Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Тэматыка семінарскіх заняткаў 1 страница




Асноўныя вынікі другой сусветнай вайны. Дыпламатычнае замацаванне вынікаў вайны. Стварэнне ААН. Мірныя дагаворы з Італіяй, Румыніяй, Венгрыяй, Балгарыяй, Фінляндыяй. Праблема мірных дагавораў з Германіяй, Аўстрыяй, Японіяй. Стварэнне Ялцінска-Патсдамскай сістэмы міжнародных адносінаў.

Другая сусветная вайна была самай цяжкай і крывавай вайной у гісторыі чалавецтва. Падчас вайны загінула каля 60 млн. чалавек. Дзясяткі мільёнаў людзей былі параненыя, сталі і інвалідамі. Вайна спустошыла цэлыя краіны, пераўтварыла ў разваліны гарады і вёскі, зрабіла ўцекачамі мільёны людзей.

Галоўны вынік другой сусветнай вайны – перамога над фашызмам. Фашысцкія і мілітарысцкія дзяржавы агрэсары – Германія, Італія і Японія ды іх саюзнікі былі разгромлены. Іх эканоміка, палітыка, ідэалогія пацярпелі крах, узброеныя сілы капітулявалі, тэрыторыі былі акупіраваныя войскамі антыгітлераўскай кааліцыі.

Адным з важнейшых вынікаў вайны быў пераход цэлага шэрагу краін на шлях некапіталістычнага развіцця. Пасля вызвалення ад акупантаў у шэрагу краін Усходняй і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы, атрымаўшых назву краін "народнай дэмакратыі", былі створаныя ўрады з удзелам і пад кіраўніцтвам камуністаў, якія прыступілі да ажыццяўлення антыфашысцкіх, дэмакратычных, а потым і сацыялістычных пераўтварэнняў. Аналагічныя пераўтварэнні праводзіліся ва Ўсходняй Германіі ў Паўночнай Карэі, акупіраваных савецкімі войскамі. У Кітаі пасля разгрому Японіі і перамогі ў грамадзянскай вайне 1945-1949 гг. да ўлады прыйшлі камуністы. 1 кастрычніка 1949 г. была ўсталяваная Кітайская Народная Рэспубліка (КНР). Утварылася цэлая супольнасць народна-дэмакратычных і сацыялістычных краінаў.

Яшчэ адзін значны вынік другой сусветнай вайны – пачатка распаду каланіяльнай сістэмы. Вызваленчыя мэты і антыфашысцкі характар вайны, паражэнні каланіяльных дзяржаў у вайне з Японіяй, а потым разгром фашысцкіх агрэсараў і японскіх мілітарыстаў спрыялі бурнаму ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху.

У выніку другой сусветнай вайны рэзка змяніліся суадносіны сіл на міжнароднай арэне. Германія, Італія і Японія, якія да вайны належалі да вялікіх дзяржаў, пацярпеўшы паражэнне, на час пераўтварыліся ў залежныя краіны, акупіраваныя іншаземнымі войскамі. Іх эканоміка была разбураная вайной, і яны на працягу шэрагу гадоў не маглі спаборнічаць са сваімі ранейшымі канкурэнтамі.

Адзінай буйной дзяржавай, якая выйшла з вайны значна ўзмоцненай ва ўсіх адносінах, білы Злучаныя Штаты. Толькі яны валодалі ядзернай зброяй. ЗША пераўтварыліся ў гіганцкую "звышдзяржаву", лідара капіталістычнага свету, што прэтэндаваў на сусветную гегемонію.

Другой "звышдзяржавай"стаў СССР. Нягледзячы на аграмадныя ахвяры і разбурэнні, сваім вырашальным унёскам у перамогу над нацысцкай Германіяй Савецкі Саюз у небывалай ступені ўзмацніў сваю магутнасць, уплыў і прэстыж. Узброеныя сілы СССР знаходзіліся ў многіх краінах Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы ва Ўсходняй Германіі, Паўночнай Карэі.

Асноўныя накірункі пасляваеннага мірнага ўрэгулявання былі намечаны падчас вайны вядучымі дзяржавамі антыфашысцкай кааліцыі. На канферэнцыі кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Тэгеране, Ялце і Патсдаме, а таксама на нарадзе кіраўнікоў ЗША, Вялікабрытаніі і Кітаю ў Каіры былі ўзгодненыя пытанні пра тэрытарыяльныя змены, пра адносіны да пераможаных фашысцкіх дзяржаў і пакаранні ваенных злачынцаў, пра стварэнне спецыяльнай міжнароднай арганізацыі для падтрымання міжнароднага міру і бяспекі.

