Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Агульная характарыстыка




Дакументы справаводства савецкага часу

У савецкі час істотна павялічваецца колькасць дакументаў справаводства і ўзрастае іх роля ў адлюстраванні розных аспектаў жыцця грамадства. Імкненне дзяржавы да поўнага кантролю над сваімі грамадзянамі акрэсліла з'яўленне і новых відаў, і большай колькасці розных матэрыялаў. Ператварэнне партыі бальшавікоў напачатку ў партыю кіруючую, а пасля і ў адзіную прадвызначыла яе перараджэнне у бюракратычную дзяржаўную структуру. У падручніках па крыніцазнаўству савецкай гісторыі вызначылася практыка разглядаць дакументы КПСС як асобную групу крыніц. На наш погляд, гэта не мае ніякіх падстаў, паколькі ў пераважнай ступені яны не змяшчаюць такіх характарыстык, што адрознівалі б іх ад дакументаў справаводства (за выключэннем асобных відаў: праграмы, лістоўкі, пракламацыі і г. д., што разглядаюцца ў раздзеле –«Публіцыстычныя творы ХІХ – ХХ ст.»). Азначанае датычыцца таксама матэрыялаў прафсаюзных, камсамольскіх і іншых грамадскіх і грамадска-палітычных арганізацый савецкага часу.

3.4.2. Класіфікацыя

Для вывучэння дакументаў справаводства вялікае значэнне маюць класіфікацыі ў залежнасці ад функцый, якія яны выконваюць у ажыццяўленні кіравання і выканання прынятых рашэнняў. Паводле гэтага крытэрыю можна вызначыць комплексы арганізацыйна-распарадчай, планавай, улікова-кантрольнай і справаздачнай дакументацыі.

1. Арганізацыйна-распарадчая дакументацыя (АРД) у сваю чаргу падзяляецца на наступныя групы матэрыялаў:

а) Арганізацыйная дакументацыя, што ўключае палажэнні, статуты (у тым ліку партыйныя), правілы, нарматывы, абавязкі і вызначае парадак пэўнай дзейнасці, структуры, задачы, формы і метады выканання, узаемаадносіны прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый[xxxiii]. Азначаныя дакументы ствараюцца на ўсіх узроўнях (ад вышэйшых да ніжэйшых) і ў залежнасці ад гэтага вызначаецца сфера іх дзейнасці, паўнамоцтвы і тэрміны выканання.

б) Распарадчая дакументацыя ўяўляе сабой працяг арганізацыйнай і мае асноўнай функцыяй рэалізацыю дзейнасці па кіраванні; да гэтай групы адносяць рашэнні, рэзалюцыі, загады, інструкцыі, цыркуляры, распараджэнні, даручэнні, прадпісанні і наказы.

в) Iнфармацыйна-даведачныя матэрыялы, што маюць на мэце апавяшчэнне аб прынятых рашэннях: афішы, аб'явы, плакаты, бюлетэні.

г) Бягучая перапіска прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і іх прадстаўнікоў у форме тэлеграм, тэлеграфных і тэлетайпных паведамленняў, тэлефанаграм. Вельмі істотную частку гэтай групы складаюць пісьмы насельніцтва ў дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі і ўстановы (сюды ж можна аднесці і дэпутацкія запыты). У савецкі час у розных установах існавалі аддзелы пісьмаў, дзе апошнія абагульняліся. Установы павінны былі адрэагаваць на зварот. Матэрыялы праверкі абмеркавання пісьмаў часам фіксаваліся ў пратакольнай дакументацыі, асабліва калі вырашэнне пытання і прыняцце мер залежала ад калегіяльных органаў.

д) Дыпламатычная перапіска, якая мае свае спецыфічныя рысы. Па-першае, гэта дакладна аформленыя формы: асабістыя і вербальныя ноты, мемарандумы, памятныя запіскі, якія складаюцца ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага пратаколу. Непрыманне ўстаноўленых формаў з боку савецкага ўрада часам усё ж выклікала і з'яўленне новых, не зусім акрэсленых формаў: заявы, пасланні, дэкларацыі і інш.

