Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Агульнагеаграфічныя i спецыяльныя метады СЭГ




Блок самаправеркi

1. Паспрабуйце паказаць суадносiны паміж катэгорыямі "падыход" і "метад". 2. Прывядзіце прыклады гістарычнага падыходу ў даследаванні аб’ектаў СЭГ. 3. Раскрыйце сутнасць сістэмнага подыходу. 4. Пакажыце, што тыпалогія аб’ектаў і іх сукупнасцей у СЭГ заснавана на выкарыстанні параўнальнага метаду.

Класiфiкацыя метадаў даследаванняў – справа даволi ўмоўная. Ужо адзначалася, што многiя навукі карыстаюцца аднолькавымі або блізкiмі па сутнасці метадамі.

Спецыфічныя, характэрныя для адной навукі метады сустракаюцца рэдка. Адрозненні часцей заключаюцца ў спалучэнні і асаблiвасцях пэўных метадаў у той ці іншай навуцы.

Картаграфічны метад. "Карта – другая мова геаграфіі", "карта – альфа і амега геаграфіі", "геаграфічна ўсё тое, што можна адлюстраваць у выглядзе карты" – гэта выказванні М. Баранскага (СССР), у якіх дадзена ацэнка ролi карты ў геаграфічных даследаваннях. Каранi картаграфічнага метаду ў глыбіні вякоў: практычна адначасова з узнікненнем геаграфіі і яе галоўнага апiсальнага метаду з’явіўся і своеасаблівы геаграфiчны спосаб адлюстравання і сiстэматызацыі ведаў аб даследуемай тэрыторыі – схемы, карты.

У сучаснай геаграфіі картаграфічны метад уключае стварэнне карт і выкарыстанне іх у якасцi крынiцы інфармацыі. У першым выпадку картаграфаванне з’яўляецца вынікам даследавання, карта – адлюстраваннем рэчаіснасці. Пры складанні карт выконваюцца выбарачна рэчаіснасці і атрыманыя дадзеныя пераўтвараюцца ў картаграфічную форму. Для складання карт праводзіцца навуковая апрацоўка сабранай першаснай інфармацыі: сістэматызацыя, аналіз, абагульненне.

Вынiкам эканоміка- і сацыяльна-геаграфічных даследаванняў становяцца разнастайныя па тэматыцы сацыяльна-эканамічныя карты. Ствараюцца карты насельніцтва, сферы абслугоўвання i яе асобных галін, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту i iнш. Карты галiновыя (пакампанентныя) даюць магчымасць складаць агульнаэканамiчныя карты. На падставе буйнамаштабных карт ствараюцца дробнамаштабныя сінтэтычныя карты.

З другога боку, пад картаграфiчным метадам прынята разумець i выкарыстанне карты для пазнання рэчаіснасці, выкарыстанне гатовай карты ў якасці крыніцы інфармацыі. Карта ў дадзеным выпадку – галоўны інструмент, сродак даследавання. Сацыяльна-эканамічныя карты даюць магчымасць атрымаць багатую інфармацыю, абагуліць яе, прааналізаваць, ацанiць, зрабіць на яе падставе пэўныя вывады. У СЭГ iснуюць розныя спосабы выкарыстання карт у якасці зыходных крынiц інфармацыі: візуальны аналіз, вымярэнне эканамічных адлегласцей, плошчаў і іншых велiчынь, супастаўленне эканамічных карт з прыроднымі, дэмаграфічнымі і iнш.

Карты размяшчэння пасеваў сельскагаспадарчых культур, напрыклад, даюць магчымасць вылучыць раёны спецыялізацыі ў земляробстве, карты шчыльнасці насельнiцтва – вылучыць і ахарактарызаваць асаблівасці раёнаў рассялення.

Адпаведнае мэтавае падабенства з картамі маюць розныя графікі. Выкарыстанне геаграфічнага метаду даследаванняў дазваляе яскрава паказаць структуру i дынаміку аб’ектаў, з’яў і іншых працэсаў у прасторы i часе. Шырокае распаўсюджванне маюць статыстычныя графікі (дыяграмы лiнейныя, кругавыя, слупковыя і iнш., агіва, кумулята, крывая Лёрэнца, гістаграма, палігон размеркавання). Гэтыя графікі з’яўляюцца важным сродкам геаграфічнага аналiзу.

Экспедыцыйна-палявы метад. У СЭГ, як і ў іншых геаграфiчных навуках, выключна важнае значэнне мае непасрэднае назіранне, вывучэнне аб’ектаў, збор першаснай статыстычнай інфармацыі. Гэта і складае сутнасць экспедыцыйна-палявых эканоміка-геаграфічных даследаванняў.