Саюзныя дзяржавы вырашылі акупіраваць Германію, Італію і Японію х мэтай выкаранення нацызму, фашызму і мілітарызму. Яны пастанавілі аддаць галоўных ваенных злачынцаў суду Міжнароднага трыбуналу. Тэрытарыяльныя захопы Германіі, Італіі, Японіі ды іх саюзнікаў, здзейсненыя ў 1930-я гг. і перыяд другой сусветнай, ануляваліся. СССР, ЗША і Вялікабрытанія заявілі, што неабходна аднавіць незалежнасць Аўстрыі і Чэхаславакіі, вярнуць Паўночную Трансільванію Румыніі. Чэхаславакія была вымушаная даць згоду на перадачу Савецкаму Саюзу Закарпацкай Ўкраіны, дзе пераважала ўкраінскае (русінскае) насельніцтва.

Мяжу паміж Германіяй і Польшчай саюзнікі дамовіліся правесці па лініі рэк Одэр і Нэйсэ. Усходняя мяжа Польшчы павінна была праходзіць па мяжы з Заходняй Украінай і Заходняй Беларуссю, уздоўж лініі Кэрзана. Горад Кёнігсберг і прылеглыя да яго раёны Усходняй Прусіі перадаваліся Савецкаму Саюзу. Мільёны немцаў і венграў, якія пражывалі на тэрыторыях, адышоўшых да Польшчы, Чэхаславакіі і СССР, падлягалі высяленню з ранейшых месцаў пражывання і выезд на сваю гістарычную радзіму. Германія і яе саюзнікі павінныя былі заплаціць рэпарацыі краінам, што сталі ахвярамі фашысцкай агрэсіі.

Вялікабрытанія, ЗША і СССР вырашылі вызваліць з-пад улады Японіі ўсе тэрыторыі, якія яна захапіла пры дапамозе сілы і абмежаваць японскі суверэнітэт чатырма галоўнымі японскімі астравамі. Карэі была абяцаная незалежнасць. Маньчжурыя (Паўночна-Ўсходні Кітай), востраў Тайвань ды іншыя Кітайскія астравы, захопленыя Японіяй, прапаноўвалася вярнуць Кітаю. Савецкаму Саюзу вяртаўся Паўднёвы Сахалін і перадаваліся Курыльскія астравы, якія да 1855 г. належалі Расіі.

На канферэнцыі ў Ялце і наступных нарадах прадстаўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі было дасягнутае пагадненне аб размежавальнай лініі паміж савецкімі і амерыкана-брытанскімі войскамі, якія дзейнічалі ў Еўропе. Аналагічная размежавальная лінія была намечаная і ў Карэі. Паўночную Карэю (да поўначы ад 38-й паралелі) вызвалялі савецкія войскі, Паўднёвую Карэю – амерыканскія. Першапачаткова гэтае размежаванне задумвалася як часовае, але неўзабаве пераўтварылася ў фактычную мяжу, што аддзяляла савецкую і амерыкана-брытанскую сферы ўплыву.

Важнай падзеяй міжнароднага жыцця першых пасляваенных гадоў было стварэнне Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў (ААН), галоўнай задачай з'яўлялася падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі, развіццё супрацоўніцтва паміж народамі і дзяржавамі.

Па папярэдняй дамоўленасці паміж СССР, ЗША і Вялікабрытаніяй, дасягнутай на канферэнцыі лідараў трох вялікіх дзяржаў у Ялце, у красавіку 1945 г. у Сан-Францыска пачала сваю работу Ўстаноўчая канферэнцыя ААН. На яе былі запрошаныя дзяржавы, што абвясцілі вайну Германіі ды іншым краінам фашысцкага блоку. Канферэнцыя прыняла Статут ААН, зафіксаваўшы важнейшыя важнейшыя прынцыпы міжнароднага права: развіццё сяброўскіх адносінаў паміж нацыямі на базе раўнапраўя і самавызначэння народаў, неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў, вырашэнне міжнародных спрэчак мірнымі сродкамі, устрыманне ад пагрозы выкарыстання сілы. У Статуце пазначалася, што міжнароднае супрацоўніцтва павінна ажыццяўляцца ў духу "павагі да правоў чалавека і асноўных свабодаў для ўсіх, без адрознення расы, полу, мовы і рэлігіі".

Згодна Статуту ААН, кіруючым органам ААН з'яўляецца Генеральная Асамблея і Рада Бяспекі. Генеральная асамблея, г.зн. сход усіх членаў ААН, дзе кожная краіна мае адзін голас, перыядычна збіраецца на сесіі, якія разглядаюць агульныя прынцыпы міжнароднага супрацоўніцтва і праблемы, звязаныя з падтрыманнем міжнароднага міру і бяспекі. Рашэнні Генеральнай Асамблеі носяць не абавязковы, а рэкамендацыйны характар, але валодаюць высокім міжнародным аўтарытэтам. Рада Бяспекі, на які ўскладзена галоўная адказнасць за падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі, прымае рашэнні, абавязковыя для членаў ААН. Рада Бяспекі складаецца з пастаянных і непастаянных членаў. Пастаяннымі членамі з'яўляюцца пяць вялікіх дзяржаў: СССР, Вялікабрытанія, Злучаныя Штаты, Францыя і Кітай. Непастаянныя члены (першапачаткова шэсць, а з 1963 г. - дзесяць краін) абіраюцца Генеральнай Асамблеяй тэрмінам на два гады. Рашэнні Рады Бяспекі сапраўдныя толькі пры ўмове аднагалосся ўсіх яго пастаянных членаў (кожная з пяці вялікіх дзяржаў валодае правам вета).