е) Пратаколы і стэнаграмы пасяджэнняў калегіяльных і калектыўных органаў, канферэнцый, з'ездаў. Колькасць пратакольнай дакументацыі ў савецкі час істотна ўзрастае. Стэнаграмы з’яўляюцца, па сутнасці, асобай формай пратакольнай дакументацыі. У адрозненне ад пратаколу непасрэдна, стэнаграмы ўяўляюць падрабязнае і поўнае выкладанне ходу пасяджэнняў ці сходаў. З 1970-х гг. усё часцей практыкуецца такая форма вядзення пратаколаў, як магнітафонныя запісы.

Аналізуючы такі комплекс дакументаў, як арганізацыйна-распарадчая дакументацыя, неабходна мець на ўвазе велізарную колькасць і разнастайнасць яе матэрыялаў на працягу ХХ ст. Калі ў гісторыкаў сярэднявечча ўзнікаюць праблемы, звязаныя з недахопам пісьмовых дакументаў, то ў гісторыкаў савецкага часу праблема адваротная. На пачатку 1920-х гг. з пераходам да мірнага жыцця на ўстановы навалілася велізарная колькасць папер рознага кшталту. Пры гэтым чым больш малапісьменным, непрафесійным быў чыноўнiк, тым больш ён патрабаваў справаздач. Бюракратызм захліснуў нават такую дэмакратычную ўстанову 1920-х гг., як кааперацыя. Сапраўдны акіян дакументаў затапіў савецкія ўстановы.

Сакратар ЦК М. Галадзед у сваім дакладзе гаварыў аб адным з дакументаў: «Сельсаветы атрымліваюць і чытаюць, але наўрад ці разуме-юць што-небудзь у гэтым цыркуляры, бо ён напісаны мовай, разлічанай не для сельсавета... там патрабуецца даць звесткі аб знаходжанні ў межах сельсавета інфузорнай зямлі (наўрад ці пойме сельсавет, што гэта за звер), «трепляка» (таксама незразумела для селяніна (для нас таксама. – аўт.), далей, фасфарыта (гэта яшчэ туды-сюды), нябеснага каменю (тут селянін ніяк не дадумаецца), метыярытаў, пяску годнага, ключоў горка-салёных i салёна-горкiх, касцей першабытных людзей i дапатопных звяроў»[xxxiv]. Характэрна, што такое ж меркаванне можна было пачуць i ў 1960-я, i ў 1970-я, i ў 1980-я гг.

Ва ўсiх вышэйшых, цэнтральных i мясцовых органах дзяржаўнай улады, у партыйных структурах, акрамя агульнага справаводства, вялося i сакрэтнае, што ахоплiвала шырокае кола пытанняў. Так, у фондзе 4 Цэнтральнага камiтэта Кампартыi Беларусi вопiс 21 змяшчае матэрыялы Асобага сектара ЦК КП(б)Б (да 1934 г. – сакрэтны аддзел). Большасць яго дакументаў «носяць» грыф «секретно» цi «совершенно секретно». Гэта звесткi з самых розных крынiц, найчасцей аб настроях насельнiцтва, аб рэальным становiшчы спраў.

Да таго ж шырокае распаўсюджванне ў савецкi час атрымала так званае «тэлефоннае права» – калi шмат якiя важнейшыя рашэннi, што патрабавалi асаблiвай сакрэтнасцi, прымалiся ў вуснай форме. Такая традыцыя iснавала ўжо з першых гадоў савецкай улады. Яшчэ ў лiстападзе 1919 г. было прынята рашэнне, якое патрабавала рабiць толькi сцiслы пераказ справы i пастановы па найбольш складаных пытаннях у афiцыйны пратакол не ўключаць.

