Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Жанравая трыяда: агляд эвалюцыі факталагічных (інфармацыйных), аналітычных і публіцыстычных жанраў




 

Заўважым, што інфармацыйныя патрэбы, у сваю чаргу, фарміруюцца ў залежнасці ад сацыяльна-псіхалагічных, індывідуальна-псіхалагічных тыпаў людзей, сацыяльных груп, ад гістарычных інфармацыйных традыцый еўрапейскай культуры. Іх, зразумела, шмат, аднак патэнцыяльных спажыўцоў масавай інфармацыі з перавагамі ў бок таго ці іншага жанру (групы жанраў) можна вылучыць і аб’яднаць, у сваю чаргу, у тры асноўныя групы з выяўнымі жанрава-інфармацыйнымі патрэбамі.

У першую групу ўваходзяць спажыўцы-індывідуалісты з выразнымі псіхалагічнымі схільнасцямі да падкрэсленай самастойнасці ў абагульненні інфармацыйных паведамленняў. Іх цікавяць “голыя” факты, без тлумачэнняў і каментараў. Вывады паводле пачутага і ўбачанага яны хочуць рабіць самастойна, без “памагатаяў”-каментарараў. Гэту групу аўдыторыі ЭЖ умоўна можна назваць эга-спажыўцамі (лац. ego – я) з выяўнымі рысамі самаўпэўненасці і жыццёвай мэтанакіраванасці, бо на першы план выстаўляецца жаданне самастойна, асабіста разабрацца і зразумець-абагульніць факты. У гэту групу ўваходзяць людзі з падкрэсленай схільнасцю да дэмакратычных умоў сацыяльнага існавання, да самаасэнсаванн ўласнага “Я” як гістарычнай і сацыяльнай вартасці. У такіх людзей на п’едэстале вартасцей кожны чалавек як “дзяржава ў дзяржаве”, як падкрэслена самавартаснае ўтварэнне прыроды і соцыюму. Гэта — катэгорыя людзей з завостранай патрэбай самастойнага аналізу інфармацыйных паведамленняў. Катэгорыя “інфармацыйных спажыўцоў”, схільная да інфармацыйных выпускаў, якія складаюцца як каскад “голых” фактаў без каментараў і тлумачэнняў, г. зн. да жанраў, якія толькі адлюстроўваюць падзеі, факты, з’явы без якіх-небудзь каментараў, уводнай інфармацыі, меркаванняў. Прыкладам забеспячэння такіх інфармацыйных патрэб з’яўляюцца інфармацыйныя або факталагічныя жанры, а квінтэсэнцыяй такога індывідуалісцкага інфармацыйнага спажывання — эфірныя блокі ў стылістыцы “no comment”.

У другую групу аўдыторыі ўваходзіць катэгорыя людзей дапытлівых, са схільнасцямі да атрымання максімальна поўнай інфармацыі паводле фактаў рэчаіснасці і жыццёвага руху. Яны патрабуюць дадатковую інфармацыю, каб можна было напэўна зрабіць той ці іншы вывад паводле жыццёвых сітуацый. Такіх патэнцыяльных інфармацыйных спажыўцоў можна класіфікаваць як рацыё-спажыўцы (лац. rationalis разумовы, разважлівы). Гэта катэгорыя людзей у жыцці адрозніваецца абачлівасцю, няспешнасцю ў прыняцці жыццёвых рашэнняў. Да гэтай групы могуць далучацца і эга-спажыўцы, але толькі каб упэўніцца ва ўласным вывадзе або канстатаваць адрозненне ўласнага вываду ад вывадаў каментатараў і талмачоў.

Нарэшце, у трэцюю групу патэнцыяльнай аўдыторыі уваходзяць тыя людзі, якія жадаюць эмацыянальнай афарбоўкі інфармацыі, завостранай падачы сацыяльных праблем на падставе максімальна магчымых па аб’ёме і глыбіні каментараў, меркаванняў, дадатковых тлумачэнняў з іх мастацка-эмацыянальнй афарбоўкай, індывідуальным падыходам камунікатараў да фактаў і з’яў. Гэта катэгорыя аўдыторыі ЭЖ патрабуе, акрамя эмацыянальнага інфармацыйнага шоў, яшчэ і публічнай прэзентацыі ўласных меркаванняў або іхняй эфірнай сублімацыі ў форме публіцыстычных жанраў. Іх не задавальняюць “голыя” факты і нават аналітыка, ім патрэбна публічнасць, інфармацыйнае прадстаўленне, эмацыянальны інфармацыйны спектакль-дыспут, праграма-форум. Таму і класіфікаваць гэту катэгорыю можна так: форум-спажыўцы (лац. forum — прадстаўнічы сход, з’езд; у Старажытным Рыме — плошча, на якой адбываліся народныя сходы, ярмаркі, суды). У жыцці гэта людзі з экстраверсійнымі схільнасцямі, трыбунныя прамоўцы, лідары натоўпу, калектыву, супольнасці. Да гэтай групы могуць далучацца ў якасці адносна пасіўных інфармацыйных спажыўцоў эга- і рацыёспажыўцы. Першыя, – каб атрымаць пацвярджэнне або адрознасць сваіх вывадаў ужо на інфармацыйным форуме, другія — каб атрымаць яшчэ большую дадатковую інфармацыю паводле востра надзённых праблем, фактаў і з’яў жыцця.

