Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Дзяржаўныя ўтварэнні на тэрыторыі Беларусі, іх эвалюцыя, месца ў палітычнай сістэме Старажытнай Русі 2 страница




У гістарычнай літаратуры падрабязна аналізуецца праўленне Святаполка і яго пераемнікаў і няма неабходнасці спыняцца на гэтым пытанні. Разам з тым трэба сказаць, што Святаполк (відаць з-за асабістай крыўды і не без уплыву мясцовай знаці, а таксама і польскага караля, з якім ён быў звязаны сямейна-шлюбнымі адносінамі – ажаніўся на дачцы польскага караля Балеслава), стаў праводзіць антыкіеўскую палітыку, больш таго прэтэндаваў на кіеўскі прастол і нават адзін час займаў яго. На гэтым прастоле былі таксама тураўскія князі – Ізяслаў, Усевалад, Яраполк, Святаполк, іншыя. Падлічана, што з адзінаццаці князёў, якія займалі кіеўскі прастол ад Уладзіміра Святаслававіча і да Усяслава Вольгавіча, восем адначасова валодалі і Тураўскімі землямі [56,с.95]. Але тураўскія князі пастаянна адстойлівалі інтарэсы і свайго княства, імкнуліся да самастойнасці і незалежнасці ад Кіева. Гэта стала магчымым толькі пасля падзей 1158 г., у выніку якіх на чале Тураўскага княства стаў Юры Яраслававіч, узнавіўшы тут дынастыю Ізяслававічаў, кіраваўшую ў Тураве каля 60 гадоў. Як адзначае П. Лысенка, у гісторыі Тураўскай зямлі адбыўся пэўны паварот, пры гэтым спынілася практыка раздачы кіеўскімі князямі тураўскіх удзелаў. І тым не менш тэрытарыяльная цэласнасць Тураўскага княства была ўжо парушана, яно ўступіла ў перыяд раздробленнасці. На тураўскіх землях з’явіўся шэраг удзельных княстваў. Дакладны час утварэння такіх княстваў летапісы не ўказваюць, але вядома, што ў другой палове ХІІ ст. ужо існавалі Пінскае, Дубровіцкае ўдзельныя княствы, з’явіліся тут і іншыя ўдзелы. Пры гэтым адным з найбуйнейшых палітычных і эканамічных цэнтраў Тураўскай зямлі становіцца Пінск. Не выпадкова гэту зямлю некаторыя вучоныя называюць Турава-Пінскай. Упершыню Пінск у пісьмовых крыніцах упамінаецца пад 1097 г. як горад, які належыў вялікаму кіеўскаму князю. Пры апісанні падзей 1174 г. ужо названы князі тураўскія і пінскія. Пад 1183 г. упамянуты пінскі князь Яраслаў. Аб пінскіх князях летапісы гавораць і пры апісанні падзей канца ХІІ – першай паловы ХІІІ стст. Падзеі гэтыя ў асноўным былі звязаны з усобіцамі і барацьбой, якая адбывалася ў той час як на тураўскіх землях, так і ў цэлым у Старажытнай Русі. У ХІІІ ст. на палітычнае становішча ў гэтым рэгіёне ўсё большы ўплыў сталі аказваць знешнія фактары, пагрозы з боку літоўскіх князёў і татара-манголаў. Першыя звесткі аб набегах літоўцаў на Тураўскія землі з’яўляюцца ў 40-я гады ХІІІ ст. Что ж тычыцца мангола-татарскага нашэсця, то яно закранула толькі самыя паўднёвыя раёны Тураўскага княства.

Неабходна адзначыць, што хоць Полацкае і Тураўскае княствы і былі буйнымі дзяржаўнымі ўтварэннямі на беларускіх землях, іх уладанні не ахоплівалі ўсёй тэрыторыі нашай краіны, калі мець на ўвазе яе сучасныя межы. А гэта значыць, што палітычную карту сярэднявяковай Беларусі нельга звесці толькі да гэтых княстваў. Яна была больш складанай, больш стракатай, таму што беларускія землі ўваходзілі і ў іншыя княствы. Асабліва ўскладнілася гэтая карта ў сувязі з раздробленасцю Русі. Так, да гісторыі Беларусі непасрэднае дачыненне мела Смаленскае княства. Гэта княства ўзнікла на аснове зямель крывічоў, размешчаных у верхнім цячэнні Дняпра і Заходняй Дзвіны і распаўсюдзіла свае ўладанні і на раёны Пасожжа, населеныя паўночнымі радзімічамі з гарадамі Мсціслаў, Крычаў, Прупой (Прапошеск, цяпер Слаўгарад). У склад Смаленскага княства адышлі на пачатку ХІІ ст. Копысь і Орша, але Орша хутка была вернута Полацку. Некаторы час на гэтых землях існавала самастойнае Мсціслаўскае княства [57].