2. Матэрыялы планавання народнай гаспадаркі ўзнікаюць у сферы савецкага справаводства ўжо з пачаткам дзейнасці УСНГ (Усерасійскага Савета народнай гаспадаркі). У 1920-я гг. гэта перспектыўны план ГОЭЛРО, планы нарыхтовак, тэхніка-эканамічныя планы разгортвання вытворчасці ў асобных галінах прамысловасці і сельскай гаспадаркі, гадавыя планы на 1923/24 і 1924/25 гг. і, урэшце, першыя пяцігадовыя планы, якія распрацоўваліся не толькі ў агульнасаюзных маштабах, але і ў дачыненні да пэўных галін развіцця гаспадаркі асобных рэспублік СССР, тэрытарыяльна-адміністрацыйных адзінак і інш.[xxxv] Дарэчы, у першых пяцігадовых планах яшчэ не вызначалася сістэма асноўных планавых паказчыкаў, што дыктаваліся з цэнтра (як у наступных). Яны і па форме, і па змесце нагадваюць навуковыя даклады і вывучаць іх патрэбна ў спалучэнні з распрацоўкамі эканамістаў 1920-х гг. Падпарадкаванне планавых заданняў ідэалагічным устаноўкам і мэтам акрэсліла з'яўленне ў гэтых матэрыялах нерэальных паказчыкаў і лічбаў і адпаведна такога ж характару звестак у справаздачах аб іх выкананні. Для вывучэння дакументаў планавання 1930 – 1980-х гг. карысна прааналізаваць і матэрыялы партыйных з'ездаў і канферэнцый за адпаведны перыяд.

Сістэма пэўных абавязковых планавых паказчыкаў стрымлівала ініцыятыву прадпрыемстваў. Падчас рэформаў (напрыклад, сярэдзіны 1960-х гг.) іх колькасць увесь час скарачалі і тым не меней (як адсечаныя галовы Змея Гарыныча ў вядомай казцы) яна пасля зноў аднаўлялася.

Трэба мець таксама на ўвазе, што ў рэальным жыцці партыйна-савецкае кіраўніцтва ўвесь час нацэльвала на перавыкананне (або датэрміновае выкананне) паказчыкаў планаў. І калі гэтага не адбывалася ў рэальным жыцці, то адбывалася на паперы.

3. Улікова-кантрольная дакументацыя мае на мэце рэгістрацыю мерапрыемстваў у працэсе кіраўнічай і грамадскай дзейнасці, іх кантроль. Уліковыя дакументы ўключаюць анкеты, лісткі, журналы і кнігі ўліку, рэестры, кадастры, табелі, тарыфы, рахункі, балансы. Кантрольныя (вельмі цесна звязаныя з уліковымі) – матэрыялы рэвізій, праверак, заключэнняў аб працы, дзейнасці, рэгістрацыі, аднаразовых абследаванняў. У савецкі час, калі ўсё належала дзяржаве, ствараліся і даволі эфектыўна працавалі многія сістэмы кантролю. Так, установы партыйнага кантролю і т. зв. «народнага кантролю» існавалі на ўсіх узроўнях: ад раённага да ўрадавага. Фінансавую дзейнасць кантралявала кантрольна-рэвізійнае ўпраўленне.

Неабходна мець на ўвазе, што пераважная частка ўлікова-кантрольнай дакументацыі мае формы, падрыхтаваныя для статыстычнай апрацоўкі. Статыстыка ва ўмовах выключнага кантролю дзяржавы за ўсімі сферамі жыцця часам супадае з улікам і з'яўляецца формай такога ўліку. Дарэчы, пасля скасавання Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення БССР у студзені 1930 г. яго функцыі былі перададзены сектару народнагаспа-дарчага ўліку, а на аснове апошняга было створана ўпраўленне народнага-спадарчага ўліку БССР (гл. «Статыстычныя крыніцы навейшага часу»).

4. Справаздачная дакументацыя абагульняе звесткі названых вышэй дакументаў (не трэба блытаць справаздачную и справаводчую дакументацыю). Гэта не толькі агляд, але і аналіз дзейнасці пэўных устаноў за пэўны час, адначасова і пэўная інтэпрэтацыя вынікаў, якая мае магчымасць акрэсліць перспектывы развіцця.