У межах ААН дзейнічае цэлы шэраг іншых структураў, у тым ліку міжнародныя спецыялізаваныя арганізацыі. Адной з найбольш паважаных і вядомых з іх з'яўляецца Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКО).

У 1945 г. членамі ААН стала 51 дзяржава – удзельнікі канферэнцыі ў Сан-Францыска. Краіны фашысцкага блоку спачатку не дапускаліся ў ААН. Дзень, калі Статут ААН набыў сілу – 24 кастрычніка 1945 г. - штогод адзначаецца як дзень ААН.

Адным з самых неадкладных пытанняў пасляваеннага ўрэгулявання было заключэнні міжнародных дагавораў. Паколькі Германія не мела ўраду, дзяржавы-пераможцы вырашылі ў першую чаргу заключыць мірныя дагаворы з еўрапейскімі саюзнікамі Германіі – Італіяй, Румыніяй, Венгрыяй, Балгарыяй і Фінляндыяй.

Праекты гэтых дагавораў, падрыхтаваныя міністрамі замежных спраў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, і Кітаю былі вынесеныя на абмеркаванне Парыжскай мірнай канферэнцыі, якая працавала летам і восенню 1946 г. У працэсе падрыхтоўкі дагавораў, як і падчас работы Парыжскай канферэнцыі, выявіліся сур'ёзныя супярэчнасці паміж СССР, ЗША і Вялікабрытаніяй. Урад СССР падтрымлівала створаныя пры яго ўдзеле ўрады Румыніі,Венгрыі і Балгарыі, а ЗША і Вялікабрытанія патрабавалі іх карэннай рэарганізацыі. Савецкі Саюз дамагаўся перадачы яму ў якасці падапечнай тэрыторыі Трыпалітаніі (Лівіі), а таксама прадастаўлення яму базы для гандлёвага і ваеннага флоту ў адной з былых італьянскіх калоній у Міжземнамор'і. У канчатковым выніку названыя патрабаванні вялікіх заходніх дзяржаў і СССР былі адкінутыя. 10 лютага 1947 г. ў Парыжы адбылося падпісанне мірных дагавораў з Італіяй, Румыніяй, Венгрыяй, Балгарыяй і Фінляндыяй.

Тэрытарыяльныя палажэнні мірных дагавораў ліквідавалі набыткі, зробленыя раней фашысцкімі агрэсарамі. Італія прызнала суверэнітэт Албаніі ды Эфіопіі. Акупіраваныя Італіяй Дадэканезскія астравы вярталіся Грэцыі. Славянскія землі,, за выключэннем Трыесту перадаваліся Югаславіі. Трыест з прылеглай да яго невялікай вобласцю быў абвешчаны "вольнай тэрыторыяй". Італія пазбавілася сваіх калоніяў у Афрыцы. У адпаведнасці з умовамі перамір'я з Румыніяй і Венгрыяй мірныя дагаворы замацавалі вяртанне Румыніі часткі Трансільваніі. Фінляндыя вярнула СССР вобласць Петсама (Печанга), перададзеную ёй Савецкай дзяржавай у 1920 г. і аддала Савецкаму Саюзу ў арэнду на 50 гадоў тэрыторыю Поркала-Уд на паўночным узбярэжжы Фінскага заліву (недалёка ад Хельсінкі) для стварэння там савецкай ваенна-марской базы.

Палітычныя палажэнні мірных дагавораў абавязвалі Італію, Венгрыю, Румынію, Балгарыю і Фінляндыю забяспечыць сваім грамадзянам асноўныя дэмакратычныя правы і свабоды, забаранялі адраджэнне і дзейнасць фашысцкіх арганізацыяў, прадугледжвалі прыцягненне да суду ваенных злачынцаў. Гэтым краінам дазвалялася мець для мэтаў абароны абмежаваную колькасць узброеных сілаў, але забаранялася вырабляць атамную зброю ды іншую зброю масавага знішчэння. Эканамічныя раздзелы дагавораў прадугледжвалі выплату рэпарацыяў ахвярам агрэсіі: Савецкаму Саюзу, Албаніі, Грэцыі, Югаславіі, Чэхаславакіі ды Эфіопіі.

На Ялцінскай і Патсдамскай канферэнцыях СССР, ЗША і Вялікабрытанія дамовіліся пра тое, што тэрыторыя Германіі зазнае працяглую акупацыю. Паколькі Аўстрыя ў 1938-1945 гг. уваходзіла ў склад Трэцяга Рэйху, яна была таксама акупіраваная. Падобна да Германіі Аўстрыя была падзеленая на чатыры акупацыйныя зоны. Вярхоўную ўладу ажыццяўляла Саюзніцкая рада, якая складалася з прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. У кастрычніку 1945 г. у Аўстрыі адбыліся выбары і сфармаваны ўрады, але акупацыйны рэжым захоўваўся, таму што Савецкі Саюз адмаўляўся заключаць мірны дагавор з Аўстрыяй, пакуль не будзе падпісаны мірны дагавор з Германіяй. Неўзабаве паміж саюзнікамі сталі нарастаць супярэчнасці. Германія аказалася па сутнасці падзеленай надвое і дагавор з ёю так ніколі і не быў заключаны. З Аўстрыяй дагавор быў падпісаны ўжо пасля смерці І.В. Сталіна – у 1955 г.

Японія, у адрозненне ад Германіі і Аўстрыі, не існавала розных зон акупацыі. Яе тэрыторыю аказалася пад кантролем толькі амерыканскай акупацыйнай адміністрацыі і войск. Праект мірнага дагавору з Японіяй ЗША падрыхтавалі толькі да 1951г. У адпаведнасці з ім Японія павінна была адмовіцца ад прэтэнзій на Карэю, Тайвань і Пескадорскія астравы, ад астравоў у Ціхім акіяне, якімі яна кіравала па мандату Лігі Нацыяў, ад усіх правоў і прэтэнзіяў у Кітаі,і Антарктыцы, а таксама ад прэтэнзіяў на Паўднёвы Сахалін і частку Курыльскіх астравоў (Хабамаі, Кунашыр, Шыкатан, Ітуруп). Некалькі астравоў заставаліся пад кіраваннем Злучаных Штатаў (толькі на мяжы 1960-1970-х гг. яны былі паэтапна вернутыя Японіі пры ўмове захавання там амерыканскіх ваенных баз). Рэпарацыйныя выплаты на Японію не накладаліся.

Для падпісання мірнага дагавору з Японіяй была скліканая міжнародная канферэнцыя ў Сан-Францыска (4-8 лістападу 1951 г.). Да ўдзелу ў ёй не быў запрошаны камуністычны Кітай, з якім ЗША разарвалі дыпламатычныя адносіны. У знак пратэсту супраць несправядлівага рашэння пытання аб рэпарацыях адмовіліся ад удзелу ў канферэнцыі Індыя і Бірма. Ужо ў ходзе яе работы з крытыкай тэксту пагаднення выступіў Савецкі Саюз, падтрыманы прадстаўнікамі Польшчы і Чэхаславакіі. У выніку усе гэтыя краіны так і не падпісалі мірны дагавор. Расія, правапераемніца СССР, дагэтуль не мае з Японіяй мірнага дагавору. З-за гэтага засталася адкрытай праблема прыналежнасці Курыльскіх астравоў, на якія Японія неўзабаве стала прэтэндаваць.

Гэткім чынам, па заканчэнні другой сусветнай вайны склалася новая сістэма міжнародных адносін. Паколькі яе асноўныя прынцыпы былі сфармуляваныя яшчэ на канферэнцыях саюзнікаў у 1945 г. гэтая сістэма атрымала назву Ялцінска-Патсдамскай. Асновай сусветнай палітыкі былі абвешчаныя прынцыпы калектыўнай дыпламатыі і нацыянальнага суверэнітэту, адмова ад блокавага супрацьстаяння і выкарыстання вайны як сродку палітыкі, прыярытэт прававога ўрэгулявання міжнародных канфліктаў. У адрозненне ад Версальска-Вашынгтонскай сістэмы большае значэнне надавалася праву народаў на дэмакратычнае развіццё, абароне чалавецтва ад пагрозы тыранічных рэжымаў, канструктыўнаму супрацоўніцтву ўсіх краін і народаў у самых розных сферах жыцця. Аднак усе гэтыя прынцыпы знайшлі цалкам адрозную трактоўку ў інтэрпрэтацыі савецкай і амерыканскай прапаганды. Палітычны курс дзвюх "звышдзяржаў" аказаўся скіраваны найперш на пашырэнне і ўмацаванне ўласных сфераў уплыву ў пасляваенным свеце, на экспарт сваёй ідэалогіі, а, часцяком, і прамое ваенна-палітычнае ўмяшанне ў "трэціх краінах". Ялцінска-Патсдамская сістэма міжнародных адносінаў набывала ўзрастальна яўны біпалярны характар.

Адыход ад палітыкі саюзніцкіх адносін. Ядзерны ваенна-палітычны фактар. Пачатак "халоднай вайны". "Дактрына Трумэна", "план Маршала". Стварэнне Заходняга Саюза і НАТА. Раскол Германіі. Вайна ў Карэі. Абвастрэнне ваенна-блокавага супрацьстаяння. Утварэнне АВД. Аслабленне міжнароднай напружанасці. Працяг гонкі ўзбраенняў. Суэцкі крызіс.

