КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Прэзідэнцкія выбары 2008 г. Б. Абама і палітыка яго адміністрацыі
Прэзідэнцкія выбары 2000 г. Дж. Буш-малодшы і яго палітычная праграма. Падзеі 11 верасня 2001 г. Барацьба супраць міжнароднага тэрарызму. Інтэрвенцыя супраць Іраку і падзенне папулярнасці прэзідэнта. Вынікі прэзідэнцкіх выбараў 1992 г. Б. Клінтан. Сацыяльна-эканамічная палітыка дэмакратычнай адміністрацыі і яе дасягненні. Прэзідэнцкі крызіс 1998-1999 гг. Узрастанне значнасці знешнепалітычных фактараў у вырашэнні ўнутраных праблем амерыканскага грамадства. Для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 1992 г. рэспубліканцы цалкам чакана высунулі кандыдатуру дзеючага прэзідэнта Дж. Буша (старэйшага). У цэнтр сваёй перадвыбарчай кампаніі яны паспрабавалі паставіць цвёрды знешнепалітычны курс апошніх гадоў, які, на іх думку, забяспечыў перамогу Амерыкі ў "халоднай вайне" і пераўтварэнне Злучаных Штатаў у бясспрэчнага лідара ў сістэме міжнародных адносін канца ХХ ст. Аднак пры ўсёй папулярнасці знешняй палітыкі рэспубліканскіх адміністрацый, асноўная ўвага выбаршчыкаў была накіраваная на сацыяльна-эканамічнае становішча краіны, дзе поспехі правячай партыі былі не гэткімі ўражальнымі. Працягваўся рост бюджэтнага дэфіцыту, дзяржаўны доўг вырас да астранамічнай сумы ў $4 трлн. Не былі вырашаны многія сацыяльныя праблемы. Асабліва вострай заставалася праблема дарагоўлі медыцынскага абслугоўвання: каля 40 млн. амерыканцаў (15% насельніцтва) былі пазбаўленыя магчымасці атрымліваць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу. Патрабавала тэрміновага вырашэння і праблема рэфармавання ўсёй сістэмы дзяржаўнай дапамогі. Абяцанне Дж. Буша забяспечыць большае ўмяшанне федэральных уладаў у рашэнне сацыяльна-эканамічных праблем краіны выклікалі незадаволенасць правых рэспубліканцаў, якія бачылі ў гэтым перадвыбарчым абяцанні адступленне ад кансерватыўна-індывідуалістычнага курсу 1980-х гг. Дэмакратычная партыя высунула ў 1992 г. сваім кандыдатам у прэзідэнты маладога палітыка губернатара штата Арканзас Уільяма (Біла) Клінтана. Падтрымліваючы знешнепалітычны курс рэспубліканскіх адміністрацый, дэмакраты зрабілі акцэнт на крытыцы сваіх палітычных сапернікаў за іх няздольнасць вырашаць самыя надзённыя сацыяльныя праблемы, што стаяць перад краінай. Актывізацыя сацыяльнай палітыкі федэральнага ўраду ў духу рэфармісцкіх традыцый Рузвельта – Кенэдзі ў перадвыбарчай праграме Б. Клінтана спалучалася з заявамі пра неабходнасць жорсткай фінансавай палітыкі, пераадолення бюджэтнага дэфіцыту, барацьбы са злачыннасцю. У выніку Дэмакратычная партыя здолела істотна змяніць сваё аблічча ў вачах амерыканскіх выбаршчыкаў – зрабіцца больш "цэнтрысцкай". Адным з важных лозунгаў Б. Клінтана сталі заклікі забяспечыць росквіт амерыканскай эканомікі і дасягненне ўнутранай стабільнасці для забеспячэння лідарскіх пазіцый ЗША на міжнароднай арэне. На прэзідэнцкіх выбарах 1992 г. выступіў і трэці, незалежны кандыдат – буйны тэхаскі бізнесмен Рос Перо. Яго кампанія стала адлюстраваннем масавага незадавальнення амерыканцаў бюджэтным дэфіцытам, ростам падаткаў, павелічэннем дзяржаўнага доўгу. Вынікі выбараў прадэманстравалі яўную перавагу кандыдата ад Дэмакратычнай партыі: Б. Клінтан атрымаў 44,9 млн. галасоў і 370 выбаршчыкаў. За Дж. Буша прагаласавалі 39,1 млн. амерыканцаў, што дало яму толькі 168 выбаршчыкаў. Вельмі ўдала для незалежнага кандыдата выступіў Р. Перо. Ён заваяваў 19,7 млн. галасоў або 18,9% – найлепшы вынік для трэцяга кандыдата з 1912 г. Хаця незалежны кандыдат не перамог ні ў адным штаце, ён адыграў важную ролю ў выбарчай барацьбе, адабраўшы нямала галасоў у рэспубліканцаў і тым самым паспрыяўшы перамозе дэмакратаў. Поспех Дэмакратычнай партыі быў