Пры вывучэнні прамысловага прадпрыемства ацаніць і ахарактарызаваць месца яго размяшчэння, тэрытарыяльную структуру – узаемнае размяшчэнне яго цэхаў і іншых вытворчых адзінак, непасрэднае наваколле, пад’язныя шляхі, асаблiвасці тэхналагічнага працэсу – можна толькі пры непасрэдным яго наведванні. Самыя новыя і дакладныя звесткі могуць быць атрыманы на прадпрыемстве аб эканамічных паказчыках яго дзейнасці: аб’ёме i кошце выпускаемай прадукцыі, колькасці працуючых, дэмаграфічнай і прафесійнай структуры працоўнага калектыву, умовах працы, сабекошце прадукцыі і рэнтабельнасці, вытворчых сувязях і інш. Наведванне прадпрыемства дае магчымасць непасрэдна гутарыць з яго супрацоўнікамі, знаёмства з гісторыяй прадпрыемства, архівам, атрымаць iнфармацыю аб вынiках уздзеяння прадпрыемства на навакольнае асяроддзе.

Вывучэнне размяшчэння гандлёвай сеткі ці ўстаноў адукацыі ў межах горада, адмiністрацыйнага раёна таксама патрабуе непасрэднага азнаямлення з тэрыторыяй, дэталёвага буйнамаштабнага картаграфавання. Толькi экспедыцыйна-палявым метадам можна даследаваць мікрагеаграфію, планіроўку і забудову, ступень добраўпарадкаванасці населеных пунктаў. У даследаваннях па сельскагаспадарчай тэматыцы наведванне мясцовасці, палявыя назiраннi, збор першаснага матэрыялу ў гаспадарках даюць неабходныя звесткі аб відах гаспадарчага выкарыстання тэрыторыі, мэтазгоднасці спецыялiзацыі сельскай гаспадаркі.

Можна зрабіць вывад, што палявыя назiранні неабходны і мэтазгодны ва ўсіх напрамках эканоміка-геаграфічных даследаванняў.

Пры вывучэннi сiстэмы рассялення, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту, сферы абслугоўвання суцэльнае палявое даследаванне ўсiх аб’ектаў не абавязкова. Уласна кажучы, для вялікай тэрыторыі зрабiць гэта практычна немагчыма. У такіх выпадках у сацыяльна-эканамічнай геаграфіі прымяняецца так званы метад "ключоў". Для непасрэднага назірання выбіраюцца найбольш характэрныя, тыповыя аб’екты: прадпрыемствы, населеныя пункты, транспартныя арганізацыі, установы гандлю і інш. "Ключавыя" пункты падбiраюцца для арганiзацыі маршрутаў пры экспедыцыйным вывучэнні тэрыторыі. Адбор "ключоў" праводзiцца не аднолькава, не выпадкова, а на падставе аналізу папярэдняй iнфармацыі. Прафесар Ю. Саушкiн вобразна параўноўвае "ключавыя" пункты ў экспедыцыйна-палявых эканоміка-геаграфічных даследаваннях з буравымі свiдравiнамi ў геалогіі, якія закладваюцца не па квадратах, а ў выніку папярэднiх геолагаразведачных работ.

Колькасныя метады. Пад гэтай назвай аб’яднаем метады даследаванняў, аснову якіх складаюць апрацоўка i аналіз розных колькасных паказчыкаў. Да ліку iх адносiцца перш за ўсё статыстычны метад. Яго прымяненне заснавана на зборы, сітэматызацыі, апрацоўцы статыстычных матэрыялаў, выкарыстаннi дадзеных статыстычных даведнікаў. На падставе статыстычных дадзеных праводзяцца групоўкi, разлiчваюцца сярэднiя велічыні (сярэдняя люднасць паселiшчаў, сярэдняя шчыльнасць насельнiцтва, гушчыня чыгунак і г. д.), будуюцца ранжыраваныя рады.

Адным са спосабаў апрацоўкі статыстычнай інфармацыі з’яўляецца метад карэляцыі – вызначэнне залежнасці паміж двума паказчыкамі: напрыклад, паміж люднасцю горада і ўдзельнай вагой прамыслова-вытворчага персаналу ў агульнай колькасці занятых. Статыстычныя паказчыкi выкарыстоўваюцца для параўнання, служаць асновай для складання картасхем, карт. Тым самым статыстычны метад даследавання спалучаецца з параўнальным і картаграфiчным.

