Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Тэматыка семінарскіх заняткаў 2 страница




Новую арыентацыю савецкай знешняй палітыкі пацвердзіў і афіцыйна замацаваў ХХ з'езд КПСС (люты 1956 г.). Асноўным зместам знешняй палітыкі СССР быў абвешчаны курс на прадухіленне вайны і мірнае суіснаванне дзяржаў з рознымі грамадска-палітычнымі сістэмамі. Неўзабаве гэтая дэкларацыя стала напаўняцца канкрэтным зместам. Яўнай праявай гэтага курсу сталі шматлікія афіцыйныя візіты савецкіх кіраўнікоў, у тым ліку ў Вялікабрытанію, Аўстрыю, Кітай, Індыю, ЗША, Індыю. Разам з тым Савецкі Саюз працягваў супрацьстаяць капіталістычнаму Захаду і ўдзельнічаць у гонцы ўзбраенняў.

Зніжэнне градусу супрацьстаяння "звышдзяржаў" не спыніла гонку ўзбраенняў. У 1952 г. было паспяхова праведзенае першае выпрабаванне вадароднай бомбы, але ўжо праз год тэрмаядзерная зброя з'явілася і ў Савецкага Саюзу. За першую палову 1950-х гг. амерыканцам удалося павялічыць колькасць стратэгічных бамбавікоў у тры разы, але 4 кастрычніка 1957 г. СССР запусціў свой першы штучны спадарожнік Зямлі, прадэманстраваўшы наяўнасць у яго на ўзбраенні міжкантынентальных балістычных ракет. У Злучаных Штатах у гэтыя гады ішлі работы па стварэнні падобных наступальных ракет.

Нягледзячы на некаторае аслабленне напружанасці, на працягу 1950-х гг. у міжнародных адносінах не раз узнікалі вострыя крызісы, што павялічвалі пагрозу вайны. У ліпні 1956 г. Егіпет ажыццявіў нацыяналізацыю кампаніі Суэцкага каналу, у якой дамінаваў франка-брытанскі капітал, абяцаючы выплаціць кампенсацыю і гарантаваць праход па каналу судоў усіх краін. Гэта выклікала Суэцкі крызіс.

Нацыяналізацыя выклікала бурную рэакцыю Францыі і Вялікабрытаніі, за якой паследавала франка-брытана-ізраільскую агрэсія супраць Егіпту. Злучаныя Штаты, зацікаўленыя найперш ва ўмацаванні ўласных пазіцый у рэгіёне адмовіліся падтрымаць гэтую авантурную акцыю сваіх саюзнікаў. Затое кіраўніцтва Савецкага Саюзу рашуча запатрабавала неадкладнага спынення ваенных дзеянняў, пагражаючы ў адваротным выпадку накіраваць у Егіпет сваіх добраахвотнікаў і не выключаючы магчымасці выкарыстання ракетна-ядзернай зброі. Папярэджанні зрабілі сваю справу: брытанскія і французскія войскі пакінулі зону каналу у снежні 1956 г., а ў сакавіку 1957 г. скончыўся вывад з егіпецкай тэрыторыі ізраільскіх войск. Суэцкі крызіс сур'ёзна падарваў пазіцыі старых каланіяльных дзяржаў – Вялікабрытаніі і Францыі – і стымуляваў новыя поспехі вызваленчага руху. Таксама крызіс паспрыяў далейшай актывізацыі амерыканскай дыпламатыі ў арабскім свеце.

Асноўныя тэндэнцыі ў міжнароднай палітыцы ў канцы 1950‑х – напачатку 1970‑х гг. Ядзерна-стратэгічны парытэт. Узрастанне ролі краін "трэцяга свету". Рух недалучэння. Рэгіянальныя канфлікты. Карыбскі крызіс. Вайна ў В’етнаме. Дагавор пра забарону выпрабаванняў у трох асяроддзях (1963 г.) Дагавор пра нераспаўсюджанне ядзернай зброі (1968 г.). Першыя тэндэнцыі глабальнай разрадкі.

Напрыканцы 1950-х – 1960-я гг. на міжнароднай арэне працягвалася супрацьстаянне дзвюх ядзерных звышдзяржаў – ЗША і СССР і ваенна палітычных блокаў, якія яны ўзначальвалі – НАТО і АВД. Свет заставаўся біпалярным (двухполюсным), захоўваўся стан "халоднай вайны". Абодва бакі спаборнічалі ў гонцы ўзбраенняў, перш за ўсё ракетна-ядзернай зброі, змагаліся за сферы ўплыву ў розных частках Зямнога шару. Пастаянна ўзнікалі канфліктныя сітуацыі, лакальныя войны, якія спараджалі пагрозу прамога ўзброенага сутыкнення дзвюх ядзерных звышдзяржаў.

