Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Рассяленне ўсходніх славян на беларускіх землях




 

Вывучаючы мінулае Беларусі, гісторыкі заўсёды вялікую ўвагу ўдзелялі пытанням, якія тычыліся засялення і асваення чалавекам беларускіх зямель, фарміравання тут этнічных супольнасцяў. Абгрунтавана выснова, што беларускія землі ўжо ў старажытнасці былі арэнай сутыкнення і ўзаемадзеяння самых розных этнічных груп насельніцтва, сляды жыцця якіх зафіксаваны як у археалагічных матэрыялах, так і ў пісьмовых крыніцах. Прычым у этнічнай гісторыі Беларусі вылучаны перыяд храналагічна звязаны з пачаткам сярэднявечча. Гэты перыяд як раз прыпадае на рассяленне на беларускіх землях славянскіх плямёнаў, дакладней усходняй іх галіны [9].

Славяне, як вядома, па свайму паходжанню з’яўляюцца індаеўрапейскім народам, і як новая этнічная супольнасць, меўшая спецыфічныя рысы сваёй мовы, культуры і нават асаблівасці фізічнага тыпу, сталі вылучацца ў ходзе рассялення індаеўрапейцаў недзе з сярэдзіны ІІІ тыс. да н.э. Так лічыць, напрыклад, вядомы беларускі археолаг і гісторык Э. Загарульскі. На яго думку, да канчатковага афармлення іх як асобнай этнічнай адзінкі спатрэбілася, відаць, столькі ж часу, колькі і балтам, г.зн. каля 500 гадоў. “Да мяжы ІІІ – ІІ тысячагоддзяў да н.э., - адзначае Э. Загарульскі, - гэты працэс павінен быў быць завершаны” [10,с.50]. Канчаткова славяне вылучыліся з індаеўрапейцаў да сярэдзіны І тысячагоддзя да н.э. Спрэчным застаецца пытанне аб прарадзіме славян, аб тэрыторыі гэтай прарадзімы. І тым не менш большасць сучасных даследчыкаў бачаць яе ў Еўропе і памяшчаюць на поўнач ад Карпат у басейне рэк Эльбы (Лабы), Одэра, Віслы і прылеглых да іх раёнаў. Менавіта тут вылучана археалагічная культура (шаравідных амфар), якая і храналагічна, і генетычна звязана з вытокамі славян. Трэба зазначыць, што асобныя помнікі гэтай культуры знойдзены і на Беларускім Панямонні, а таксама ў вярхоўях Прыпяці. Вось чаму некаторыя даследчыкі заходнія і асабліва паўднёва-заходнія раёны Беларусі ўключаюць у арэал прарадзімы славян (гл. карту).

На рассяленне славян, як і іншых індаеўрапейскіх плямёнаў, вялікі ўплыўаказалі міграцыйныя працэсы, вызваныя зменамі ў грамадскім развіцці, ростам насельніцтва, яго шчыльнасці ў межах прарадзімы, ціскам з боку іншых народаў. Асабліва актывізаваліся гэтыя працэсы ў час другога “великого переселення народов”, якое распачалося ў ІІ – ІІІ стст. н.э. з паходу германскага племяннога аб’яднання готаў. У выніку славяне даволі хутка прасунуліся на новыя землі, дасягнуўшы Балканскага паўвострава, а таксама многіх раёнаў Сярэдняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы. Аб гэтым сведчаць помнікі археалагічнай культуры пражскага тыпу, іх лічаць славянскімі. Першапачаткова яна займала тэрыторыю Усходняй Германіі, Чэхіі, Славакіі і Польшчы, дзе раней былі лужыцкая і пшэворская культуры. У V – VІІ стст. культура пражскага тыпу распаўсюдзілася ў паўднёвым і ўсходнім накірунку і, у прыватнасці, на Балканскі паўвостраў, Украінскую Валынь і Паўднёвую Беларусь. Пры гэтым даследчыкі не выключаюць той факт, што тады ж пачаўся і распад славянскай этнічнай супольнасці на некалькі груп, іх пазней назавуць заходнімі, паўднёвымі і ўсходнімі славянамі.

Многія факты сведчаць, што ўсходнія славяне першапачаткова знаходзіліся ў Паўднёвай Беларусі і ў шэрагу раёнаў Паўночнай Украіны, дзе склалася своеасаблівая археалагічная культура, вядомая ў літаратуры пад назвай Прага-Корчак. Яе помнікі вылучаны археолагамі на правабярэжжы Прыпяці і яе прытокаў, у прыгранічных раёнах Украіны. Яны размяшчаліся па берагах рэк, іх прытокаў, старарэчышчаў, азёр, месцах прыдатных для земляробства і жывёлагадоўлі. Усяго на Беларускім Палессі апісана звыш 50 селішчаў, могільнікаў і асобных месцазнаходжанняў, звязаных з пражскай культурай [11,с.48]. Аналіз помнікаў гэтай культуры дазволіў даследчыкам зрабіць выснову, што ў дадзеным рэгіёне пачалося вылучэнне ўсходняй групы славян. Не выключаецца, аднак, што ўжо V–VІІ стст. усходнія славяне сталі пранікаць і ў іншыя раёны Беларусі на поўнач ад Прыпяці. Так, славянскі ўплыў праслежваецца ў помніках калочынскай археалагічнай культуры, якая ахоплівала Беларускае Падняпроўе, Пасожжа і некаторыя суседнія тэрыторыі. Уплыў усходніх славян іспытала і банцараўска-тушамлінская культура сярэдняй і паўночнай Беларусі, хоць у цэлым гэтыя культуры былі балцкія [12].