Менавіта ўменне скласці справаздачу яшчэ з даўніх часоў характарызавала працу чыноўніка. У савецкі час шырока практыкаваліся справаздачы перад пачаткам пасяджэнняў, з’ездаў (з’езды Саветаў, пасяджэнні Савета Народных Камісараў, партыйныя з’езды і г. д.). Шырокую распаўсюджанасць атрымалі справаздачы аб працы, агляды, працоўныя рапарты, зводкі, даклады. Нягледзячы на тое што змяняўся час, асобныя з гэтых дакументаў можна параўноўваць з дакументамі дасавецкага перыяду і знаходзіць шэраг зразумелых падабенстваў (разыходжанні ў справаздачы і дадатку, завышэнні паказчыкаў, лепшыя паказчыкі ў тых кіраўнікоў, што працавалі пэўны час, і крытычныя аспекты ў тых, хто нядаўна заняў пасаду, і г. д.).

Існуе шмат іншага, што аб'ядноўвае дакументы справаводства розных перыядаў. Па-першае, гэта рэквізіты – лагічна непадзельныя элементы ў межах з'явы, якая адлюстроўваецца ў дакуменце (напрыклад, назва прадпрыемства, што прысутнічае ў ім). Па-другое, гэта прыкметы дакумента – яго якасныя асаблівасці (паслядоўнасць падзей, уласці-васцей – напрыклад, мерапрыемствы па павышэнні ўраджайнасці) і паказчыкі – як правіла, колькасныя ацэнкі (узровень ураджайнасці і інш.)

Як і ў справаводчай практыцы папярэдніх часоў можна вызначыць комплексы афіцыйных і неафіцыйных дакументаў. Афіцыйныя дакументы маюць службовае пацвярджэнне іх зместу з боку дзяржаўных і грамадскіх, партыйных арганізацый. Так, у асабістай справе чыноўніка могуць знаходзіцца аўтабіяграфія, што мае толькі асабісты подпіс, і характарыстыка, якая зацвярджаецца прадстаўнікамі адміністрацыі ці грамадскіх, партыйных арганізацый. У той час як аўтабіяграфія мае адвольны характар і яе можна ў пэўнай ступені разглядаць як мемуарную крыніцу, характарыстыка мае дакладна акрэслены фармуляр. Яе звесткі таксама ў большай ступені зафармалізаваны, у чым можна пераканацца, параўноўваючы характарыстыкі, выдадзеныя адной установай.

Магчымасці для параўнання ёсць і ў комплексах матэрыялаў па асабоваму складу, што адлюстроўваюць звесткі аб прыёме, перамяшчэнні і звальненні работнікаў, узроўні іх адукацыі, узнагародах і іншую інфармацыю. Гэта асабістыя справы, працоўныя кніжкі і г. д.

Аднак на шляху да супастаўлення матэрыялаў у справаводстве вельмі шмат цяжкасцей. Гэта пераважна не адзінкавыя дакументы, а цэлыя комплексы, што павялічвае аб'ём звестак, якія неабходна перапрацаваць. Не заўсёды ёсць магчымасць супаставіць прыкметы і паказчыкі дакументаў справаводства (прыкмета «адукацыя» ХІХ ст., пачатку ХХ ст., 1920 або 1980-х гг., розныя сістэмы злічэнняў – «рубель» пачатку ХХ ст., 1940, 1950, 1960 – 1980-х гг. і інш.). Працуючы з дакументамі справаводства, неабходна найперш дакладна вывучыць структуру той ці іншай установы, змены ў гэтай структуры, што былі звычайнай з'явай у савецкія часы (часам цікавую і карысную інфармацыю можна запазычыць з гістарычных даведак, складзеных архівістамі фонду).

Справаводчая дакументацыя як гістарычная крыніца не вычэрпвае ўсёй разнастайнасці з'яў рэчаіснасці. Дакументы ў найменшай ступені апавядаюць аб самім працэсе дзейнасці. Яны часцей указваюць на яе неабходнасць (маюць імператыўны характар), але амаль не гавораць аб матывах дзейнасці і іншых суб'ектыўных момантах. Таму вывучэнне звестак дакументаў неабходна дапаўняць дадзенымі, запазычанымі з іншых відаў крыніц.