Самыя паўдневыя і паўднёва-усходнія землі Беларусі, якія размяшчаліся па ніжняму цячэнню Сожа з гарадамі Гомель, Рэчыца, Чачэрск знаходзіліся ва ўладаннях чарнігаўскіх і кіеўскіх князёў, але, на думку некаторых гісторыкаў, тут адзін час існавала і ўдзельнае Гомельскае княства. Дадзенныя археалагічных раскопак сведчаць, што Гомель з’яўляўся буйным горадам і быў разбураны ў часы нашэсця мангола-татараў [58].

Заходнія ўскраіны Беларусі ў часы Старажытнай Русі былі вядомы як Берасцейская зямля, якая ахоплівала ў асноўным раён Сярэдняга Пабужжа. Цэнтрам гэтай зямлі з’яўляўся адзін са старажытных гарадоў Беларусі – Брэст, Бярэсце, або Бераст. Упершыню ён упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1019 г. З’явіліся тут і іншыя гарады – Кобрын, Камянец, Мельнік, Драгічын, Бельск. На тэрыторыі Берасцейскай зямлі тады не склалася самастойнага княства, хоць ёсць звесткі, што ў Берасці ў 1153 г. кіраваў князь Уладзімір Андрэевіч, а паздней Уладзімір Мсціслававіч. Увогуле Берасце карысталася значнай самастойнасцю, тут важную ролю адыгрывала веча, існавала і пасада ваяводы. Аналіз палітычных падзей, якія адбываліся на Берасцейскіх землях у той час, сведчыць, што на іх прэтэндавалі многія суседнія княствы: Тураўскае, Галіцка-Валынскае, Полацкае і нават Польшча, але ў цэлым яны знаходзіліся ў сферы уплыву Кіева і былі часткай Старажытнарускай дзяржавы да яе распаду. У другой палове ХІІІ ст. на Берасцейскія землі сталі рабіць паходы літоўскія князі.

Па суседству с Берасцейшчынай, на поўнач ад яе, размяшчаліся землі Беларускага Панямоння. Спачатку гэтыя землі насялялі балты, але паступова яны былі каланізаваны ўсходнімі славянамі: плямёнамі дрыгавічоў, валынян, полацкіх крывічоў. Тут таксама развіваліся інтэнсіўныя палітычныя працэсы, якія прывялі да ўтварэння шэрагу княстваў. Так, ужо на пачатку ХІІ ст. існавала Гарадзенскае княства, аб ім ёсць звесткі ў пісьмовых крыніцах. Цэнтрамі асобных княстваў былі Навагародак, Ваўкавыск, Слонім. Пры гэтым да сярэдзіны ХІІІ ст. узрасла роля Новагародскага княства. Невыпадкова менавіта яно пазней стала ядром Вялікага княства Літоўскага, а Навагародак яго першай сталіцай [59].

Такім чынам, палітычныя працэсы, звязаныя з зараджэннем і развіццём дзяржаўнасці, закранулі ўсе беларускія землі. Гэтыя працэсы мелі глыбокія гістарычныя карані і ў сваёй эвалюцыі прайшлі некалькі перыядаў. Перш за ўсё можна гаварыць аб першапачатковым перыядзе, звязаным з стадыяй разлажэння першабытнага грамадства, калі закладваліся асновы дзяржаўнасці і з’явіліся племянныя княжанні. Аб гэтым перыяде мы ведаем мала, але ён быў даволі працяглым і ахопліваў VІ – VІІІ стст. Можна меркаваць, што ў ІХ ст. усходнія славяне пераадолелі рубеж, які аддзяляў іх ад старажытнасці і ўступілі ў новы этап развіцця. Тады сфарміраваліся больш сталыя і больш складаныя дзяржаўна-палітычныя ўтварэнні, якімі сталі Полацкае, Тураўскае і некаторыя іншыя княствы. Нават апынуўшыся ў залежнасці ад Кіева, у складзе Старажытнарускай дзяржавы, яны не страцілі сваёй самастойнасці і актыўна адстойвалі свае інтарэсы. Гэты перыяд прыходзіўся на Х – першую палову ХІ стст.