Пагроза ўзаемнага знішчэння і агульнапланетарнай катастрофы стала відавочнай напрыканцы 1950-х гг. Ядзерная вайна не мела б пераможцаў і была бессэнсоўная, нават нягледзячы на значную перавагу ЗША над СССР. Такая катастрафічная раўнавага стала перашкодай для развязвання сусветнай вайны. Гэта з'явілася базай адноснай стабільнасці біпалярнага свету.

Яшчэ адным фактарам стабільнасці з'яўлялася негалосная ўзаемная згода не парушаць лінію размежавання ў Еўропе і ўстрымлівацца ад прамога ўмяшання ў падзеі ў краінах і рэгіёнах, што знаходзіліся па той бок ад гэтай лініі. Барацьба за пашырэнне і пераразмеркаванне сфераў уплыву перамясцілася на былую каланіяльную перыферыю – у развіццёвыя краіны Азіі Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Рост уплыву Савецкага Саюзу ў гэтай зоне выклікаў занепакоенасць і супрацьдзеянне ЗША ды іх саюзнікаў. Але і тут справа абмежавалася лакальнымі канфліктамі і абодва бакі пазбегнулі прамога ўзброенага сутыкнення адзін з адным.

Стабільнасць біпалярнага свету тым не менш заставалася вельмі крохкай. Часам мір аказваўся на мяжы ядзернага сутыкнення, як гэта мела месца падчас Карыбскага крызісу 1962 г. Да 1970-х гг. Савецкі Саюз дасягнуў прыкладнага ваенна-стратэгічнага парытэту з ЗША. Да гэтага часу з абодвух бакоў быў назапашаны гіганцкі ракетна-ядзерны патэнцыял. На мяжы 1960-1970-х гг. у міжнародным жыцці намеціўся пераход ад канфрантацыі да разрадкі. Гэты пераход праявіўся ў актывізацыі перагавораў паміж дзяржавамі і ў дасягненні ўзаемапрымальных пагадненняў, найперш па пытаннях бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе і раззбраенні.

Напрыканцы 1950-х – першай палове 1970-х гг. у асноўным скончылася ліквідацыя каланіяльнай сістэмы. Толькі ў 1960 г., вядомым як "год Афрыкі", на гэтым кантыненце ўзнікла 17 новых дзяржаў. У снежні 1960 г. Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю аб дэкаланізацыі, якая вітала неабарачальныя змены і патрабавала неадкладнага прадстаўлення незалежнасці ўсім астатнім калоніям. Усяго за другую палову 1950-х – 1960-я гг. у Афрыцы з'явілася 37 новых дзяржаў. Партугальскія ўладанні (Ангола, Мазамбік, Гвінея-Бісаў, астравы Зялёнага Мысу, астравы Сан-Тамэ і Прынсіпі), у якіх у 1960-я гг. разгарнулася ўзброеная барацьба за незалежнасць, здабылі суверэнітэт некалькі пазней, у 1975 г. Ва ўсім свеце за перыяд за 1956 да 1973 г. на месцы былых калоніяй з'явілася 57 новых дзяржаў.

Заваёва палітычнай незалежнасці былымі калоніямі і залежнымі тэрыторыямі з'явілася важнай перамогай нацыянальна-вызваленчага руху. Аднак многія яго задачы засталіся невырашанымі. Дадаліся новыя складаныя праблемы. Адмовіўшыся ад адкрытых формаў каланіяльнага панавання, развітыя капіталістычныя дзяржавы здолелі захаваць краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі ў арбіце свайго ўплыву, выкарыстоўваючы іх эканамічную залежнасць і нераўнапраўнае становішча ў сусветнай капіталістычнай гаспадарцы.

Новыя незалежныя краіны адрозніваліся па ўзроўні і тэмпах сацыяльна-эканамічнага развіцця, расстаноўцы грамадска-палітычных сіл. Дыферэнцыяцыя ў іх асяроддзі толькі ўзмацнялася. Шэраг краінаў – Індыя, Турцыя, Пакістан, Паўднёвая Карэя і некаторыя іншыя – дасягнулі прыкметнага прагрэсу ў капіталістычным развіцці. У многіх дзяржавах па ранейшаму пераважалі патрыярхальныя і дакапіталістычныя адносіны і практычна адсутнічалі прамысловасць і класы буржуазнага грамадства (краіны Трапічнай Афрыкі, Непал, Афганістан ды інш.). Напрыканцы 1950-х – напачатку 1960-х гг. з'явілася група дзяржаў "сацыялістычнай арыентацыі" – Алжыр, Егіпет, Лівія, Самалі, Сірыя і г.д.