падмацаваны на выбарах у абедзве палаты Кангрэсу, дзе яна таксама атрымала перамогу. У першыя ж месяцы сваёй дзейнасці адміністрацыя Б. Клінтана (1993-2001) распрацавала некалькі праектаў буйных сацыяльных рэформ. Найбольш важным сярод іх быў план увядзення сістэмы ўсеагульнага медыцынскага страхавання, унесены на разгляд Кангрэсу ў верасні 1993 г. На працягу наступных 5 гадоў меркавалася забяспечыць кожнага грамадзяніна краіны ўніверсальнай карткай медыцынскага страхавання, якая б адкрывала яму доступ да стандартнага пакету паслуг аховы здароўя (амбулаторнае і стацыянарнае лячэнне, набыццё неабходных лекаў). Фінансаванне ўсеагульнага медыцынскага страхавання планавалася забяспечыць галоўным чынам за кошт федэральных падаткаў. Абмеркаванне праекту карэннага пераўтварэння сістэмы медыцынскага абслугоўвання выклікала жорсткую палітычную барацьбу ў краіне. Апазіцыя новаму білю (Амерыканская медыцынская асацыяцыя, Рэспубліканская партыя) аказалася настолькі моцнай, што правячая адміністрацыя не здолела правесці яго нават праз камісіі абедзвюх палат Кангрэсу. Не менш вострую дыскусію выклікаў і план рэформы сістэмы дзяржаўнай дапамогі, прапанаваны таксама ў 1993 г. У адпаведнасці з ім усе атрымальнікі дапамогі па беднасці атрымлівалі магчымасць на працягу двух гадоў за кошт федэральнага ўраду падвысіць свой адукацыйны ўзровень і прайсці навучанне ці перакваліфікацыю ў той ці іншай прафесіі. Нягледзячы на тое, што большасць амерыканцаў падтрымалі план рэформы, скрайне адмоўная рэакцыя кансерватыўных сіл і аграмадны бюджэтны дэфіцыт вымусілі Б. Клінтана адмовіцца ад спробаў правесці свой праект праз Кангрэс. Замест гэтага правячая адміністрацыя скіравала асноўныя намаганні на скарачэнне, а ў перспектыве і і на пераадоленне дэфіцыту бюджэту. З гэтай мэтай пачалося правядзенне новай падатковай рэформы. У адрозненне ад рэйганаўскай рэформы 1986 г., стаўкі падаходнага падатку і падатку на даходы карпарацый былі павялічаныя. Дэмакратычная адміністрацыя сур'ёзна ўзялася за барацьбу са злачыннасцю. Новы закон, прыняты Кангрэсам ў 1993 г., значна ўзмацніў пакаранні за цяжкія злачынствы, узмацніў кантроль за продажам агнястрэльнай зброі ды істотна павялічыў колькасць супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Ацэнка першых вынікаў дзейнасці адміністрацыі Б. Клінтана была зроблена ўжо ў 1994 г. на прамежкавых выбарах у Кангрэс. Няздольнасць дэмакратаў ажыццявіць свае два асноўныя праекты (увядзенне ўсеагульнага медыцынскага страхавання і рэформа сістэмы дзяржаўнай дапамогі) выклікала сур'ёзнае незадавальненне менш заможнай часткі насельніцтва. Сярэдні клас выказваў занепакоенасць у сувязі з намерамі правячай адміністрацыі пайсці на рэзкае павелічэнне федэральных выдаткаў і, тым самым, ускласці дадатковы цяжар на іх плечы. Яшчэ больш рэзка планы дэмакратаў ацэньвалі высокадаходныя групы насельніцтва. Перадвыбарчая праграма рэспубліканцаў з абяцаннем скарачэння падаткаў і сацыяльных выдаткаў, дасягнення збалансаванага бюджэту спадабалася амерыканскім выбаршчыкам куды больш: Рэспубліканская партыя зноў заваявала большасць у абедзвюх палатах Кангрэсу, прычым, значна узмацніліся пазіцыі ультракансерватыўнага крыла партыі – яго лідар Ньют Гінгрыч стаў спікерам Палаты прадстаўнікоў. Гэтае паражэнне яшчэ больш ускладніла становішча правячай адміністрацыі. У 1995 г. рэспубліканская большасць у Кангрэсе дабілася абмежавання праграм сацыяльнай дапамогі, а ў наступным прыняла закон пра ўсталяванне пяцігадовага тэрміну выдачы дапамог і абавязковасць працоўнай дзейнасці для іх саіскальнікаў. Спрэчкі вакол бюджэту прывялі да г.