У сучасны перыяд усё часцей у дачыненні да комплексаў дакументаў справаводства прымяняюцца метады колькаснага аналізу. Аднак, па-першае, неабходна памятаць, што iх прымяненне мае дапаможны характар і не з'яўляецца самамэтай. Па-другое, неабходна прымаць пад увагу, што ў дакументах змяшчаюцца звесткі, прызначаныя не для даследчыцкіх мэт, а патрабаванні для арганізацыi распарадчай і выканаўчай дзейнасці. Таму, каб вызначыць неабходныя элементы для колькаснага аналізу, гісторык з пэўных тэарэтычных пазіцый павінен іх сістэматызаваць, акрэсліць крытэрыі групы для параўнання. Пры гэтым чым большы час аддаляе нас ад часу стварэння дакументаў, тым неабходны большы аб'ём падрыхтоўчай працы (уяўленне аб абставінах стварэння матэрыялаў, веданне шматлікіх падрабязнасцей і дэталей).

4. Эканоміка-геаграфічныя, гаспадарчыя і статыстычныя апісанні. Статыстычныя матэрыялы

4.1. Агульная характарыстыка і этапы развіцця

статыстычных матэрыялаў

Статыстыка (ад ням. Statistik) – від практычнай дзейнасці па зборы, апрацоўцы, аналізе, абагульненні і распаўсюджванні звестак аб з'явах і працэсах грамадскага жыцця (cтатыстыка – гэта яшчэ і галіна ведаў, адна з эканамічных навук). Статыстыка – гэта колькаснае выяўленне пэўнай з'явы ці працэсу, гэта ўлік таго, што ёсць ў наяўнасці.

Статыстычныя крыніцы ствараюцца на аснове навукова-абгрунтаванай праграмы, характарызуюцца колькаснай (апісальна-лічбавай) інфармацыяй, масавым характарам вывучаемых аб'ектаў, пэўнымі крытэрыямі і прынцыпамі збору і групоўкі матэрыялу.

Зразумела, што азначаныя характарыстыкі складаліся не адразу. Генезіс статыстычных крыніц у Вялікім княстве Літоўскім акрэсліваецца ў канцы
XV – пачатку XVI ст. Статыстычныя крыніцы фарміруюцца ў выніку эвалю-цыі дакументаў фіскальнага і гаспадарча-ўліковага характару (попісы войска, пісцовыя кнігі, рэвізіі і інвентары). І калі на працягу XVI ст. ініцыятыва ў арганізацыі і правядзенні ўліку належала дзяржаве, то ў XVII ст. звязаная з ім дакументацыя распаўсюджвалася на прыватнаўласніцкую сферу, што вызначыла змены і ў саміх формах уліку (інвентарныя апісанні).

З уключэннем у склад Расійскай імперыі складваюцца такія дакументы фіскальнага ўліку насельніцтва, як рэвізіі, адміністрацыйна-паліцэйскі ўлік, матэрыялы Генеральнага межавання і інш. Па сутнасці, гэта яшчэ не статыстычныя крыніцы ў поўным сэнсе гэтага слова, а матэрыялы статыстычнага характару. Але без іх вывучэння складана акрэсліць генезіс дакументаў статыстыкі.

У 1860-я гг. узнікаюць статыстычныя ўстановы. Развіццё статыстыкі ў гэты час абумоўліваецца паскарэннем і ўскладненнем працэсаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця. Менавіта ў гэты час фарміруюцца асноўныя накірункі статыстыкі: дэмаграфічная статыстыка (статыстыка насельніцтва), статыстыка сельскай гаспадарскі і прамысловасці.

Дэмаграфічная статыстыка вывучае народанасельніцтва і яго змены ў канкрэтных гістарычных умовах грамадскага развіцця. Прадметам яе даследавання служаць колькасць, склад, размяшчэнне і рух насельніцтва як усёй краіны ў цэлым, так і асобных яе рэгіёнаў.