У абстаноўцы пасляваенных узрушэнняў, народна-дэмакратычных і нацыянальна-вызваленчых рэвалюцыяў сталі хутка нарастаць супярэчнасці паміж заходнімі дзяржавамі на чале з ЗША і згуртаванымі вакол СССР народна-дэмакратычнымі дзяржавамі. Паступова сфармаваліся два ідэалагічныя і ваенна-палітычныя блокі. Надышоў перыяд рэзкага абвастрэння міжнародных адносін – "халодная вайна".

Адным з першых прапагандысцкіх актаў "халоднай вайны" стала прамова У. Чэрчыля, зробленая 5 сакавіка 1946 г. у Фултане (ЗША). У гэтай прамове, загадзя ўзгодненай з Г. Трумэнам, былы брытанскі прэм'ер сказаў, што Савецкі Саюз падзяліў Еўропу "жалезнай заслонай", усталяваў у сваёй сферы ўплыву таталітарны кантроль і жадае "бязмежнага распаўсюджання сваёй сілы і сваіх дактрынаў". У. Чэрчыль заклікаў стрымліваць экспансіянісцкія тэндэнцыі СССР.

За гэтым пачалася прапагандысцкая кампанія і ў краінах Захаду, і на Ўсходзе. Амерыканскі ўрад абвясціў сваёй афіцыйнай дактрынай "стрымліванне камунізму" і стаў звяртацца да "атамнай дыпламатыі", г.зн. пагрозы выкарыстання атамнай зброі. Ужо напрыканцы 1945 г. Г. Трумэн зацвердзіў сакрэтны план на выпадак ваенных дзеянняў з СССР, які намеціў удар атамнымі бомбамі па 20 савецкіх гарадах.

У адказ савецкае кіраўніцтва разгарнула палітычную і прапагандысцкую кампанію супраць англа-амерыканскіх "падпальшчыкаў вайны". ЗША абвінавачваліся ў тым, што, нібыта, імкнуцца "пераўтварыць увесь свет у калонію амерыканскіх імперыялістаў, звесці суверэнныя народы да становішча рабоў", усталяваць "зверскі фашызм не толькі ў сябе дома, але і ў іншых краінах. Баючыся атамнага нападу Савецкі Саюз фарсіраваў работы па стварэнні ўласнай ядзернай зброі і ў жніўні 1949 г. правёў першае яго выпрабаванне. У 1952 г. ЗША завалодалі яшчэ больш магутнай ядзернай зброяй. У лістападзе 1952 г. яны выпрабавалі на атоле Бікіні ў Ціхім акіяне тэрмаядзернага прылады. Менш чым праз год падобную смертаносную зброю меў ужо і Савецкі Саюз.

Страціўшы манаполію на атамную і тэрмаядзерную зброю, Злучаныя Штаты напачатку захоўвалі перавагу ў сродках яго дастаўкі. У 1953 г. у ЗША былі сканструяваныя міжкантынентальныя стратэгічныя бамбавікі, аў 1955 г. - міжкантынентальныя балістычныя ракеты, здольныя даставіць ядзерную зброю ў любую кропку зямнога шару. Неўзабаве СССР ліквідаваў і гэтую перавагу. Летам 1957 г. пад кіраўніцтвам С.П. Каралёва адбылося выпрабаванне першай савецкай міжкантынентальнай балістычнай ракеты. Стартуючы з тэрыторыі СССР, яна магла дасягнуць асноўных гарадоў ЗША праз 20-30 хвілін. Стварэнне савецкай ракетна-ядзернай зброі не спыніла гонку ўзбраенняў. Канфрантацыя па лініі Захад-Усход працягвалася і ўзмацнялася.

Поруч з "атамнай дыпламатыяй" важнай часткай амерыканскай дактрыны "стрымлівання камунізму" з'яўлялася эканамічная і ваенная дапамога іншым капіталістычным краінам. Першым крокам у гэтым накірунку стала дактрына Трумэна (1947). Спасылаючыся на просьбы, атрыманыя ад урадаў Грэцыі і Турцыі, Г. Трумэн абвясціў аб вылучэнні гэтым краінам ваеннай дэ эканамічнай дапамогі для барацьбы з камунізмам у памеры $400 млн. У Грэцыю і Турцыю пасылалася амерыканскае ўзбраенне і ваенныя дарадцы, там ствараліся амерыканскія ваенныя базы.

Дактрына Трумэна датычылася не толькі Грэцыі і Турцыі. Па сутнасці яна насіла сусветны характар. У ёй прама ўказвалася, што палітыка Злучаных Штатаў павінна складацца ў падтрымцы ўсіх народаў, якія змагаюцца супраць камунізму. У адпаведнасці з гэтым прынцыпам ЗША падтрымлівалі кітайскі ўрад Чан Кайшы, а таксама аказвалі пастаянную эканамічную і ваенную падтрымку ўладам Паўднёвай Карэі.