Аднак дзяржаўнаўтваральныя працэсы на ўсходнеславянскіх землях, у тым ліку і на беларускіх, развіваліся не ў нязменнай паслядоўнасці. Ужо ў другой палове ХІ ст. у гэтых працэсах выявіліся тэндэнцыі, якія вызначылі іншы вектар палітычнай гісторыі ўсёй Усходняй Еўропы, звязаны з раздробленасцю як старажытнарускай дзяржавы, так і тых княстваў, якія ў яе уваходзілі. Такая тэндэнцыя стала зусім відавочнай пасля смерці кіеўскага князя Яраслава Мудрага ў 1054 г. На пачатак раздробленасці Русі менавіта з гэтай даты ўказвалі гісторыкі М. Карамзін, С. Салаўёў, М. Устрялаў, В. Ключэўскі. “Па смерці Яраслава, - падкрэсліваў В. Ключэўскі, - улада над рускай зямлёй ужо не сканцэнтроўваецца ў адных руках. Адзінаўладдзе, меўшае месца да Яраслава, не паўтараецца...” [60,с.73]. Праўда, не ўсе гісторыкі прытрымліваюцца такой думкі. Інакш вырашылі гэтае пытанне М. Грушэўскі, А. Праснякоў, Б. Грэкаў, Г. Вернадскі, Б. Рыбакоў, яны абмяжоўвалі час існавання Старажытнай Русі як адзінай дзяржавы 1132 г., г.зн. смерцю сына Уладзіміра Манамаха Мсціслава. Разам з тым у сучаснай навуковай літаратуры новы перыяд у развіцці Старажытнарускай дзяржавы большасць гісторыкаў звязваюць з сярэдзінай – другой паловай ХІ ст., г.зн. з смерцю Яраслава Мудрага. Гэта смерць, адзначае расійскі гісторык В. Кучкін, “павінна быць прызнана безумоўнай вехай у існаванні Старажытнарускай дзяржавы. На змену апошняй прыйшоў так званы “удельный период” (тэрмін ХІХ ст.), або “период феодальной раздробленности” (тэрмін ХХ ст.), які адлюстроўваўся спачатку ў княжацка-уладальніцкай, а потым і ў ваенна-палітычнай раздзельнасці старажытнарускай тэрыторыі, існаванні шэрагу незалежных княстваў” [61,с.74].

Такім чынам, раздробленасць Русі можна разглядаць як пэўную мяжу ў эвалюцыі дзяржаўнаўтваральных працэсаў на ўсіх усходнеславянскіх землях. У гэты час адбылася дэцэнтралізацыя палітычнай сістэмы Старажытнай Русі, а дзяржаўнасць стала развівацца на рэгіянальным узроўні. Гэта стала вынікам тых глыбокіх змен, якія адбываліся ў эканоміцы ўсходнеславянскіх зямель, у развіцці феадальных адносін, яны патрабавалі прыстасавання да іх палітычных структур. Цяпер галоўнымі (рэгіянальнымі) цэнтрамі дзяржаўнага жыцця станавіліся асобныя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі – княжацкія ўдзелы. Яны паступова вылучыліся на ўсёй тэрыторыі Старажытнай Русі. Да мангола-татарскага нашэсця тут існавала 18 буйнейшых дзяржаўных утварэнняў, меўшых у сваім складзе каля дзесятка ўдзельных княстваў (расійскі гісторык Б. Рыбакоў лічыў, што ў пачатку ХІІІ ст., напярэдадні нашэсця Батыя, такіх княстваў было каля 50) [62,с.76,80].

