Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Слоўнік гістарычных тэрмінаў і паняццяў




Гістарычныя асобы

Лукашенка Аляксандр Рыгоравіч (нар. 1954 г.). Нарадзіўся ў г.п. Копысь Аршанскага р-на, скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага Інстытутата (1975), Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1985). У 1990 — 1994 гг. Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. З 1994 г. — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, узначальвае Савет бяспекі. У 1995 г. абраны ганаровым акадэмікам Расійскай акадэміі сацыяльных навук, у маі 1997 г. — прэзідэнтам нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. У 1997 г. прысуджана Міжнародная прэмія імя М.А. Шолахава.

Кебіч Вячаслаў Францавіч (нар. 1936 г.) Нарадзіўся ў в. Канюшаўшчына Валожынскага р-на, кандыдат эканамічных навук. У 1990 — 1994 гг. Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 г. і 1995 — 1996 гг. Дзяржаўная прэмія Беларусі 1992 г.

Шушкевіч Станіслаў Станіслававіч (нар. 1934 г.) Нарадзіўся у г. Мінск. Беларускі вучоны ў галіне радыёфізікі, дзяржаўны дзеяч Беларусі. Член-карэспандэнт НАН Беларусі (1991 г.). У 1990 — 1991 гг. 1-ы намеснік Старшыні, у 1991 — 1994 Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

 

 

Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) — утворана ў 1995 г. шляхам сліцця Аб’яднанай дэмакратычнай (1991) і Грамадзянскай партый, якія адпаведна прыпынілі сваё існаванне. Кіруючы орган — палітычны савет. Старшынёй партыі стаў экс-старшыня ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь С. Багданкевіч; у яе ўвайшлі такія відныя палітыкі, як Г. Карпенка і В. Ганчар. Пасля расколу БНФ кіраўніцтва АГП на чале з А. Лябедзька ўзяло курс на больш цеснае супрацоўніцтва з партыяй БНФ, якую ўзначальвае В. Вячорка. Партыя выступае з пазіцый лібералізму, развіцця прыватнай ўласнасці і рыначных адносін у эканоміцы, станаўленне незалежнай беларускай дзяржавы і ставіць сваёй мэтай пабудову ў Беларусі прававой дэмакратычнай рэспублікі.

Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ) — утворана ў лістападзе 1990 г. Пасля рэгістрацыі ў Мінюсце 19 сакавіка 1991г стала першай зарэгістраванай партыяй у навейшай гісторыі Беларусі. Старшынёй партыі быў абраны народны дэпутат СССР А. Дабравольскі. Мэтай дзейнасці АДПБ — стварэнне грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы, заснаваных на агульначалавечых каштоўнасцях, плюралізме ва ўсіх галінах грамадскага развіцця. Прыпыніла свае існаванне ў 1995 г у сувязі з утварэннем Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Апазіцыя — спосаб супрацьпастаўлення адных палітычных поглядаў, ідэй, дзеянняў іншым палітычным поглядам, дзеянням. Адрозніваюць парламенцкую апазіцыю, апазіцыю адной галіны ўлады другой, унутрыпартыйную апазіцыю. Апазіцыя есць сведчанне таго, што ў грамадстве і дзяржаве есць іншыя, чым афіцыйные, кропкі погляду, пазіцыі, праграмы дзейнасці, з якімі неабходна лічыцца і, калі яны канструктыўныя, прымаць на ўзбраенне і да выканання. Апазіцыя дазваляе кіруючай эліце бачыць свае недахопы, адчуваць уплыў сваіх канкурэнтаў.

Апазіцыя парламенцкая — група дэпутатаў, чыя пазіцыя не супадае або супярэчыць большасці дэпутатаў парламента або афіцыйнай уладзе. Напрыклад, апазіцыя ў Вярхоўным Савеце, якую ўзначальвалі дэпутаты БНФ, якія з кастрычніка 1992 г вялі жорсткую барацьбу з большасцю дэпутатаў па пытанню прэзідэнтства ў Рэспубліцы Беларусь. Яны лічылі, што ў Беларусі склалася палітычная традыцыя, якая патрабуе парламенцкага кіравання і прапанавалі, каб прэзідэнт абіраўся Вярхоўным Саветам. Праўрадавая большасць імкнулася да варыянта Кастытуцыі, у якой будучы прэзідэнт выбіраўся народам Беларусі і надзяляўся правамі поўнага кантролю за выканаўчай уладай.

Арэнда — часовае карыстанне маёмасцю за пэўную плату. У СССР закон «Аб арэндзе» быў прыняты ў 1990г.

Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (БСДГ) — левацэнтрысцкая партыя парламенцкага тыпу. Мэтай сваёй дзейнасці яна лічыла стварэнне гуманнага, дэмакратычнага грамадства, заснаванага на многаўкладнай эканоміцы, устанаўленне прынцыпаў свабоды асобы, сацыяльнай справядлівасці, адраджэння асноў духоўнасці, дасягненне незалежнасці Беларусі як раўнапраўнага члена еўрапейскай і сусветнай супольнасці. БСДГ вылучылася з БНФ у сакавіку 1991 г. Ініцыятарам яе стварэння і першым старшынёй Цэнтральнай Рады быў гісторык і грамадскі дзеяч Беларусі М. Ткачоў. Пасля яго смерці ў кастрычніку 1992 г старшынёй БСДГ быў абраны А. Трусаў. З чэрвеня 1995г партыю ўзначальвае М. Статкевіч. У 1996 г БСДГ аб’ядналася з Партыяй народнай згоды. Была ўтворана Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная грамада».

Беларуская сялянская партыя (БСП) — палітычная партыя, якая ставіць за мэту абарону сялянства Беларусі. Створана ў лютым 1991 г. Зарэгістравана ў красавіку 1991 г. Кіруючы орган — Цэнтральная Рада. Старшыня Я. Ялугін. Галоўнай задачай вызначае правядзенне зямельнай рэформы, адстойвае разнастойнасць форм гаспадарання (фермерская, арэндная, калектыўная). Выступае за адраджэнне культуры, мовы і гісторыі беларускага народа.

Беларускі народны фронт «Адраджэнне» (БНФ «Адраджэнне») — узнік у 1988г як апазіцыйны камуністычнаму ўраду шырокі грамадска-палітычны рух і першапачаткова выступаў за перабудову, пачатую «лепшымі сіламі КПСС». У стварэнні БНФ прымалі ўдзел прадстаўнікі творчай, навуковай і тэхнічнай інтэлігенцыі, рабочыя, моладзь з аб’яднанняў «Талака» і «Тутэйшыя». У Аргкамітэт уваходзілі такія вядомыя дзеячы як Р. Барадулін, В. Быкаў, В. Вячорка, Н. Гілевіч, У. Конан, А. Марачкін, З. Пазняк, К. Тарасаў, М. Ткачоў і інш. Устаноўчы з’езд БНФ быў праведзены ў чэрвені 1989 г у Вільнюсе. З’езд прыняў Статут і Праграму руху. У раздзеле праграмы «Суверэнітэт» выкладзена патрабаванне дакладных юрыдычных гарантый права выхаду рэспублікі са складу СССР, вяршэнства законаў БССР на яе тэрыторыі, рэальнага суверэнітэту рэспублікі. Праграма выступала за адмену канстытуцыйнага замацавання кіруючай ролі КПСС, за шматпартыйнасць і юрыдычныя гарантыі для правоў і свабод асобы. Асноўнымі праграмнымі палажэннямі па эканоміцы былі: эканамічная самастойнасць рэспублікі, разнастайнасць і роўнасць форм уласнасці, інтэграцыя эканомікі Беларусі ў еўрапейскую эканамічную структуру. Праграма патрабавала надаць беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы рэспублікі. Паводле Статута, БНФ аб’ядноўвае людзей незалежна ад іх сацыяльнага становішча, прафесійнай, нацыянальнай, партыйнай, рэлігійнай прыналежнасці. Метады палітычнай дзейнасці БНФ — удзел у выбарах, массавыя палітычныя акцыі, вывучэнне і аналіз становішча ў розных сферах жыцця Беларусі, распрацоўка праграм, канцэпцый, культурна-асветніцкая дзейнасць. З’езд абраў Сойм БНФ. Старшынёй Сойму БНФ выбраны З. Пазняк, яго намеснікамі Ю. Хадыка і М. Ткачоў. З часу ІІ з’езда (сакавік 1991 г) БНФ паступова набывае рысы, характэрныя палітычнай партыі. На III з’ездзе БНФ у маі 1993 г фактычна была створана партыя БНФ з агульным з рухам (адначасова захаваны БНФ як рух) органамі кіраўніцтва. У 1995 г, пасля неудачы на выбарах у Вярхоўны Савет, сярод кіраўніцтва БНФ з’явіліся прыхільнікі стварэння на базе Фронта паўнавартаснай палітычнай партыі са сваім кіраўніцтвам, праграмай і статутам. Разнагалоссі ўнутры Фронта прывялі восенню 1999г да яго падзелу на дзве самастойныя арганізацыі. Тая частка Фронту, якую ўзначаліў З. Пазняк, афіцыйна больш дакладна вызначыла сваю ідыялагічную аснову, што адлюстроўвалася ў яе назве: Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя — БНФ. Другую частку фронту пад нейтральнай назвай — Партыя БНФ — узначаліў В. Вячорка.

Бізнес — вытворчая, гандлёвая, камерцыйная дзейнасць, які-небудзь занятак, справа, якія прыносяць прыбытак, выгаду бізнесмену і несупярэчыць закону.

Бюджэт — роспіс даходаў і расходаў дзяржавы, прадпрыемства або асобнага чалавека на пэўны тэрмін. Напрыклад, дзяржаўны бюджэт Рэспублікі Беларусь, праект якога распрацоўвае ўрад і прадстаўляе прэзідэнту для ўнясення ў парламент для зацвярджэння.

«Вертыкаль» улады — строга цэнтралізаваная сістэма дзяржаўнага кіравання падпарадкаваная прэзідэнту. Уключае выканаўчыя і распарадчыя органы як у цэнтры, так і на месцах. Створана ў Рэспубліцы Беларусь у пачатку 1995 г.

Грамадзянская супольнасць — тып узаемаадносін паміж дзяржавай і грамадствам, пры якім правы грамадзян абаронены законам, і ўлада перадае частку сваіх функцый мясцовым органам самакіравання. Гэта тая сфера, куды дзяржава непасрэдна не ўмешваецца (прыватныя, сямейныя, духоўныя, эканамічныя адносіны), дзе магчыма адносная свабода асобы ў яе паўсядзённых справах, клопатах, учынках, думках. Пры дэмакратычным рэжыме дзяржава і грамадзянская супольнасць выступаюць як раўнапраўныя партнёры. Грамадзянская супольнасць і прававая дзяржава непарыўна звязаны паміж сабой і немагчымы адзін без другога.

Грамадзянства — палітыка-прававая сувязь асобы і дзяржавы, якая выражаецца ў іх узаемных правах і абавязках. Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» быў прыняты 18 кастрычніка 1991 г.

Датацыя — бюджэтныя асігнаванні (даплата) на пакрыццё планавых убыткаў. Напрыклад, даплата прадпрыемствам, якія выпускаюць прадукцыю па сацыяльна нізкіх цэнах, тэатрам і г. д.

Дзяржаўны герб — сімвал дзяржаўнага суверэнітэту краіны. Герб Рэспублікі Беларусь устаноўлены паводле вынікаў рэспубліканскага рэферэндуму, праведзенага 14 мая 1995 г па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Эталон герба і Палажэнне аб ім зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 1995 г. Дзяржаўны герб уяўляе сабой геаграфічны контур Беларусі ў прамянях сонца над зямным шарам. Зверху размешчана пяціканцовая чырвоная зорка. Выяву абрамляе вянок з каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, а злева — лёну. Каласы абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой золатам напісана: «Рэспубліка Беларусь».

Дзяржаўны гімн — урачыстая песня, прынятая як сімвал дзяржаўнага ці грамадскага адзінства. Дзяржаўны гімн выконваецца падчас важных урачыстасцяў: нацыянальных святаў, афіцыйных цэрымоній і інш. 24 верасня 1955г Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Дзяржаўным гімнам Беларускай ССР была зацверджана песня «Мы, беларусы», напісаная кампазітарам Н. Сакалоўскім, на словы паэта М. Клімковіча. Сучасны дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь — тэкст і музычная рэдакцыя (ноты), а таксама Палажэнне аб ім — зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 ліпеня 2002 года. Музычнай рэдакцыяй яго застаўся згаданы вышэй твор кампазітара Н. Сакалоўскага, а словамі гімна стаў ранейшы варыянт тэкста М. Клімковіча, дапоўнены і перапрацаваны паэтам У. Карызнам.

Дзяржаўны сцяг — сімвал дзяржаўнага суверэнітэту, знак адрознення дзяржавы. Сцяг узнімаецца на будынках вярхоўных органаў дзяржаўнай улады і кіраванння, пасольстваў і консульстваў і інш. Палажэнне аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь зацверджана Указам Прэзідэнта РБ 7 чэрвеня 1995 г на выніках праведзенага 14 мая 1995г рэспубліканскага рэферэндуму. Дзяржаўны сцяг уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складваецца з дзюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй — чырвонага колеру шырынёй у 2/3 і ніжняй — зялёнага колеру ў 1/3 шырыні сцяга. Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, якое складае 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое фарбуецца ў залацісты колер.

Дэкларацыя — дзяржаўны і палітычны (канстытуцыйны) акт, дзе абвяшчаюцца асноўныя прынцыпы знешяй і ўнутранай палітыкі дзяржавы. Напрыклад, Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР ад 27 ліпеня 1990г.

Дэмакратыя — форма кіравання дзяржаў, якая характарызуецца прызнаннем народа крыніцай улады, раўнапраўем грамадзян, падпарадкаваннем меньшасці большасці, прызнаннем улады і, самае галоўнае, — выкананнем правоў і свабод чалавека. Механізм функцыянавання дэмакратыі прадугледжвае падзел і адзінства заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад.

Дэнамінацыя — умацаванне нацыянальнай грашовай адзінкі шляхам абмену ва ўстаноўленых суадносінах старых грашовых знакаў на новыя. У гэтых жа суадносінах разлічваюцца цэны на тавары і паслугі, зарплата, пенсіі, уклады.

Дэпутат — асоба абраная грамадзянамі у склад прадстаўнічага органа, якая мае права прымаць ад іх імя дзяржаўныя рашэнні.

Закон Рэспублікі Беларусі аб адукацыі — прыняты ад 29 кастрычніка 1991 г. Палажэнні закона базуюцца на наступных асноўных прынцыпах: прыярытэт агульнакультурных чалавечых каштоўнасцей, нацыянальна-культурная аснова адукацыі, навуковасць, арыентацыя на сусветны ўзровень адукацыіі, гуманізм, сувязь з грамадскай практыкай, экалагічная накіраванасць, пераемнасць і непарыўнасць, дэмакратызм, свецкі характар, адзінства навучання, духоўнага і фізічнага ўдасканалення і інш.

Ідэалогія — сістэма прававых, палітычных, маральных, філасофскіх, рэлігійных, мастацкіх поглядаў і ідэй, якія належаць пэўнаму чалавеку, групе людзей, палітычнай партыі.

Імпічмент — прававая прцэдура пряцягнення да суду парламента вышэйшых асоб дзяржавы. Імпічмент можна разумець як вышэйшую форму развіцця дэмакратыі. Гэта звязана з распаўсюджваннем права на ўсіх грамадзян грамадства, уключаючы кіраўнікоў высокага дзяржаўнага ўзроўню — прадстаўнічай эліты. Няўдалая працэдура імпічменту прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнку была прадпрынята Вярхоўным Саветам напярэдадні другога рэферэндума ў лістападзе 1996 г.

Інвестыцыя — доўгатэрміновыя ўкладанні прыватнага ці дзяржаўнага капітала ў розныя галіны эканомікі з мэтай рацыянальнага іх выкарыстання.

Інтэграцыя — працэс і вынік узаемасувязі, узаемазбліжэння, збліжэння і аб’яднання ў адзінае цэлае якіх-небудзь частак, элементаў, у прыватнасці краін і іх эканомік, сацыяльных і палітычных структур, партый, арганізацый і г. д. Аб працэсе інтэграцыі Беларусі і Расіі сведчаць утварэнне іх Саюза 2 красавіка 1997 г, падпісанне ў снежні 1999 г Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

«Інтэнсіфікацыя» — комплексная праграма, распрацаваная ў Беларусі ў 1985 г. Прадугледжвалася спалучэнне некалькіх напрамкаў: аўтаматызацыя, матэрыялаёмістасць, энэргаёмістасць і г. д. Аднак яе рэалізацыя замарудзілася ў 1986 г пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, абвальныя крызісныя працэсы ў СССР канчаткова прыпынілі ажыццяўленне гэтай праграмы.

Канкурэнцыя — эканамічная барацьба, спаборніцтва, саперніцтва паміж суб’ектамі гаспадарання за найбольш выгадныя ўмовы прылажэння капітала.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — прынята 15 сакавіка 1994 г на 13-й сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання. 24 лістапада 1996 г быў праведзены рэферэндум, на аснове якога ў Канстытуцыю ўнесены змяненні і дапаўненні. У ёй утрымліваецца палажэнне аб тым, што Рэспубліка Беларусь — гэта ўнітарная, дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава, якая валодае ўсёй паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку. Заканадаўчае замацаванне атрымалі асноўныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян — права на жыццё, на свабоду і недатыкальнасць асобы, на свабоду перамяшчэння і выбар месцажыхарства, на свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выражэнне, на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і дэманстрацый, на свабоду аб’яднанняў, права на працу і выбар прафесіі, на ахову здароўя, на ўласнасць, на адукацыю, на захаванне сваёй нацыянальнай прыналежнасці і карыстанне сваёй роднай мовай, а таксама абавязкі выконваць Канстытуцыю краіны і яе законы, паважаць гонар, правы і законныя інтарэсы іншых асоб, берагчы гісторыка-культурную спадчыну і інш. У Канстытуцыі вызначаны функцыі заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, працэдура выбрання і паўнамоцтвы прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, органаў мясцовага самакіравання Рэспублікі Беларусь, абавязкі і паўнамоцтва Савета Міністраў, Канстытуцыйнага Суда, пракуратуры, Камітэта дзяржаўнага кантролю і іншых органаў; прынцыпы выбарчай і фінансава-крыдытнай сістэмы. Канстытуцыя мае вышэйшую юрыдычную сілу; законы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй.

Кансэнсус — азначае наяўнасць паміж дзюма і больш суб’ектамі падобных поглядаў і пазіцый па якіх-небудзь праблемах і дасягненне на гэтай аснове дамоўленасці паміж імі.

Карпарацыя — акцыянернае таварыства, якое аб’ядноўвае розныя галіны прамыловай вытворчасці пад адзіным фінансавым кантролем.

Карупцыя — злачынная дзейнасць у самых розных грамадскіх сферах, якая здзяйсняецца службовымі асобамі з мэтай асабістага абагачэння. Заўсёды носіць таемны характар, засноўваецца на змове і таму цяжкая для раскрыцця і нейтралізацыі. Да формаў карупцыі адносяць падкуп, абмен хабарам і падарункамі, кадравы пратэкцыянізм (падбор па сямейнай, саслоўнай прыкмеце ці на аснове асабістай адданасці), удзел бюракратыі ў дзеляжу незаконнага або законнага прыбытку, дзейнасць цераз падстаўных асоб.

Кворум — гэта папярэдне ўстаноўленая колькасць дэпутатаў, якія паўнамоцны прымаць рашэнні. Звычайна не меньш дзюх трэці дэпутатаў.

Кіраўнік дзяржавы — вышэйшая службовая асоба дзяржавы, якая набывае гэты статус у выніку выбараў (прэзідэнт) або ў выніку спадчыны (манарх).

Мажарытарная выбарчая сістэма — гістарычна першая выбарчая сістэма, у аснове якой ляжыць прынцып большасці: абраным лічыцца той кандыдат, які атрымаў большасць галасоў. Мажарытарная сістэма мае дзве разнавіднасці — абсалютнай большасці і адноснай большасці. Абсалютную большасць складаюць 50% галасоў плюс адзін голас. Адноснай жа лічыцца большасць галасоў у параўнанні з тым лікам, якія набралі іншыя кандыдаты, кожны па асобку. Напрыклад, калі ні адзін з кадыдатаў у першым туры не набраў абсалютнай большасці, то ў другім туры удзельнічаюць два кандыдаты, якія набралі большасць галасоў у першым туры. Кандыдат-пераможца павінен набраць больш галасоў, чым яго сапернік. Мажарытарная сістэма абсалютнай большасці дзейнічае ў Рэспубліцы Беларусь. Якая прадугледжвае выбранне членаў парламента ў выбарчай акрузе.

Нарматыўна-прававы акт — уладнае прадпісанне дзяржаўных органаў, якія ўстанаўліваюць, змяняюць або адмяняюць нормы права (закон, кодэкс, пастанова і інш.).

Нейтральная дзяржава — дзяржава, знешнепалітычны курс якой характарызуецца няўдзелам ва ўзброеных канфліктах, войнах і ваенных саюзах. Пасля атрымання Рэспублікай Беларусь суверэнітэту было абвешчана яе імкненне быць нейтральнай дзяржавай.

Падзел улад — прынцып, згодна якому дзяржаўную ўладу ў дзяржаве ажыццяўляюць тры незалежныя галіны ўлады: заканадаўчая (прадстаўнічая) належыць парламенту, які абіраецца ўсенародна; выканаўчая — ураду (і прэзідэнту ў прэзідэнтскіх рэспубліках); судовая — Вярхоўнаму і (або) Канстытуцыйнаму суду, усёй сістэме судовых органаў. Падзел улад праяўляецца не толькі ў размежаванні паунамоцтваў і функцый заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад, але і ў наяўнасці моцнай апазіцыі, якая дзейнічае на аснове закона.

Парафіраванне міжнароднага дагавора — падцверджанне ідэнтычнасці тэкста дагавора ініцыяламі ўпаўнаважанных дзяржаў, якія дамаўляюцца, што дадзены ўзгоднены тэкст дагавора з’яўляецца канчатковым.

Парламент — назва вышэйшага прадстаўнічага і заканадаўчага органа ў дэмакратычных дзяржавах. Упершыню ўтвораны ў Англіі як орган саслоўнага прадстаўніцтва. У абавязкі парламента звычайна ўключаюць выданне законаў, прыняцце дзяржаўнага бюджэту, ратыфікацыю міжнародных дагавораў, назначэнне органаў канстытуцыйнага нагляду. Парламентам у Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца Нацыянальны сход, які складаецца з дзюх палат — Савета рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў і абіраецца тэрмінам на 4 гады.

Парламентская рэспубліка — разнавіднасць рэпубліканскай формы кіравання, якая характарызуецца тым, што парламент фармальна з’яўляецца паўнаўладным органам, які фарміруе фактычна адказны перад ім урад і выбірае прэзідэнта, які з’яўляецца толькі кіраўніком дзяржавы, але не выканаўчай улады.

Прававая дзяржава — дзяржава абмежаваная ў сваіх дзеяннях правам. Прадугледжваецца суверэнітэт, непарушнасць правоў і свабод чалавека з боку дзяржавы, верхавенства канстытуцыі ў адносінах да ўсіх іншых законаў і падзаконных актаў, падзел улад і адказнасць улады як арганізацыйнай асновы прававой дзяржавы, незалежнасць суда, прыярытэт норм міжнароднага права над нормамі нацыянальнага права.

Прадстаўнічая ўлада — сукупнасць паўнамоцтваў, дэлігіраваных народам або яго часткай сваім абраным прадстаўнікам, аб’яднаным у спецыяльнай рэгіянальнай установе, на строга вызначаны тэрмін, а таксама сукупнасць самых прадстаўнічых органаў улады.

Прыватызацыя — раздзяржаўленне, пераўтварэнне дзяржаўнай уласнасці ў іншыя формы: прыватную ці калектыўную. У Рэспубліцы Беларусь Дзяржаўная праграма прыватызацыі была прынята ў 1991 г і прадугледжваецца развіццё новых форм арганізацыі працы. Прыватызацыя ажыццяўлялася ў асноўным шляхам пераўтварэння прадпрыемстваў у акцыянерныя таварыствы. У рэспубліцы ў першай палове 90-х гадоў праводзіўся курс на змяненне суадносіны форм уласнасці ў сельскай гаспадарцы. Аднак станаўленне рыначных адносін як у прамысловасці Беларусі, так і ў сельскай гаспадарцы ў сілу шэрагу прычын ішло вельмі павольна і супярэчліва.

Прэзідэнт — у дзяржавах з рэспубліканскай формай кіравання абраны кіраўнік дзяржаўнай і выканаўчай улады або толькі дзяржавы. Пасада прэзідэнта зацведжана ў Рэспубліцы Беларусь у 1994 г. у Канстытуцыі. Прэзідэнт выбіраецца ўсім народам тэрмінам на пяць гадоў. Паўнамоцтвы беларускага прэзідэнта вельмі вялікія. Ен назначае выбары і рэферэндумы, распускае палаты парламента, назначае людзей на шэраг ключавых пасад у краіне, старшынствуе на паседжаннях урада, падпісвае законы або вяртае іх на дапрацоўку ў парламент, вядзе міжнародныя перамовы, з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Рэспублікі Беларусь і г. д. Акрамя таго, прэзідэнт аддае загады і распараджэнні, якія маюць абавязковую сілу на тэрыторыі Беларусі, а таксама дэкрэты, якія маюць сілу закона. У 1994 г. першым прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў абраны А. Р. Лукашэнка. У другі раз на гэтую пасаду А. Р. Лукашэнка быў абраны ў 2001 г, трэці — у 2006 г.

Прэзідэнцкая рэспубліка — разнавіднасць рэспубліканскай формы кіравання, якая характарызуецца тым, што выбіраемы, як правіла, усенародна прэзідэнт юрыдычна і фактычна з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады. У Беларусі ідзе працэс станаўлення прэзідэнтскай рэспублікі.

Путч — дзяржаўны пераварот з удзелам невялікай групы загаворшчыкаў, тайная змова перавароту. Прыкладам можа служыць жнівеньскі путч 1991 г у Маскве, калі ў краіне было ўведзена надзвычайнае становішча.

Ратыфікацыя — зацверджанне вярхоўнымі органамі дзяржаўнай улады міжнароднага дагавора альбо пагаднення, пасля таго гэты дакумент набывае юрыдычную (прававую) сілу. Напрыклад, парламентамі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь у 2000 г ратыфікаваны падпісаны ў 1999 г Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Рыначная эканоміка — гэта сістэма эканамічных адносін, заснаваная на прамых абменных сувязях шляхам куплі-продажу тавараў, свабодным выбары, свабоднай прадпрымальніцкай дзейнасці і любой форме ўласнасці, свабодных цэнах і самарэгулявання эканамічных працэсаў пад уплывам попыту і прапановы тавараў, паслуг і канкурэнцыі. Ва ўмовах рыначнай эканомікі дзяржава ажыццяўляе рэгулюючую ролю. 13 кастрычніка 1990 г Вярхоўны Савет БССР прыняў праграму пераходу да рыначнай эканомікі, у якой была пастаўлена мэта пабудовы нацыянальнай рыначнай эканомікі. Пасля распаду СССР у 1991 г і дасягнення рэальнай палітычнай і эканамічнай самастойнасці, Беларусь пачала праводзіць самастойныя эканамічныя рэформы. Былі прыняты Дзяржаўная праграма па стабілізацыі эканомікі і сацыяльнай абароне насельніцтва, Дзяржаўная праграма прыватызацыі. Вярхоўны Савет прыняў шэраг законаў — закон аб уласнасці, Нацыянальным банку і банкаўскай дзейнасці, Таможанны кодэкс, аб прадпрымальніцтве, праве ўласнасці на землю, раздзяржаўлення і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці і г. д. Законы стваралі базу для сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў і садзейнічалі стабілізацыі і павышэнню эфектыўнасці гаспадаркі.

Рыначны механізм — механізм узаемасувязі і ўзаемадзеяння асноўных элементаў рынка: прапанова, попыт і цэны. Праз рынкавы механізм дзейнічае закон вартасці.

Рэспубліка — форма дзяржаўнай будовы, пры якой крыніцай улады з’яўляецца народ, вышэйшыя органы дзяржаўнай улады або выбіраюцца або фарміруюцца агульнанацыянальнымі прадстаўнічымі ўстановамі (парламентамі), а грамадзяне маюць асабістыя і палітычныя правы. У рамках рэспубліканскай формы кіравання прынята адрозніваць прэзідэнтскую, парламенцкую рэспубліку і рэспубліку змешанага тыпу. Беларусь з’яўляецца прэзідэнтскай рэспублікай.

Рэферэндум — важнейшы інстытут непасрэднай дэмакратыі. Уяўляе галасаванне выбаршчыкоў па якому-небудзь пытанню дзяржаўнага ці грамадскага жыцця. У адрозненні ад выбараў на рэферэндуме аб’ектам волевыяўлення выбаршчыкаў з’яўляецца не кадыдат ці спіс кандыдатаў на пэўную пасаду, а пэўнае пытанне, па якому праводзіцца рэферэндум: законапраект, канстытуцыя, папраўка да канстытуцыі і інш. Першы ўсесаюзны рэферэндум быў праведзены 17 сакавіка 1991 г па пытанню аб захаванні СССР. У ім прынялі ўдзел каля 80% грамадзян. За захаванне СССР выказаліся 76,4% удзельнікаў рэферэндуму. Правядзенне ўсенароднага галасавання прадугледжана і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Рэферэндум у нашай краіне можа быць назначаны Прэзідэнтам па асабістай ініцыятыве, па прапанове палат Нацыянальнага сходу або па прапанове не меньш 450 тыс. грамадзян. У Рэспубліцы Беларусь адбыліся тры рэферэндумы: першы — 14 мая 1995г, другі — 24 лістапада 1996г, трэці — 17 кастрычніка 2004г.

Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД) — міждзяржаўнае аб’яднанне, створанае ў снежні 1991 г у выніку Белавежскіх пагадненняў паміж Рэспублікай Беларусь, Расійскай Федэрацыяй і Ўкраінай. 10 снежня 1991 г Бярхоўны Савет Беларусі ратыфікаваў Пагадненне аб утварэнні СНД. 21 снежня 1991 г на правах заснавальнікаў і раўнапраўных членаў у СНД увайшлі Азербайджан, Арменія, Кыргызтан, Узбекістан, Таджыкістан, Туркменістан, Малдова, а ў снежні 1993 г да СНД далучылася Грузія. У рамках Садружнасці дзейнічаюць Эканамічны саюз і Міждзяржаўны эканамічны камітэт, Таможаны саюз (Беларусь, Казахстан, Кыргыстан, Расія, Таджыкістан), праводзяцца сумесныя мерапрыемствы па паглыбленню супрацоўніцтва ў сацыяльна-эканамічнай, палітычнай і ваеннай сферах. З сакавіка 1994 г СНД мае статус назіральніка ў ААН, яго прадстаўнікі прымаюць удзел у рабоце буйнешых нарад і форумаў, якія праводзяцца па лініі ААН, Еўрапейскага Саюза, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе і інш. міжнародных арганізацый. Штаб-кватэра Выканаўчага Сакратарыята СНД знаходзіцца ў Мінску.

Сацыяльна-арыентаваная рыначная эканоміка — мадэль эканомікі, абраная кіраўніцтвам Рэспублікі Беларусь на чале з прэзідэнтам А. Р. Лукашэнкай. Курс на яе стварэнне быў узяты ў 1996 г, калі былі прыняты «Асноўныя кірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 1996—2000 гг.», прапанаваныя прэзідэнтам і адобраныя І Усебеларускім народным сходам. Для дадзенай мадэлі эканомікі характэрны нацыянальна-дзяржаўны комплекс з разнастайнымі формамі ўласнасці, больш шырокі ўдзел дзяржавы ў забеспячэнні эфектыўнасці эканомікі, рэгуляванне прыбыткаў, задавальненне сацыяльных патрэб насельніцтва краіны ў вобласці занятасці, адукацыі, аховы здароўя, культуры.

Саюз Беларусі і Расіі — першым крокам да стварэння такога саюза быў падпісаны ў Маскве 2 красаваіка 1996 г. Дагавор аб Супольнасці суверэнных дзяржаў — Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Затым былі падпісаны Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі ад 2 красавіка 1997 г, Статут Саюза Беларусі і Расіі ад 23 мая 1997 г, Дэкларацыя аб далейшым аб’яднанні Беларусі і Расіі ад 25 снежня 1998 г. 8 снежня 1999 г Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя падпісалі ў Маскве Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які вызначае мэты і прынцыпы Саюзнай дзяржавы, статус, правы і абавязкі яго грамадзян, парадак фарміравання бюджэта, Вышэйшага дзяржаўнага парламента, Савет Міністраў, Суда Саюзнай дзяржавы. Асноўнымі мэтамі гэтай дзяржавы з’яўляюцца: забеспячэнне мірнага і дэмакратычнага развіцця братніх народаў дзяржаў-удзельніц, павышэнне дабрабыту і ўзроўню жыцця, стварэнне адзінай эканамічнай прасторы, няўхільнае выкананне і абарона асноўных правоў і свабод чалавека, правядзенне ўзгодненай знешняй палітыкі, забеспячэнне агульнай бяспекі і барацьба са злачыннасцю, умацаванне бяспекі і развіццё ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў Еўропе і ва ўсім свеце, развіццё Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД).

Сацыяльная дзяржава — дзяржава, якая імкнецца да забеспячэння годных належных умоў жыцця сваіх грамадзян, задавальнення іх матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей, дасягнення большай сацыяльнай справядлівасці і сацыяльнай абароненасці. Дасягаецца гэта з дапамогаю пераразмеркавання нацыянальнага дахода на карысць меньш забяспечаных слаёў, правядзенне палітыкі занятасці, аховы працы, развіццё агульнадаступнай адукацыі, аховы здароўя і інш. Па Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сацыяльнай дзяржавай.

Свабодная эканамічная зона — абмежаваны раён краіны, частка яе тэрыторыі, у межах якой дзейнічае ільготны рэжым гаспадарання і знешнепалітычнай дзейнасці, прадпрыемствам дазволена больш шырокая свабода эканамічных дзеянняў. У Рэспубліцы Беларусь функцыяніруюць свабодныя эканамічныя зоны: «Брэст», «Мінск», «Гомель-Ратон», «Віцебск», «Гроднаінвест» і «Магілёў».

Спікер — старшыня парламента, які абіраецца на ўвесь тэрмін працы парламента. Ён кіруе паседжаннямі, накіроўвае дэбаты (абмеркаванні якога-небудзь пытання), строга сочыць за выконваннем працэдуры, прадстаўляе парламент у яго кантактах з іншымі органамі ўлады, сочыць за адміністрацыйным апаратам парламента і за расходваннем сродкаў, якія выдзелены на яго ўтрыманне.

Субсідыя — фінансавая дапамога або выплата ўрадам, фірмай ці фізічнай асобай грошай (тавараў або паслуг), у абмен на якія яны нічога не атрымліваюць.

Суверэнітэт — верхавенства і незалежнасць улады. У канстытуцыйным праве адрозніваюць некалькі відаў суверэнітэту: дзяржаўны — верхавенства дзяржаўнай улады ўнутры краіны і яе незалежнасць у знешней сферы; народны — поўнаўладдзе народа, г.з. валоданнне народам сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі сродкамі для рэальнага ўдзелу ў кіраванні справамі грамадства і дзяржавы; нацыянальны — паўнаўладдзе нацыі, яе палітычная свабода, валоданне рэальнай магчымасцю вызначаць характар свайго нацыянальнага жыцця, уключаючы здольнасць палітычна самавызначацца амаль да аддзялення і ўтварэння самастойнай дзяржавы. 27 ліпеня 1990 г Вярхоўны Савет БССР абвясціў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР у складзе савецкай федэрацыі. Дзяржаўны суверэнітэт сцвярджаўся ў імя вышэйшай мэты — свабоднага развіцця і дабрабыту, годнага жыцця кожнага грамадзяніна рэспублікі на аснове забеспячэння правоў асобы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР. Вярхоўны Савет абвясціў суверэнітэт як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх адносінах.

Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны — дабраахвотная грамадская арганізацыя. Заснавана ў 1989 г у Мінску. Массавая арганізацыя, мэтай якой з’яўляецца пашырэнне ўжывання беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця, садзеенне яе развіццю, захаванню чысціні і самабытнасці. У рамках таварыства працуе дзевяць пастаянных камісій: адукацыйная, тэрміналагічная, тапанімічная, па зрокаваму і гукавому афармленню жыццёвага асяроддзя, па ўдасканаленню правапісу, культуры мовы і моўнага багацця, выдавецкая, мова ў сродках масавай інфармацыі. Структуры таварыства працуюць у кожным раене Мінска, ва ўсіх буйных гарадах і 64 раёнах Беларусі, а таксама ў Вільні, Рызе, Маскве, Санкт-Пецярбургу і інш. Старшыні таварыства — Н. С. Гілевіч, з 1997 г — Г. М. Бураўкін, з 1999 г — А. А. Трусаў. Таварыства мае сваю афіцыйную сімволіку, якая складаецца з герба Ф. Скарыны (месяц і сонца), бела-чырвона-белай стужкі і герба «Пагоня».

Узровень жыцця — сукупнасць умоў жыцця насельніцтва краіны. Паказчыкамі ўзроўню жыцця з’яўляюцца: узровень зарплаты, мінімальная спажывецкая карзіна, узровень падаткаў, індэкс рознічных цэн на тавары і паслугі, структура і ўзровень спажывецкіх затрат, затрат на сацыяльнае забеспячэнне.