Ліквідацыя каланіяльнай сістэмы і ўзрастальна адчувальнае ўварванне ў сферу сусветнай палітыкі дзясяткаў маладых дзяржаў з'явіліся знамянальнымі фактарамі міжнароднага жыцця канца 1950-х – першай паловы 1970-х гг. Развіццёвыя краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі сталі атаясамліваць сябе з паняццем "трэці свет", маючы на ўвазе агульныя рысы і задачы развіцця, якія адрознівалі іх і ад "першага свету" – высокаразвітых капіталістычных краін, і ад "другога свету" – сацыялістычных дзяржаў. Яны прэтэндавалі на сваё месца ў міжнароднай супольнасці. Пры ўсёй стракатасці і неаднароднасці гэтую шматлікую групу краін аб'ядноўвалі агульная зацікаўленасць у супрацьдзеянні імперыялізму і расізму, імкненне да ліквідацыі нераўнапраўных эканамічных адносінаў з высокаразвітымі капіталістычнымі дзяржавамі, патрэба ў знешнепалітычным супрацоўніцтве з мэтай узмацнення сваіх пазіцыяў у міжнародным жыцці.

На гэтай базе большасць развіццёвых краінаў аб'ядналася ў Рух недалучанасці. Зараджэнне і выпрацоўка яго прынцыпаў балі звязаныя з дзейнасцю гэткіх выбітных дзяржаўных дзеячаў, як прэм'ер-міністр Індыі Джавахарлал Нэру, прэзідэнт Егіпту Гамаль Абдэль Насэр і прэзідэнт Югаславіі Ёсіп Броз Ціта. Па іх ініцыятыве ў верасні 1961 г. у Бялградзе адбылася І канферэнцыя кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў 25 недалучаных краінаў. Рух недалучанасці не меў афіцыйнай праграмы і строгай арганізацыйнай структуры. Галоўнымі прынцыпамі Руху былі абвешчаныя недалучэнне да ваенных блокаў, у якіх удзельнічалі вялікія дзяржавы (адсюль і назва Руху), падтрымка барацьбы за нацыянальную незалежнасць, знешняя палітыка ў духу мірнага суіснавання ўсіх дзяржаў.

На працягу ўсяго перыяду канца 1950-х – першай паловы 1970-х гг. у вялікай зоне свету, што ўключала тэрыторыі краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, успыхвалі рэгіянальныя канфлікты і войны. З гэтымі канфліктамі ў той ці іншай ступені аказаліся звязаныя інтарэсы глабальнага змагання абодвух блокаў, барацьба вядучых дзяржаў свету за пашырэнне зоны свайго ўплыву. Падобныя канфлікты хавалі ў сабе небяспеку і х разрастання ў буйнамаштабныя войны з уцягненнем у іх сусветных дзяржаў.

Самым вострым і небяспечным крызісам аказаўся Карыбскі крызіс 1962 г., звязаны з размяшчэннем на "Востраве свабоды" савецкай ракетна-ядзернай зброі (гл. раздзел "ЗША ў 1945-пачатку 1990-х гг.") Пасля некалькіх трывожных дзён і начэй 28 кастрычніка 1962 г. была дасягнутая дамоўленасць паміж Дж. Ф. Кенэдзі і М.С. Хрушчовым. Савецкі Саюз пагадзіўся вывезці ракеты з Кубы, а ЗША зняць "блакаду" і даць абавязацельства паважаць недатыкальнасць межаў Кубы. Акрамя таго, Злучаныя Штаты адмовіліся ад размяшчэння сваіх ракет у Турцыі ля межаў СССР. Мірнае вырашэнне Карыбскага крызісу з улікам узаемных інтарэсаў зняло аграмадную небяспеку і стварыла важны прэцэдэнт у пошуках шляхоў да разрадкі міжнароднай напружанасці.

У 1960-я гг. абвастрылася абстаноўка ў Індакітаі. Пасля паражэння Францыі і заключэння Жэнеўскіх пагадненняў ЗША імкнулася не дапусціць перамогі вызваленчага руху ў Паўднёвым В'етнаме і аб'яднання яго з ДРВ. Паўднёвы В'етнам быў абвешчаны Рэспублікай В'етнам (РВ) са сталіцай у Сайгоне. Прадугледжаныя Жэнеўскімі пагадненнямі ўсеагульныя выбары і аб'яднанне В'етнаму не адбылося.

У РВ разгарнулася барацьба пракамуністычных сілаў супраць сайгонскага рэжыму. Яны атрымлівалі падмацаванні з ДРВ. Напачатку 1960-х гг. ЗША узмацнілі дапамогу Паўднёваму В'етнаму, а з 1965 г. яны перайшлі да актыўнага ваеннага ўмяшання ва ўнутрыв'етнамскі канфлікт, у тым ліку пачалі сістэматычныя масіраваныя бамбардзіроўкі тэрыторыі ДРВ. Злучаныя Штаты імкнуліся ўцягнуць у В'етнамскую вайну (1965-1973) сваіх саюзнікаў, яны здолелі дамагчыся адпраўкі ва В'етнам толькі невялікіх вайсковых падраздзяленняў Тайланда, Паўднёвай Карэі, Аўстраліі, Новай Зеландыі і на кароткі час Філіпін і ФРГ. Вялікабрытанія і Японія выказалі салідарнасць з ЗША, але не ўзялі непасрэднага ўдзелу ў вайне. Францыя, хаця і не адразу, асудзіла агрэсію, як і нейтральныя дзяржавы Еўропы, напрыклад, Швецыя. У ходзе вайны значную падтрымку ДРВ тэхнікай, ваеннымі спецыялістамі, рыштункам і рознымі відамі забеспячэння аказвалі СССР і КНР.