зв. "вялікай бюджэтнай вайны" 1995-1996 г. Набліжэнне новых прэзідэнцкіх выбараў выклікала далейшую карэкціроўку палітычных пазіцый дэмакратычнай адміністрацыі. Прэзідэнт выступіў у падтрымку патрабавання рэспубліканцаў дамагчыся збалансаванага бюджэту да 2002 г. Б. Клінтан гаварыў пра неабходнасць змены прыярытэтаў дзяржаўнага рэгулявання: яно павінна было скіроўвацца не на павелічэнне памераў дапамогі бедным, а, найперш, на заахвочванне іх працоўных намаганняў. Станоўчым фонам для дэмакратаў павінна было стаць паляпшэнне сусветнай эканамічнай кан'юнктуры. З 1993 г. ЗША ўступілі ў чарговы перыяд прамысловага ўздыму, зніжэння ўзроўню беспрацоўя і, што асабліва важна, значнага зніжэння бюджэтнага дэфіцыту – за 1993-1996гг. ён знізіўся амаль з $255 да $107 млрд. г.зн. у 2,5 разы. У выніку прэзідэнцкія выбары 1996 г. прынеслі Б. Клінтану яшчэ больш пераканаўчую перамогу, чым чатырма гадамі раней. Дзеючы прэзідэнт набраў 47,4 млн. галасоў (379 выбаршчыкаў), супраць 39,2 млн. галасоў (159 выбаршчыкаў) у яго галоўнага канкурэнта – лідара умеранага крыла Рэспубліканскай партыі сенатара Роберта (Боба) Доўла. Р. Перо гэтым разам выступіў нашмат менш удала, набраўшы ў 2,5 разы меней галасоў. Як гэта не аднойчы бывала, у другі раз выбаршчыкі вырашылі не падтрымліваць "непрахаднога" кандыдата. Пасля выбараў 1996 г. адміністрацыя Б. Клінтана з яшчэ большай паслядоўнасцю працягнула курс на сур'ёзную эвалюцыю Дэмакратычнай партыі, на пошукі ёю найбольш аптымальнага варыянту "трэцяга шляху", вольнага і ад эксцэсаў ліберальнага рэфармізму 1960-1970-х гг., і ад скрайнасцяў ультракансерватыўнага рэйганізму 1980-х гг. Важнейшай задачай у гэтых пошуках, на думку прэзідэнта, павінна было стаць знаходжанне найлепшага спалучэння больш абмежаванага, але дастаткова эфектыўнага дзяржаўнага рэгулявання з адказнай фінансавай палітыкай, заснаванай на падтрыманні збалансаванага бюджэту. Перарастанне хуткага эканамічнага росту ў сапраўдны бум забяспечыла выдатныя ўмовы для стварэння на базе навейшай электроннай тэхнікі разгалінаванай інфармацыйнай інфраструктуры, характэрнай для сучаснай стадыі постіндустрыяльнага (інфармацыйнага) грамадства. Паскарэнне тэмпаў эканамічнага развіцця прывяло да стварэння мільёнаў новых працоўных месцаў і, як вынік, скарачэння да 4,5-5% ўзроўню беспрацоўя, падтрымання на нізкім 2- адсоткавым узроўні інфляцыі, да падвышэння канкурэнтаздольнасці амерыканскай эканомікі і ўзмацненню пазіцыяў ЗША ў сусветным гандлі. У 1997 г. у Злучаных Штатах быў прыняты амаль збалансаваны бюджэт (дэфіцыт складаў толькі $22 млрд.). У наступным годзе даходы федэральнага бюджэту Злучаных Штатаў перавысілі яго выдатковую частку на $70 млрд., а 1999 г. прафіцыт павялічыўся да $120 млрд.! Ліквідацыя бюджэтнага дэфіцыту стала магчымая ў тым ліку за кошт скарачэння ваенных выдаткаў. У 1998 г. яны склалі толькі 16% федэральнага бюджэту – утрая меней, чым было асігнавана на забеспячэнне сацыяльных праграм. Адмовіўшыся на час ад ажыццяўлення найбольш дарагіх сацыяльных рэформ і перадусім ад спробы ўвядзення сістэмы ўсеагульнага медыцынскага страхавання, дэмакратычная адміністрацыя не толькі не дапусціла скарачэння федэральных сацыяльных выдаткаў, але па цэламу шэрагу накірункаў пайшла на іх значнае павелічэнне. Напрыклад, было праведзена чарговае падвышэнне мінімальных пагадзінных ставак заробкаў, працягвалася ажыццяўленне асноўных праграм сацыяльнай дапамогі. Важнае месца ў планах адміністрацыі займала падтрымка адукацыі і навукі. Федэральны бюджэт пры Б. Клінтане узяў на сябе больш за трэць усіх выдаткаў на навуку, у тым ліку больш за палову – на фундаментальныя даследаванні. Напярэдадні новых прамежкавых выбараў 1998 г. бясспрэчныя дасягненні дэмакратычнай адміністрацыі паставілі рэспубліканцаў у вельмі цяжкую сітуацыю: знайсці прынцыповую альтэрнатыву курсу Б. Клінтана было практычна немагчыма. На іх шчасце нагоду для моцнай крытыкі даў