Фактарны аналіз аб’ядноўвае метады ацэнкі памернасці мноства назіраемых пераменных (фактараў) шляхам даследавання структуры матрыц. Пры гэтым асноўнае меркаванне тычыцца таго, што карэляцыйныя сувязі паміж большай колькасцю назіраемых пераменных вызначаюцца існаваннем меншай колькасці гіпатэтычных, неназіраемых пераменных. Працэс ацэнкі пры аналізе фактараў складаецца з двух этапаў: 1) ацэнкі фактарнай структуры (колькасці фактараў, неабходных для тлумачэння карэляцыйнай сувязі); 2) ацэнкі самiх фактараў па выніках назірання. Стасункі ж дзвюх аднародных велічынь у часавым або прасторавым плане знаходзяцца праз статыстычныя iндэксы, якія бываюць iндывідуальнымі і агульнымі.

У эканоміка-геаграфічных даследаваннях шырока выкарыстоўваюцца матэматычныя метады. У шырокім сэнсе слова да iх ліку можна аднесці і статыстычны метад: апрацоўка статыстычных дадзеных вядзецца з прымяненнем матэматыкі. Матэматычныя метады даюць магчымасць хутка апрацоўваць лiчбавые дадзеныя i дадзеныя колькаснай ацэнкі аналізуемых з’яў і працэсаў. Найбольш шырока яны выкарыстоўваюцца для колькаснай характарыстыкі тэрытарыяльнай структуры гаспадаркі. Пры гэтым рашаюцца задачы канцэнтрацыі галін, спецыялiзацыі i дыверсіфікацыi эканамічных раёнаў і г. д. Сярод матэматычных метадаў у СЭГ неабходна вылучыць карэляцыйны і фактарны аналізы, картаметрычныя метады (цэнтраграфічны і інш.), матэматычны аналіз, тэорыi матрыц, графаў, поля, імавернасцей, лінейнае праграміраванне, гравітацыйныя мадэлі і iнш. Найбольш паспяхова яны выкарыстоўваюцца ў геаграфіі насельніцтва, транспарту, у раённай планіроўцы.

Галоўнымі сферамі прымянення матэматычных метадаў у СЭГ з’яўляюцца: 1) вымярэнні; 2) выяўленне розных узаемазалежнасцяў памiж паказчыкамi; 3) апісанне на мове матэматыкі працэсу функцыянавання тэрытарыяльных сістэм. Выкарыстоўваюцца спосабы матэматычнай статыстыкi, матэматычнага праграміравання, мадэліравання. Яскравым прыкладам прымянення матэматычных метадаў з’яўляецца развязванне транспартных задач. У дадзеным выпадку матэматычным шляхам разлiчваецца аптымальны варыянт размеркавання прадпрыемстваў-пастаўшчыкоў і спажыўцоў пэўнай прадукцыі з мiнімальнымі транспартнымі выдаткамі. Нельга абыйціся без матэматычных метадаў пры даследаванні балансаў матэрыяльнай вытворчасці па тэрытарыяльных адзінках. Спосабам лінейнага праграмі-равання разлiчваюцца i супастаўляюцца розныя варыянты размяшчэння прадпрыемства, на гэтай падставе выбiраецца аптымальны варыянт.

Асобна трэба зазначыць цэнтраграфічны метад – спосаб матэматыка-статыстычнай характарыстыкі прасторавага размеркавання з’явы шляхам пошуку і графiчнага адлюстравання агульных цэнтраў. Паняцце цэнтра тоеснае паняццю сярэдняй велічыні. Геаграфічныя размеркаваннi ўтвараюць шматмерныя сукупнасці, а iх сярэднестатыстычны цэнтр – гэта кропка, велічыню якой вызначаюць каардынаты; гэтыя каардынаты і ўсярэднiваюцца. Цэнтраграфічны метад дазваляе знайсці прасторавую дынаміку з’яў, зрухі ў тэрытарыяльных сістэмах.

Каэфіцыенты рангавай карэляцыі, як ужо адзначалася, і аналагічныя ім выкарыстоўваюцца для вызначэння функцыянальнай залежнасці паміж з’явамі, працэсамі. Нарэшце, з выкарыстаннем матэматычнага апарату ствараюцца знакавыя мадэлi вывучаемых аб’ек-таў. Сфармуляваная географам задача даследавання стану, развіцця аб’екта набывае матэматычнае адлюстраванне. На падставе разлікаў, параўнання, супастаўлення можна паспрабаваць выйсцi на прагноз развіцця таго ці іншага аб’екта, таго ці iншага працэсу.

Спалучэнне эканамічных і матэматычных метадаў утварае эканоміка-матэматычныя метады даследавання сацыяльна-эканамічных аб’ектаў і з’яў. У іх склад уваходзяць матэматычная статыстыка, эканамічная статыстыка, эканаметрыя, аптымальнае праграмаванне, тэорыя рашэнняў, эканамiчная кiбернетыка і iнш.