Распаліся на ўдзелы і княствы беларускіх зямель. Так, на Полацкай зямлі такія ўдзелы ўзніклі ў канцы ХІ ст., спачатку іх было два (Мінскі і Ізяслаўскі), а пасля смерці князя Усяслава іх колькасць узрасла да шасці. Распалася і Тураўская зямля, на яе тэрыторыі ўтварылася пяць княжацкіх удзелаў. Першыя ўдзелы, на думку даследчыкаў, вылучаліся яшчэ на родавым праве, г.зн. не з’яўляліся асабістай уласнасцю, потым узніклі ўдзелы-вотчыны, створаныя на феадальным праве. Пры гэтым пэўны час існавалі і тыя і другія, але ў “далейшым пры развіцці феадальных адносін раннія ўдзелы станавіліся фактычна раўназначнымі феадальным ўдзелам вотчынам” [63,с.65]. З’яўленне такіх удзелаў адлюстравала якасныя змены як у феадалізацыі грамадства, так і ў развіцці дзяржаўнасці на ўсіх усходнеславянскіх землях. Таму нельга разглядаць перыяд раздробленасці, нягледзячы на пашырэнне княжацкіх усобіц, толькі з негатыўных пазіцый. На гэта звярнуў увагу у свой час расійскі гісторык Б. Рыбакоў, які адзначыў, што ўсобіцы князей на Русі хоць і спадарожнічалі яе драбленню, і нават перашкаджалі развіццю ўсходнеславянскіх зямель, але не вызначалі ў поўнай ступені сам змест гістарычнага працэсу, паколькі асноўныя формы сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага і культурнага развіцця захоўваліся і не заставаліся нязменнымі. Яны працягвалі развіццё, ды і княствы, якія былі створаны тады, не былі ізаляваны адно ад аднаго, тым больш, што многія ўдзельныя князі знаходзіліся ў генеалагічных сваяцкіх адносінах. Паступова вызначыліся і новыя палітычныя цэнтры, вакол якіх у далейшым будзе праходзіць кансалідацыя раздробленых зямель. Таму, адзначаў Б. Рыбакоў, феадальную раздробленасць трэба разглядаць як пераразмеркаванне палітычных і эканамічных сіл, у выніку чаго роля лідэра ці новага вядучага цэнтра пераходзіць да больш перспектыўных дзяржаўных утварэнняў, адбор якіх і ажыццяўляўся ў ходзе міжусобіц [64,с.470].

Такія падыходы да перыяда раздробленасці ўсходнеславянскіх зямель падзяляюць і беларускія гісторыкі і, у прыватнасці, М. Ермаловіч. На яго думку, перыяд раздробленасці стымулюе дзяржаваўтваральныя працэсы ў феадальным грамадстве, стварае перадумовы для перахода да новай ступені гістарычнага развіцця [65,с.15]. Гэтае стымуляванне ў значнай ступени было звязана з тым, што раздробленыя княствы (а іх на тэррыторыі Беларусі ў ХІІІ ст. налічвалася каля дваццаці) страчвалі характар дзяржаўных утварэнняў, а самі ўдзельныя князі, як слушна заўважыў М. Довнар – Запольскі, “ператварыліся ў простых вотчыннікаў” [66,с.56]. Такое становішча складвалася ва ўсёй Русі, мясцовыя княствы драбнелі, аслабявалі, што сучаснікі выражалі ў іранічных прымаўках: “В Ростовской земле – князь в каждом селе”, “У семи князей один воин” і г.д..Вось чаму аб’ектыўна наспявала неабходнасць у пераадоленні раздробленнасці, у аб’яднанні існаваўшых у той час княжацкіх удзелаў – вотчын у больш буйныя дзяржаўна-палітычныя ўтварэнні. Такія утварэнні намеціліся ўжо напрыканцы ХІІ – першай палове ХІІІ стст. Імі сталі некалькі груп княстваў (зямель), якія ўтварыліся на тэрыторыі Старажытнай Русі: 1) Наўгародская і Пскоўская землі; 2) Уладзіміра-Суздальскае, Разанскае, Мурамскае княствы; 3) Кіеўскае, Чарнігаўскае, Северскае, Пераяслаўскае княствы; 4) Галіцкае і Валынскае; 5) Полацкае, Смаленскае, Тураўскае княствы і дробныя Наднёманскія княствы. Далейшае развіццё кансалідацыйныя працэсы атрымаюць у другой палове ХІІІ – ХIV стст., тады беларускія землі будуць уцягнуты ў склад Вялікага княства Літоўскага. Гэта дзяржава разам з Маскоўскім княствам выступала ў якасці збіральніка раздробленных усходнеславянскіх зямель, іх заходняй часткі.

Дзяржаўнасць, як вядома, узнікае і развіваецца ў розных формах і мае асаблівасці, якія тычацца і палітычнага ладу, і адміністрацыйнага ўладкавання, і прававой сістэмы. Пэўныя асаблівасці мелі і княствы Старажытнай Русі, у тым ліку і тыя, што склаліся на беларускіх землях. Але ўсе яны, як і сама старажытнаруская дзяржава, насілі манархічны характар, бо важную ролю ў вырашэнні дзяржаўных спраў адыгрывалі князі, якія ажыццяўлялі вярхоўную ўладу ў межах сваіх уладанняў.