І атрымліваецца, што ўмоўнае трыяднае падзяленне жанраў журналістыкі было заканамерна абумоўлена дыферэнцыцыяй інфармацыйных патрэб у адпаведнасці з трыма асноўнымі катэгорыямі псіхатыпаў інфармацыйных спажыўцоў: факталагічныя (інфармацыйныя), аналітычныя і публіцыстычныя жанры журналістыкі.

Аднак ўмоўнае падзяленне жанраў ЭЖ на тры групы, якое мае свой адмысловы сэнс, трэба разглядаць яшчэ і ў гістарычным, у паступова эвалюцыйным аспекце, так мовіць, тэхнічна-тэхналагічным.

Як вядома, газета і часопіс як папяровыя носьбіты былі фармальнай умовай для ўзнікнення базавых класічных жанраў, якія, напачатку, былі толькі інфармацыйнымі. Чытачу патрэбна была менавіта “голая” інфармацыя пра тыя падзеі і з’явы, сведкам якіх ён не быў, але мог прачытаць пра іх у газеце. Але паступова стваральнікі інфармацыі адчулі і асэнсавалі патрэбу пашырэння інфармацыі, яе тлумачэння і публічнага асэнсавання ў больш шырокім выглядзе. Так з’явіліся фельетоны, якімі напачатку называліся аналітычныя, тлумачальныя матэрыялы ў газеце, часопісе.*

На радыё трыяднае жанравае падзяленне прыйшло з прэсжурналістыкі. Заўважым толькі, што радыёаналітыка і радыёпубліцыстыка ў адмысловым радыйным выглядзе і форме сфарміраваліся ў працэсе асваення радыёжурналістамі голасна-аналітычных і публіцыстычных магчымасцей радыё — тэхнічнага распаўсюджвання агучанай інфармацыі на далёкую адлегласць і надання разнастайным інфармацыйным матэрыялам адпаведнай псіхалагічнай і эмацыянальнай афарбаванасці праз гук, спалучэння музыкі і слова, гукаў, шумоў — паветранай прасторы, якую патрабуюць публіцыстычныя форумы. А напачатку інфармацыйныя паведамленні, нагадаем, так і называліся “радыёгазета”.

У сваю чаргу, на тэлебачанні інфармацыйныя выпускі складаліся напачатку з жанраў і форм, што ўсталяваліся ў практыцы радыёвяшчання — чытання перад камерай, па-сутнасці, газетных радкоў з інфармацыяй. І тут тэлевізійныя аналітычныя і публіцыстычныя жанры фарміраваліся “на колах” — у працэсе асваення тэлежурналістамі цяпер аўдыёвізуальных, перадусім, канечне, “карціначных” магчымасцей тэлебачання як тэхнічнага вынаходніцтва перадачы на адлегласць спалучанай аўдыё- відэоінфармацыі..

Так кожны тэхнічны сродак выпрацаваў і працягвае выпрацоўваць свае адмысловыя асаблівасці жанравай дыферэнцыяцыі ў дастаткова строгай адпаведнасці з тэхнічнымі магчымасцямі і псіхалагічнымі ўмовамі стварэння і ўспрыняцця інфармацыйных прадуктаў – ці то на радыё, ці то на тэлебачанні, а зараз і для Інтэрнету. Але асноўнае падзяленне на тры групы пакуль застаецца, хаця й адбываецца аб’ектыўная жанравая дыфузія, жанравае спалучэнне, запазычванне пэўных жанравых асаблівасцей адной групы для стварэння жанраў другой, трэцяй. Словам, жыццё і рэальная інфармацыйная практыка непазбежна і аб’ектыўна дыктуюць трансфармацыю, жанравыя змяненні. А тэарэтычная і практычная дыферэнцыяцыя трыяды асноўных жанраў ЭЖ застаецца дзеля магчымасці асэнсаванага і максімальна эфектыўнага іхняга... спалучэння, “размыцця”, сінтэзу. Мастак павінен дакладна бачыць і ведаць, якія фарбы ён змешвае на палітры, спалучае, “сінтэзуе”, каб, адпаведна, стварыць пэўны, асэнсаваны і вызначаны па форме твор — ці то акварэль або алейны партрэт, пейзаж, замалёўку. Журналіст-мастак таксама павінен дакладна ведаць заканамерныя адпаведнасці формы (жанры), якія ён “надае” пэўнаму факту жыцця, а затым “змешвае”. Інакш атрымаецца інфармацыйны формавы хаос, бязглуздзіца, сэнсавы і пачуццёвы нуль.