В'етнамскі народ на поўначы і на поўдні аказаў дастойнае супраціўленне. Карныя экспедыцыі са спаленнем паселішчаў і знішчэннем іх жыхароў, выкарыстанне ядахімікатаў (яны знішчалі расліннасць, дзе хаваліся в'етнамскія паўстанцы) і напалму (загушчаны бензін для падпальвання расліннасці, жывой сілы і тэхнікі праціўніка) выклікалі рашучы пратэст не толькі ў свеце, але і ў саміх Злучаных Штатах.

Вясной 1968 г. прэзідэнт Л. Джонсан заявіў пра згоду ЗША на перагаворы з ДРВ. Яны пачаліся ў студзеня 1969 г. Нягледзячы на няпросты характар гэтых перагавораў і працяг узброенай барацьбы (у тым ліку аднаўленне амерыканскіх бамбардзіровак ДРВ) 27 студзеня 1973 г. ў Парыжы было нарэшце падпісана пагадненне пра спыненне баявых дзеянняў ва В'етнаме і вывад войск ЗША з яго тэрыторыі. Прадугледжвалася мірнае ўз'яднанне В'етнаму на базе ўсеагульных выбараў. Парыжскае пагадненне азначала паражэнне ЗША ў вайне. За 9 гадоў вайны амерыканцы выдаткавалі $141 млрд., страцілі больш за 56 тыс. забітымі і 300 тыс. параненымі салдат і афіцэраў.

З 1958 г. паміж буйнейшымі ядзернымі дзяржавамі – СССР, ЗША і Вялікабрытаніяй – вяліся перагаворы пра забарону ядзерных выпрабаванняў. 5 жніўня 1963 г. быў падпісаны Маскоўскі дагавор трох дзяржаў пра забарону выпрабаванняў ядзернай зброі ў трох сферах: у атмасферы, у космасе і пад вадой. Падземныя выпрабаванні пакуль не забараняліся, але бакі дамаўляліся ў далейшым працягваць перагаворы з мэтай іх забароны. Францыя і Кітай не далучыліся да дагавору і некаторы час яшчэ працягвалі ядзерныя выпрабаванні ў атмасферы.

Маскоўскі дагавор 1963 г. стаў першым буйным міжнародным пагадненнем па абмежаванні гонкі ўзбраенняў. Ён значна зменшыў небяспечнае для жыцця уздзеянне ядзерных выпрабаванняў на атмасферу.

У 1965 г. пачалося абмеркаванне праекту дагавора пра нераспаўсюджанне ядзернай зброі. Падрыхтаваны дагавор забараняў вытворчасць і набыццё ядзернай зброі неядзернымі краінамі, перадачу ім гэтай зброі, яго кампанентаў і адпаведнай тэхналогіі. Дагавор быў ухвалены Генеральнай Асамблеяй ААН і з 1 ліпеня 1968 г. адкрыты для падпісання. Да яго далучылася каля 100 дзяржаў і ў 1970 г. было абвешчана, што ён набыў моц.

Падрыхтоўка і вынікі НБСЕ. Узрастанне ролі глабальных праблем у міжнародных адносінах. Савецка-амерыканскі ядзерны дыялог. Дагаворы АСУ-1 і ПРА. Нарады і пагадненні па скарачэнні звычайных узбраенняў. Прагрэс у ліквідаванні неядзернай зброі масавага паражэння. Абвастрэнне канфрантацыі ў канцы 1970‑х – першай палове 1980‑х гг. Перабудова ў СССР як фактар пачатку дэмантажу "халоднай вайны".

У сакавіку 1969 г. краіны Варшаўскага дагавору прапанавалі прыступіць да практычнай падрыхтоўкі агульнаеўрапейскай нарады з удзелам усіх дзяржаў кантыненту, а таксама ЗША і Канады. Урад Фінляндыі прапанаваў арганізаваць нараду ў Хельсінкі. За ўдзел у калектыўных дзеяннях па забеспячэнні міру і бяспекі ў Еўропе выказалася і новы ўрад ФРГ на чале з В. Брантам, які прыйшоў да ўлады ў 1969 г. У 1970-1973 гг. была падпісана серыя дагавораў паміж ФРГ, з аднаго боку, і СССР, Польшчай, Чэхаславакіяй і ГДР – з другога. Гэтымі дагаворамі была прызнаная непарушнасць пасляваенных межаў у Еўропе і суверэнітэт ГДР. У верасні 1971 г. было заключана чатырохбаковае пагадненне СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі па Заходнім Берліне. Яно пацвердзіла, што Заходні Берлін не з'яўляецца часткай ВРГ, мае ўласнае самакіраванне і не можа кіравацца ўладамі ФРГ. Пры пільнаванні гэтых нормаў Заходні Берлін мае права развіваць сувязі і супрацоўніцтва з ФРГ.