Вядучая роля князей стала вызначацца ўжо на этапе фарміравання племянных княжанняў як утварэнняў тэрытарыяльна-палітычнага характара. Сама назва “княжанне” адлюстроўвала факт існавання ў гэтых супольнасцях княжацкай улады. Расійскі гісторык А.Горскі прапанаваў дробныя тэрытарыяльныя ўтварэнні называць тэрмінам “племянное княжанне”, а для іх аб’яднанняў – “саюзы племянных княжанняў”. На чале саюзаў племянных княжанняў, на яго думку, стаялі правіцелі, якія насілі тытул “вялікі князь” ці “светлы князь”, а кіраўнік племянного княства меў тытул “князь”. Такія тэрміны ўтрымліваюць пісьмовыя крыніцы, у прыватнасці, дагаворы Русі з Візантыяй 907 і 911 гадоў [67,с.24-25].

Ператварэнне племянных тэрытарыяльна-палітычных аб’яднаняў у княствы феадальнага тыпу прывяло да ўзмацнення ролі князя як дзяржаўнага кіраўніка. Ен, як адзначыў Г.Штыхаў, з’явіўся “зусім неабходным прадстаўніком сацыяльна-палітычнай арганізацыі” грамадства і яго адсутнасць “парушала нармальнае жыццё княства” [68,с.323].

Нам вельмі мала вядома аб першых князях на беларускіх землях, іх паходжанні, але аб іх практычнай дзейнасці мы маем пэўнае прадстаўленне на аснове аналізу пісьмовых крыніц. Прычым ужо тады складвалася і пэўная цэрыманіяльная працэдура вокняжання, узвядзення князя на прастол. Так, з прыняццем хрысціянства ў Кіеве, Полацку і іншых палітычных цэнтрах зямель-княстваў атрымала распаўсюджванне практыка “целования” креста для пацвярджэння князем узятых на сябе абавазацельстваў, а таксама выканання ўмоў таго дагавора (ряда), які ён заключаў з гараджанамі на вечы. Асабліва крыжацалаванне наебходна было, калі князя запрашалі з іншых зямель. “І Рагвалод прысягнуў (палачанам) на крыжы, - адзначаецца ў летапісе, - што ён непрыпомніць ім усё тое (дрэннае), што яны яму ўчынілі, і адпусціў іх назад” [69,с.38].

Мелася і пэўная практыка перадачы княжацкага прастола, у яе аснову быў пакладзены прынцып спадчаннасці, калі вярхоўная ўлада пераходзіла да старэйшых у родзе сыноў памершага князя. Але такі парадак парушаўся і не заўсёды дзейнічаў, асабліва калі княствы апынуліся пад уладаю кіеўскага князя, які мог назначаць і сваіх прадстаўнікоў (намеснікаў). Даволі шырока тады распаўсюджанна была і такая з’ява, як выбранне князя народнымі прадстаўнікамі на вечы. Але бывалі выпадкі, калі княжацкі прастол займаўся сілаю, у выніку ўзброенай барацьбы. Трэба зазначыць, што рэгаліяй княжацкай улады з’яўлялася віслая пячатка, адной з старажытных на Русі гісторыкі лічаць пячатку полацкага князя Ізяслава. І тады ж у княжацкім ужытку з’явіліся і цырыманіяльны касцюм ці адзенне, якія выкарыстоўваліся пры ўступленні на прастол, прыёме паслоў, уваходзе ў храм, інш. [70,с.31].

Гістарычныя крыніцы сведчаць, што ў князёў былі значныя ўладарныя паўнамоцтвы, перш за ўсё ў сферы выканаўча-распарадчай дзейнасці. Часцей за ўсё, як піша У. Ігнатоўскі, ім даводзілася займацца вайсковаю справай, абараняць тэрыторыю княстваў і іх насельніцтва ад знешняй бяспекі, рабіць паходы на іншыя землі. Акрамя таго, князь выконваў і адміністрацыйную работу, чыніў суд і расправу, займаўся іншымі пытаннямі.

Але кіраваў ён дзяржаўнымі справамі не аднасобна, яго апорай была дружына. Такія дружыны меліся ўжо ў час племянных княжанняў і аб іх існавнні ў разлядаемы перыяд сведчаць пісьмовыя крыніцы. Дружыны складаліся з узброеных людзей (“мужей”), аднак з імі князі вырашалі не толькі вайсковыя праблемы. Дружынікі выконвалі самыя розныя даручэнні князя і фактычна з іх фарміраваўся асобны слой службовых людзей, за якімі паступова замацавалася назва “баляры”, “баяры”, “дваране” і якія адносіліся да феадальнай знаці. Такім чынам, дружына як асобная арганізацыя, непасрэдна звязаная з князем, у працэсе развіцця дзяржаўнасці змяняла свае функцыі, з чыста ваенных яны станавіліся адміністрацыйна-службовымі. “У адрозненні ад папярэдніх часоў (ІХ – ХІ стст.), - адзначае гісторык В. Ляўко, - дружына ўжо не была атрадам воінаў, асабіста адданых князю. Гэта быў сацыяльны слой, прадстаўлены знаццю і заможнай часткай насельніцтва дзяржавы, праз які ажыццяўлялася кіраванне ў розных галінах палітычнай і гаспадарчай дзейнасці” [71,с.21]. Такую ацэнку дружыны цяпер падзяляюць многія гісторыкі. З’явіўся нават тэрмін “дружинное государство” – у адносінах да старажытнай Русі другой паловы Х – пачатку ХІ стст. [72,с.39]. Найбольш прыбліжаныя да князя як з ліку дружыннікаў, так і з выхадцаў рода-племянных вярхоў уваходзілі ў раду ці думу, якая дзейнічала пры князі. Значэнне гэтага органа таксама будзе ўзрастаць.