Статыстычныя крыніцы змяшчаюць масавыя, пераважна колькасныя дадзеныя. Правільнае іх выкарыстанне дазваляе выявіць у сукупнасці з'яў, што здаюцца выпадковымі, характэрныя для іх заканамернасці развіцця. Выяўленне азначаных заканамернасцей адбываецца шляхам параўнання колькасных дадзеных, для чаго неабходна супастаўнасць (аднароднасць) статыстычных дадзеных.

Статыстычныя звесткі маюць не толькі колькасныя, але і якасныя характарыстыкі. Змены тэрыторыі ці іншых параметраў вывучаемага аб'екта ці яго недакладнае вызначэнне не даюць магчымасці супастаўляць статыстычныя дадзеныя ў поўным аб'ёме (для прыкладу, тэрытарыяльна-адміністрацыйныя змены БССР на працягу 1920-х гг. не даюць магчымасці параўнаць многія звесткі. У статыстыцы сельскай гаспадаркі на працягу першай паловы ХІХ ст. не вызначалася дакладна, што разумелася пад «неудобными» землямі, у статыстыцы прамысловасці – паняцце «фабрыка»).

Асноўныя прынцыпы выкарыстання статыстычных звестак датычацца, такім чынам, трох бакоў: іх паўнаты, дакладнасці і аднароднасці. Статыстычныя звесткі, заключаныя ў крыніцы, павінны дастаткова поўна ахоплiваць усе важнейшыя элементы вывучаемай з'явы ці працэсу. Каб меркаваць аб ступені дакладнасці статыстычных крыніц, неабходна вызначыць іх паходжанне: ці яны запазычаны з анкеты, што запаўнялася асобай, зацікаўленай у выніках, ці яны атрыманы ад статыстыка, што абавязаны дакладна запісваць вывучаемыя звесткі; дадзеныя збіраліся падрыхтаванымі спецыялістамі ці выпадковымі асобамі, сярод якіх маглі быць і тыя, хто не меў элементарных ведаў аб правілах статыстычнага ўліку; і ўрэшце, звесткі павінны быць аднароднымі (параўноўвацца павінны аднародныя з'явы, працэсы, аб'екты па пэўных, дакладна акрэсленых параметрах).

Фарміраванне статыстычных крыніц уключае наступныя стадыі: 1) падрыхтоўчая праца, збор звестак; 2) зводка першапачатковых дадзеных і падрыхтоўка іх для друку.

Першыя звесткі дэмаграфічнага характару на Беларусі збіраюцца ўжо ў XVI ст. «Попісы войска ВКЛ» і «Пісцовыя кнігі» даюць прыкладнае ўяўленне аб колькасці насельніцтва ў асобных рэгіёнах. З уключэннем у склад Расійскай імперыі іх змяняюць рэвізіі. Дарэчы, да гэтага ж часу (апошняя чвэрць XVIII ст.) адносіцца і спроба ўліку механічнага руху насельніцтва. У 1772 г. быў выдадзены ўказ, у якім мясцовым уладам даручалася весці ўлік падатковага насельніцтва, якое змяняла месца жыхарства. Да 1830 г. адносіцца арганізацыя ўліку механічнага руху насельніцтва, не ахопленага дзяржаўнымі рэвізіямі. Паліцэйскія ўстановы пачынаюць збіраць звесткі аб перамяшчэннях насельніцтва паміж гарадамі і ў межах гарадоў.

З сярэдзіны ХІХ ст. арганізуецца адміністрацыйна-паліцэйскі ўлік. У другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. шырока праводзіліся масцовыя гарадскія перапісы насельніцтва. Урэшце, у 1897 г. з’яўляецца такі від, як перапісы насельніцтва.

4.2. Зараджэнне статыстыкі. Гаспадарчыя апісанні

і дакументы фіскальнага ўліку насельніцтва XVI – XVIII ст.




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2014-12-29; Просмотров: 1393; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.007 сек.