Візіт Р. Ніксана ў СССР у траўні 1972 г. - першы візіт амерыканскага прэзідэнта ў Масквы, а потым візіт у адказ савецкага кіраўніка Л.І. Брэжнева ў ЗША ў чэрвені 1972 г. прывялі да прыкметнага паляпшэння савецка-амерыканскіх адносін і шэрагу дамоўленасцяў паміж краінамі.

Усе гэтыя падзеі стварылі спрыяльныя ўмовы для агульнаеўрапейскага дыялогу. У лістападзе 1972 г. у Хельсінкі пачаліся папярэднія шматбаковыя кансультацыі, у ходзе якіх былі ўзгоднены парадак дня і парадак работы Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (НБСЕ). Прапаноўвалася правесці Нараду ў тры этапы. Рашэнні павінны былі прымацца на базе кансенсусу (адзінагалосна). Першы этап Нарады адбыўся ў ліпені 1973 г. Хельсінкі на ўзроўні міністраў замежных спраў 33 еўрапейскіх дзяржаў, а таксама ЗША і Канады. На ім дзяржавы вызначылі свае пазіцыі па сутнасці. З верасні 1973 г. па ліпень 1975 г. у Жэневе адбыўся другі этап Нарады, у працэсе якога дэлегацыі сумесна абмяркоўвалі тэкст будучага выніковага дакументу, які павінны былі падпісаць на заключным 3-ем этапе кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў.

Работа на нарадзе вялася у трох камісіях: па пытаннях бяспекі, эканамічных, гуманітарных. Працягласць другога этапу тлумачылася складанасцю выпрацоўкі агульнай пазіцыі па ўсіх пытаннях 35 удзельнікамі Нарады. У канчатковым выніку гэта ўдалося і адкрыла шлях да паспяховага заканчэння агульнаеўрапейскага "хельсінскага" працэсу.

Яго кульмінацыяй стала падпісанне ў Хельсінкі 1 жніўня 1975 г. кіраўнікамі 33 еўрапейскіх дзяржаў, ЗША і Канады дакументу вялікай гістарычнай значнасці – Заключнага акту. У ім змяшчалася міжнародна-прававое прызнанне палітычных і тэрытарыяльных зменаў у Еўропе, што адбыліся ў выніку другой сусветнай вайны і пасляваеннага развіцця. Заключны акт абвясціў 10 прынцыпаў узаемаадносінаў дзяржаў, якія ўяўлялі сабой звод міжнародна-прававых нормаў, дапаўняўшых у шэрагу пунктаў Статут ААН. Да іх ліку адносілася: суверэнная роўнасць, павага правоў, уласцівых суверэнітэту; невыкарыстанне сілы альбо пагрозы сілай; непарушнасць межаў; павага тэрытарыяльнай цэласці дзяржаў; мірнае ўрэгуляванне спрэчак; неўмяшанне ва ўнутраныя справы; павага правоў чалавека і асноўных свабодаў, у тым ліку свабоду думкі, сумлення, рэлігіі і перакананняў; раўнапраўе і права народаў распараджацца сваім лёсам; супрацоўніцтва паміж дзяржавамі; добрасумленнае пільнаванне абавязацельстваў па міжнародным праве.

У дадатак да гэтых палажэнняў быў прыняты Выніковы дакумент па захадах умацавання даверу і некаторых аспектах бяспекі і раззбраення. У ім прадугледжваліся папярэднія апавяшчэнні пра буйныя ваенныя манеўры, абмен назіральнікамі на ваенных вучэннях, візіты ваенных дэлегацый.

Палітыка разрадкі цалкам адпавядала духу эпохі. У 1970-я гг. былі адзначаныя ўзрастальным значэннем глабальных праблем у міжнародных адносінах. Да іх ліку адносіліся сыравінная ды энергетычная праблема, барацьба з голадам і хваробамі, даследаванне космасу, сусветнага акіяну ды яго рэсурсаў, пераадоленне эканамічнай і навукова-тэхнічнай адсталасці развіццёвых краінаў, экалагічныя праблемы ды інш. Для вырашэння гэтых праблем патрабаваліся агульныя намаганні і адзінства чалавецтва, а не канфрантацыя і балансаванне на мяжы ядзернай вайны.

Тэндэнцыя да разрадкі міжнародных адносін напачатку 1970-х гг. Прывялі да новых, якасна важных зрухаў у абмежаванні гонкі ядзерных узбраенняў. У траўні 1972 г. у Маскве Р. Ніксан і Л.І. Брэжнеў падпісалі першае Часовае пагадненне пра некаторыя захады ў галіне абмежавання стратэгічных узбраенняў (АСУ-1), згодна якому абодва бакі абавязваліся на працягу бліжэйшых 5 гадоў не павялічваць наяўную колькасць пускавых установак міжкантынентальных балістычных ракет (МБР) наземнага базіравання. Акрамя таго, былі ўсталяваныя межы колькасці пускавых установак на падводных лодках і колькасці саміх падводных лодак.

У той жа дзень быў падпісаны Дагавор пра абмежаванне сістэмаў проціракетнай абароны (ПРА). Кожны бок абавязваўся мець не болей дзвюх сістэмаў ПРА (вакол сталіцы і ў раёне засяроджання пускавых установак МБР). Пазней, у ліпені 1974 г. па дадатковаму пратаколу да гэтага Дагавору, дазвалялася мець толькі адну такую сістэму ПРА (альбо вакол сталіцы, альбо ў раёне пускавых установак МБР).

Гэтыя пагадненні мелі прынцыповае значэнне ў справе стрымлівання гонкі ракетна-ядзерных ўзбраенняў. Упершыню была прызнаная непатрэбнасць нарошчвання ядзернага патэнцыялу. Роўная ўзаемная неабароненасць пры наяўнасці існуючай ПРА пры захаванні магчымасці ўдару ў адказ станавіліся свайго роду гарантыяй ад спакусы той ці іншай звышдзяржавы выкарыстаць ядзерную наступальную зброю, спадзеючыся на ўласную недатыкальнасць.

Тады ж у траўні 1972 г. амерыканскі і савецкі лідары падпісалі дакумент "Асновы ўзаемаадносін паміж СССР і ЗША". У ім бакі абавязваліся зрабіць усё магчымае для прадухілення ядзернай вайны і ваенных канфліктаў. У чэрвені 1973 г. у Вашынгтоне падчас візіту Л.І. Брэжнева ў ЗША было падпісанае Пагадненне паміж ЗША і СССР пра прадухіленне ядзернай вайны. Была дасягнута дамоўленасць распрацаваць далейшыя захады па абмежаванні стратэгічных узбраенняў.

У Вашынгтоне было дамоўлена адносна ўдзелу ў перагаворах пра скарачэнне ўзброеных сіл і ўзбраенняў у Цэнтральнай Еўропе (г.зн. у зоне непасрэднага ваеннага супрацьстаяння НАТО і АВД). Гэтыя перагаворы пачаліся ў Вене ў кастрычніку 1973 г. з удзелам дэлегацыяў ЗША, Вялікабрытаніі, Канады, ФРГ, СССР, ГДР, Польшчы і шэрагу іншых краін. Яны выявілі і агульнае імкненне ўмацаваць сістэму бяспекі ў Еўропе, і, адначасова, глыбокі ўзаемны недавер. Удзельнікам перагавораў не ўдалося ўзгадніць агульны прынцып узбраення – заходнія краіны прапаноўвалі выраўніваць узровень узбраенняў па кожнаму асобнаму віду, а дзяржавы АВД адстойвалі на агульным скарачэнні ўзбраенняў на пэўны адсотак (гэта б дазволіла захаваць перавагу сацыялістычнага блоку па звычайных наступальных узбраеннях).

На сустрэчы Л.І. Брэжнева з новым прэзідэнтам ЗША Дж. Фордам, якая адбылася ў лістападзе 1974 г., была дасягнутая важная дамоўленасць пра пачатак распрацоўкі новага дагавору пра абмежаванне стратэгічных наступальных узбраенняў (АСУ-2). Нягледзячы на значныя цяжкасці, гэтае пагадненне было падпісанае ў 1979 г. ў Жэневе. Яно абмежавала для абодвух бакоў колькасць ядзерных боегаловак і сродкаў іх дастаўкі.

Аднак супрацьлеглыя тэндэнцыі не зніклі. Звышдзяржавам па-ранейшаму бракавала ўзаемнага даверу. Іх вузкакарыслівыя бягучыя інтарэсы працягвалі дамінаваць над доўгачасовымі прыярытэтамі развіцця чалавецтва ў цэлым. Акрамя таго, адыход ад канфрантацыі не суправаджаўся належным развіццём гандлёва-эканамічных, навукова-тэхнічных і культурных сувязяў. Шматлікія факты парушэння правоў чалавека ў Савецкім Саюзе абумовілі негатыўную пазіцыю ЗША ў пытанні пра прадастаўленне яму рэжыму найбольшага спрыяння ў гандлі.

Старт вяртанню да канфрантацыі ў міжнародных адносінах на рубяжы 1970-х – 1980-х гг. быў дадзены ўводам савецкіх войск у Афганістан у снежні 1979 г. Рэакцыя захаду на афганскую вайну была жорсткай і дэманстратыўнай. Алімпійскія гульні ў Маскве 1980 г. былі байкатаваныя ЗША ды іх саюзнікамі. Амерыканскі Сенат адмовіўся ратыфікаваць дагавор АСУ-2, а размяшчэнне навейшых ядзерных узбраенняў НАТО ў Заходняй Еўропе стала непазбежным.

З прыходам на пост прэзідэнта ЗША Р. Рэйгана пачаўся апошні і надзвычай напружаны перыяд "халоднай вайны". Была распрацаваная новая ваенная дактрына, арыентаваная на дасягненне канчатковай перамогі ў "халоднай вайне". Меркавалася, што амерыканская знешнепалітычная стратэгія павінны будавацца з пазіцыі сілы і з выкарыстаннем усіх магчымых спосабаў ціску на праціўніка: жорсткіх дыпламатычных дэмаршаў накшталт байкоту маскоўскай Алімпіяды, "кіраваных канфліктаў" і г.д. Вялікае значэнне надавалася ўмацаванню ваеннай магутнасці і ваенна-прамысловага комплексу. Пры адмове ад амерыканскага варыянту раззбраення, СССР павінны быў уцягнуцца ў гэткую гонку ўзбраення, якую б ніколі не здолеў выйграць.

Новая амерыканская адміністрацыя прыняла буйнамашстабную праграму гонкі ўзбраенняў, якая ўключала вытворчасць нейтроннай зброі, новых балістычных ракет і крылатых ракет на падводных лодках, распрацоўку самалёта-невідзімкі "Стэлс" і бамбавіка Б-1, а таксама падводных лодак з сістэмай "Трайдэнт". Летам 1982 г. паследавала адмова ЗА ад удзелу ў перагаворах па пытаннях забароны ядзерных выпрабаванняў. Тады ж Злучаныя Штаты выйшлі з дагавору 1974 г. пра абмежаванне падземных выпрабаванняў ядзернай зброі. У 1981-1982 г. імі былі ўведзеныя новыя абмежаванні на гандаль з СССР. Нарэшце, у 1983 г. Злучаныя Штаты прынялі рашэнне пра пачатак распрацоўкі новага віду узбраенняў з элементамі касмічнага базіравання, якое атрымала назву "стратэгічнай абарончай ініцыятывы" (САІ).

У 1983 г. урады Вялікабрытаніі, ФРГ ды Італіі далі згоду на размяшчэнне на сваё тэрыторыі амерыканскіх ракет. Гэткім чынам, у рэчышча новай ваеннай стратэгіі і палітыкі ЗША ўцягвалася і Заходняя Еўропа. Аднак тут усё ж не адбылося поўнага разрыву са спадчынай перыяду разрадкі. Захавалася структура і механізм Хельсінскага працэсу. Краіны Заходняй Еўропы не пайшлі за ЗША ў галіне гандлёва-эканамічных санкцый.

Паварот да ўзаемапаразуменню ў савецка-амерыканскіх адносінах стаў магчымы ў выніку перабудовы ў СССР, якая пачалася ў 1985 г. Новае савецкае палітычнае кіраўніцтва высунула ў якасці асноватворнай лініі сваёй дзейнасці прынцыпы новага палітычнага мыслення. У сферы міжнародных адносін гэта азначала адмаўленне ад ідэі класавага супрацьборства дзвюх сістэм, разуменне прыярытэту агульначалавечых каштоўнасцяў, акцэнт на палітычныя, а не ваенныя метады гарантавання нацыянальнай бяспекі. Перамены ў СССР далі новы імпульс развіццю савецка-амерыканскага дыялогу, у тым ліку і на вышэйшым узроўні. Пачынаючы з 1985 г., генеральны сакратар ЦК КПСС М.С. Гарбачоў і прэзідэнт ЗША Р. Рэйган сустракаліся штогод.

Савецкі Саюз высунуў цэласны пакет узаемазвязаных прапановаў, якія ахоплівалі стратэгічныя ядзерныя ўзбраенні, ракеты сярэдняга радыусу дзеяння, сістэмы проціракетнай абароны і праграму "зорных войнаў" (САІ). На сустрэчы ў Рэйк'явіку ў кастрычніку 1986 г. бакі аказаліся блізкія да пагаднення, але яно не было падпісанае з прычыны адмовы ЗША спыніць распрацоўку праграмы САІ. Стала ясна, што пытанне пра скарачэнне ядзерных узбраенняў не разам, а па асобных відах. У 1987 г. на вашынгтонскай сустрэчы на вышэйшым узроўні быў падпісаны Дагавор аб ліквідацыі ракет меншай і сярэдняй дальнасці (РСМД). Гаворка ішла толькі пра 4% ядзернага патэнцыялу "звышдзяржаў", але гэта былі ўзбраенні, што ўяўлялі аграмадную небяспеку для СССР і еўрапейскіх саюзнікаў ЗША. Гістарычнасць гэтага пагаднення палягала ў тым, што размова ў ім ішла не проста пра абмежаванне гонкі ўзбраенняў, а пра скарачэнне ядзерных узбраенняў ды іх знішчэнне.

Змена адміністрацыі ў Вашынгтоне ў выніку выбараў 1988 г. не змяніла агульнай скіраванасці развіцця савецка-амерыканскіх адносін. Падчас мальтыйскага саміту 1989 г. Дж. Буш і М.С. Гарбачоў дамовіліся пра распрацоўку савецка-амерыканскага дагавору пра 50-адсоткавае скарачэнне стратэгічных наступальных узбраенняў, шматбаковага пагаднення пра скарачэнне звычайных узбраенняў у Еўропе, двухбаковага пагаднення пра радыкальнае скарачэнне арсеналаў хімічнай зброі і г.д. У ліпені 1991 г. у Маскве адбылося падпісанне дагавору пра скарачэнне прыкладна на адну трэць стратэгічных наступальных узбраенняў абедзвюх краін.

Новы клімат у міжнародных адносінах аказаў уплыў і на агульнаеўрапейскі працэс. У сакавіку 1989 г. у Вене пачаліся перагаворы 23 дзяржаў-удзельнікаў НАТО і АВД па звычайных узбраеннях на еўрапейскай тэрыторыі ад Атлантыкі да Уралу. Там быў распрацаваны Дагавор пра абмежаванне ўзброеных сіл у Еўропе, падпісаны ў Парыжы ў лістападзе 1990 г. Упершыню за 15 гадоў пасля Хельсінкі ў французскую сталіцы з'ехаліся кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў 32 еўрапейскіх дзяржаў, ЗША і Канады. Гэтая падзея адчыніла новую старонку ў агульнаеўрапейскім працэсе. Выніковы дакумент пацвердзіў адданасць дзяржаў-удзельніц Нарады 10-ці прынцыпам Хельсінскага Заключнага акту.

Міжнародныя адносіны ў 1990-я – 2000-я гг. Аб’яднанне Германіі. Распад СССР і "сацыялістычнай садружнасці". Заканчэнне "халоднай вайны". Новая геапалітычная сітуацыя. Прасоўванне НАТА на Усход. Рэгіянальныя канфлікты. Праблема міжнароднага тэрарызму ды ісламскага фундаменталізму. Будучае сусветнай палітыкі ў ХХІ ст.

На мяжы 1980-х – 1990-х гг. у міжнародных адносінах адбыліся глыбокія змены. Дэмакратычныя рэвалюцыі ў краінах Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы, аб'яднанне Германіі – усё гэта прадвызначыла новую расстаноўку палітычных сіл, новую палітычную атмасферу ў Еўропе.

Аграмадныя знешнепалітычныя наступствы мела аб'яднанне Германіі, якая стала буйнейшай дзяржавай на еўрапейскім кантыненце. Аб'яднанне адбывалася ў адпаведнасці з шэрагам дакументаў, падпісаных як паміж дзвюма германскімі дзяржавамі, гэтак і паміж імі з аднаго боку, і чатырма дзяржавамі-пераможцамі – з іншага. (глядзі раздзел "ФРГ у 1990 – 2000-х гг."). У іх, апрача іншага, абвяшчалася непарушнасць еўрапейскіх межаў, што склаліся ў яе выніку, забарона на валоданне Германіяй сродкамі масавага знішчэння, вызначалася колькасць бундэсверу, фармулявалася рашэнне пра часовае захаванне ва ўсходняй частцы Германіі ўзброеных сілаў СССР (да 1994 г.). Гэткім чынам, аб'яднанне Германіі стала буйной міжнароднай падзеяй, якая падвяла рысу пад вынікамі другой сусветнай вайны, адкрыла новы перыяд у пасляваеннай гісторыі Германіі і Еўропы.

Распад АВД і СЭУ адкрыў магчымасць для пераадолення расколу Еўропы і набыцця ёю іншага палітычнага аблічча. Пачалася перабудова стасункаў краін Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы з Савецкім Саюзам, краінамі Захаду, іншымі дзяржавамі. Развал сусветнай сістэмы сацыялізму азначаў спыненне ідэйна-палітычнай і ваеннай канфрантацыі паміж Усходам і Захадам. "Халодная вайна" засталася ў мінулым. Пачалося фармаванне новага сусветнага парадку.

Змянілася палітычная мапа свету. У Еўропе з'явілася паўтары дзясяткі новых незалежных дзяржаў, што ўтварыліся ў выніку распаду СССР, Югаславіі і Чэхаславакіі. Адбыўся перадзел сфер геапалітычнага ўплыву. Расія страціла кантроль над краінамі Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы, якім раней валодаў СССР. Яе войскі пакінулі тэрыторыі гэтых краін. Расія захавала ракетна-ядзерную зброю, але яе абаронная магутнасць ды эканамічныя патэнцыял аслаблі. Яна страціла становішча "звышдзяржавы".

Адзінай "звышдзяржавай" засталіся Злучаныя Штаты. Яны замацавалі свой статус лідара заходняга свету. ЗША актыўна карысталіся ўсімі перавагамі свайго высокага статусу. Дэкларуючы адданасць калектыўным намаганням пры вырашэнні міжнародных канфліктаў, яны жорстка дыктавалі свае ўмовы, дамагаючыся прыняцця выгодных для сябе рашэнняў, заяўляючы пра свае нацыянальныя інтарэсы ў розных кутках планеты.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 524; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.044 сек.