Важную ролю ў вырашэнні дзяржаўных спраў адыгрывалі ў той час веча – агульныя сходы жыхароў таго горада (самастойных гаспадароў), які быў палітычным цэнтрам княства. Практычна ўсе гісторыкі лічаць, што веча – найбольш старжытны орган улады, які склаўся яшчэ ва ўмовах рода-племянного ладу. Наяўнасць веча (упершыню гэта назва сустракаецца ў “Аповесці мінулых часоў” пад 997 г., а найбольш раннее ўпамінанне аб вечы ў Кіеве адносіцца да 968 г.) надавала спецыфічныя рысы манархічнай уладзе ў княствах, стрымлівала развіццё яе ў напрамку да самаўладдзя. Асабліва важнае значэнне мела веча ў Полацкім княстве, тут яно праіснавала амаль да канца ХV ст. На вечы разглядаліся ўсе асноўныя пытанні, якія тычыліся не толькі дадзенага горада як палітычнага цэнтра, але і ўсіх валасцей княства. Фактычна гэта быў заканадаўчы орган, які істотна абмяжоўваў уладу князя. Да і кіраваць князь мог толькі са згоды веча, у крыніцах зафіксавана шмат выпадкаў, калі князя запрашалі на аснове пастановы веча або (па тым ці іншым прычынам) зганялі з княжацкага прастолу. Трэба адзначыць і такі факт, што князь з дружынай (гэта тычыцца перш за ўсё Полацкай зямлі) павінен быў знаходзіцца не ў горадзе, а ў яго прадмесці (Бельчацы). Ен і яго дружына не мелі права купляць у Полацку нерухомасць і валодаць ею. Калі князя па якойсці прычыне зганялі з Полацка, ён павінен быў пайсці за межы княства. Акрамя Полацка, веча, на думку гісторыкаў, збіраліся ў Мінску, Віцебску, Лагойску. Вельмі актыўна дзейнічала веча ў Друцку [73,с.33]. Пісьмовыя крыніцы сведчаць аб дзейнасці веча ў Тураве, Берасці, іншых гарадах.

Як ужо адзначалася, права ўдзельнічаць у вечавых сходах належыла ўсім свабодным гаспадарам горада, якія ў пісьмовых крыніцах вызначаюцца мясцовымі тэрмінамі “полочане”, “меняне”, “дрючане” ці проста “люди” (вельмі рэдка выкарыстоўваўся тэрмін “горожане”). Па меры ж развіцця феадальных адносін ў вырашэнні дзяржаўных спраў, якія разглядаліся на вечах, стала ўзмацняцца роля баярства, што не толькі падрывала дэмакратызм вечавых парадкаў, але аслабляла і пазіцыі князя. Гэта тычыцца, у прыватнасці, Полацка. Ёсць звесткі аб тым, што тут у пэўны час (80-я гг. ХІІ ст.) улада належыла 30 мужам, якія займалі важныя адміністрацыйныя і судовыя пасады і зацвярджаліся яны на гэтыя пасады вечам. Палачане, запісаў летапісец, “в то время само управлялись и никакой высшей власти над сабой не имели, только 30 мужей из среды их сограждан на текущие дела назначались судьями и сенаторами, а чаще по сигналу большого колокола, который по среди города висел, все собирались; там и о делах своих, и о нуждах республики, и о подвласных своих рядили, ибо держали в то время Русскую землю сами горожане полоцкие и на несколько десятков миль управляись” [74,с.118]. Праўда, суадносіны інстытутаў веча, баярства і князя ў Полацку гісторыкі ацэньваюць неадназначна. Так, некаторыя з іх (В. Даніловіч, М. Доўнар-Запольскі, М. Ціхаміраў) указвалі на вярхоўную ўладу ў Полацку веча і фактычна не ўлічвалі і нават адмаўлялі існаванне баярства, яго ролю. З крытыкай такой думкі выступіў В. Пашута. Слабасць княжацкай улады, узмацненне з ХІІ ст. ролі баярства ў Полацку прызнавалі Л. Аляксееў, І. Фраянаў, А. Дварнічэнка. На думку беларускага гісторыка Г. Штыхава, “Полацкае веча не мела свайго развітага інстытута прадстаўнічай улады. Полацк спыніўся на этапе суіснавання княжацкай і зародкаў рэспубліканскай улады” [75,с.49]. На ўзмацненне ролі баярства ў Полацку ў другой палове ХІІ – першай палове ХІІІ стст. указвае расійскі гісторык А. Рукавішнікаў. Прааналізаваўшы адпаведныя факты, ён прыйшоў да высновы, што “напрыканцы ХІІ – першай палове ХІІІ стст. Полацк прадстаўляў сабою тып дзяржавы з практычна склаўшыміся рысамі алігархічнага праўлення і слабавыразнымі элементамі княжацкай улады. Напярэдадні літоўскага заваявання гэта была ў чыстым выглядзе “боярская республика” [76,с.122]. Трэба зазначыць, што такія тэндэнцыі ў развіцці грамадска-палітычнага ладу былі характэрны і для іншых княстваў Старажытнай Русі, у прыватнасці, для Наўгародскай зямлі.

