна дзяржаўнага перавароту 1923 г. і потым нават некалькі разоў уздымала зброю). Калі М. Прыма дэ Рывера зразумеў сваё становішча, то не чакаючы адстаўкі ад караля 28 студзеня 1930 г. склаў з сябе паўнамоцтвы і з’ехаў у Парыж. (Праз паўтары месяцы экс-дыктатар памёр там ад ліхаманкі, ускладненай дыябетам.) Напачатку 1930 г. уздзеянне сусветнага эканамічнага крызісу адчувалася амаль ва ўсіх кутках Еўропы, а Іспанія пагрузілася ў эканамічны і палітычны хаос. Прэм’ер-міністрам кароль прызначыў яшчэ аднаго генерала, былога апанента М. Прыма дэ Рыверы – Дáмаса Берэнгера. Новы кіраўнік ураду пайшоў на скасаванне цэлага шэрагу найбольш антыдэмакратычных захадаў папярэдніка, таму яго рэжым заслужыў назву dictablanda (ісп. – “мяккая дыктатура”). Але і новыя надзвычайныя метады кіравання, і сама манархія канчаткова страцілі падтрымку грамадства. Іспанія стаяла на парозе рэвалюцыі. Першая спроба эканамічнай мадэрнізацыі краіны ў адрыве ад абнаўлення яе адсталай сацыяльнай і палітычнай структураў скончылася поўным фіяска.
Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 426; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |