Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Частка 1. Гістарычная частка 2 страница




Перад пачаткам ткання аснову трэба зарабіць, пакуль яна не выраўнуецца. Заробку выконваюць любым па якасці прадзівам палатняным перапляценнем. Падчас заробкі рэгулюецца нацяжэнне нітак асновы, вышыня зяпы, правяраецца таксама ці правільна прабрана аснова ў рэмізкі [11; с. 48].

Гаворачы пра развіцце народнага ткацтва ў падпольскай Заходняй Беларусі, нельга абмінуць увагай дзейнасць Элеаноры Плутынскай – выпускніцы Варшаўскай Акадэміі прыгожых мастацтваў, мастачкі па ткацтву. У 1935 годзе яна была запрошана з Варшавы ў Вільню кіраўніцтвам Рады таварыстваў падтрымкі народных промыслаў. Э. Плутынская пісала аб гэтым вельмі важным этапе свайго жыцця: “Калі скончыла Акадэмію, шчаслівы лёс распарадзіўся, каб мне даручылі апеку над народным ткацтвам ва ўсходніх ваяводствах Польшчы. Я імкнулася ў вёску, бо мне было душна ў атмасферы папяровага праектавання на паперцы ў краткі. Тут пачалася найважнейшая праца ў маім жыцці, вайна перарвала гэтую працу”.

З імем Элеаноры Плутынскай звязана распрацоўка новых падыходаў да развіцця народнай творчасці і промыслаў. Дзякуючы менавіта яе нястомнай дзейнасці ў гісторыю народных промыслаў Заходняй Беларусі былі ўведзены дзве цікавыя мастацкія з’явы – “пераборы і ператыкі палескія” і “гродзенскія падвойныя дываны” [17; с. 271].

У 1935 годзе мастачка пачала працаваць з ткачыхамі ў вёсцы Страдзечы, што каля Брэста. Гэтая вёска з яе ўнікальнымі шырокімі чорнымі вышыўкамі была адкрыта Янінай Крагельскай з Палескага таварыства. Было тут таксама распаўсюджана ўзорыстае ткацтва, якое па мясцоваму называлася “ператыкі” і “пераборы”. У Страдзечах Элеанора Плутынская выпрацавала зусім новыя метады працы з народнымі майстрамі. Яна заўважыла, што, паўтараючы традыцыйныя арнаменты на новых прадметах, прызначаных для горада, вясковыя ткачыхі механізуюць сваю працу, губляюць яе творчы характар. Таму яна пачала займацца з ткачыхамі, прапануючы ім выкарыстоўваць свае кампазіцыйныя здольнасці і ткацкае майстэрства пры стварэнні зусім новых рэчаў на падставе мясцовых традыцый. У выніку творчай працы мастачкі і ткачыхі у Страдзечах з’явіліся новыя віды тканін вельмі высокага мастацкага ўзроўню. Гэта былі купоны на адзенне, аздобленныя рознакаляровымі пасамі арнаменту, выкананыя з ільну ў тэхніцы бранага ткацтва – “ператыкі”. Ткалі ў Страдзечах і ваўняныя тканіны з пражы натуральных колераў, ператыканыя ніцямі грубейшага прадзення. Пачалі вырабляць тут дэкаратыўныя льняныя макаты, цалкам затканыя багатым геаметрычным узорам. Ткачыхі стваралі арнаментальныя кампазіцыі ў працэсе ткання без дапамогі алоўка, без карыстання ўзорам – непасрэдна з галавы. У выніку гэтай працы з’явіліся зусім новыя, чыста дэкаратыўныя тканіны – “цудоўныя льняныя макаты са Страдзечаў”, як іх называлі сучаснікі, прызначаныя для аздобы гарадскіх інтэр’ераў і выставак [17; с. 271 – 272].

Да Плутынскай ніхто з дзеячаў промыслаў не ўжываў такіх метадаў працы, якія былі накіраваны на раскрыццё мастацкіх і творчых здольнасцей народных майстроў. Дапамагала ёй у Страдзечах працаваць з ткачыхамі мясцовы інструктар па ткацтву Сафія Зелех.

Плутынская імкнулася захаваць ў народных тканінах натуральную прыгажосць, характэрную для даўніх вясковых тканін. Яна не дазваляла ткачыхам выкарыстоўваць бавоўну, толькі лён, забароніла таксама карыстанне анілінавымі фарбамі. Мастачка сама засвоіла старадаўнія рэцэпты фарбавання расліннымі фарбамі, якія давалі трывалась афарбоўцы тканін, шляхетныя адценні колераў, і вучыла гэтаму ткачых [17; с. 273].

Мастачка, працуючы з народнымі майстрамі, была ўпэўнена ў наступным: “Калі ўпарадкуем умовы і падставы працы адпаведна і згодна з патрабаваннямі мастацтва – мастацтва адродзіцца”.

Паспяховая праца Плутынскай была перарвана ў 1939 годзе. У пасляваенны час вёска Янава – перадваенная майстэрня Плутынскай па адраджэнні падвойнага ткацтва апынулася па-за межамі Беларусі, у складзе Беластоцкага ваяводства Польшчы. Адразу па заканчэнні вайны мастачка вярнулася ў гэтую вёску і прадоўжыла перарванае творчае супрацоўніцтва з мясцовымі ткачамі [17; с. 275].

Ткацтва было для сялянкі культурнай практыкай, прасторай культурнага быцця, сродкам мадэлявання ладу жыцця, уяўленняў пра прастору [9].

Народнае ткацтва – бяздонная крыніца культурна-гістарычных звестак. Што ні ўзор – то сімвал. Сімвалы ўраджаю: Спарыш, рай, Багач. Яны вучаць любіць Маці-Зямлю, працу, дабівацца добрага ўраджаю. Сімвалы свят: Купала, Каляда, Масленіца, Вялікдзень. Тут – радасць, весялосць, гонар за вынікі сялянскай працы. Сімвалы памяці: Дзяды, радаўніца, любоў і павага да продкаў. Усё, што захавана ў народным ткацтве, не пералічыць, але кожны ўзор сімвалізуе дабро, прыгажосць, любоў, гонар за чалавека і яго працу, кожны ўзор мае сваё прызначэнне і сваю назву.

Узоры тканых і вышываных вырабаў – зашыфраваны аповед пра жыццё народа, прыроду, людзей [18; с. 9].

На землях Случчыны гістарычна склаўся высокі ўзровеньткацкага рамяства. У ХVII – XVIII стст., да ўваходу ў склад Расійскай імперыі, Случчына адносілася да Навагрудскага павета Віленскага ваяводства. Мястэчкі і вёскі Слуцк, Цімкавічы, Агароднікі, Гулевічы, Жэліхава, Лешня, Семежава, Морач з канца XVII ст. належалі князям Радзівілам. Так, напрыклад, у магнацкім маёнтку Цімкавічы, згодна з інвентаром 1716 года, у якасці павіннасці жыхары з кожнага дыма абавязаны былі напрасці з панскага лёну чатыры маткі нітак памерам у локаць. Кожны цімкавіцкі ткач для ўплаты павіннасці абавязаны быў выткаць з панскага лёну адну штуку палатна, а калі вырабляў больш, то за кожную штуку палатна яму плацілі па 5 злотых [12; с. 801].

З 1850-х гг. і да пачатку Першай сусветнай вайны ткацкія майстэрні дзейнічалі ў в. Агароднікі і м. Цімкавічы. Мясцовыя майстры валодалі разнастайнымі тэхнікамі – закладным, пераборным, шматнітовым ткацтвам. Асабліва шырока было асвоена тут шматнітовае ткацтва, прынесенае на беларускія землі заходнееўрапейскімі рамеснікамі-ткачамі, што былі запрашаны князямі Радзівіламі. У XVIII – XIX стст. майстры ўмелі выконваць разнастайныя ўзорыстыя ручнікі і абрусы на вялікай колькасці нітоў – на 10, 12, 16, 22. Выдатны ўзор тканіны – абрус, вытканы на 10 ці 12 нітах на шырокім ткацкім станку мясцовым рамеснікам-ткачом, захоўваецца ў Музеі пісьменніка Кузьмы Чорнага ў Цімкавічах. Дзед і прадзед яго па бацькоўскай і мацярынскай лініі былі ткачамі. Пасля адмены прыгону яны атрымалі ўсяго па адной дзесяціне зямлі і заставаліся паўсялянамі, паўрамеснікамі-ткачамі. Толькі пасля рэвалюцыі яны перасталі займацца ткацтвам [12; с. 801 – 802].

Вядома, што ў першай палове ХІХ ст. ільняныя ўзорыстыя тканіны пад назвай “сурвэты” і ручнікі, вырабленыя ткачамі з сялян і мяшчан у маёнтках Радзівілаў на Случчыне, вывозіліся ў Нямеччыну, Польшу, у сталіцу Усходняй Прусіі – Кралевец. Майстроў, якія іх ткалі, называлі “сурвэтачнікі”. Больш за 200 узораў такіх тканін было сабрана ў ткацкім альбоме, што належаў ткачам, з роду якіх паходзіў пісьменнік Кузьма Чорны [12; с. 802].

У канцы ХІХ ст. народнае ткацтва Случчыны, Капыльшчыны і мяжуючых з імі раёнаў Міншчыны пад уплывам мануфактурнага ткацтва засвоіла пераборную тэхніку ткацтва, якая значна пашырыла вобразна-выяўленчыя магчымасці народных тканін. Узоры пераборных ручнікоў, абрусаў, посцілак, што былі створаны ў 1920 – 1930-я гг., дэманструюць багатыя мастацкія традыцыі гэтага віду народнага ткацтва [12; с. 805].

Ткацкім промыслам славіліся мястэчкі Шклоў, Мсціслаў, Бялынічы, Дуброўна, Пагост-Загародскі, Цімкавічы, Капыль. У местачковым ткацтве існавала пэўная спецыялізацыя. Так, у Дуброўне ткалі талясы – галаўныя ўборы для іудзеяў. Гэты промысел меў даўнія традыцыі. У мястэчку Пагост-Загародскі амаль усё насельніцтва займалася рамесніцкім ткацтвам. У мястэчку Капыль у пачатку ХХ ст. працавала да 60 ткачоў-мужчын. У сялянскім ткацкім промысле мужчыны працавалі толькі тады, калі ён станавіўся асноўным заняткам сям’і.

Акрамя мястэчак, ткацкі промысел быў развіты ў ваколіцах буйных гарадоў. Для продажу ў гарадах ткалі сяляне Бабруйскага, Мазырскага, Навагрудскага паветаў [17; с. 47].Наяўныя творы дазваляюць прасачыць эвалюцыю гэтага віду народнай творчасці, што адбывалася на працягу часу ў выніку сацыяльна-палітычных і эканамічных змен у жыцці беларускай вёскі [7; с. 5].

Пранікненне ў беларускую вёску таварна-грашовых адносін спрыяла з’яўленню ў доме селяніна фабрычных вырабаў – таннага паркалю, сукна і шарсцяных тканін, з якіх шылі адзенне гарадскога тыпу. Этнографаў канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя непакоілі цесныя сувязі вёскі з горадам. Апаска іх не была беспадстаўная. Народныя саматужныя промыслы на рубяжы ХХ стагоддзя паўсюдна перажываюць крызіс. Саматужныя вырабы замяняюцца больш танным фабрычным паркалем, рэчамі са шкла, фаянсу і фарфору. Аднак гэтыя тавары былі даступныя толькі заможным сялянам. Бедната ж мела абмежаваныя магчымасці, каб купляць фабрычныя тавары. Гэта былі невялікія выдаткі на кавалак аксамітнай, шаўковай, шарсцяной або паркалёвай тканіны на безрукаўку, каптур або стужкі ў косы. Ільняныя і шарсцяныя саматканыя палотны працягвалі вырабляць паўсюдна дзеля патрэб сваёй сям’і. Праўда, сярод помнікаў гэтага часу сустракаюцца вырабы, у якіх аснова або ўток – з фабрычных баваўняных нітак.

У старадаўніх беларускіх песнях, вясельных і калядных, створаны паэтычны вобраз дзяўчыны-рукадзельніцы, якая ткала і вышывала для сябе, брата, маці і жаніха [7; с. 5].Калі жанчына садзіцца за работу, яна, як і пісьменнік, кампазітар ці мастак, выбірае тэму твора, абдумвае яго план, кампазіцыю, каларыт, вызначае галоўныя і дадатковыя вобразы [18; с. 14].

Выставай тканага багацця станавілася вясковае вяселле. У сялянскіх сем’ях дзяўчынак з сямі гадоў навучалі прасці, а да пятнаццаці гадоў яны ўжо ўмелі ткаць узорыстыя тканіны і рыхтавалі сабе пасаг. Ён складаўся з адзення нявесты, пасцелі, настольнікаў, ручнікоў, бялізны для жаніха і падарункаў родзічам.

Зімовымі вечарамі перад каляднымі святамі збіраліся дзяўчаты-нявесты і маладзіцы ў адной хаце, пралі пры лучыне льняную і шарсцяную пражу, спявалі, расказвалі казкі. Хлопцаў на “супрадкі” не пускалі. У калядныя святы рабілі перапынак на два тыдні і завяршалі прадзенне да пачатку вясны. Ранняю вясною ўносілі ў хату кросны,ставілі бліжэй да акна, ткалі палотны і сукно [7; с. 5].

Кросенцы снавала,

З песняй пачынала

Узор прамяністы

Міхась Машара [13; с. 7].

Х. Шрам піша: “Зразумелі мы каштоўнасць народнага мастацтва толькі ў апошні час, калі на нашых вачах выміраюць адзін за адным яго цэнтры” [17; с. 211].

Але ж у кожнай вёсцы і акрузе былі славутыя майстрыхі, якія стваралі новыя ўзоры, а аднавяскоўкі паўтаралі іх на сваіх кроснах. Спосабы ткання, арнаменты ткачыхі перадавалі як спадчыну сваім дочкам. Так калектыўна захоўваліся нацыянальныя асаблівасці беларускага народнага ткацтва.

Калектыўнасць творчасці – характэрная рыса народнага мастацтва. Дзякуючы ёй яно працягвае існаваць, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні ваенных гадоў.

