Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя вынікі другой сусветнай вайны для ЗША. Пераўтварэнне ЗША ў фінансава-эканамічнага і ваенна-палітычнага лідэра заходняга свету. 2 страница




У сваёй палітыцы ў дачыненні Лацінскай Амерыкі адміністрацыя Дж. Ф. Кенэдзі ўзяла курс на ажыццяўленне абвешчанай у 1961 г. праграмы дапамогі краінам рэгіёну ў межах праграмы "Саюз дзеля прагрэсу". Буйныя фінансавыя сродкі, асігнаваныя Злучанымі Штатамі, дазволілі гэтым краінам пачаць ажыццяўленне важных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў з мэтай ўмацавання пазіцыяў ліберальна-рэфармісцкіх колаў мясцовай буржуазіі і паслаблення ўплыву кубінскай рэвалюцыі. Акрамя таго, у 1961 г. быў створаны г.зв. "Корпус міру" – арганізацыя добраахвотнікаў, якія выявілі жаданне ў адсталых краінах у галіне эканомікі, адукацыі, аховы здароўя і г.д. Абедзве праграмы мелі сваёй галоўнай мэтай далейшае ўзмацненне ўплыву ЗША на міжнароднай арэне праз паляпшэнне амерыканскага іміджу ў свеце.

Гэтыя пазітыўныя зрухі, аднак, былі ў хуткім часе практычна перакрэсленыя вайной у В'етнаме (1965-1973). Актыўнае ўмяшанне ЗШ А ў падзеі ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі пачалося з моманту краху французскага каланіяльнага панавання ў Індакітаі. Ужо пры Дж. Ф. Кенэдзі ў Паўднёвы В'етнам былі накіраваныя 16 тыс. амерыканскіх салдат і афіцэраў. Летам 1964 г. быў зроблены новы крок у гэтым накірунку. На падставе аднабаковай інтэрпрэтацыі характару падзеяў у Танкінскім заліве, дзе адбыўся інцыдэнт паміж амерыканскімі эсмінцамі і тарпеднымі катэрамі камуністычнага Паўночнага В'етнаму, Белы дом (назва рэзідэнцыі прэзідэнта Злучаных Штатаў) дабіўся прыняцця Кангрэсам рэзалюцыі, якая давала прэзідэнту паўнамоцтвы на выкарыстанне ўзброеных сілаў для "спынення камуністычнай агрэсіі" у Паўднёва-Ўсходняй Азіі.

Пакуль ішла перадвыбарчая кампанія 1964 г. Л. Джонсан неаднаразова паўтараў, што ён не мае намеру пасылаць амерыканскія войскі ў Індакітай. Але пасля перамогі на выбарах пачалася рэалізацыя ваенных планаў, якія таемна распрацоўваліся ў ЗША. У лютым 1965 г. прэзідэнт загадаў пачаць масіраваныя бамбардзіроўкі Паўночнага В'етнаму, а потым накіраваў у Паўднёвы В'етнам першую партыю амерыканскіх войск. Ужо праз тры гады ва В'етнаме дзейнічала 550-тысячная амерыканская армія. Нягледзячы на беспрэцэдэнтную магутнасць амерыканцы не здолелі перамагчы в'етнамскі народ і, у рэшце рэшт, былі вымушаныя прызнаць сваё паражэнне.

Змены ў эканамічным становішчы краіны на мяжы 1960-1970‑х гг. Сусветны эканамічны крызіс 1974 – 1975 гг. у ЗША і яго наступствы. Энергетычная праблема. Крызіс 1980-1981 гг. “Рэйганоміка” і яе вынікі.

На мяжы 1960-1970х гг. адбылося сур'ёзнае пагаршэнне эканамічнай кан'юнктуры. У другой палове 1969 г. у ЗША пачаўся чарговы спад дзелавой актыўнасці. Праўда, як і ў 1950-я гг., новае падзенне прамысловай вытворчасці аказалася параўнальна невялікім – каля 8%. Затое яно стала куды больш працяглым. Толькі вясной 1972 г. эканоміка ЗША ўступіла ў фазу ўздыму. Падзенне вытворчасці закранула як традыцыйныя, гэтак і новыя, народжаныя НТР галіны. Яшчэ больш важнай асаблівасцю1969-1971 гг. было тое, што ўпершыню ў гісторыі цыклічных крызісаў перавытворчасці скарачэнне аб'ёму прамысловай прадукцыі суправаджалася не зніжэннем, а далейшым падвышэннем узроўню цэнаў. Упершыню ўзнік феномен "стагфляцыі", г.зн. спалучэння стагнацыі вытворчасці ды інфляцыі, што стварала больш цяжкія ўмовы для пераадолення крызісу. Дэпрэсіўны стан эканомікі вымусіў адміністрацыю Р. Ніксана звярнуцца да надзвычайных захадаў, што атрымалі назву "новай эканамічнай палітыкі".