Далейшае развіццё этнічныя працэсы на Беларусі атрымалі ў VІІІ ст. З гэтай датай многія вучоныя звязваюць масавае рассяленне славян, іх усходняй галіны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. У ходзе гэтага рассялення нейкая частка балтаў была адсунута на поўнач, паўночны захад, але многія засталіся на ранейшых месцах і былі асіміляваны славянамі або захаваліся ў выглядзе астраўкоў сярод славянскага насельніцтва. На думку беларускіх даследчыкаў, славяна-балцкая мяжа ў канца І тысячагоддзя праходзіла прыблізна па лініі Дзісна-Пліса-Будслаў, Заслаўе – Рубяжэвічы – Дзераўная – Беліца - Слонім-Ваўкавыск, у далейшым яна перамясцілася на захад і паўночны захад [13,с.101].

Увогуле працэс засялення і асваення славянамі беларускіх зямель быў даволі працяглым, ён меў некалькі хваляў. Г. Штыхаў, напрыклад, гаворыць аб трох такіх хвалях, першую ён адносіць да VІ - VІІ, другую да VІІІ-ІХ і трэцюю да Х-ХІ стст. Э.Загарульскі сцвярджае, што масавае рассяленне ўсходніх славян на Беларусі прыпадае на ІХ-Х стст. Па-рознаму вызначаюцца і накірункі ці шляхі, па якіх прыйшлі славяне на Беларусь. Але пераважае думка, што ішлі яны сюды як з поўдня, так і з захаду, г.зн. з тых раёнаў, дзе яшчэ раней замацаваліся славянскія плямёны. Праўда, некаторыя даследчыкі звязваюць гэтыя накірункі ў асноўным з поўднем. Але ўжо акадэмік Я.Карскі паставіў пад сумненне такі пункт гледжання і адзначыў, што нельга выключаць і заходні шлях пранікнення славян на Беларусь. Гэта пацвярджаюць і апошнія даследванні, якія праводзіліся ў раёне Ноўгарада, дзе рассялілася частка крывічоў. Акадэмік В. Янін (а ён ужо даўно вывучае гісторыю гэтага раёна) адзначае, што “дадзеныя археалогіі, рэзультаты вывучэння антрапалагічных тыпаў, абраднасці, керамікі паказваюць, што галоўны шлях пранікнення славян на поўночна-заходнія землі Старажытнай Русі бярэ пачатак на паўднёвых берагах Балтыкі” [14,с.4]. Найбольш істотнымі помнікамі ўсходніх славян, размешчанымі на поўначы ад Прыпяці, археолагі лічаць невялікія сферычныя курганы з трупаспаленнем і некаторыя іншыя; гэтыя помнікі прынята датаваць ІХ-Х стст.

Такім чынам, няма падстаў сцвярджаць аб раннім засяленні славянамі тэрыторыі нашай краіны, іх аўтахтоннасці. Славяне былі прышлым насельніцтвам, якое спачатку знаходзілася на поўдні Беларусі, а потым прасунулася і ў яе іншыя раёны, дзе пражывалі балцкія плямёны.

Неабходна адзначыць, што аб славянскіх плямёнах, якія прыйшлі на Беларусь, мы ведаем не толькі з археалагічных матэрыялаў, але і з пісьмовых крыніц і, у прыватнасці, з старажытнарускага летапісу “Аповесць мінулых гадоў” [15]. Аўтар гэтага летапісу лічыць славян адзіным народам, які паступова рассяліўся з сваёй прарадзімы (яе ён бачыць у Падняпроўі) на вялізных абшарах Усходняй Еўропы, атрымаўшы тут назвы па асаблівасцях мясцовасці ці ад імя сваіх прадвадзіцеляў. Тэрыторыю нашай краіны, як бачна з летапісу, займалі тады ў асноўным тры групы ўсходніх славян - дрыгавічы, радзімічы і крывічы, дакладней, частка крывічоў.