У тэорыі журналістыкі савецкага і постсавецкага перыяду сфарміравалася трывалае паняцце трох асноўных груп жанраў: інфармацыйныя, аналітычныя і публіцыстычныя жанры.*

Паводле розных публікацый, да інфармацыйных жанраў на радыё і тэлебачанні адносяцца: інфармацыйнае паведамленне (і яго разнавіднасці — хранікальнае паведамленне, паведамленне-анонс, разгорнутае інфармацыйнае паведамленне, каменціраванае паведамленне, карэспандэнцыя), інфармацыйная заметка, справаздача, агляд друку, інфармацыйнае інтэрв’ю, інфармацыйны рэпартаж. (В.М.Шэін. информационные и аналитические жанры радиожурналистики: УМК, Мн.: БГУ, 2003. стр. 25-46; Радиожурналистика: Учебник // Под ред. А.А.Шереля. – 2-е изд. – М.: Из-во МГУ, Изд-во “Высшая школа”, 2002. – 204 с., Телерадиожурналистика. Стральцоў...).

Да аналітычных жанраў розныя аўтары адносяць амаль адзінадушна наступныя: каментар, бяседа, аналітычнае інтэрв’ю (В.Шэін дае разнавіднасць — аналітычнае інтэрв’ю-партрэт), аналітычны рэпартаж.

І ў трэцюю групу ўваходзяць публіцыстычныя жанры: нарысавая група (нарыс, дакументальная драма, замалёўка, эсэ), фельетон, памфлет, публіцыстычныя тыпы інтэрв’ю (у тым ліку інтэрв’ю-каментар, -партрэт, -нарыс. -бяседа, -дыялог), публіцыстычныя тыпы рэпартажу (праблемны, “вандроўны” турысцкі, святочны).*

Дзеля найбольш аб’ёмнага асэнсавання сучаснага стану жанраў ЭЖ і, перадусім, яе базавых, першасных форм — групы інфармацыйных і аналітычных жанраў, неабходна асэнсаваць сучасную правамернасць падзялення жанраў на гэтыя тры асноўныя групы. Ці варта прытрымлівацца ў тэорыі такога трыяднага падзялення жанраў ЭЖ? Падзеленыя на тры асноўныя групы, ці вытрымліваюць жанры ЭЖ на практыцы “дзевяты вал” інфармацыйных патрэб аўдыторыі? Ці, можа, наспела нейкая іншая сістэматызацыя жанраў ва ўлонні электроннай эпохі быцця?

Фармальная логіка заканамерна сцвярджае: усе жыццёвыя функцыянальныя дзеянні чалавека строга рацыянальныя, нішто не робіцца, не ствараецца “проста так”, усё мае функцыянальны і спажывецкі сэнс.

Інфармацыя ж (у нашым выпадку — масавая, сацыяльная) як спосаб перадачы аднім суб’ектам соцыюму другому разнастайных сігналаў, сімвалаў, пэўнай энергіі паводле руху і стану сацыяльнага жыцця і была заканамерна “прыдумана” з мэтай штодзённай арыентацыі чалавека ў часовай, сацыяльнай, асабовай (індывідуальнай) прасторы, у чалавечым асяроддзі.

Масавая ж сацыяльная інфармацыя (прыкладам, штозённыя выпускі навін) пераўтварылася ў неад’емны складнік чалавечага існавання як спосаб адлюстравання рэчаіснасці і спосаб атрымання і перадачы ведаў. Інфармацыя захоўваецца ў памяці людзей і ў “памяці” машын і перадаецца па каналах сувязі, пераапрацоўваецца ў разнастайныя “сігналы” — гукавыя (радыё) або “іканападобныя” (тэлебачанне, вэбжурналістыка) толькі з адзінай мэтай: дзеля сацыяльнай і часовай арыентацыі як асобнага чалавека, так і грамадства, дзеля, у сваю чаргу, прыняцця адпаведных сацыяльных, групавых, сямейных, індывідуальных рашэнняў паводле рэальнага штодзённага жыцця. (БЭ, т.7, стар. 292).

А паколькі інфармацыя павінна быць фармалізаванай, “штучнай” дзеля магчымасці элементарнага асэнсавання фактаў, з’яў, падзей, у выглядзе якіх праяўляецца наш чалавечы, цывілізацыйны рух у часовай прасторы, у гісторыі, дзеля перадачы фактаў гэтага руху на адлегласць або захавання іх для будучых пакаленняў інфармацыйных спажыўцоў, дзеля гэтага і былі “прыдуманы” адмысловыя сэнсавыя “знакі” і змястоўныя “кампазіцыі” – жанры журналістыкі.

У тэорыі радыё- і тэлежурналістыкі традыцыйна замацаваліся першасныя тры групы жанраў: інфармацыйныя, аналітычныя і публіцыстычныя. Група публіцыстычных жанраў сфарміравалася як вынік эвалюцыі першых дзвюх жанравых груп, пра іх гаворка ў наступнай, чацвертай главе. А наступныя радкі прысвечаны характарыстыцы працэса “надання формы” фактам жыцця ў выглядзе інфармацыйных (факталагічных) і аналітычных жанраў.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2013-12-11; Просмотров: 517; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.018 сек.