Іншыя метады даследаванняў. Названыя вышэй і ахарактарыза-ваныя падыходы і метады не ахоплiваюць усё кола тых сродкаў даследаванняў, спосабаў збору, сiстэматызацыi, апрацоўкi i прадстаўлення інфармацыi, што выкарыстоўваюцца ў сацыяльна-эка-намічнай геаграфіі. Назавём яшчэ некалькi метадаў, розных па сутнасці i значэнні, сферах прымянення.

На працягу вякоў не губляе свайго значэння ў геаграфіі, у тым лiку ў СЭГ, апісальны метад. Навуковае тлумачэнне шляхам апiсання застаецца важнай функцыяй геаграфічнай навукі. Апiсальны метад увесь час удасканальваецца, мяняюцца мэты апісання, яго дэталёвасць, глыбіня, усебаковасць. Апісанні набываюць усё больш канструктыўны характар. М. Баранскi слушна заўважыў, што геаграфія – не матэматыка, не фiзіка і не хiмія; галоўным спосабам выказвання думкi для географа застаюцца словы, а не формулы.

У. Жэкулiн вылучае некалькi вiдаў геаграфічных апісанняў.

1. Апiсаннi, што змяшчаюць характарыстыку пэўнай тэрыторыi на падставе канстатацыі фактаў. Тлумачальная сіла такіх апісанняў заключаецца ў выяўленнi прасторавых суадносiн геаграфічных аб’ектаў.

2. Апiсаннi дынамічных працэсаў, з’яў у жыцці краін, раёнаў і інш. Тлумачальная сіла такіх апісанняў заключаецца ў абагульненні гістарычных фактаў.

3. Апiсанні прычынна-выніковых сувязяў. Яны заснаваныя не толькi на асобных фактах, але i на навуковых палажэннях, тэорыях, законах. Такiя апiсаннi маюць найбольшую тлумачальную сілу, што выклiкае далейшае развiццё тэарэтычнай думкi.

4. Прагнозныя апiсаннi. Яны абапіраюцца на апісаннi iншых вiдаў, што выконваюць ролю зыходнага матэрыялу.

У апошнія гады ў сувязi з сацыялагiзацыяй геаграфіі ў даследаваннях прымяняюць сацыялагічныя метады, перш за ўсё метад анкетнага апытання. Шляхам апытання вывучаюцца думкi, меркаванні людзей, матывы паводзін, прычыны тых ці iншых сацыяльных з’яў. Апытанне праводзіцца непасрэдна шляхам сустрэч і гутарак або цераз спецыяльна складзеныя анкеты, што распаўсюджваюцца сярод насельнiцтва.

Канструктыўны метад у СЭГ з’яўляецца метадам даследавання найбольш рацыянальных накiрункаў перспектыўнага гаспадарчага развiцця краiн і эканамiчных раёнаў. Метад скіраваны на распрацоўку практычных прапаноў па паляпшэнні размяшчэння вытворчасці i стварэнні ўмоў для больш рацыянальнай тэрытарыяльнай арганiзацыі гаспадаркі.

Пры прагназіраванні і планіраванні, аналізе тэрытарыяльна-вытворчых (і прамысловых) комплексаў у пэўнай ступені выка-рыстоўваецца метад энергавытворчых цыклаў.

Аэракасмiчныя метады таксама пачынаюць усё больш выкарыстоўваюцца не толькi ў фiзiка-геаграфiчных, але і ў эканоміка-геаграфiчных даследаваннях. Аэракасмічныя здымкі i іх картаграфiчная расшыфроўка даюць матэрыял для вывучэння гарадскiх агламерацый, тыпу рассялення, вiдаў сельскагаспадарчага асваення зямель, дынамікі плошчаў сельскагаспадарчых і лясных угоддзяў i інш.

Метад геаграфiчнага прагназіравання выкарыстоўваецца ў СЭГ для складання геаграфічнага прагнозу. Вылучаюцца наступныя віды геаграфічнага прагназіравання: экспертная ацэнка, супастаўленне лагічных схем, экстрапаляцыя ў сучаснасць, матэматычнае мадэліраванне, тыпалагiчныя метады. Геаграфiчны прагноз уяўляе сабой шматварыянтную iмавернасную схему магчымага развiцця тэрытарыяльных сістэм і iх стану на адпаведных узроўнях. Пры эканоміка-геаграфічным прагназiраванні ахопліваецца шырокi абшар узаемазвязаных прагнозаў развiцця тэрытарыяльных сістэм вытворчых сiл.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-12-17; Просмотров: 637; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.011 сек.