Вось, напрыклад, што піша І. С. Курманіч аб вясковай майстрыхе Марыі ПаўлаўнеКаўтуновай (Рэпішча, 6 км. ад Неглюбкі, ткачыха). “Цяжка адвесці погляд ад лясной шматколернасці, якая ўспыхвае пад прамянямі захаджалага негарачага сонца. Такім зразумелым становіцца стан душы людзей, якія жывуць на гэтай зямлі: дзеяць выдатнае для іх павінна быць гэтак жа неабходна, як дыхаць…[13; с. 18]

Марыя Паўлаўна апынулася цёмнавалосай невысокага росту жанчынай з прыемным тварам. Выглядала яна гадоў на 50 – 55. Ігнат Іванавіч (яе муж), больш сталы, здаваўся трохі старэй. Потым я пазнаў, што яны аднагодкі, што ім пад семдзесят, што выгадавалі яны дзевяць дзяцей, што прысвоена Марыі Паўлаўне ганаровае званне "Маці-гераіні". У Неглюбке нарадзілася Марыя Паўлаўна, неглюбскім было і майстэрства яе [13; с. 18].

Распавядае Каўтунова пра жыццё, і гаворка яе з прымаўкамі, як вершы, меладычная. У дзявоцкім карагодзе і запрыкмеціў Ігнат Іванавіч прыгажуню Марыю. Згулялі вяселле. Нарадзіўся першынец Пеця. Але не доўгім было сямейнае шчасце, праводзіла мужа на вайну. Засталася з малянём, усякае выпрабавала, розных людзей пазнала. Сем гадоў чакала Ігната, а вярнуўся дахаты – дзеці пасыпаліся, як гарох [13; с. 18].

Нарадзіліся чацвёра сыноў і пяцёра дочак. Час быў пасляваенны. Жылі цяжка, але дружна, трымалі дысцыпліну ў сям'і. Дзеці ўбіралі і пераймалі матчына майстэрства. Навучыліся ткаць не толькі дочкі, але і сыны. Усё гэта было для іх натуральна, бо маці была прыкладам працавітасці, спакою, бадзёрасці, дабрыні. Ніколі не чулі яны ад яе скарг [13; с. 22].

Паднялі ўсіх на ногі. Усе сталі паважанымі людзьмі. Дзевяць дзяцей. Кожны дораг. Пражыла яна жыццё кожнага [13; с. 24].

Не верыцца, што ўвесь гэты цуд, вывешанае і разасланае ў кватэры, – абрусы, ручнікі, брыжы, арнаментальныя дываны, сюжэтныя карціны ў рамках– створана на сціплых маленькіх кроснах. Наладжваючы іх, як музычная прылада, Марыя Паўлаўна размаўляе з імі: " Ці паслухаецеся вы мяне?" [13; с. 25 – 26].

– Дзяўчынкай яшчэ назірала, як маці ткала. А сама пачала пасля вайны. Прынесла неяк дахаты вытканы іншымі дыван, павесіла на сцяну – разглядзець: у Неглюбке толькі пачыналі дываны ткаць. Ну і хараство! Ярчэй сонца, багацей вясновай сенажаці здаўся. Нават Ігнат Іванавіч залюбаваўся. Захацелася такі выткаць, а няма нічога: ні нітак, ні бёрды, ні сталоў. Ігнат, ні слова не кажучы, у лес падаўся. Знайшоў, што трэба. Пасушылі, зрабілі кросны. Заснавала. Муж таксама дапамагаў і як задаволены быў, калі выйшла подсцілка! А мне гэтага ўжо мала – то чорныя тку, то белыя. Надакучыць ткаць – бяруся вышываць, а уж кінуць гэту працу не магу [13; с. 26].

– З дзяцінства вышываць люблю, – распавядае Марыя Паўлаўна. Вышываю хутка, усіх дочак абганяю. Люблю тое, што было створана гадоў дзвесьце назад: каб ажыло, каб не было забыта. Некаторыя кажуць, навошта так складана, бо не на выставу. А я раблю, што паскладаней, як на выставу [13; с. 26]”.

Такія людзі, як Марыя Паўлаўна Каўтунова, захоўваюць народныя песні, звычаі, абрады. Прыязджаюць да яе на лета ўнукі, спявае ім бабуля, распавядае пра сваю маладосць, дастае з куфра свае даматканыя ўборы [13; с. 26].

Стукаюць кросны ў Неглюбке. Ведаюць яе вырабы ў шматлікіх кутках нашай краіны, ведаюць у ЗША, Канадзе, Японіі, Францыі, таму што не могуць неглюбскія жанчыны жыць без прыгажосці[13; с. 28]”.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны многім вясковым жанчынам давялося сесці за кросны. Ткачыха з вёскі Паставічы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці Фядора Архіпаўна Чуміла расказвала, што ткаць пачала пасля вайны – “усё згарэла, трэба было адзяваць траіх дзяцей”. Згадзілася ўмельства, выхаванае ў дзяцінстве маці. Так рабілі многія. Паступова стала адраджацца гэтае жыццярадаснае мастацтва [7; с. 6].У культурнай спадчыне Беларусі асобнае месца займае менавіта народнае ткацтва, якое адлюстроўвае сувязь з даўніной, з духоўнай культурай продкаў [22; с. 104].