сам прэзідэнт. Напачатку 1998 г. у прэсе з'явілася інфармацыя пра "неслужбовыя адносіны" паміж Б. Клінтанам і супрацоўніцай Белага Дому 22-гадовай Монікай Лявінскі – "скандал Клінтан-Лявінскі". Гэтая непрыгожая гісторыя была раздзьмутая да памераў грандыёзнага палітычнага скандалу. Прэзідэнт адпрэчыў усе абвінавачанні на свой адрас, а яго жонка Хілары публічна патрымала мужа, заявіўшы, што выпады супраць яго – палітычная змова несумленных канкурэнтаў. Пачаўся судовы працэс, на якім нанова выплыла яшчэ некалькі падобных скандальных эпізодаў. У рэшце рэшт высветлілася, што прэзідэнт хлусіў падчас судовага працэсу, а ён сам (яго прадстаўнікі), магчыма, аказвалі ціск на сведкаў. Зручная сітуацыя для таго, каб замацаваць перавагу ў Кангрэсе на прамежкавых выбарах, не была выкарыстана рэспубліканцамі. У Палаце прадстаўнікоў яны нават страцілі некалькі месцаў. Правалілася і спроба адправіць Б. Клінтана ў адстаўку. Дэпутаты рэспубліканцы, якія мелі большасць у абедзвюх палатах Кангрэса, атрымалі магчымасць узбуджэння супраць Б. Клінтана працэдуры імпічменту. У лістападзе 1998 г. па гэтым пытанні пачаліся слуханні ў Кангрэсе. Палата прадстаўнікоў высунула абвінавачанні дзеючаму прэзідэнту па двух пунктах: хлусня на судзе прысяжных і чыненне перашкод ў адпраўленні правасуддзя. Тым не менш, напачатку 1999 г. Сенат, якому Канстытуцыя ЗША даручае ў гэтым выпадку выступаць у ролі спецыяльнай судовай інстанцыі, большасцю галасоў адхіліў абодва абвінавачанні, палічыўшы, што яны не з'яўляцца дастаткова сур'ёзнымі, каб змясціць Б. Клінтана з яго высокай пасады. Немалое значэнне для вынясенне гэткага вердыкту мелі "пакаянная прамова" прэзідэнта і амерыканская грамадская думка, якая ў цэлым з паразуменнем паставілася да "прыгодаў" свайго лідара і па сутнасці прызнала факт празмернай палітызацыі асобных старонак яго асабістага жыцця Рэспубліканскай партыяй. (Вярхоўны Суд штата Арканзас, аднак, пазбавіў Б. Клінтана адвакацкай ліцэнзіі за ілжэсведчанне.) З пункту гледжання будучых прэзідэнцкіх выбараў падрыў маральнага аўтарытэту лідара дэмакратаў мог мець куды больш сур'ёзныя наступствы і для ўсёй партыі, і для яе новага кандыдата. У выніку, для мінімізацыі негатыўнага ўплыву "скандалу Клінтан-Лявінскі" правячая адміністрацыя сур'ёзна актывізавала сваю дзейнасць. У 1999 г. была агучаная амбіцыйная праграма шырокіх сацыяльных рэформ, разлічаных на працяглы перыяд. Яна была заклікана замацаваць за дэмакратамі імідж партыі, што стаіць на варце агульнанародных інтарэсаў. У 1999 г. падобны ж разлік ляжаў і ў падмурку планаў і дзеянняў правячай адміністрацыі ў сферы знешняй палітыкі. У першую чаргу гэта праявілася падчас ваенна-сілавога ўмяшання ЗША ва ўнутрыюгаслаўскі (косаўскі) канфлікт і некаторых іншых кроках дзеля ўмацавання глабальнага лідарства ЗША (гл. далей). Рэспубліканцы ставіліся да гэткага празмернага актывізму Злучаных Штатаў на міжнароднай арэне дастаткова скептычна. Яны абвінавачвалі Б. Клінтана ў тым, што той дбае ў першую чаргу не пра забеспячэнне нацыянальных інтарэсаў, а пра вырашэнне сваіх персанальных праблем. Упершыню за доўгі час пытанні амерыканскай знешняй палітыкі аказаліся ў цэнтры вострых дыскусій вядучых палітычных партый краіны. Сфармуляваныя ў 1999 г. Б. Клінтанам прыярытэты амерыканскай ўнутранай і знешняй палітыкі леглі ў падмурак выбарчай праграмы кандыдата ад Дэмакратычнай партыі на прэзідэнцкіх выбарах 2000 г., віцэ-прэзідэнта ЗША Альберта (Ала) Гора. Дэмакраты заяўлялі пра сваю рашучасць працягнуць рух па "трэцяму шляху", некалькі абмяжоўваючы маштабы дзяржаўнага ўмяшання, але падвышаючы яго эфектыўнасць. Рэспубліканцы падтрымалі кандыдатуру прадстаўніка ўмерана-кансерватыўнага крыла партыі, губернатара Тэхасу Джорджа Буша-малодшага, сына 41-га