У працэссе фарміравання і развіцця дзяржаўнасці складвалася і мясцовая сістэма кіравання. Гэта сістэма таксама адлюстроўвала пераўтварэнне племянных княжанняў у дзяржаўныя аб’яднанні, калі ўзнікалі пагосты і воласці. Пагосты можна лічыць самай старажытнай мясцовай адміністрацыйнай адзінкай, яны аб’ядноўвалі сялянскія сельскія абшчыны – “верви”. Менавіта пагосты былі цэнтрамі сбору княжацкай даніны. Пагосты аб’ядноўваліся ў больш буйныя ўтварэнні –воласці, цэнтрамі якіх былі гарады. Можна сцвярджаць, што воласці павінны былі стаць асноўнай апорай княжацкай улады ў вырашэнні фіскальных, гаспадарчых і іншых пытанняў дзяржаўнага характару. Гэтымі пытаннямі займаліся пасаднікі (яны меліся ў Тураве, а калі верыць В.Тацішчаву, і ў Полацку) тысяцкія, цівуны, мытнікі, ключнікі. У Берасці існавала пасада ваяводы, гэта адзіны горад на Беларусі, у якім яна была. Пагосты, як вядома, сталі ўстанаўлівацца кіеўскай княгіняй Вольгай яшчэ ў Х ст. і тады ж яны з’явіліся і на беларускіх землях: у Віцебске, Гарадке, Усвятах. У далейшым на аснове пагостаў склаліся воласці, цэнтрамі якіх былі гарады. У перыяд раздробленасці мясцовае кіраванне ажыццяўлялася ва ўдзелах.

У якасці элементаў палітычнай сістэмы можна разглядаць і царкву, яна адыгрывала важную роль не толькі ў духоўным, але і ў дзяржаўным і гармадскім жыцці княстваў. Асабліва высокае становішча займалі тады епіскапы, а яны былі ў Полацкім і Тураўскім княствах. Усе дагаворы, якія заключаліся ў гэтых княствах, падпісваліся князем і епіскапам, да іх прыкладваліся і іх пячаткі.

Паступова складвалася і ваенная арганізацыя княстваў. Яна была неабходна перш за ўсё для вырашэння знешнепалітычных спраў. Хоць звесткі аб ваеннай арганізацыі вельмі сціплыя, тым не менш пэўнае прадстаўленне аб ёй можна атрымаць. Так, на Полацкай зямлі ўзброеныя сілы складваліся з княжацкіх дружын, вайсковых атрадаў мясцовых князёў і баяр, гарадскога і вясковага апалчэння, выкарыстоўваліся таксама атрады наёмных альбо саюзных іншаземцаў. Падлікі, зробленыя даследчыкамі, паказваюць, што ў час “татальнай мабілізацыі” князь мог сабраць значную колькасць баяздольных мужчын. Напрыклад, у паходзе супраць земгалаў, які быў арганізаваны Полацкам у 1106 г., па падліках гісторыка Г. Ласкавага, удзельнічала больш за 14,5 тыс. чалавек [77,с.39-41].

Узнікнне і развіццё дзяржаўнасці супрваджалася таксама зменамі і ў прававой сферы. Але яны адбываліся вельмі марудна. Гісторыкі, якія вывучалі гэта пытвнне, адзначаюць, што на беларускіх землях у той час (як і ва ўсёй Русі) вельмі моцным быў уплыў пры рашэнні дзяржаўных і грамадзянскіх спраў звычаёвага права. Пры гэтым яно мела і свае мясцовыя асаблівасці. Аб гэтым гаворыцца ў “Аповесц і мінулых гадоў”. Тут ёсць запіс аб тым, што насельніцтва кожнай зямлі “имяху бо обычай свои и закон отец своих и преданья каждо свой нрав”. Аднак па меры развіцця дзяржаўнасці, феадальных адносін звычаевае права ўжо не здавальняла ні княжацкую ўладу, ні феадальныя саслоўі, ды і простых лядзей. Таму сталі з’яўляцца спецыяльныя пісьмовыя акты, розныя дапаўненні і тлумачэнні да нормаў звычаёвага права, а гэта спрыяла развіццю пісанага права. Самыя старажытныя нормы дзяржаўнага права на Беларусі былі выпрацаваны народам пры заключэнні дагавораў са сваімі князямі пры іх узвядзенні на княжацкі трон. Помнікамі пісанага права з’яўляюцця таксама граматы, якія тычыліся адносін Полацка і Віцебска з Рыгай і нямецкімі купцамі, а таксама дагавор 1229 г., які, на думку даследчыкаў, быў складзены па ўзору ранейшых дамоў Полацка з Ордэнам. На беларускіх землях дзейнічалі і нормы “Русской Правды” [78,с.66-70].

На заканчэнне трэба адзначыць, што дзяржаўнасць на ўсходнеславянскіх землях узнікла і развівалася на аснове заканамернасцяў, якія вызначалі такія ж працэсы і ў другіх рэгіёнах еўрапейскага кантыненту. Таму ва ўсіх дзяржаўных утварэннях гэтага кантыненту мелася шмат агульнага. Нават сам тэрмін “дзяржава” у адносінах да такіх утварэнняў у той час не ўжываўся, яны называліся каралеўствамі ці княствамі (у сучасным значэнні тэрмін “дзяржава” вядомы на Русі з XV ст.). Безумоўна, былі і асаблівасці. Так, на дзяржаваўтваральныя працэсы ва Ўсходняй Еўропе наклаў адбітак тэрытарыяльна-геаграфічны фактар, агромністасць той прасторы, на якой фарміравалася дзаржава Русь, кліматычныя ўмовы.

 

Пытанні для самакантролю:

· Якія храналагічныя рамкі ў еўрапейскай гісторыі ахоплівае сярэдневяковы перыяд? Што было характэрна для сярэдневяковага грамадства? На падставе чаго можна звязваць сярэдневяковаю гісторыю Беларусі з еўрапейскай перыядызацыяй?

· Калі і як праходзіла рассяленне ўсходніх славян на беларускіх землях? Якія ўсходнеславянскія племянныя ўтварэнні замацаваліся на тэрыторыі Беларусі? Як гэта адбілася на гістарычным развіцці беларускіх зямель?

· У якіх значэннях выкарыстоўваецца тэрмін “дзяржава”, яе прыметы? Калі пачала развівацца дзяржаўнасць на ўсходнеславянскіх землях? Якія погляды на гэта пытанне склаліся ў гістарычнай навуцы? Што стала асновай дзяржаўнасці на беларускіх землях? Назавіце перадумовы ўзнікнення яе?

· Як узнікла старажытнаруская дзяржава Кіеўская Русь? Ці ёсць падставы разглядаць яе як агульнаўсходнеславянскую дзяржаву? Якія пункты гледжання на гэту дзяржаву выказаны ў гістарычнай навуцы?

· Ахарактарызуйце роль Полацкага княства ў развіцці дзяржаўнасці на беларускіх землях. Як гісторыкі ацэньваюць месца Полацкага княства ў палітычнай сістэме Старажытнай Русі? У чым асаблівасці Тураўскага княства? У якія іншыя княствы уваходзілі беларускія землі ў старажытнарускі перыяд? Як змянілася дзяржаўнасць на ўсходнеславянскіх землях ва ўдзельны перыяд?

· Якія рысы насіў дзяржаўна-палітычны лад княстваў, што склаліся на беларускіх землях? Дайце характарыстыку органаў улады і кіравання, ваеннай арганізацыі княстваў. Якія змены адбываліся ў прававой сферы?





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 1140; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.011 сек.