Белыя льняныя тканіны, упрыгожаныя чырвонымі ўзорамі, – традыцыйныя для Беларусі. У дадатак да чырвоных ужываліся ў невялікай колькасці чорныя і жоўтыя ніткі. Для афарбоўкі нітак сялянкі ўжывалі разнастайныя натуральныя фарбавальнікі. Да пачатку ХХ стагоддзя дзякуючы анілінавым фарбавальнікам і пакупным фабрычным баваўняным ніткам палітра беларускіх тканін узбагачаецца. У вышываных і тканых вырабах з’яўляецца зялены, ліловы, ружовы, аранжавы, фіялетавы і малінавы колеры. Мяняецца не толькі каларыт, але і тэхніка ткання, і, натуральна, характар узору [7; с. 7].

Зыходзячы з матэрыялу выраба беларускія народныя тканіны падзяляюцца на 5 груп:

ІЛЬНЯНЫЯ (у аснове і ўтку льняныя ніткі хатняга прадзення)

ПАЎІЛЬНЯНЫЕ (у аснове – ільняныя ніткі хатняга прадзення, у ўтку – баваўняныя ніткі фабрычнага прадзення ці ў спалучэнні з ільнянымі)

БАВАЎНЯНЫЯ (у аснове і качцы баваўняныя ніткі фабрычнага прадзення)

ВАЎНЯНЫЯ (у аснове і ўтку ваўняныя ніткі хатняга ці фабрычнага прадзення)

НАПАЎВАЎНЯНЫЯ (у аснове– ільняныя ці баваўняныя ніткі, у ўтку – ваўняныя ці ў спалучэнні з ільнянымі, баваўнянымі ніткамі) [8].

У Беларусі вядома каля сямі спосабаў пляцення і ткання паясоў.

У вырабе паясоў найбольш пашырана было ткацтва з дапамогай драўляных дошчачак, а таксама на ніту – простым прыстасаванні для ўтварэння зева ў аснове шляхам падвязвання адпаведных нітак на драўляныя палачкі – “коніка” і “кабылку” [12; с. 808]. Ткацтва на ніту – прыём, знаёмы не толькі беларусам. Так ткуць паясы разанскія, курскія, архангельскія, валагодскія сялянкі. Рознакаляровыя ніткі асновы адным канцом мацуюцца да сцяны, другім – да пояса ткачыхі. Узор утвараецца прыўзніманнем асновы нітом.

Тэхнікі ткацтва на дошчачках існавалі паралельна з ткацтвам на ніту. Абедзве тэхнікі маглі выкарыстоўвацца адначасова ў адным і тым жа населеным пункце. Так, напрыклад, у в. Грабёнка Чэрвеньскага раёна выраблялі паясы як на ніту, так і на дошчачках. У Валожынскім раёне, дзе паясы на ніту былі даволі распаўсюджаны, ужываліся таксама паясы, выкананыя на дошчачках. А. М. Семка, 1929 г. н., з в. Церабуты Старадарожскага раёна захавала чырвоныя вясельныя паясы сваіх бацькоў, якія вытканы на дошчачках [12; с. 808]. На дошчачках выраблялі паясы рукадзельніцы Еўропы і Азіі яшэ ў ХІ – ХІІІ стагоддзях. Цераз квадратныя дошчачкі з чатырма адтулінамі па вуглах прапускаюць рознакаляровыя ніткі асновы, якія мацуюцца да сцяны і да пояса ткачыхі. Узор робяць, паварочваючы дошчачкі па восі ў пэўным парадку, а ў пашчу, якая ўтвараецца пры гэтым, прапускаецца ўточная нітка, яе прыбіваюць рукою [7; с. 8].

Больш разнастайныя па кампазіцыйна-арнаментальных варыянтах былі паясы, якія вырабляліся ў тэхніцы ткацтва на ніту. На ніту вырабляліся таксама ўзорныя лейцы для конскай вупражы, пра што распавяла Соф’я Невяровіч, 1904 г. н., якая нарадзілася ў в. Лазавічы Нясвіжскага раёна. Лейцы былі шырынёй на тры пальцы [12; с. 808]. Мастацкія магчымасці тэхнікі ткацтва на ніту спрыялі таму, што на Міншчыне ў ХІХ – пачатку ХХ ст. склалася некалькі лакальных традыцый вырабу такіх паясоў і цэнтраў іх вытворчасці [12; с. 808].

Пашырэнню на Міншчыне рамяства ткацтва паясоў на ніту і на дошчачках садзейнічае практыка правядзення семінараў-практыкумаў, святаў ткацтва “Матчыны кросны”, якія арганізуе Мінскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці [12; с. 815].

Ткацтва на бердзечке. Бердзечка – тонкая дошчачка невялікага памеру – даўжынёй у далонь і больш. У залежнасці ад даўжыні вызначалася шырыня будучай тканіны. У папярочным кірунку бердзечка лучковай пілой выконваюцца прапілоўкі. Паміж прапілоўкамі застаюцца перамычкі. У кожнай перамычцы па сярэдзінцы свідруецца адтуліна. Пры запраўцы бердзечка ў шчылінах апыняюцца няцотныя ніткі, у адтулінах цотныя. Зяпа ўтворыцца, калі бердзечка паднімаць ці апускаць. Для паясоў заводзяць шматколерную аснову, напрыклад, робяць тонавую (каляровую) расцяжку: па краях больш цёмныя ніткі да сярэдзіны ярчэй і святлей [1; с. 235].