прэзідэнта ЗША Джорджа Буша (1989-1993). У адрозненне ад традыцыйнага для рэспубліканскіх дзеячаў негатыўнага стаўлення да дзяржаўнага рэгулявання эканомікі і сацыяльных адносін, перадвыбарчая платформа Дж. Буша-малодшага прызнала неабходнасць актыўных дзеянняў дзяржавы ў сацыяльна-эканамічнай сферы. Кандыдат-рэспубліканец абвясціў лозунг "спагаднага кансерватызму": " Я перакананы, што кансерватыўная ідэалогія – гэта філасофія спагады... Кансерватызм – скарачаць падаткі; спагада – даваць людзям болей грошай на выдаткі. Кансерватызм – настойваць на мясцовым кантролі над школамі, высокіх стандартах і выніках адукацыі; спагада – дамагацца, каб кожнае дзіця навучыўся чытаць і ніхто не адстаў... " Праграмныя палажэнні двух вядучых кандыдатаў аказаліся вельмі падобнымі, што рабіла выбар паміж канкурэнтамі няпростай задачай для выбаршчыкаў. Гэта пацвердзіла і галасаванне 7 лістапада 2000 г. Канкурэнты паказалі практычна аднолькавыя вынікі. У многіх штатах перавага аднаго кандыдата над другім была зусім нязначнай (перамога ў штаце прыносіць кандыдату усе галасы выбаршчыкаў гэтага штату). У Фларыдзе перавага Дж. Буша-малодшага аказалася настолькі мізэрнай, што па існуючых там правілах нават спатрэбіўся пералік галасоў. Правядзенне паўторнай працэдуры ў гэтым штаце ўскладнялася тым, што з-за шматлікіх памылак у афармленні бюлетэняў пералік было вырашана праводзіць не аўтаматычна, а ўручную. Вызначэнне пераможцы расцягнулася на некалькі тыдняў. У канчатковым выніку кандыдат-рэспубліканец набраў на 500 галасоў болей (з 6млн. грамадзян штату, якія мелі права голасу), атрымаў 25 выбаршчыкаў ад Фларыды і агульную перамогу на выбарах у краіне. Дж. Буш-малодшы выйграў выбары ў 30 штатах і заручыўся падтрымкай 271 выбаршчыка, а А. Гор – у 20 штатах і сталічнай акрузе Калумбія, што дало яму толькі 266 выбаршчыкаў. Аднак агульная колькасць пададзеных па краіне галасоў за А. Гора аказалася большай на 550 тыс. (0,5%) галасоў. Атрымалася (ужо ў чацвёрты раз у амерыканскай гісторыі), што прэзідэнтам быў абраны не самы папулярны сярод выбаршчыкаў кандыдат. У Злучаных Штатах загаварылі пра неабходнасць пераходу да больш сучаснай, простай і дэмакратычнай сістэмы выбараў прэзідэнта. Некаторыя апаненты Дж. Буша-малодшага нават заяўлялі аб яго нелегітымнасці, звяртаючы ўвагу на парушэнні ў працэсе выбараў і падліку галасоў у Фларыдзе, а таксама ўвязваючы гэтыя парушэнні з магчымым уплывам дзеючага губернатара гэтага штату – Джона (Джэба) Буша – малодшага брата абранага прэзідэнта. Неадназначнасць, нават скандальнасць, прэзідэнцкіх выбараў і не надта ўдалы зыход выбараў у Кангрэс (рэспубліканцы страцілі большасць у Сенаце) абяцалі новаму амерыканскаму лідару вельмі няпростае прэзідэнцтва. У першых жа сваіх выступах Дж. Буш-малодшы (2001-2009) абвясціў, што галоўнымі прыярытэтамі свайго ўнутрыпалітычнага курсу ён лічыць гэткія праблемы, як выплата аграмаднага дзяржаўнага доўгу, скарачэнне непамерных федэральных выдаткаў і зніжэнне празмерна высокіх падаткаў. 11 верасня 2001 г. ісламскія фундаменталісты накіравалі захопленыя грамадзянскія самалёты на Сусветны гандлёвы цэнтр у Нью-Ёрку і будынак Пентагону ў Вашынгтоне. Адказнасць за гэты тэрарыстычны акт узяла арганізацыя "Аль-Каіда". Амерыканская нацыя знаходзілася ў шоку і разгубленасці: аказалася, што магутнейшая дзяржава свету безабаронная супраць арганізаванага тэрору. Гэтыя трагічныя падзеі высунулі на першы план ў палітыцы рэспубліканскай адміністрацыі барацьбу супраць міжнароднага тэрарызму. Адміністрацыя Дж. Буша-малодшага адказала на гэты варварскі акт цэлым шэрагам жорсткіх заяў і рашучых крокаў. Напачатку кастрычніка была распачата контртэрарыстычная аперацыя ў Афганістане. Напрыканцы кастрычніка 2001 г. Кангрэс прыняў г.