Сітуацыя ў амерыканскай эканоміцы рэзка абвастрылася ў сувязі з сусветным энергетычным крызісам 1973 г. Паколькі 1/3 нафты, якая спажывалася ЗША, імпартавалася з арабскіх краінаў, гэта балюча ўдарыла па іх эканоміцы.

Эканамічны крызіс 1974-1975 гг. у ЗША праявіўся ў больш вострай форме, чым у іншых буйных эканоміках капіталістычнага свету, але па сваіх паказчыках саступаў Вялікай дэпрэсіі 1929-1933 гг. У адрозненне ад мінулых эканамічных спадаў пасляваеннага перыяду, ён характарызаваўся значным спадам прамысловай вытворчасці: вясной 1975 г. ён дасягнуў 15%. Павольна ішло аднаўленне эканомікі: дакрызісны ўзровень вытворчасці быў дасягнуты толькі да канца 1976 г. Наступіўшы пасля гэтага прамысловы ўздым быў адносна кароткім, і ўжо напрыканцы 1979 г. намеціліся першыя прыкметы новага эканамічнага спаду. У цэлым за 1970-я гг. тэмпы эканамічнага росту ў ЗША скараціліся у параўнанні з папярэднім дзесяцігоддзем прыкладна ўдвая. Злучаныя Штаты, як і іншыя капіталістычныя краіны, выйшлі з фазы бурнага эканамічнага росту і сутыкнуліся з цэлым шэрагам новых праблемаў.

У ходзе крызісу 1974-1975 гг. з яшчэ большай сілай праявіўся ўплыў стагфляцыі, з якім амерыканская эканоміка ўпершыню сутыкнулася ва ўмовах спаду 1969-1971 гг. Падзенне вытворчасці і рост беспрацоўя ізноў суправаджалася значным узмацненнем тэмпаў інфляцыі. Гэта рэзка зніжала эфектыўнасць кейнсіянскіх метадаў крэдытна-фінансавага рэгуляванне эканомікі.

Крызіс выявіў залежнасць краіны ад імпарту і знешнегандлёвай эканамічнай кан'юнктуры ў цэлым. За гады крызісу абвастрылася саперніцтва развітых капіталістычных краінаў на сусветным рынку, прычым у шэрагу важнейшых галінаў ЗША страціла першынство на карысць ФРГ і Японіі. Павелічэнне сусветных цэнаў на нафту прывяло да ўтварэння аграмаднага дэфіцыту гандлёвага балансу, што ў сваю чаргу спрыяла паслабленню пазіцыяў долара на сусветных валютных рынках.

Лічачы адным з прыярытэтных накірункаў эканамічнай палітыкі вырашэнне энергетычнай праблемы, адміністрацыя Дж. Картэра прапанавала энергетычную праграму. У ўключала ў сябе павелічэнне вытворчасці нафты і вугалю ў саміх Злучаных Штатах; стварэнне ў краіне буйных стратэгічных запасаў нафты; увядзенне захадаў па эканоміі нафты ў прамысловасці і быту; садзейнічанне дзяржавы распрацоўцы і вытворчасці новых відаў паліва, крыніц энергіі і г.д. Аднак ні пачатак рэалізацыі гэтай праграмы, ні іншыя падобныя захады былі няздольныя вырашыць галоўныя эканамічныя праблемы. Запавольванне тэмпаў эканамічнага росту прывяло да таго, што ў 1980 г. узровень ВНП на душу насельніцтва ЗША быў ніжэйшым, чым у ФРГ, Вялікабрытаніі і Францыі і ўжо толькі на 15% перавышаў японскі.