Тэхніка ручнога ткацтва – даволі старажытная з'ява. Найпросты спосаб ткання складаўся ў тым, што некалькі нітак "асновы" ў выглядзе завес накідваліся на пяць пальцаў ступні. Канцы нітак збіраліся ў пучок і мацаваліся на поясе, а папярочная нітачка "уток", прапускалася паміж цотнымі і няцотнымі ніткамі асновы і ўшчыльнялася. Можна сказаць, што асноўнымі семіятычнымі вызначэннямі пояса з'яўляюцца прастора, час, мяжа, абарона, шлях. Нітка як лінія лёсу вельмі арганічная гэтым значэнням [1; с. 235].

Самы просты і распаўсюджаны спосаб – палатнянае перапляценне – вядомы з глыбокай старажытнасці. З дапамогаю белых ільняных або каляровых шарсцяных нітак утка і асновы ткуць палатно для кашуль, ручнікоў, клятчастых і паласатых андаракаў [7; с. 7].

Вынаходства ткацкай постаці суправаджаецца росквітам тэхнік і атрыманнем разнастайных узораў на палатне. Назва ўзорнае ткацтва і азначае ўжыванне шэрагу адмысловых тэхнік для атрымання жаданага каляровага малюнка. Распаўсюджаны наступныя тэхнікі: рэмізная ці пястрадная, закладная, лаянкавая, выбарная, пераборная [1; с. 236].

Рэмізная тэхніка. Выкарыстоўваючы дзве рэмізкі, майстрыхі ткалі дзвюх- і трохкаляровую клетку. Яе назва шарачак сапраўды вобразна выяўляе прыгожую каляровую фактуру, з бясконцымі варыянтамі і гульнёй каляровых контрастов паміж прастакутнымі і квадратнымі ўчасткамі і лініямі [1; с. 237].

Падолы кашуль, спадніц, фартухоў, канцы ручнікоў і абрусаў здаўна аздабляліся чырвоным геаметрычным узорам. Выкананы яны адным з найбольш старадаўніх прыёмаў ткацтва – бранным двухуточным [7; с. 7]. Бранае ткацтва злучана з тэхнікай, пры якой выкарыстоўваецца браніца (бральніца) – тонкая вузкая дошчачка. Часам гэта паняцце злучаюць са значэннем "браць", "выбіраць". Пры бранай тэхніцы атрымліваюць двухколерны вельмі тонкі і вытанчаны ўзор на асабовым боку, а на зваротнай гэты ж узор, але ў выглядзе "негатыва". Тканнё атрымліваецца танкаузорным, чыстым па малюнку. Аснова ткацтва аднатонная, гушчару белая. Узор выводзіцца каляровай ніткай рэльефам над палатном. Для гэтага дошчачку прасоўваюць паміж ніткамі асновы і паварочваюць на 90о. У ўтвораны зяп прапускаюць нітку ўтка, а за ёю прасоўваюць гладкі дубчык як своеасаблівую закладку, каб не забыцца з якога месца пачаты ўзор. Далей льняной ніткай робяць простую пракідку, затым выбіраюць наступны шэраг узору і так да сярэдзіны вырабляймага матыву. З сярэдзіны ўзору ў дзеянне ўступаюць дубчыкі-закладкі. Іх па чарзе прасоўваюць да рэмізак, а на іх месца ўстаўляюць браніцу для стварэння зяпы, ва ў якую прасоўваецца каляровая нітка. Так ідзе працэс ткання далей, да завяршэння матыву, сіметрычнага па гарызанталі [1; с. 237].

Многія тканіны Магілёўшчыны і Гомельшчыны выкананы закладным прыёмам ткання. Для ўтка ткачыха бярэ ніткі рознага колеру і прапускае ўток не цераз усю шырыню палатна, а толькі ва ўзоры пэўнага колеру, паварочваючы нітку назад. Там, дзе нітка вяртаецца, утвараецца адтуліна. Такім чынам ткуць таксама бязворсавыя дываны – паласы (адсюль другая назва гэтага віду ткацтва – палоснае). Не па ўсёй шырыні тканіны ідзе ўзорны ўток і ў выбарным ткацтве. Як і ў бранным, тут пры тканні двума ўткамі ўтвараюцца фонавае палатно і рэльефны ўзор [7; с. 7].

На Беларусі шырока распаўсюджана пераборнае ткацтва. Узорны ўток ідзе па ўсёй шырыні тканіны. Пры рабоце адным узорным утком узор атрымліваецца двухбаковым, а пры рабоце двума і больш узорнымі ўткамі перабор робіцца аднабаковым, бо ў данным выпадку ўзорныя ніткі не з’яўляюцца непарыўнымі па ўсёй шырыні палатна. Пераборнае ткацтва замяніла больш працаёмкае па тэхніцы выканання ткацтва закладное і выбарнае. Аднабаковы перабор ужываецца ў тканні шматкаляровых посцілак і неглюбскіх ручнікоў. Ткачыха ў час працы бачыць толькі адваротны бок тканіны [7; с. 7 – 8]. Пераборная тэхніка ткацтва ў сярэдзіне ХХ ст. робіцца адной з асноўных у вырабе посцілак. Шырокія дэкаратыўна-выяўленчыя магчымасці гэтай тэхнікі, а таксама з’яўленне новых матэрыялаў – катушачных баваўняных нітак для асновы, мулінэ, акрылу для ўтку – садзейнічалі замацаванню за посцілкай важнай мастацка-дэкаратыўнай ролі ва ўбранні сялянскага інтэр’еру. Рознакаляровыя посцілкі, выкананыя ў пераборнай тэхніцы, набываюць значэнне дывана, эстэтычныя вартасці якога ацэньваюцца вышэй за ўтылітарныя. Яны прыходзяць на змену папярэднім тыпам посцілак утылітарнага прызначэння: “суканым посцілкам” з авечай воўны ў клетку, якія валялі самі – “у ногі” (залівалі кіпенем ў цэбры і тапталі нагамі) або аддавалі ў апрацоўку валюшу; “дзяружкам”, тканым у 4 ніты цалкам з лёну або з лёну (аснова) і “перадзіркавай кудзелі” (уток), паласатым – “паласянкам” і клятчастым – “снованкам”, “простым сновалкам”, “у крыжы” льняным посцілкам (Слуцк, Салігорскі раён). Пераборная посцілка з кветкавымі ўзорамі трывала ўваходзіць у склад вясельнага пасагу, замяняючы традыцыйныя ручнікі, абрусы, якія ў вёсцы ў гэты час перасталі ткаць [12; с. 860 – 861].

Шматнітовы спосаб ткання, вядомы на Беларусі з другой паловы ХІХ стагоддзя, шырокае распаўсюджанне ў больш ускладненым выглядзе атрымаў у ХХ стагоддзі. Да сярэдзіны ХХ ст. найбольш пашыранай была шматнітовая тэхніка ткацтва. Па ўсёй Міншчыне было вядома ткацтва на 4, 8 і большай колькасці нітоў. Тэхніка шматнітовага ткацтва дазваляла атрымліваць разнастайныя па арнаментацыі і малюнку перапляцення тканіны, што дасягалася ўжываннем пэўнай колькасці нітоў, адпаведным парадкам праборцы ў іх нітак асновы і ходам па панажах. Гэты від ткацтва, асабліва на 5, 8 і большай колькасці нітоў, патрабаваў ад ткачыхі ўмення запраўляць станок. Не кожная з ткачых валодала такімі навыкамі. Звычайна для запраўкі станка – праборцы нітак асновы ў ніты, бёрда, подвязі панажоў – запрашалі найбольш здатных ткачых-спецыялістак. Самыя складаныя ўзоры запісваліся на паперы – “у планах”, “у спісках” [12; с. 856].

У тэхніцы шматнітовага ткацтва выраблялі настольнікі, ручнікі, посцілкі. Тканіны на 10, 12 і 16 нітах паходзяць у асноўным з Капыльскага, Клецкага, Слуцкага, Салігорскага раёнаў. У заходніх Вілейскім, Мядзельскім раёнах ткалі ручнікі і настольнікі на 16 і нават 20 нітах. Лакалізацыя тканін, вырабленных на вялікай колькасці нітоў, абумоўлена распаўсюджваннем рамесніцкага ткацтва ў канцы XVIII – XIX ст. у напрамку з захаду на ўсход і фактарамі гістарычнага развіцця гэтай тэхналогіі ткацтва на Случчыне [12; с. 857].Сёння прыняты два азначэнні шматнітовага ткацтва [7; с. 8].

Першы спосаб – шматнітовае ткацтва аднаўточнае. Узор утвараецца праборкаю нітак у раміз. Тканіна атрымліваецца двухбаковай. Такім спосабам вырабляецца палатно для абрусоў, фартукоў, ручнікоў.

Другі спосаб – ткацтва шматнітовае двухуточнае. У дадзеным выпадку ўзор гэтак жа праграмуецца праборкаю нітак асновы ў раміз. Тканіна атрымліваецца двухбаковая, з рэльефным узорам. Тэхіка скарыстоўваецца пры тканні сучасных посцілак і ручнікоў. Узнікненне гэтага прыёму ткацтва звязана з пранікненнем у вёску фабрычных тканін і жаданнем ткачых паўтарыць на кроснах арнаменты пакупных тканін замест звычных геаметрычных узораў [7; с. 8].

Найболей раннія звесткі пра ткацкі станок гарызантальнага тыпу адносяцца да ІІ тыс. да н. э. Ужо тады яго выкарыстоўвалі ў Егіпце.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі гарызантальны ткацкі станок быў вядомы ўжо ў ХІІІ ст. Пра гэта сведчаць матэрыялы археалагічных раскопак у старажытнай Гародні, дзе знойдзены дэталі ткацкага станка, човен, фрагменты тканін [11; с. 25].