Асаблівую ўвагу правячыя колы Злучаных Штатаў надавалі краінам Заходняй Еўропы, дзе на іх думку ў выніку вайны і пасляваеннага крызісу ўзнікла "пагроза камунізму". Амерыканскі ўрад распрацаваў спецыяльны план дапамогі краінам Еўропы, які быў агалошаны ў выступленні дзяржаўнага сакратара ЗША Дж. Маршала 5 чэрвеня 1947 г. Да плана Маршала далучыліся 16 краін – Аўстрыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Грэцыя, Данія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Ісландыя, Ірландыя, Нарвегія, Партугалія, Турцыя, Францыя, Швейцарыя і Швецыя. У 1949 г. да гэтага плану далучылася Заходняя Германія.

Савецкі ўрад угледзеў у плане Маршала "план закабалення Еўропы", якія мае на мэце "рэстаўрыраваць уладу капіталізму у краінах новай дэмакратыі", замацаваць імперыялізм і фашызм, падрыхтаваць новую імперыялістычную вайну. Зыходзячы з гэткім меркаванняў СССР адмовіўся ўдзельнічаць у плане Маршала, нават не абмяркоўваючы канкрэтных умоваў. Пад націскам СССР амерыканскую дапамогу адкінулі ўсё краіны народнай дэмакратыі, а таксама Фінляндыя.

У працэсе "халоднай вайны" паступова сфармаваліся дзве ваенна-палітычныя кааліцыі на чале адпаведна з СССР і ЗША. Еўрапейскія краіны народнай дэмакратыі (за выключэннем Югаславіі) былі звязаныя з Савецкім Саюзам дагаворамі аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе. Падобныя пагадненні былі потым падпісаныя СССР з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай (КНДР) і Кітайскай Народнай Рэспублікай.

Паралельна з гэтым адбудоўваўся блок заходніх дзяржаў. У 1947 г. дзяржавы амерыканскага кантыненту (усе акрамя Канады) заключылі Міжамерыканскі дагавор аб узаемадапамозе. Дагавор прадугледжваў сумесныя дзеянні амерыканскіх дзяржаў у выпадку ўзброенага нападзення на адно з іх. Створаная ў 1948 г. пастаянная Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў, дзе ЗША адыгрывалі вядучую ролю, канчаткова аформіла саюз дзяржаў амерыканскага кантыненту.

У Еўропе галоўнымі ініцыятарамі фармавання адасобленых ваенна-палітычных блокаў былі Вялікабрытанія і Францыя. 4 сакавіка 1947 г. у Дзюнкерку (Францыя) яны падпісалі дагавор аб узаемадапамозе. Фармальна ён быў скіраваны супраць магчымасці новай агрэсіі з боку Германіі, а фактычна ўяўляў сабой пагадненне дзвюх буйнейшых дзяржаў Заходняй Еўропы з мэтай абароны ўласных інтарэсаў. У 1948 г. да Англіі і Вялікабрытаніі далучыліся Бельгія, Нідэрланды і Люксембург. Яны ўтварылі Заходні Саюз, члены якога абавязваліся аказваць адзін аднаму дапамогу ў выпадку агрэсіі ў Еўропе. Гэтак узнікла ваенна-палітычная групоўка заходнееўрапейскіх дзяржаў, шчыльна звязаных са Злучанымі Штатамі.

Канфрантацыя двух варагуючых блокаў прывяла да карэнных змен іх стаўлення да былых варожых дзяржаў. ЗША і Вялікабрытанія ўзялі курс на аднаўленне эканамічнага і ваеннага патэнцыялу Заходняй Германіі, што фактычна з'яўлялася спробай перагляду Патсдамскіх пагадненняў.

У 1946 г. ЗША і Вялікабрытанія аб'ядналі свае зоны акупацыі ў г.зв. Бізонію. У 1948 г. да іх далучылася французская зоны – утварылася трайная зона – Трызоніія. Акупацыйныя ўлады ў заходніх зонах паступова перадавалі функцыі кіравання ў рукі нямецкай адміністрацыі на чале ў прадстаўнікамі буржуазных партыяў. У 1948 г. на на радзе ў Лондане ўрады ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі, Галандыі і Люксембурга канчаткова вырашылі стварыць на тэрыторыі Трызоніі асобную дзяржаву. Важным крокам да гэтага стала сепаратная грашовая рэформа, якую ЗША, Вялікабрытанія і Францыя правялі ў Трызоніі. У канчатковым выніку ўсё гэта скончылася савецкай блакадай Заходняга Берліну. "Берлінскі крызіс" скрайне абвастрыў адносіны паміж Савецкім Саюзам і заходнімі дзяржавамі.

У жніўні 1949 г. адбыліся выбары ў парламент Заходняй Германіі. У верасня 1949 г. сабраўшыся на сваю першую сесію, парламент абвясціў пра стварэнне новай германскай дзяржавы – Федэратыўная Рэспубліка Германіі. Пасля гэтага ў савецкай зоне акупацыі пачалося фармаванне ўсходнегерманскай дзяржавы. 7 кастрычніка 1949 г. была заснаваная Германская Дэмакратычная Рэспубліка. На нямецкай зямлі ўзніклі дзве германскія дзяржавы з рознымі грамадскім і палітычным ладам.

У 1949 г. пад кіраўніцтвам ЗША быў створаны буйнейшы ваенна-палітычны блок, які ўпершыню аб'яднаў усе вядучыя краіны Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі. 4 красавіка 1949 г. у сталіцы ЗША Вашынгтоне 12 дзяржаў, у тым ліку ЗША, Канада, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург, Данія, Ісландыя, Нарвегія і Партугалія падпісалі Паўночнаатлантычны дагавор аб узаемнай абароне, стварыўшы Арганізацыю Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО; англ. North Atlantic Treaty Organization). Краіны-ўдзельніцы абавязваліся аказваць адзін аднаму дапамогу ў выпадку ўзброенага нападу. У адрозненне ад звычайных дагавораў аб узаемнай дапамозе Паўночнаатлантычны альянс меў спецыяльную інтэграваную ваенную арганізацыю, пастаянныя ўзброеныя сілы і аб'яднанае камандаванне, на чале якога стаяў амерыканскі генерал. Фактычна НАТО быў скіраваны супраць СССР і яго саюзнікаў.

Пасля стварэння Паўночнаатлантычнага пакту міжнародная напружанасць яшчэ больш узмацнілася. Напачатку 1950-х гг. "халодная вайна" вылілася ў лакальны ўзброены канфлікт паміж сацыялістычнымі і капіталістычнымі дзяржавамі.

25 чэрвеня 1950 г. войскі Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі (КНДР) з маўклівай згоды СССР і КНР пачалі наступленне супраць Паўднёвай Карэі з мэтай аб'яднаць усю Карэю пад уладай камуністаў. Гэтак пачалася Карэйская вайна (1950-1953). Каб апраўдаць свае дзеянні, урад КНДР заявіў, што Паўночная Карэя стала ахвярай нападу з боку паўднёвай суседкі і была вымушаная абараняцца. Савецкі Саюз і Кітай, еўрапейскія краіны народнай дэмакратыі і кампартыі ўсяго свету падтрымалі гэтую прапагандысцкую версію, а ўрад ЗША абвінаваціў КНДР і накіраваў у Карэю свае ўзброеныя сілы, якія ўзялі ўдзел у баявых дзеяннях на баку Паўднёвай Карэі. Да амерыканскіх войск далучыліся, праўда, у нязначнай колькасці, войскі яшчэ 14 дзяржаў, у тым ліку Вялікабрытаніі Францыі і Канады. Амерыканскія дыпламаты правялі ў ААН рэзалюцыі, якая асуджала КНДР як агрэсара і абвяшчала войскі ЗША ды іх саюзнікаў, што дзейнічалі ў Карэі, войскамі ААН.

Вайна цягнулася больш за тры гады. Спачатку Народная армія КНДР усталявала кантроль над 90% тэрыторыі Паўднёвай Карэі, але амерыканскае камандаванне высадзіла на заходнім узбярэжжы Карэйскага паўвострава буйны дэсант, які нанёс цяжкае паражэнне паўночнакарэйскай арміі. Да кастрычніка 1950 г. войскі Злучаных Штатаў занялі значную частку КНДР, захапілі яе сталіцу Пхеньян і нават наблізіліся да межаў Кітаю. Тады на дапамогу КНДР прыйшлі савецкія лётчыкі і вайсковыя часткі КНР, якія афіцыйна дзейнічалі ў якасці добраахвотнікаў. Разам з карэйскай Народнай арміяй добраахвотнікі адкінулі сваіх праціўнікаў да межаў КНДР.

Камандуючы амерыканскімі войскамі ў Карэі генерал Макартур нават прапанаваў пусціць у ход атамную бомбу, але ўрад ЗША адкінула яго прапанову і адхілі яго самога Макартура ад камандавання. Летам 1951 г. пачаліся перагаворы. Праз два гады, 27 ліпеня 1953 г., яны скончыліся падпісаннем перамір'я. Сілы ваюючых бакоў засталіся на лініі фронту, якая знаходзілася ў раёнах, блізкіх да 38-й паралелі, гэта значыць амаль на тых жа самым пазіцыях, на якіх пачалася вайна. Раскол Карэі тым самым быў замацаваны.

Падчас вайны ў Карэі і пасля яе заканчэння ЗША дапоўнілі сістэму ваенна-палітычных блокаў новымі рэгіянальнымі пактамі з дзяржавамі Азіі і Ціхага акіяну. У 1951 г. ЗША заключылі "дагавор бяспекі" з Аўстраліяй і Новай Зеландыяй (дагавор АНЗЮС). Потым яны прыступілі да арганізацыі шматбаковага блоку – Арганізацыі дагавору для Паўднёва-Ўсходняй Азіі (СЕАТО). Дагавор СЕАТО, падпісаны ў 1954 г. ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Пакістанам, Тайландам, Філіпінамі, Аўстраліяй і Новай Зеландыяй павінны быў адыграць на Далёкім Усходзе і Ціхім акіяне гэткую ж ролю, як Паўночнаатлантычны альянс на Захадзе. У 1955 г. у Багдадзе быў падпісаны Багдадскі пакт. У яго ўвайшлі Турцыя, Трак, Пакістан, Іран і Вялікабрытанія. Злучаныя Штаты з саюзнікамі абкружылі СССР ды іншыя сацыялістычныя краіны цэлай сістэмай ваенных баз, з якіх іх авіяцыя магла б наносіць удары па сацыялістычных дзяржавах.

Пасля смерці І.В. Сталіна новае савецкае кіраўніцтва зрабіла шэраг буйных крокаў па змякчэнні міжнароднай напружанасці. Спачатку савецкі ўрад дамовіўся са Злучанымі Штатамі пра падпісанне перамір'я ў Карэі. У ліпні 1954 г. у Жэневе на нарадзе міністраў замежных спраў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, КНР і Дэмакратычнай Рэспублікі В'етнам (ДРВ) былі падпісаны пагадненні пра спыненне каланіяльнай вайны ва В'етнаме. Тэрыторыя гэтай краіны часова была падзеленая дэмаркацыйнай лініяй уздоўж 17-й паралелі: на поўначы ад гэтай лініі павінны былі засяродзіцца войскі ДРВ, на поўдзень – войскі паўднёвав'етнамскага ўраду. Неўзабаве гэтая часовая размежавальная лінія надоўга пераўтварылася ў мяжу паміж ДРВ і Паўднёвым В'етнамам. У адпаведнасці з Жэнеўскімі пагадненнямі Францыя канчаткова прызнала незалежнасць краін Індакітайскага паўвострава – і вывела адтуль свае войскі.

Пачатак рэмілітарызацыі Заходняй Германіі і яе ўступленне ў блок НАТО выклікала адпаведную рэакцыю СССР і яго саюзнікаў. 14 траўня 1955 г. Албанія, Балгарыя, Венгрыя, ГДР, Польшча, Румынія, Савецкі Саюз і Чэхаславакія на Варшаўскай нарадзе еўрапейскіх дзяржаў па забеспячэнні міру і бяспекі ў Еўропе падпісалі Варшаўскі дагавор (Дагавор аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе). Тым самым было аформлена стварэнне ваеннага саюзу еўрапейскіх сацыялістычных дзяржаў пры вядучай ролі СССР – Арганізацыя Варшаўскага Дагавору (АВД).

Тым не менш, у ліпні 1955 г. таксама ў Жэневе адбылася першая нарада кіраўнікоў урадаў ЗША, СССР, Вялікабрытаніі і Францыі. На ім абмяркоўваліся праблемы скарачэння ўзбраенняў, забароны атамнай зброі, а таксама праблемы еўрапейскай бяспекі і аб'яднання Германіі. Хаця пагадненняў па гэтых пытаннях не было дасягнута, нарада спрыяла аслабленню міжнароднай напружанасці.

Дзякуючы больш гнуткай палітыцы СССР, удалося вырашыць некаторыя застарэлыя праблемы. У студзені 1955 г. Савецкі Саюз апублікаваў заяву пра афіцыйнае спыненне стану вайны з Германіяй, а ў верасні гэтага году ўсталяваў дыпламатычныя адносіны з ФРГ і вызваліў нямецкіх ваеннапалонных і ваенных злачынцаў, якія яшчэ заставаліся ў Савецкі Саюзе.

У траўні 1955 г. урады СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя падпісалі з Аўстрыяй Дзяржаўны дагавор аб заканчэнні акупацыі і аднаўленні незалежнай і дэмакратычнай Аўстрыі. Дагавор забараняў аншлюс і абавязваў аўстрыйскі ўрад не дапускаць фашысцкай і мілітарысцкай дзейнасці на тэрыторыі краіны. Пасля таго, як Дзяржаўны дагавор набыў моц і акупацыйныя войскі пакінулі Аўстрыю, аўстрыйскі парламент прыняў канстытуцыйны закон аб пастаянным нейтралітэце.

У 1956 г. у Маскве была падпісана савецка-японская дэкларацыя, якая палала канец афіцыйнаму стану вайны паміж Японіяй і СССР і прывяла да аднаўлення дыпламатычных адносінаў паміж гэтымі дзвюма краінамі. СССР падтрымала просьбы Японію аб прыняцці яе ў ААН, пагадзіўся вызваліць усіх японскіх грамадзян, асуджаных у СССР, і рэпатрыіраваць іх у Японію. Савецкі ўрад абяцаў перадаць Японіі два з чатырох паўднёвакурыльскіх астравоў – Хабамаі і Шыкатан – пры ўмове падпісання мірнага дагавору і вываду амерыканскіх войск з Японіі. (Калі ў 1960 г. Японія заключыла з ЗША дагавор аб узаемным супрацоўніцтве і бяспецы, урад СССР адмовіўся ад свайго абяцання. Мірны дагавор так і не быў заключаны.)




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 662; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.01 сек.