Разам з пагаршэннем эканамічнай кан'юнктуры стала змяняцца сацыяльна-псіхалагічная абстаноўка ў краіне, узрастала расчараванне насельніцтва ў выніках палітыкі дзяржаўнага рэгулявання. Зніжэнне тэмпаў эканамічнага росту, бюджэтны дэфіцыт, кошту жыцця, узмацненне падатковага цяжару, - усе гэтыя характэрныя для 1970-х гг. сталі ўспрымацца грамадскай думкай як непазбежны вынік дзяржаўнага рэгулявання. Не толькі ў колах буйнога бізнесу, але і ў сярэдніх слаях насельніцтва сталі ўзмацняцца настроі на карысць абмежавання маштабаў умяшання дзяржавы ў эканоміку, часцей сталі гучаць галасы тых, хто пратэставаў супраць марнатраўства федэральнага ўраду, супраць неправамерных прэтэнзіяў сацыяльных утрыманцаў за кошт мас падаткаплацельшчыкаў.

Паварот да неакансерватыўнай палітыкі адбыўся толькі напачатку 1980-х гг. з прыходам у Белы дом рэспубліканскай адміністрацыі прэзідэнта Рональда Рэйгана (1981-1989). Гэтая палітыка атрымала назву "рэйганоміка".

Праграма аздараўлення амерыканскай эканомікі ўключала наступныя палажэнні: скарачэнне падаткаў на карпарацыі і асабістых падаходных падаткаў; абмежаванне росту ўрадавых выдаткаў за кошт скарачэння сацыяльных праграмаў; дэрэгуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці; правядзенне жорсткай крэдытна-грашовай палітыкі, скіраванай на пераадоленне інфляцыі.

Ажыццяўленне праграмы адміністрацыі Р. Рэйгана сутыкнулася з сур'ёзнымі цяжкасцямі. У 1980-1982 гг. эканоміку краіны ахапіў новы крызіс, які адбіўся на становішчы бізнесу ў многіх выпадках мацней, чым крызіс сярэдзіны 1970-х гг. На працягу 1982 г. бяздзейнічалі 30% вытворчых магутнасцяў у апрацоўваючай прамысловасці. Рэзка пагоршылася становішча ў аўтамабілебудаванні, жыллёвым будаўніцтве, галінах, што выраблялі тавары шырокага спажывання. Беспрацоўе складала каля 10% працоўнай сілы.

Скарачэнне выдаткаў стала першым крокам эканамічнай палітыкі Р. Рэйгана. Кангрэсам быў прыняты закон аб зніжэнні падаходных падаткаў на 25% на працягу трох гадоў, а таксама аб скарачэнні федэральных выдаткаў на сацыяльныя патрэбы. Меркавалася, што у выпадку скарачэння падаткаў павялічацца інвестыцыі ў вытворчасць, што створыць новыя працоўныя месцы, павялічыць нацыянальны прадукт і, як вынік, урад атрымае вялікі падатковы даход, нягледзячы на зніжэнне ставак падаткаабкладання.

У галіне сацыяльнай палітыкі была высунутая праграма "новага федэралізму". У адпаведнасці з ёй падзяляліся функцыі федэральных, штатавых і мясцовых органаў улады ў забеспячэнні матэрыяльнай падтрымкі бяднейшай часткі насельніцтва. Асноўная адказнасць за ажыццяўленне дабрачынных праграмаў ускладалася на ўрады штатаў.

Да канца першага тэрміну праўлення адміністрацыі Р.Рэйгана інфляцыя ўпала да 4%, а беспрацоўе скарацілася да 8%. Разам з тым зніжэнне падаткаў пакуль не прывяло да чаканага росту інвестыцыяў у вытворчасць. Карціна аздараўлення азмрочвалася таксама і ростам дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту, галоўным чынам за кошт павелічэння выдаткаў на ваенныя мэты.

Асноўныя прыярытэты сацыяльна-эканамічнай палітыкі першага тэрміну прэзідэнцтва Р. Рэйгана засталіся нязменнымі і на другі тэрмін. У адпаведнасці з падатковым законам 1986 г. максімальны асабісты падаходны падатак быў зніжаны з 50% да 28%, а падатак на прыбытак карпарацыяў – з 46% да 34%. Закон увогуле вызваліў 6 млн. грамадзян з нізкімі падаткамі ад выплаты федэральных падаткаў. Гэтая падатковая палітыка гэтым разам рэальна стымулявала інвестыцыйную актыўнасць і дала магчымасць палепшыць сваё становішча "сярэдняму класу".

У 1983 г. у ЗША пачаўся сямігадовы гаспадарчы ўздым, які праходзіў ва ўмовах глыбокай структурнай перабудовы эканомікі, звязанай з новым этапам навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Значныя інвестыцыі ў тэхніку апрацоўкі інфармацыі (ЭВМ, абсталяванне сувязі, кантрольна-вымяральныя і навуковыя прыборы) узрасталі штогод у сярэднім на 13%.

У выніку ўздыму 1983-1989 гг. рэальны аб'ём ВНП і прадукцыя прамысловай вытворчасці ў 1989 г. перавысілі іх перадкрызісныя максімальныя ўзроўні 1979 г. амаль на 28%. Аб'ём асабістага спажывання сярэдняга амерыканца на 1/3 перавысіў узровень 1979 г. Спажывецкі попыт сведчыў пра рост даходаў насельніцтва і з'явіўся стымулам гаспадарчага ўздыму. Амерыканская эканоміка здолела стварыць звыш 17 млн. новых працоўных месцаў, галоўным чынам у галіне сферы паслугаў. Беспрацоўе трымалася на ўзроўні 5% - самым нізкім пасля 1973 г.

Галоўнымі фактарамі эканамічнага ўздыму 1983-1989 гг. сталі наступныя: заканчэнне структурнай перабудовы эканомікі, што стварыла ўмовы для паскарэння абнаўлення і пашырэння асноўнага капіталу; устойлівы рост рэальнага аб'ёму асабістага спажывання; стабілізацыя курсу долара на параўнальна нізкім узроўні адносна іншых валют, што дазволіла прыцягнуць у амерыканскую эканоміку аграмадныя фінансавыя рэсурсы іншых краінаў.

Разам з тым у 1980-я гг. назіраліся і негатыўныя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага развіцця. У выніку "рэйганомікі" замацаваўся буйны дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту. Калі ў 1960- гг. ВНП на душу насельніцтва ў ЗША быў найбольшым у свеце, то ў 1987 г. амерыканскі паказчык быў толькі 11-ым. Пачасовы заробак амерыканскіх рабочых на трэць саступаў узроўню аплаты працы калег з Швецыі і ФРГ.

Ужо напрыканцы 1980-х гг. пасля працяглага ўздыму эканоміка ЗША ўступіла ў перыяд рэзкага запавольвання тэмпаў росту. Дэпрэсіўны стан амерыканскай эканомікі ў 1989-1992 гг. тлумачыўся не толькі цыклічнымі фактарамі, але таксама нецыклічнымі працэсамі – праблемамі ў крэдытна-фінансавай сферы і скарачэннем дзяржаўных ваенных закупак. Асабліва востра стаяла пытанне дэфіцыту дзяржаўнага бюджэту і ўзрастальная дзяржаўная запазычанасць – Злучаныя Штаты пераўтварыліся ў буйнейшага даўжніка ў свеце.

Праблемы ўнутранай палітыкі краіны ў 1970-1980‑я гг. Крызіс неалібералізму. Уздым кансерватыўных настрояў. "Уотэргейцкая справа". Прэзідэнцкія выбары 1980 г. Унутрыпалітычны курс рэспубліканцаў.

Прыход да ўлады Рычарда Ніксана (1969-1974) можна назваць пачаткам рэспубліканскага цыклу ў палітычнай гісторыі Злучаных Штатаў. За выключэннем чатырохгадовага знаходжання на прэзідэнцкай пасадзе дэмакрата Дж. Картэра (1977-1981) на працягу пяці тэрмінаў з шасці ў 1969-1993 гг. высокую пасаду ў Белым доме займалі прэзідэнты рэспубліканцы.

Унутраная палітыка рэспубліканскай адміністрацыі Р. Ніксан была накіраваная галоўным чынам на пераадоленне праблемаў эканомікі. Новы прэзідэнт адразу ж узяў курс на паслабленне рэгулюючых функцыяў дзяржавы. Ва ўмовах пастаяннага пагаршэння яе асноўных паказчыкаў ужо ў жніўні 1971 г. прэзідэнт абвясціў "новую эканамічную палітыку", якая перадусім прадугледжвала замарожванне цэнаў і заробкаў, скарачэнне шэрагу сацыяльных праграмаў, напрыклад па барацьбе з беднасцю, падтрымцы сістэмы адукацыі ды інш. Тым не менш, урад не мог адмовіцца ад ужо замацаваных сацыяльных стандартаў. Р. Ніксан быў вымушаны адмовіцца не толькі ад застарэлых дактрынаў "цвёрдага індывідуалізму", але і ад неакансерватыўных поглядаў у іх эйзенхаўэраўскім варыянце. Сацыяльная філасофія рэспубліканцаў стала мадэрнізавацца, запазычваючы з арсеналу неалібералізму неакейнсіянскія прынцыпы. Таму да сярэдзіны 1970-х гг. ідэйна-палітычныя дактрыны рэспубліканскай і дэмакратычнай партыяў у пэўнай ступені зблізіліся.

Пад лозунгам "закон і парадак" былі прынятыя жорсткія захады супраць удзельнікаў антываеннага і студэнцкага рухаў. Свайго піку яны дасягнулі ў траўні 1970 г., калі супраць студэнтаў Кенцкага ўніверсітэту была ўжытая зброя, у выніку чаго ад паліцэйскіх куляў загінула чацвёра студэнтаў.

Аднак у найбольшай ступені прэзідэнцтва Р. Ніксана было азмрочана скандалам, які выбухнуў неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў 1972 г. (дзеючы прэзідэнт атрымаў пераканаўчую перамогу над дэмакратам Джорджам Макговернам). Падчас расследавання парушэнняў законнасці, якія былі выяўленыя журналістамі шэрагу вядучых газет ЗША, сталі вядомыя факты пранікнення карупцыі ў вышэйшыя эшалоны ўлады і злоўжыванні ўладай высокімі службовымі асобамі. У прыватнасці, было высветлена, што падчас выбарчай кампаніі прадстаўнікі рэспубліканцаў ажыццявілі спробу ўзлому і выкрадання дакументаў у штаб-кватэры дэмакратычнай партыі, якая размяшчалася ў вашынгтонскім гатэлі "Уотэргейт".

"Уотэргейцкая справа" атрымала шырокі розгалас. У выніку скандальных выкрыццяў Р. Ніксан пад пагрозай імпічменту (палітычнага асуджэння і адхілення ад пасады з магчымасцю далейшага судовага пераследавання) 9 жніўня 1974 г. быў вымушаны добраахвотна падаць у адстаўку. Новым прэзідэнтам стаў нядаўна прызначаны віцэ-прэзідэнтам Джэральд Форд (1974-1977). (Папярэдні намеснік Р. Ніксана – Спіра Агню – страціў сваю пасаду таксама з-за гэтага скандалу.)

У 1976 г. Злучаныя Штаты шырока адзначалі 200-годдзе са дня абвяшчэння незалежнасці. У гэтым жа годзе адбыліся чарговыя прэзідэнцкія выбары, у якіх кандыдат ад дэмакратычнай партыі Джэймс (Джымі) Картэр (1977-1981), які ў сваёй праграме абяцаў пакласці канец карупцыі, скараціць вайсковыя выдаткі, палепшыць сістэмы адукацыі і аховы здароўя, скараціць беспрацоўе і г.д., атрымаў перамогу над дзеючым прэзідэнтам Дж. Фордам.

Нягледзячы на амбіцыйныя планы прэзідэнта-дэмакрата ў сацыяльна-эканамічнай сферы і знешняй палітыцы, рэальныя поспехі адміністрацыі да 1980 г. аказаліся зусім недастатковымі для пераабрання. З усіх бакоў на Дж. Картэра абрынуліся шмат у чым справядлівыя абвінавачванні ў слабасці, некампетэнтнасці, няздольнасці даць рады колькі-небудзь складанымі ўнутраным і знешнепалітычным праблемам. На чарговых прэзідэнцкіх выбарах ён пацярпеў паражэнне ад кандыдата рэспубліканскай партыі, былога галівудскага актора і нават былога старшыні прафсаюзу галівудскіх кінаактораў, экс-губернатара Каліфорніі Рональда Рэйгана (1981-1989). Перавага добра вядомага і многімі любімага актора і дзяржаўнага дзеяча, надзеленага абаяннем і ўзброенага наватарскімі эканамічнымі ідэямі і кідкімі лозунгамі (" Спад – гэта калі ваш сусед губляе працу, крызіс – калі працу губляеце вы, а выздараўленне эканомікі – калі губляе працу Джымі Картэр ") была яўнай.

Сацыяльна-эканамічная праграма адміністрацыі Р. Рэйгана выклікала спачатку моцнае незадавальненне той часткі амерыканскага грамадства, якая ў найбольшай ступені цярпела да згортвання сацыяльных праграм. Напрыклад, у верасні 1981 г. адбыўся паўмільённы паход беспрацоўных ды іншых груп маламаёмаснага насельніцтва на Вашынгтон. Але хваля пратэсту не набыла ў ЗША масавага характару, як, напрыклад, гэта здарылася ў Вялікабрытаніі. Антырэйганаўскія настроі сталі яшчэ больш паслабляцца пасля таго, як у 1983 г. з'явіліся першыя прыкметы паляпшэння эканамічнай кан'юнктуры.