зв. "Патрыятычны акт", федэральны закон, які даў ураду і паліцыі шырокія магчымасці для нагляду за грамадзянамі. У прыватнасці, Федэральнае Бюро Расследаванняў (ФБР) атрымлівала большыя правы для падслухоўвання ды электроннага сачэння. У далейшым гэта прывяло да шматлікіх арыштаў падазроных іншаземцаў, якія потым утрымліваліся ў зняволенні без прад'яўлення афіцыйных абвінавачанняў. Крытыкі адміністрацыі і нават незаангажаваныя назіральнікі ў Злучаных Штатах і за іх межамі расцанілі "Патрыятычны акт" як парушэнне 4-й папраўкі да канстытуцыі. У 2002 г. з ініцыятывы Дж. Буша-малодшага адбылася буйнейшая за паўстагоддзя рэарганізацыя Адміністрацыі ЗША – створана новае Міністэрства (дэпартамент) Нацыянальнай Бяспекі. Першая рэакцыя грамадства на дзеянні рэспубліканскай адміністрацыі была цалкам пазітыўнай. Напрыклад, напрыканцы верасня 2001 г. Дж. Буш-малодшы усталяваў абсалютны рэкорд папулярнасці сярод амерыканскіх прэзідэнтаў – згодна з апытаннямі ў краіне, праведзеных сусветна вядомай сацыялагічнай службай Гэлапа, яго дзейнасць ухвалялі 94% амерыканцаў. Важнае месца ва ўнутрыпалітычнай праграме рэспубліканскай адміністрацыі адводзілася школьнай рэформе. Аграмадныя дзяржаўныя выдаткі на гэтую сферу (напачатку 2000-х у межах 39 праграм выдаткоўвалася каля $120 млрд.) не давалі адпаведных вынікаў. Па словах самога прэзідэнта, да чацвёртага класа многія амерыканскія школьнікі не маглі навучыцца добра чытаць. Праведзены ў 2001 г. праз Кангрэс закон (англ. No Child Left Behind Act; прыкладны пераклад – "Клопат і ўвага кожнаму дзіцяці") быў закліканы забяспечыць усталяванне высокіх, але дыферэнцаваных адукацыйных стандартаў у навучальных установах, якія жадалі разлічваць на грошы з федэральнага бюджэту. У сваёй эканамічнай палітыцы Дж. Буш-малодшы, як і ў знешняй палітыцы, дэманстраваў жорсткасць і бескампраміснасць. Спасылаючыся на неабходнасць даць штуршок амерыканскай эканоміцы пасля непрацяглай рэцэсіі 2001 г., у 2001 і 2003 гг. ён правёў праз Кангрэс праграму скарачэння падаткаў. На фоне значнага павелічэння выдаткаў федэральнага ўраду (за час прэзідэнцтва Дж. Буша-малодшага яны выраслі на 70%; немалая іх частка пайшла на ваенныя патрэбы) гэта прывяло да рэзкага росту дэфіцыту федэральнага бюджэту. І адукацыйная, і падатковая рэформа, і некаторыя іншыя рашэнні рэспубліканскай адміністрацыі (напрыклад, адмова ратыфікаваць Кіёцкі пратакол, скіраваны на абмежаванне забруджвання навакольнага асяроддзя) выклікалі нямала крытыкі з боку амерыканскіх палітыкаў і грамадства. Аднак найбольш супярэчлівым з іх было ўварванне ЗША ў Ірак на падставе дадзеных разведкі, як аказалася сфальсіфікаваных, пра наяўнасць у С. Хусэйна зброі масавага паражэння. Нягледзячы на вострую крытыку апанентаў і пратэсты часткі насельніцтва супраць ваяўнічай знешняй палітыкі дзеючай адміністрацыі, Дж. Буш-малодшы з лёгкасцю выйграў намінацыю кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2004 г. Яго канкурэнтам ад Дэмакратычнай партыі стаў сенатар ад Масачусетса Джон Кэры. Тэма Ірака стала адной з асноўных у ходзе выбарчай кампаніі 2004 г.: дзеючы прэзідэнт і яго каманда настойвалі на неабходнасці працягу вайны ў Іраку і жорсткай барацьбы з сіламі сусветнага тэрарызму, у той час як яго канкурэнт спрабаваў набраць палітычныя ачкі на моцных антываенных пачуццях амерыканцаў. Дж. Буш-малодшы акцэнтаваў неабходнасць падтрымання традыцыйных маральных каштоўнасцяў Амерыкі. На думку Дж. Кэры большай увагі заслугоўвалі эканамічныя праблемы, асабліва барацьба з беспрацоўем, і рэформа сістэмы аховы здароўя. Амерыканцы аддалі перавагу лідару рэспубліканцаў. Дж. Буш-малодшы выйграў у 31 штаце і заручыўся падтрымкай 286 выбаршчыкаў. Акрамя таго, дзеючы прэзідэнт здолеў заваяваць большасць – 50,7% – галасоў