Дрыгавічы жылі ў Паўднёвай, Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. У “Аповесці мінулых гадоў” адзначаецца, што яны знаходзіліся паміж Прыпяццю і Заходняй Дзвіной (“Седоша межю Припятью н Двиною и нарекошася дреговичи”). Археалагічныя раскопкі ўвогуле пацвердзілі згаданы ў летапісе раён рассялення дрыгавічоў і разам і з тым дазволілі ўдакладніць межы іх тэрыторыі (гл. карту). У цэлым яны адпавядаюць той мясцовасці, якую, да прыходу дрыгавічоў, займалі плямёны пражскай культуры (на сярэдняй Прыпяці), банцараўскага тыпу (на поўнач ад Прыпяці). Назву “дрыгавічы” старажытны летапісец выводзіў ад “дрыгвы”, забалочанай мясцовасці, дзе яны аселі. Але ёсць і іншыя тлумачэнні. Так, некаторыя гісторыкі звязваюць гэту назву са славянскім іменем Дрыгавіт і лічаць яе патранамічнай па характару [16].

Радзімічы на тэрыторыю Беларусі прыйшлі крыху пазней і, відаць, з захаду, “ад ляхаў”, як адзначае летапісец. У гістарычнай літаратуры былі выказаны меркаванні аб тым, што раней радзімічы знаходзіліся ці ў Верхнім Паднястроўі, ці ў Павіслінні, адкуль прасунуліся на ўсход і аселі на землях паміж Дняпром і Дзясной. Пры гэтым асноўным арэалам іх рассялення стаў басейн рэк Сож і Іпуць. Падрабязная карта тэрыторыі радзімічаў была складзена ў свой час Б. Рыбаковым, у далейшым яна па выніках даследванняў удакладнялася і тым не менш знаходзілася ў вышэй названым арэале [17,с.32]. Можна лічыць; што назва радзімічаў паходзшь ад імя іх прадвадзіцеля Радзіма (“... и пришедьша седоста Радимъ на Сожю, и прозвашася радимичи” - адзначаецца ў летапісе), г.зн., як і назва дрыгавічоў, носіць патранамічны характар (гл. карту).

На поўначы ад дрыгавічоў і радзімічаў знаходзіліся крывічы. Яны займалі ў асноўным раён Падзвіння, верхняга Дняпра і Волгі, а таксама басейн ракі Вялікай, некаторыя іншыя прылеглыя тэрыторыі, дзе маюцца доўгія і падоўжаныя курганы. У “Аповесці мінулых гадоў” указваецца, што “кривичы иже седять на верх Волги, и на верх Двины, и на верх Днепра”. Многія даследчыкі лічаць, што крывічы, як і іх суседзі славені, прыйшлі з паўночнага захаду, а раёнам іх найбольш ранняй лакалізацыі была Пскоўска-Ільменская тэрыторыя, дзе сляды знаходжання крывічоў датуюцца канцом ІV – V стст. [18,с.11]. Беларускі гісторык Г.Штыхаў у зону першапачатковага фарміравання крывічоў уключае і тэрыторыю Паўночнай Беларусі, ім выяўлены тут крывіцкія курганы V – VІ стст. н.э. Па меры свайго рассялення крывічы занялі вялізныя прасторы і іх падзяляюць на тры групы: полацкую, смаленскую і пскоўскую. Полацкія і смаленскія крывічы настолькі блізкія па культуры, што шэраг даследчыкаў вылучаюць іх у адну этнічную групу (гл. карту). Трэба заўважыць, што некаторыя вучоныя бралі пад сумненне славянскае паходжанне крывічоў, але іх погляды не замацаваліся ў сучаснай навуцы. Дыскусійным застаецца і пытанне аб тым, якія славяне (усходнія ці заходнія) склалі этнічную аснову фарміравання крывічоў. Розныя думкі выказваюцца ў літаратуры таксама аб паходжанні назвы крывічоў. Адны даследчыкі яе звязваюць з словам “крэўныя” (блізкія па крыві), другія лічаць, што яна паходзіць ад імя легендарнага родапачынальніка Крыва ці ад язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва – Крывейта. Есць і іншыя тлумачэнні [19].

Не трэба думаць, што арэал пражывання дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў меў тады нязменныя межы. У працэсе рассялення, асабліва на прыгранічных тэрыторыях, яны змешваліся з суседнімі плямёнамі як славянскімі (драўляне, валыняне), так і балцкага і фіна-угорскага паходжання (яцвягі, літва, інш). Увогуле славянская каланізацыя беларускіх зямель больш працяглая і адбывалася яна даволі мірна, што, безумоўна, не выключала ваенныя сутыкненні прышэльцаў-славян з мясцовым насельніцтвам.

Славянскія плямёны, як вядома, рассяліліся і на іншых землях Усходняй Еўропы, і іх прыход сюды паскорыў развіццё ўсяго гэтага рэгіёну, таму што яны мелі даволі высокі ўзровень развіцця як матэрыяльнай, так і духоўнай культуры. Пры гэтым тут сталі складвацца не толькі новыя сацыяльныя адносіны, але ўзнікла і развівалася дзяржаўнасць, змяніўшая ранейшыя формы і механізмы рэгулявання грамадскага жыцця.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 2162; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.142 сек.