Унітарная дзяржава — форма дзяржаўнага ўтварэння, пры якой тэрыторыя дзяржавы, у адрозненні ад федэрацыі, не мае ў сваім складзе федэратыўных адзінак (штатаў, зямель, аўтаномій, аўтаномных рэспублік і акруг), а падраздзяляецца на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі (раёны, вобласці і г. д.). Унітарная дзяржава характарызуецца наступнымі асноўнымі рысамі: на вышэйшым узроўні існуе моцная цэнтральная ўлада, адзіныя Канстытуцыя, урад, грошы, войска, судовая сістэма, грамадзянства. Тэрытарыяльна-палітычныя ўтварэнні (раёны, вобласці і г. д.), якія ўваходзяць у склад дадзенай дзяржавы не маюць самастойнасці, аўтаноміі. Палітычнае кіраванне ажыццяўляецца з цэнтра з прымяненням даволі жорсткіх метадаў і сродкаў. Дэмакратыя як спосаб ажыццяўлення народаўладдзя абвяшчаецца, але для яго рэалізацыі практычна няма ўмоў. Рэспубліка Беларусь згодна Канстытуцыі — унітарная дзяржава.

Урад — вышэйшы выканаўчы орган дзяржавы. Рашэнні ўрада носяць характар палітычных дырэктыў або афармляюцца ў выглядзе нарматыўных актаў ці законапраектаў, якія затым уносяцца ў парламент. Да ліку паўнамоцтваў урада адносяцца: распрацоўка праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця грамадства; падрыхтоўка праекта дзяржаўнага бюджэта, а пасля яго зацверджання парламентам — забеспячэнне яго выканання; кіраўніцтва асобнымі галінамі гаспадаркі, а таксама навукай, культурай, адукацыяй, сацыяльнай сферай; вядзенне міжнародных перагавораў і заключэнне дагавароў. Урад Рэспублікі Беларусь носіць назву Савет Міністраў. У яго ўваходзяць прэм’ер-міністр, яго намеснікі і непасрэдна самі міністры. Прэм’ер-міністр назначаецца прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь са згоды Палаты прадстаўнікоў. Узначальвалі ўрад Рэспублікі Беларусь: старшыня В. Ф. Кебіч (1990—1994 гг), прэм’ер-міністры — М. М. Чыгір (1994—1996 гг), С. С. Лінг (1997—2000гг), С. Сідорскі (з 2001 г).

Фракцыя — частка палітычнай партыі ці палітычнай групіроўкі, якая выступае з асабістай праграмай, што адрозніваецца ад праграммы асноўнай партыі. У сучасным палітычным жыцці фракцыяй называюць таксама групу той ці іншай партыі ў парламенце. Парламенцкая фракцыя выступае з заканадаўчай ініцыятывай, імкнецца рэалізаваць свае праграмныя ўстаноўкі. Яна з’яўляецца асноўным каналам уплыву партыі ці руху на дзяржаўную ўладу. Напрыклад, у Вярхоўным Савеце 13-га склікання, які быў абраны ў 1995г, дзейнічалі пяць парламенцкіх фракцый: камуністаў (45 чалавек), аграрыяў (49 чалавек), «Грамадзянскае дзеянне» (18 чалавек), «Згода» (61 чалавек) і сацыял-дэмакратычная фракцыя «Саюз працы» (15 чалавек).

Шматпартыйнасць — форма палітычнага прадстаўніцтва розных класаў і слаёў грамадства ва ўмовах дэмакратыі. Рэалізуецца на аснове правоў грамадзян на аб’яднанні і ўтварэнне розных рухаў, саюзаў, палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў. Насельніцтва СССР атрымала права на стварэнне суполак, таварыстваў, партый у сувязі з рэфармаваннем савецкай палітычнай сістэмы. У 1990 г быў прыняты закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях». Сярод першых нефармальных аб’яднанняў у рэспубліцы арганізацыйна аформіўся Беларускі народны фронт «Адраджэнне» (1989 г), Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (1990 г), Беларуская сялянская партыя (1991 г), Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991 г) і інш. На канец 1994 г у Беларусі зарэгістравана 29 партый і 7 рухаў. Іх дзейнасць рэгулюецца Законам РБ «Аб палітычных партыях» (1994 г).Утварэнне палітычных партый, аб’яднанняў і таварыстваў садзейнічала ўзнікненню у рэспубліцы парламенцкай апазіцыі, расшырэнню правоў грамадзян, плюралізму думак. Шматпартыйнасць азначала канец манаполіі камуністаў на ўладу.

Шокавая тэрапія — мадэль радыкальных эканамічных рэформ пераходу ад планавай сацыялістычнай эканомікі да эканомікі рыначнага тыпу. Распрацаваная ў СССР эканамістамі С. Шаталіным і Р. Яўлінскім, вядомая пад назвай «500 дзён». На яе аснове ўрадам БССР у лістападзе 1990 г былі распрацаваны «Асноўныя палажэнні праграмы пераходу Беларускай ССР да рыначнай эканомікі». Сутнасць рыначных рэформ мэтадам «шокавай тэрапіі» зводзіцца да наступнага: дзяржава праводзіць лібералізацыю цэн і запускае ў дзеянне механізм свабоднай канкурэнцыі; выжываюць мацнейшыя прадпрыемствы, слабыя церпяць банкрутства; беспрацоўе становіцца массавым; знешнія паступленні (пазыкі і крэдыты) стымулююць эканамічнае развіцце; краіна выходзіць з крызісу і дзейнічае ў рыначнай сістэме. Фактычна дадзеная праграма не была выканана.

Электарат — частка выбаршчыкоў, якія галасуюць на выбарах за пэўную партыю ці кандыдата, або выбаршчыкі — грамадзяне дзяржавы, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 1863; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.011 сек.