амерыканцаў, што ўзялі ўдзел у выбарах. Папярэднім прэзідэнтам, які мог пахваліцца гэткім высокім узроўнем электаральнай падтрымкі, быў яго бацька – Дж. Буш-старэйшы на выбарах 1988 г. Больш за тое, рэспубліканцы не толькі захавалі за сабой Белы Дом, але таксама заваявалі большасць у абедзвюх палатах Кангрэсу – апошні раз падобнага поспеху яны дасягнулі ў 1928 г. У перыяд дзейнасці другой адміністрацыі Дж. Буша-малодшага асноўныя накірункі ўнутранай (і знешняй) палітыкі не зазналі значных змен. Але ўжо да канца 2005 г. адбылося значнае зніжэнне папулярнасці дзеючага прэзідэнта, што галоўным чынам было звязана з палітыкай ЗША у Іраку. Новым ударам па іміджы прэзідэнта стала паводка ў Новым Арлеане ў выніку ўрагану Катрына (жнівень-верасень 2005 г.), калі затопленымі аказаліся каля 80% горада. Стыхійнае бедства прынесла аграмадныя матэрыяльныя страты, некалькі соцень чалавек загінулі. Рэспубліканская адміністрацыя была абвінавачана ў тым, што не прыняла неабходных захадаў для своечасовай эвакуацыі горада, і некаторых іншых праліках. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што на прамежкавых выбарах, якія адбыліся ў лістападзе 2006 г., Рэспубліканская партыя пацярпела паражэнне і страціла кантроль над абедзвюма палатамі Кангрэсу. Падпарадкоўваючыся іх ціску, Дж. Буш-малодшы быў вымушаны адправіць у адстаўку свайго самага непапулярнага міністра – галаву Пентагона (міністра абароны) Дональда Рамсфельда. Пазіцыі рэспубліканцаў яшчэ больш ускладніліся пасля пачатку іпатэчнага (2007), а потым і фінансавага (2008) крызісаў. Сур'ёзнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне разам з дарагімі і малапаспяховымі ваеннымі акцыямі адміністрацыі Дж. Буша-малодшага на Блізкім Усходзе (Афганістан, Ірак), наадварот, стваралі для Дэмакратычнай партыі цудоўныя перспектывы на прэзідэнцкіх выбарах 2008 г. Кандыдатам ад дэмакратаў быў намінаваны сенатар ад штату Ілінойс – толькі 5-ты сенатар-афраамерыканец у гісторыі краіны – Барак Абама. (Яго галоўным сапернікам была экс-першая лэдзі Хілары Клінтан). Б. Абама выступаў за хуткае заканчэнне Іракскай вайны, энергетычную незалежнасць краіны і ўсеагульную сістэму аховы здароўя. Важнай асаблівасцю кампаніі дэмакратычнага кандыдата было тое, што ён стаў першым кандыдатам у прэзідэнты, які адмовіўся ад дзяржаўнага фінансавання. Прывабныя лозунгі ("Перамены, у якія мы можам паверыць" і "Да, мы можам"), а таксама прадуманая PR-кампанія ў сродках масавай інфармацыі, асабліва ў сетцы Інтэрнэт, дазволіла Б. Абаму і яго выбарчаму штабу сабраць на выбарчыя патрэбы прыватныя ахвяраванні на суму каля шасцісот мільёнаў долараў. Яго галоўным канкурэнтам з'яўляўся кандыдат ад Рэспубліканскай партыі патомны афіцэр і ветэран В'етнамскай вайны (быў збіты над Ханоем і правёў у палоне 5,5 гадоў) сенатар ад Арызоны Джон Маккейн. У цэнтры перадвыбарчых дыскусій апынулася ўзрастальнае пагаршэнне эканамічнай абстаноўкі ў краіне. Найбольш рашучыя антыкрызісныя захады прапаноўваў кандыдат-дэмакрат. Амерыканцы выступілі ў падтрымку перамен і абнаўлення. Амаль 70 млн. чалавек (52,9%) прагаласавалі за Б. Абаму, што прынесла яму 365 галасоў выбаршчыкаў (у Дж. Маккейна – толькі 173). Гэткім чынам Б. Абама (2009 –) стаў першым афраамерыканцам, абраным прэзідэнтам ЗША, а яго напарнік Джон Байдэн – першым віцэ-прэзідэнтам-каталіком. Поспех Дэмакратычнай партыі на прэзідэнцкіх выбарах быў падмацаваны перамогай на выбарах у Кангрэс: дэмакраты ўмацавалі сваю большасць у абедзвюх палатах. Першыя крокі новай прэзідэнцкай адміністрацыі былі накіраваныя на пераадоленне фінансава-эканамічнага крызісу і аднаўленне пазіцый амерыканскай эканомікі на міжнароднай арэне. Ужо ў лютым 2009 г. прэзідэнт падпісаў г.