Р. Рэйгану ўдалося пераадолець эканамічны спад і вывесці эканоміку краіны на шлях эканамічнага росту. Гэта, а таксама жорсткая антысавецкая лінія і некаторыя іншыя фактары дазволілі яму быць пераабраным на пасаду прэзідэнта ў 1984 г. Перамога Р. Рэйгана была проста бліскучай: за яго прагаласавалі 54 млн. выбаршчыкаў, што забяспечыла яму 525 галасы калегіі выбаршчыкаў. Кандыдат дэмакратаў – экс-віцэ-прэзідэнт (1977-1981) і сенатар ад штату Мінесота Уолтэр Мандэйл – атрымаў толькі 37 млн. галасоў і перамог толькі ў сваім родным штаце і сталічнай акрузе Калумбія (усяго толькі 13 галасоў калегіі выбаршчыкаў). Не дапамагло яму (магчыма нават зашкодзіла) і тое, што ў пары з ім як кандыдат на пасаду віцэ-прэзідэнта ўпершыню ў амерыканскай гісторыі выступала жанчына – Джэральдзін Ферара. І ў наступныя некалькі гадоў пазіцыі рэспубліканцаў выглядалі вельмі трывала. (Выключэнне складала Палата прадстаўнікоў, дзе дэмакраты захоўвалі большасць з 1954 па 1992 гг.)

Кандыдатам рэспубліканскай партыі на прэзідэнцкіх выбарах 1988 г. быў выстаўлены Джордж Буш (старэйшы), які ў дзвюх адміністрацыях Р. Рэйгана займаў пасаду віцэ-прэзідэнта. Унутры- і знешнепалітычныя поспехі рэспубліканцаў стварылі для выдатную базу для чарговай перамогі. Дж. Буш (1989-1993) упэўнена апярэдзіў свайго саперніка – дэмакрата Майкла Дукакіса, губернатара штату Масачусетс.

Знешняя палітыка ЗША ў 1970‑1980‑я гг. Заканчэнне вайны ў В’етнаме. Савецка-амерыканскі дыялог. ЗША і агульнаеўрапейскі працэс. "Новая стратэгічная ініцыятыва" Р. Рэйгана. Нармалізацыя савецка-амерыканскіх адносін у другой палове 1980‑х гг. ЗША і рэгіянальныя канфлікты. Удзел ЗША у вайне ў Персідскім заліве.

У першай палове 1970-х гг. адбыліся істотныя зрухі ў знешняй палітыцы ЗША. Важнейшай задачай адміністрацыі Р. Ніксана стала пытанне наконт вайны ва В'етнаме. Першапачаткова новы прэзідэнт выступіў за "в'етнамізацыю" вайны: Злучаныя Штаты працягвалі аказваць шчодрую падтрымку паўднёвав'етнамскаму рэжыму, але на яго ж меркавалася ўскласці асноўную адказнасць за вядзенне баявых дзеянняў. Удзел амерыканскіх узброеных сіла планавалася паступова згарнуць.

Аднак даволі хутка адміністрацыя Р. Ніксана пераканалася ў бесперспектыўнасці пошуку вайсковага вырашэння канфлікту і пайсці на перагаворы. У студзені 1973 г. было падпісана пагадненне аб спыненні вайны, а ў красавіку 1975 г. апошнія амерыканскія войскі пакінулі тэрыторыю В'етнама. У 1975-1976 гг. адбылося канчатковае аб'яднанне в'етнамскай дзяржавы.

Пры прэзідэнце Р. Ніксане адбыліся пазітыўныя змены ў савецка-амерыканскіх адносінах, якія зрабілі важны ўнёсак у разрадку міжнароднай напружанасці. У 1970 г. набыў моц падпісаны яшчэ ў 1968 г. Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Асабліва важнае значэнне меў візіт амерыканскага прэзідэнта ў Маскву і падпісанне паміж ЗША і СССР дзесяці пагадненняў ("Асновы ўзаемаадносін" Дагавор аб проціракетнай абароне (ПРО), Часовае пагадненне аб замарожванні наступальнай стратэгічнай зброі ды інш.) У дадатак да іх у 1973 г. былі падпісаныя пагадненні аб прадухіленне ядзернай вайны і пра далейшае скарачэнне проціракетнай абароны.

Гэтыя і наступныя дамоўленасці спрыялі значнаму паслабленню напружанасці як у амерыкана-савецкіх, гэтак і ў свеце ў цэлым. Паказчыкам гэтых пазітыўных зрухаў з'явіўся, у прыватнасці, савецка-амерыканскі касмічны эксперымент 15-25 ліпеня 1975 г., у ходзе якога была здзейсненая стыкоўка ў космасе караблёў двух краін – савецкага "Саюза" і амерыканскага "Апалона". Паляпшэнне двубаковых адносін спрыяла паспяховаму правядзенню летам 1975 г. у Хельсінкі Заключнай нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе і агульнаму паляпшэнню знешнепалітычнага клімату на гэтым кантыненце.

Прэзідэнт-дэмакрат Дж. Картэр прыйшоў да перамогі выкарыстоўваючы лозунгі працягу і пашырэння разрадкі міжнароднай напружанасці, барацьбы за абарону правоў і свабодаў чалавека ва ўсіх краінах, незалежна ад пануючых там сацыяльна-палітычных парадкаў.

Сапраўды, да знешнепалітычных поспехаў адміністрацыі Дж. Картэра трэба аднесці падпісанне ў 1979 г. падчас сустрэчы кіраўнікоў ЗША і СССР новага амерыкана-савецкага Дагавору аб абмежаванні стратэгічных узбраенняў (АСУ-2). Хаця Сенат Злучаных Штатаў і не ратыфікаваў гэтае пагадненне, абодва бакі па ўзаемнай згодзе ў духу эпохі разрадкі пільнаваліся яго асноўнымі палажэннямі.

У цэлым пазітыўна можна ацаніць і Кэмп-Дэвідскае (па назве загарадай рэзідэнцыі амерыканскіх прэзідэнтаў) сепаратнае пагадненне, якое было заключана пры пасрэдніцтве ЗША Ізраілем і Егіптам у верасні 1978 г. Яно па-сутнасці вывела Егіпет з адзінага блоку арабскіх дзяржаў, што вялі барацьбу супраць Ізраіля, і дазволіла некалькі зняць напружанне і пагрозу новай буйнамаштабнай вайны на Блізкім Усходзе. (У 2002 г. за гэтае пагадненне і пазнейшую міжнародную дзейнасць Дж. Картэр атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.) Таксама амерыканская адміністрацыя была вымушана пайсці на падпісанне з Панамай пагаднення пра вяртанне гэтай краіне ў 2000г. Панамскага каналу, праўда, абставіўшы яго шэрагам выгодных для Вашынгтона ўмоваў.

Аднак у той жа самы час Злучаныя Штаты атрымалі адзін з мацнейшых удараў па сваёй знешняй палітыцы і прэстыжу. Неўзабаве пасля пачатку Ісламскай рэвалюцыі ў Іране ў 1979 г. іранскія студэнты ўзялі ў заложнікі амерыканскіх дыпламатаў у Тэгеране. Бясслаўныя спробы перагаворных і сілавых спосабаў іх вызвалення прадэманстравалі свету бяссілле амерыканскай адміністрацыі Дж. Картэра вырашаць знешнепалітычныя вузлы супярэчнасцяў тонкімі і нестандартнымі сродкамі. (Заложнікі былі вызваленыя праз 5 хвілінаў пасля прыняцця прысягі новым прэзідэнтам Р. Рэйганам.)

Ужо з канца 1979 г. адбыўся паварот да новага этапу "халоднай вайны" і новага вітка "гонкі ўзбраенняў". Кіраўніцтвам НАТО на Брусельскай сустрэчы ў снежні 1979 г. па настаянні Вашынгтону было прынятае рашэнне пра размяшчэнне ў Заходняй Еўропе, пачынаючы з 1983 г., ракет сярэдняга радыусу дзеяння.

Напачатку 1980-х гг. адбываецца новае абвастрэнне міжнароднай напружанасці. Немалы ўнёсак у гэта зрабіла адміністрацыя Р. Рэйгана, якая пачала масіраваную кампанію супраць СССР, малюючы яго ў сваёй прапагандзе як "імперыю зла" і абвяшчаючы "крыжовы паход супраць камунізму". Р. Рэйган абвясціў сваёй мэтай выматаць праціўніка і аслабіць эканамічна, навязаўшы яму нястрымную гонку ўзбраенняў.

Вайсковыя выдаткі ЗША за 1980-я гг. узраслі больш як удвая і дасягнулі астранамічнай сумы ў $291 млрд. Пры ім была разгорнутая вельмі дарагая ваенна-даследчая праграма "Стратэгічная абарончая ініцыятыва" (САІ), атрымаўшая неафіцыйную назву "зорныя войны". Яна прадугледжвала стварэнне буйнамаштабнай сістэмы проціракетнай абароны з элементамі касмічнага базіравання. На яе рэалізацыю былі выдаткаваныя многія мільярды долараў, але практыка паказала нерэалістычнасць, а часам нават шчырую фантастычнасць распрацаваных планаў.

Другі тэрмін прэзідэнцтва Р. Рэйгана азнаменаваўся чарговым паваротам знешнепалітычнай стратэгіі правячых колаў ЗША ў бок рэалізму і паляпшэння адносінаў з СССР. Гэтаму спрыяў цэлы комплекс фактараў, а асабліва прыход да ўлады ў 1985 г. новага савецкага кіраўніцтва на чале з М. С. Гарбачовым. Немалаважнае значэнне таксама мела ўсведамленне самімі правячымі коламі ЗША бесперспектыўнасці стратэгіі нарошчвання гонкі ўзбраенняў і пагібельнасці ўстановак на атрыманне перамогі ў ядзернай вайне.

Важнейшай падзеяй на шляху паслаблення напружанасці ў амерыкана-савецкіх адносінах стала сустрэча ў вярхах кіраўнікоў ЗША і СССР у Рэйк'явіку (Ісландыя) у кастрычніку 1986 г. Нягледзячы на істотныя супярэчнасці практычны па ўсіх важнейшых пытаннях, была дасягнутая прынцыповая згода (не зафіксаваная пісьмова) па пытаннях як стратэгічных узбраенняў, гэтак і ракетаў сярэдняй дальнасці.

Значнай падзеяй на шляху паляпшэння двухбаковых пагадненняў стаў візіт у снежні 1987г. М. С. Гарбачова ў ЗША. У ходзе візіту кіраўнікі дзвюх краінаў падпісалі Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой дальнасці (РСМД), які прадугледжваў дэмантаж усіх ракетаў дадзеных класаў, размешчаных у краінах Заходняй Еўропы і заходніх раёнах СССР.

Пры наступным прэзідэнце Злучаных Штатаў, Дж. Бушы-старэйшым, гэтая пазітыўная тэндэнцыя была паспяхова працягнутая і на міжнароднай арэне адбыліся падзеі грандыёзнага маштабу. Скончылася "халодная вайна", распаліся Савецкі Саюз і сацыялістычная садружнасць, было адноўленае адзінства Германіі, пачаліся прамыя перамовы Ізраіля з арабскімі краінамі і г.д.

Дж. Буш-старэйшы праводзіў палітыку далейшага паслаблення напружанасці ў свеце. Яго першая сустрэча с лідарам СССР прайшла ў снежні 1989 г. Практычна ў поўным аб'ёме была прынятая амерыканская праграма развіцця амерыкана-савецкіх адносін. У ходзе наступных сустрэч з кіраўніцтвам СССР, а потым – Расіі, была ўрэгуляваная на карысць ЗША большасць спрэчных пытанняў, што азмрочвалі двухбаковыя адносіны паміж краінамі. Пры актыўным удзеле амерыканскай дыпламатыі адбылося аднаўленне дзяржаўнага адзінства Германіі.

Напачатку 1990-х гг. адміністрацыя Дж. Буша абвясціла задачу ўсталявання "новага сусветнага парадку" з улікам новай геапалітычнай рэальнасці. У 1990 г. ЗША арганізавала кааліцыю заходніх дзяржаў (яна была падтрыманая і савецкім кіраўніцтвам) супраць Іраку, які напаў на Кувейт, і здолелі атрымаць даволі лёгкую перамогу.

Таксама развівалася супрацоўніцтва краінаў Заходняга паўшар'я. З 1990 г. уступіла ў практычную фазу "агульнаамерыканская ініцыятыва" – сістэма захадаў, што спрыялі пашырэнню гандлю ды інвесціравання ў эканоміку амерыканскіх дзяржаў шляхам узаемазаліку даўгоў р скасавання мытных збораў краінамі-ўдзельніцамі пагадненняў. Паспяхова прайшлі перагаворы паміж ЗША, Канадай і Мексікай Паўночнаамерыканскага пагаднення аб свабодным гандлі (НАФТА; North American Free Trade Agreement, NAFTA).

 

 

Тэма 22. ЗША ў 1992 – 2000-х гг.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 763; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.035 сек.