Гарызантальны ткацкі стан быў распаўсюджаны на Беларусі паўсюдна. Ён мае трывалую канструктыўную аснову: вертыкальныя часці стойкі і гарызантальную абвязку. На паднёбніку, які змацаваны з заднімі стойкамі і навісае над постаццю, выконваючы функцыі кансоля, падвешваюцца два блока ткацкай постаці (векашкі), у канструкцыі якіх ёсць кольца з жолабам. Па іх перасоўваюцца шнуры, якія працягваюцца ад педаляў ткацкай постаці да рэміз. Праз ніценкі-рэмізкі прапушчаны ніткі-асновы. Настаючы на педалі, паднімаюць напераменку цотныя і няцотныя ніткі, а ў ўтвораны зяп рукамі прасоўваецца ўток (човен) – полая прылада, усярэдзіне якога на спіцы намотваецца нітка. Канцы чоўна застругваюцца, з-за чаго човен набывае падабенства з качыным носам. Гэта і дало назву чоўну і самой папярочнай ніткі [1; с. 236]. У кожнай мясцовасці ткацкі стан называлі па-рознару: “кросны”, “варштат” “стан”, часта назва не адпавядала канструкцыі. Напрыклад, у Старадарожскім раёне ў в. Шапчыцы ткацкі стан называлі кроснамі, а ў тым жа раёне ў в. Глядавічы – варштатам, а кросны тут – гэта сама тканіна, якую ткуць. Змешванне тэрмінаў адзначае і даследчык Г. М. Курыловіч. (Курыловіч Г. М. Ткацкі стан // Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. – Мн., 1989. – С. 495 – 497) [22; с. 99]. Кожная наступная механізацыя рамёстваў не змяніла асноўных прынцыпаў ткацтва [22; с. 95].

Шыццё і нераздзельная з ім вышыўка адносяцца да найстаражытнейшых заняткаў чалавека. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. вышыванне на Беларусі было адным з пашыраных заняткаў, а вышыўка – развітым і папулярным відам народнага мастацтва. У той ці іншай ступені ёю валодала кожная жанчына, тым больш што ў асобных месцах вышыўка была адзіным ці пераважным (у параўнанні з ткацтвам) спосабам аздаблення тканін [14; с. 144].

Беларуская народная вышыўка вельмі яркая, самабытная і своеасаблівая. У ёй пераважае геаметрычны арнамент. Вялікай маляўнічасцю адрозніваліся ў мінулым вышытыя ручнікі і подсцілкі-дарожкі Гомельскай, Гарадзенскай, Менскай абласцей. У каларыце пераважаюць інтэнсіўна чырвоны, чорны, насычана зялёны колеры [20; с. 25].Для беларускага народнага ткацтва характэрны строгія геаметрычныя ўзоры – палосы, клетка, канцэнтрычныя ромбы і квадраты [20; с. 36].

У канцы ХІХ і асабліва ў першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. набыла папулярнасць кашуля на гестцы, якая арнаментаваляся выключна вышыўкай [14; с. 145].

Прыкметнае месца сярод вышываных рэчаў займаў ручнік – прадмет, які адыгрываў значную ролю ў духоўным жыцці беларуса, быў неабходным атрыбутам вясельнай, пахавальнай, радзіннай абраднасці, аздобай сялянскай хаты, асабліва покуці з абразамі [14; с. 146].

Беларускі ручнік адносіцца да тых прадметаў народнага мастацтва, якія належаць і мінуламу, і сучаснасці. Папулярнасць яго нязменная, патрэба ў ім адчуваецца і ў нашы дні [21; с. 5].Ручнік – мастацкая тканіна, якая мае пэўную кампазіцыю і арнаментацыю, выкананую ў тэхніках узорнага ткацтва або вышыўкі, функцыянальна звязаная з традыцыйнымі абрадамі і рытуаламі, адыгрывае важную сімвалічную ролю і мае дэкаратыўнае прызначэнне ў аздабленні інтэр’ераў сялянскай хаты. Усё гэта абумовіла трывалыятрадыцыі стварэння і выкарыстання ручнікоў у традыцыйнай культуры беларусаў [12; с. 815 – 816].Ручнікі ткаліся з тонкіх кужэльных ільняных нітак. У аснове і ўтку спалучаюцца ніткі адбеленыя і натуральнага колеру, што стварае тонкія паўтонавыя пераходы і робіць малюнкі тканага арнаменту вельмі выразнымі. Шматнітовыя ручнікі вырабляліся да сярэдзіны ХХ ст., але стварэнне ручнікоў на вялікай колькасці нітоў спынілася ў перадваенныя гады, што было абумоўлена заняпадам рамесніцкага і саматужнага ткацтва [12; с. 820].




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2017-01-14; Просмотров: 1636; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.046 сек.