зв. "Акт аднаўлення" (Recovery Act), які прадугледжваў выдаткаванне $787 млрд. на забеспячэнне падатковых стымулаў, павелічэнне дапамог па беспрацоўю ды іншых сацыяльных выплат, рост асігнаванняў на адукацыю і ахову здароўя, паляпшэнне інфраструктуры, у тым ліку на энергетычны сектар. Адным з важнейшых пунктаў унутрыпалітычнай праграмы Б. Абамы стала рэформа сістэмы аховы здароўя. Праблема, якую напачатку 1990-х гг. спрабаваў вырашыць Б. Клінтан, не толькі не страчвала сваёй актуальнасці, але нават абвастралася. У ЗША адсутнічае бясплатная медыцына і за паслугі ўрача плацяць страхавыя кампаніі. Кошт медыцынскай страхоўкі ў год складае каля $3 тыс. у год што па кішэні далёка не ўсім амерыканцам. У выніку па дадзеных на 2008 г. без медыцынскай страхоўкі абыходзілася 47 млн. амерыканцаў – прыкладна шостая частка насельніцтва краіны. Рэформа, з аднаго боку, была павінна абмежаваць свавольства страхавых кампаніяў, а з другога, даць больш бяспекі і стабільнасці тым, у каго ёсць медыцынская страхоўка і даць страхоўку тым, у каго яе няма. На ажыццяўленне паэтапнага рэфармавання галіны за дзесяць гадоў дэмакратычная адміністрацыя збіралася патраціць парадку $900 млрд. У 2009 г. адпаведны праект быў праведзены праз Кангрэс, а напачатку 2010 г. набыў сілу закону. Будучы ад самага пачатку гарачым праціўнікам Іракскай вайны, Б. Абама абнародаваў план вываду войск ЗША з Іраку. Асноўныя злучэнні павінны былі пакінуць краіну напрыканцы жніўня 2010 г., але каля 50 тыс. амерыканскіх вайскоўцаў засталіся для аказання дапамогі іракскім уладам. 1 верасня 2010 г. віцэ-прэзідэнт Дж. Байдэн абвясціў пра афіцыйнае заканчэнне аперацыі "Іракская свабода" і пра пачатак новай небаявой аперацыі амерыканскай арміі. Адным з галоўных абяцанняў перад выбарамі і першых рашэнняў Б. Абамы на пасадзе прэзідэнта (было зроблена ўжо на другі дзень знаходжання ў Белым Доме) стала распараджэнне пра закрыццё турмы для асабліва небяспечных злачынцаў на ваеннай базе ЗША ў Гуантанама (Куба). У гады дзейнасці адміністрацыі Дж. Буша гэтая турма здабыла ў свеце змрочную славу з-за шматлікіх фактаў выкарыстання катаванняў і бесчалавечных адносін у дачыненні вязняў, галоўным чынам падазраваных у тэрарызме. Да канца 2009 г. турма была павінна спыніць сваё існаванне. Нягледзячы на велізарныя федэральныя выдаткі, эканамічная сітуацыя ў краіне паляпшалася вельмі павольна. Тэмпы эканамічнага росту былі невысокімі, а бюджэтны дэфіцыт пастаянна павялічваўся. Доля беспрацоўных ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва працягвала расці і ў 2010 г. трымалася на высокім ўзроўні – звыш 9,5%. Рашэнне прэзідэнта пра закрыццё турмы ў Гуантанама з-за супрацьдзеяння кангрэсменаў таксама не было выканана (у краіне ўзрастала колькасць праціўнікаў пераводу на тэрыторыю ЗША вязняў, якія падазраваліся ў тэрарыстычнай дзейнасці). Гэтыя і некаторыя іншыя праблемы, з якімі сутыкнулася адміністрацыя Б. Абамы, не маглі не адбіцца на ўзроўні папулярнасці Дэмакратычнай партыі. Гэта яскрава падкрэслілі вынікі прамежкавых выбараў у Кангрэс 2010 г. Дэмакраты здолелі захаваць нязначную большасць у Сенаце, але страцілі 63 мандаты ў Палаце прадстаўнікоў і саступілі там першынство рэспубліканцам. У снежні 2010 г. адміністрацыя Б. Абамы выканала яшчэ адно важнае абяцанне сваім выбаршчыкам. Быў падпісаны закон, які скасоўваў акт 1993 г. пра забарону службы ва ўзброеных сілах ЗША адкрытых прыхільнікаў аднаполай любові (прынцып "Не запытвай, не кажы" – англ. Don't ask, don't tell); яшчэ раней закон 1993 г. быў прызнаны антыканстытуцыйным. У красавіку 2011 г. Б. Абама заявіў пра жаданне ўдзельнічаць ў прэзідэнцкіх выбарах 2012 г. і афіцыйна распачаў новую прэзідэнцкую кампанію.
Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 425; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |