КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Узнікненне гарадоў. Развіццё раместваў, гандлю
З сельскагаспадарчай дзейнасцю, як ужо адзначалася, было звязана жыццё асноўнай масы насельніцтва беларускіх зямель. Яно пражывала тады ў самых розных паселішчах, прывязаных к пэўнай мясцовасці, галоўным чынам да рачных далін і азёр. Гэта былі невялікія пасяленні (весі, сёлы, пагосты і г.д.) адкрытага тыпу з наземнымі ізбамі і адпаведнымі гаспадарчымі збудаваннямі. Аналіз археалагічных дадзенных паказвае, што плошча абсалютнай большасці старажытнарускіх сельскіх пасяленняў таго часу укладвалася ў межы 0,5 – 2 га, а колькасць двароў скаладала ад 3-8 да 12-15. Так, на Смаленскай зямлі, па падліках В. Сядова, з 44 сельскіх пасяленняў, якія ім даследаваліся, 52,3 % мелі ад 3 да 8 двароў, 34,1 % - больш за 8 двроў і 13,6 % - 1 ці 2 двары. Улічваючы суседства Смаленскай зямлі з Беларуссю, гэтыя дадзеныя можна прыкласці і да яе тэрыторыі [12,с.99-100]. Разам з тым змены, якія адбываліся ў эканоміцы, сацыяльнай і грамадскай сферы, стваралі перадумовы для ўзнікнення новага тыпу пасяленняў – гарадоў. Гэта была агульная заканамернасць, яна праслежваецца і на ўсходнеславянскіх, у тым ліку і на беларускіх землях. Тэрмін “град” “город”, на думку лінгвістаў, з’явіўся яшчэ ў праславянскі час, і славянскія плямёны, якія рассяліліся і замацаваліся на прасторах Усходняй Еўропы, ужо ведалі такі тэрмін. Невыпадкова ён шырока ўжываўся ў пісьмовых крыніцах. Толькі ў “Аповесці мінулых гадоў” (Лаўрэнц’еўскі летапіс) гэты тэрмін, па падліках Г. Штыхава, названы больш за 260 разоў, пры гэтым 127 населеных пунктаў аднесены да рэальных паселішчаў з адпаведнай назвай [13,с.55]. Горад – гэта перш за ўсё ўмацаванае паселішча, так яго разумелі сучаснікі. Гісторыкі адзначаюць, што славянскія ўмацаваныя пункты (гарадзішчы і іншыя) ва Усходняй Еўропе сталі з’яўляцца ўжо на апошняй стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Але дакладны час пачатку працэса ўрбанізацыі ці горадаўтварэння ўстанавіць немагчыма. І тым не менш яго нельга аднесці, як лічыў В. Сядоў, раней ІХ – Х стст. У VІ – VІІІ стст. на ўсходнеславянскіх землях толькі наспявалі ўмовы, якія прывялі да іх узнікнення. Асноўная маса насельніцтва ў гэты перыяд пражывала на неўмацаваных паселішчах, займаючыся сельскай гаспадаркай, промысламі і хатнімі рамёствамі [14,с.51]. Аднак ёсць і іншы пункт гледжання. Так, гісторыкі Б. Грэкаў і А. Арцыхоўскі не выключалі таго, што гарады Старажытнай Русі маглі ўзнікнуць ужо ў VII – VIII стст. Увогуле пытанне аб ўзнікненні гарадоў з’яўляецца яшчэ не да канца вырашыным, застаецца дыскусійным. У гістарычнай літаратуры падаюцца розныя думкі як аб прычынах, так і шляхах з’яўлення гарадоў. Ды і само паняцце “горад” трактуецца неадназначна. Прапануюцца розныя крытэрыі і для вызначэння гарадскіх паселішчаў, некаторыя навукоўцы сталі выкарыстоўваць і такое паняцце як “протагорад” [15]. На думку беларускага гісторыка Г. Штыхава, для разумення горада ў сацыяльна-эканамічным значэнні могуць быць выкарыстаны чатыры асноўныя крытэрыі: 1) упамінанне аб горадзе ў пісьмовых крыніцах як аб важным пункце, цэнтре пэўнай акругі; 2) наяўнасць дзяцінца (“града”) і пасада, плошча якога ў некалькі разоў перавышае плошчу дзяцінца; 3) пражыванне значнай часткі насельніцтва, якое займалася таргова-рамеснай дзейнасцю і ў якойсці меры было адарвана ад земляробства; 4) наяўнасць гарадской абшчыны. Гэта, сапраўды, важныя крытэрыі [16,с.55]. Горад з самага пачатку стаў адрознівацца ад сельскіх пасяленняў і функцыянальна, і як новае асяроддзе пражывання чалавека, у гэтым сэнсе ён, па словах гісторыка І. Данілеўскага, “цивилизиционная, окультуренная”, адваяваная ў прыроды тэрыторыя. Узнікненне гарадоў было падрыхтавана ўсім папярэднім развіццём усходнеславянскіх зямель. Трэба падкрэсліць, што вядучая роля ў вывучэнні гісторыі ўзнікнення і развіцця беларускіх гарадоў належыць археолагам. Археалагічным раскопкам былі падвергнуты практычна ўсе старажытнарускія гарады, у тым ліку і тыя з іх, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. Прычым археолагам удалося адкрыць і старажытныя месцазнаходжання многіх гарадоў. Так, беларускі археолаг П.Лысенка зусім нядаўна, у 80-я гады мінулага стагоддзя, знайшоў месца першапачатковага размяшчэння Брэста. На гэтым месцы (пры ўпадзенні ракі Мухавец у Заходні Буг) створаны першы ў нашай рэспубліцы археалагічны павіліён “Берасцейскае гарадзішча” – філіял Брэсцкага абласнога крязнаўчага музея. Звесткі аб гарадах маюцца і ў летапісах, іншых пісьмовых крыніцах. Першым у ліку беларускіх гарадоў названы ў летапісах Полацк, ён упамінаецца пад 862г. Вядомы быў Полацк і ў скандынаўскіх сагах, пры гэтым некі полацкі князь Палтэс узгадваецца нават раней часу Рурыка. Гэта адзін са старажытных і разам з тым буйнейшых гарадоў Беларусі, заснаваны славянамі напрыканцы VІІІ ст. на месцы пакінутага пасялення днепра-дзвінскай культуры, астаўленай балтамі [17]. Яго беларуская назва – Полацак, у далейшым яна была скажона. Дарэчы, падпалі скажэнню, ў прыватнасці, з боку палякаў, назвы і іншых беларускіх гарадоў. У польскіх назвах гэтых гарадоў сталі знікаць галосныя. Адсюль – не Полацак, а Полацк, не Слуцак, а Слуцк, не Гародня, а Гродна, не Бераст, а Брэст і г.д. Да ліку старажытных гарадоў Беларусі адносяцца таксама Тураў, Заслаўль, Віцебск, яны вядомы былі ўжо ў Х ст. У ХІ ст. на старонках пісьмовых крыніц упамінаюцца Брэст (Бярэсце), Друцк, Лагойск, Лукомль, Копысь, Мінск (Менск), Ворша, Пінск, у ХІІ ст. – Барысаў, Слуцк, Клецк, Гомель, Крычаў, Мсціслаў, іншыя гарады. Даследаванні апошніх гадоў паказваюць, што да ліку старажытных гарадоў можна аднесці і Магілёў, ужо ў ХІІ ст. тут была ўмацаваная крэпасць. У гэты час ён хутчэй за ўсё быў падкантрольны Друцку, а ў ХІІІ – ХIV стст. гэта тэрыторыя кантралявалася віцебскім удзельным княствам [18]. Дарэчы, рост гарадскіх пасяленняў у ХІ - ХІІ ст. адбываўся на ўсіх землях Старажытнай Русі. Так, калі ў ІХ – Х стст. на тэрыторыі Старажытнай Русі існавала (толькі па летапісных дадзеных) 25 гарадоў, то ў ХІ ст. названы 64 новыя гарады, а ў крыніцах ХІІ ст. з’явіліся яшчэ 134 гарады. Але гэтыя дадзеныя няпоўныя, тамушто яны заснаваны на пісьмовых крыніцах, без уліку археалагічных матэрыялаў. М.Ціхаміраў лічыў, што да часу мангольскага нашэсця колькасць старажытнарускіх гарадоў узрасла да 250 [19,с.20-24]. Гэты рост падцвярджаюць і археалагічныя матэрыялы. Пры гэтым новыя гарады з’яўляліся не па суседству з старымі цэнтрамі, а на новых тэрыторыях, што сведчыла аб пашырэнні межаў княстваў. Гэта тычыцца і беларускіх зямель. У ХІІ ст. агульная колькасць гарадоў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі і называюцца ў пісьмовых крыніцах, узрасла да 35. Канешне, яны не былі аднолькавыя і па велічыні, і па значэнню. Адны гарады з’яўляліся буйнымі пасяленнямі (Полацк), другія – сярэднімі (Мінск, Друцк, Віцебск), трэція – дробнымі (Лукомль, Копысь). Некаторыя з гарадоў сталі цэнтрамі ўдзельных княстваў [20,с.56]. Праведзеныя даследаванні паказваюць, што працэс горадаўтварэння на ўсходнеславянскіх землях быў абумоўлены эвалюцыяй іх грамадства і што адзінага шляху ўзнікнення гарадоў не было. Шляхі гэтыя разнастайныя і могуць быць падзелены на 3 групы: 1) абшчынна-феадальны шлях; 2) феадальна-дзяржаўны; 3) гандлёва-рамесны [21,с.233]. Але якія б не былі шляхі ўзнікнення гарадоў, яны з’яўляліся ў найбольш развітых у эканамічных адносінах рэгіёнах, асабліва ў тых, што былі звязаны з гандлёва-рачной сістэмай. Прычым асновай большасці гарадоў станавіліся славянскія паселішчы, якія выконвалі ролю рода-племянных цэнтраў ці сельскіх абшчын. На такой аснове, напрыклад, узніклі Полацк і Тураў. Іх развіццю спрыяла і тое, што яны выконвалі адміністрацыйна-палітычную функцыю, сталі цэнтрамі дзяржаўных утварэнняў. Многія гарады былі цэнтрамі валасцей (Лукомль, Друцк). Увогуле зараджэнне і развіццё дзяржаўнасці, фарміраванне феадальных адносін з’явілася істотна важным фактарам горадаўтварэння. Шмат якія з гарадоў узніклі як памежныя крэпасці ў прыгранічных раёнах княстваў (Браслаў, Барысаў, Мінск, Пінск). Асновай некаторых станавіліся рэзідэнцыі мясцовай адміністрацыі, феадальныя замкі ці сядзібы. Іх з’яўленне было звязана з узрастаннем ролі ўдзельных князёў, баярскіх вотчын. Безумоўна, сацыяльна-вызначальныя і функцыянальныя рысы гарадоў не заставаліся нязменнымі, страчваліся адны і развіваліся другія. Разам з тым вельмі вжнае значэнне для працэсу ўрбанізацыі мелі эканамічныя фактары і, у прыватнасці, развіццё рамяства і гандлю. Невыпадкова большасць гарадскіх жыхароў займаліся гандлёва-рамеснай дзейнасцю. На гэта звярнуў увагу яшчэ расійскі гісторык В. Тацішчаў. “Рамёствы – прычына гарадоў”, - пісаў ён [22,с.361]. Такога пункту гледжання прытрымліваліся і некаторыя іншыя даследчыкі, хоць у цэлым і дваранская, і буржуазная расійская гістарыяграфія недаацэньвала сацыяльна-эканамічныя фактары ўзнікнення і развіцця гарадоў. Роля рамяства ў з’яўленніі гарадоў найбольш глыбока была абгрунтавана савецкімі гісторыкамі, і іх высновы не страцілі свайго значэння. “Тэарэтычна, - адзначаў Д.Аўдусін, - момант узнікнення горада можа быць устаноўлены па прыкметах існавання абасобленнага рамяства” [23,c.32]. Але дакладных і неабвярджальных фактаў узнікнення гарадоў на аснове выдзялення рамяства з сельскай гаспадаркі вельмі мала. Таму нельга звесці з’яўленне гарадоў (як гэта сцвярджалася ў савецкі перыяд) толькі да гэтага фактару. Разам з тым мы не можам ігнараваць эканамічныя перадумовы ўзнікнення і развіцця гарадскіх пасяленняў. Менавіта гэтыя пасяленні (у сваей асноўнай большасці) ужо ў сярэдневяковы перыяд сталі выступаць у якасці таргова-рамесных цэнтраў, што не толькі спрыяла ўзрастанню іх ролі, але і сказвалася на будаўніцтве, тапаграфіі гарадоў - амаль усе яны мелі т.зв. “детинцы”, якія былі рэзідэнцыямі князёў, адміністрацыйных органаў і пасады, дзе пражывалі рамеснікі і гандляры, іншыя жыхары. Пры гэтым фарміравалася гарадская ці пасадская абшчына, якую некаторыя сучасныя гісторыкі разглядаюць у якасці асноўнай структурнай адзінкі стараытнарускай сацыяльнай і палітычнай сістэмы. Аналізу гарадскога рамяства таго часу прысвечана шмат гістарычных прац. Найбольш грунтоўна яно было разгледжанна ў даследаваннях расійскага гісторыка Б. Рыбакова. У іх змешчаны матэрыялы аб развіцці рамеснай вытворчасці і ў гарадах Беларусі, але яны адрывачныя [24]. Есць шэраг публікацый па дадзенай праблематыцы і ў беларускіх гісторыкаў. Так, шырокае ўяўленне мы маем аб рамёствах, якія тычыліся вытворчасці і апрацоўкі жалеза, у ліку гэтых рамёстваў у першую чаргу трэба выдзеліць т.зв. крычную справу, г.зн. выплаўку жалеза з балотных і лугавых руд, а таксама кавальскую справу, якая двавла магчымасць атрымаць неабходныя вырабы з гэтага металу: прылады працы, зброю, розныя гаспадарчыя прадметы. Узнікненне і станаўленне старажытнай металургіі і апрацоўкі жалеза на тэрыторыі Беларусі гісторыкі адносяць да VI ст.да н.э. – VIII ст. н.э. На думку беларускага вучонага М. Гурына, гэта быў першы этап у гісторыі іх развіцця. Да гэтага часу адносяцца археалагічныя знаходкі шлакаў, развалаў печаў і іншыя сведчанні плаўкі металаў. Ужо тады вядомы былі таксама коўка і зварка, цэментацыя і загартоўка сталі. Другі этап адносяць да ІХ – ХІІІ стст. Ён характэрызуецца далейшым развіццём як металургіі жалеза, так і яго апрацоўкі. Пры гэтым значна павялічылася вытворчасць плавільных печаў, калі раней атрымлівалі крыцу ў некалькі соцен грамаў, то цяпер масай 3-6 кг. Больш дасканалым стала і майстэрства кавалёў, што праявілася пры вырабе камбінаваных жалезна-стальных прылад працы. Найбольш распаўсюджанымі тады былі, на думку М. Гурына, тэхналагічныя схемы трохпалоснага пакета і наваркі стальной рабочай часткі на жалезную аснову ляза. Некаторыя віды кавальскай прадукцыі вырабляліся з узорыстым лязам, напрыклад, нажы. Вельмі шырока практыкавалася загартоўка стальных і камбінаваных вырабаў, вядома была і пайка складаных канструкцыйных элементаў. Даследчыкі адзначаюць, што кавальская справа была даступна толькі ўмелым майстрам, якія ведалі складаную апрацоўку чорнага металу. Ужо ў той перыяд яна адрознівалася вузкай спецыялізацыяй, усяго налічвалася да шаснаццаці спецыяльнасцей [25]. Высокага ўзроўню развіцця ў Беларусі дасягнула ювелірная справа. У ІХ – ХІ стст. яна ўжо выдзелілася з хатніх промыслаў і стала рамяством. Ювеліры перш за ўсё рабілі розныя ўпрыгожанні, якім удзелялася значная ўвага. Майстрам-ювелірам былі вядомы такія тэхнічныя прыёмы, як зернь, перагародчая эмаль і інш. Шэдэўрам эмалевага майстэрства па праву з’яўляецца сусветна вядомы крыж Ефрасінні Полацкай, які быў выраблены ў 1161 г. майстрам Лазарам Богшай. Гісторыкі адзначаюць, што мастацкія якасці крыжа, тэхнічны ўзровень выканання не саступаюць лепшым узорам еўрапейскага прыкладнога мастацтва і не маюць аналагаў у ювелірнай справе Усходняй Еўропы таго часу. Карэнным чынам змянілася да сярэдзіны ХІІІ ст. ганчарная вытворчасць, якая таксама ператварылася ў рамяство. Гэтаму садзейнічала вынаходніцтва ганчарнага круга. На Беларусі ён з’явіўся ў першай палове Х ст. Ганчары рабілі з гліны ў першую чаргу посуд: гаршкі, міскі, чашы, жбаны. Вельмі распаўсюджанымі на Беларусі ў той перыяд былі рамёствы па апрацоўцы дрэва, камянёў, кастарэзная, гарбарна-шавецкая справа, іншыя віды рамесніцкай дзейнасці. Усяго на Старажытнай Русі, па падліках гісторыка Б. Рыбакова, вядома было больш за 40 рамесных спецыяльнасцей. У некаторых выданнях называецца нават лічба 60. У многіх гарадах узніклі і прафесійныя аб’яднанні рамеснікаў [26,с.166]. Нягледзячы на тое, што ў рамеснай вытворчасці тады панавала ручная тэхніка, гарадскія рамеснікі стваралі добрыя, а іншы раз і выдатныя рэчы. Гэта тлумачыцца не толькі высокай спецыялізацыяй, але і іх майстэрствам, зацікаўленнасцю ў абмене ці прадажы вырабаў. З узнікненнем гарадоў, развіццём у іх рамёстваў пашыраўся і гандаль. Увогуле гандлёвыя сувязі, міжплемянны абмен на беларускіх землях зарадзіліся ў глыбокай старажытнасці, яны існавалі ўжо ў першабытным грамадстве. Аб гэтым сведчаць розныя дадзеныя, у тым ліку і знаходкі рэчаў, прылад, якія былі не мясцовага паходжання. Гісторыкі лічаць, што ў першабытным грамадстве меліся групы людзей, “для якіх абмен рэчамі стаў асноўным заняткам, галоўнай крыніцай існавання. Са звыклых мяняльшчыкаў яны паступова ператвараюцца ў гандляроў” [27, с.148]. Паглыбленне грамадскага падзелу працы, агульныя змены ў гаспадарчай дзейнасці людзей, узнікненне гарадскіх пасяленняў – усё гэта спрыяла далейшаму развіццю гандлёвага абмену. Да таго ж і само геаграфічнае становішча беларускіх зямель было выгадным, станоўча сказвалася на гандлёвых сувязях. Тым больш, што праз тэрыторыю Беларусі праходзілі важныя тарговыя шляхі, у тым ліку і шырока вядомы ў той час шлях “из варяг в греки”. Гэты шлях злучаў беларускія землі не толькі з іншымі княствамі Старажытнай Русі, але рабіў магчымым мясцоваму купецтву ўключацца ў міжнародны гандаль. У ліку старажытнарускіх гарадоў, з якімі беларускія землі былі найбольш звязаны гандлем, трэба вылучыць Кіеў, Смаленск, Ноўгарад. З Кіева тады паступалі каляровыя металы, многія прадметы вытворчасці, упрыгожванні, зброя. Яны знойдзены ў многіх беларускіх гарадах і сельскіх паселішчах, якія былі размешчаны каля гандлёвых шляхоў. Полацкія купцы нават мелі сваё гандлёвае месца ў Кіеве (“У двора Брячьславля”). Вельмі актыўныя былі ў той час і Полацка-Смаленскія гандлёвыя адносіны. Гісторыкі гавораць аб стварэнні нават адзінай полацка – смаленскай гандлёвай прасторы. Аб міжнародным гандлю сведчаць знаходкі, якія былі выраблены ў еўрапейскіх краінах: Скандынавіі, Візантыі і многіх краінах Усходу. Яны вельмі разнастайныя. Гандлёвыя зносіны з іншаземнымі краінамі рэгуляваліся спецыяльнымі пагадненнямі. Так, па ўмовах пагадненняў, якія былі заключаны па выніках паходаў кіеўскага князя Алега на Канстанцінопаль – сталіцу Візантыйскай імперыі – купцы Полацкай зямлі мелі права прыязджаць у гэты горад і пражываць тут пэўны час. Інтарэсы полацкіх купцоў знайшлі адлюстраванне і ў тых пагадненнях, якія былі падпісаны з нямецкімі і прыбалтыйскімі гарадамі. Як прыклад, можна назваць гандлёвае пагадненне палачан и рыжан 1210 г. і 1212 г., а таксама дагавор Смаленска, Полацка і Віцебска з Рыгаю 1229 г. У гэтым горадзе ўзнікнік нават рускі квартал, былі пабудаваны складскія памяшканні, царква св. Мікалая [28]. Улічваліся інтарэсы купцоў з усходнеславянскіх зямель і ў дакументах, якія тычыліся гандлёвых сувязяў з нямецкім горадам Любекам – цэнтрам Ганзейскага саюза. Пэўную ролю ў эканамічным развіцці беларускіх зямель сярэднявяковага перыяду ролю адыгрываў і ўнутраны гандль. Гарады мелі цесныя сувязі з навакольнымі вёскамі, вялі гандаль у межах валасцей. Прадукцыя гарадскіх рамеснікаў заўсёды карысталася попытам у сельскіх жыхароў, таму што многія неабходныя тавары яны не выраблялі. Гэта тычыцца як прылад працы, так і прадметаў побыту. Існаваў абмен і паміж самімі гарадамі ў межах княстваў. Аб актыўнай гандлёвай дзейнасці ў гарадах сведчыць наяўнасць розных прыстасаванняў для ўзважвання тавараў: бязменаў, ваг і гірак-разнаваг. Яны знойдзены ў многіх месцах. На аснове гандлю ўзнікла грашовая сістэма, стала развівацца грашовае абарачэнне. Спачатку ў Старажытнай Русі існавала мехавая, т.зв. кунная грашовая сістэма. Узнікла яна вельмі даўно і радзімай яе, мяркуюць, была поўнач, лясная паласа Усходняй Еўропы з яе глухімі лясамі, багатым пушным зверам. Тады на Русі, ў тым ліку і на беларускіх землях, хадзілі куны, разаны, нагаты, векшы, вевярыцы. Па меры развіцця гандлю роля грошай, як сродкаў абарачэння, яшчэ больш узрасла. Разам з тым грошы сталі выступаць і ў якасці знака кошту, а таксама ў якасці сродкаў накаплення багаццяў. Усё гэта прывяло да таго, што мехавая кунная грашовая сістэма ўжо перастала забяспечваць новыя запатрабаванн'і грамадства і на змену ёй прыйшлі монаметалічныя грошы ў выглядзе манет, галоўным чынам замежных, а затым і ў выглядзе зліткаў, т. зв. грыўнаў. Першыя манеты, як вынік знешніх эканамічных сувязяў плямёнаў, з’явіліся, на думку В. Рабцэвіча, на землях сучаснай Беларусі ў канцы II — пачатку III стст. Гэта былі антычныя манеты. Усяго на тэрыторыі нашай рэспублікі знойдзена 12 кладаў і 34 адзінкавыя знаходкі, ў якіх ёсць такія манеты, іх больш за 2000. Яны ў асноўным складаюцца з сярэбраных рымскіх дынарыяў I - III стст. Акрамя таго, вядомы яшчэ 2 манеты Баспорскага царства, 2 — Фракіі і 1 манета пталямееўскага Егіпта. Асобна стаіць самая малодшая з рымскіх манет, якая была выпушчана імператарам Валентам (364—378 гг.). Большасць манет антычнай чаканкі знойдзена на захадзе Беларусі (Гродзенская і Брэсцкая вобласці) [29,с.50]. Яшчэ больш шырока абарачаліся замежныя манеты на тэрыторыі Беларусі ў IX—XIII стст. Пры гэтым у IX—X стст. панавалі ўсходнія грошы — куфічэскія дырхемы, а ў X—XI стст. — заходееўрапейскі дынарый. Панаванне замежных манет у Старажытнай Русі тлумачыцца перш за ўсё адсутнасцю сваёй сыравіны — золата і серабра. 3 другога боку — гэта яскравае сведчанне цесных гандлёва-эканамічных сувязей усходнеславянскіх земляў як з краінамі Усходу, так і з еўрапейскімі дзяржавамі. У нумізматычнай літаратуры падкрэсліваецца, што асновы старажытнарускай грашовай сістэмы, залажылі куфічэскія дырхемы. Прычыны з'яўлення гэтых манет ва Усходняй Еўропе гісторыкі бачаць у запатрабаваннях насельніцтва ў такіх грошах, а арабскіх купцоў —у прадуктах славянскіх промыслаў. Усходнія манеты вельмі высока цаніліся на Русі. Яны трывала ўвайшлі ў гандлёвае жыццё старажытнарускіх зямель. Рабіліся нават спробы мясцовай вытворчасці, якая імітавала іх чаканку. У 1891 г. у вёсцы Ямянец Невельскага ўезда Віцебскай губерні, напрыклад, была знойдзена выразаная на камяні форма для адліва такіх манет [30,с.26]. Аб гэтым гавораць і шматлікія клады ўсходніх манет. Па дадзеных В. Рабцэвіча, на тэрыторыі Беларусі на канец 70-х гадоў мінулага стагоддзя зарэгістравана 40 кладаў (больш 16 тыс. манет) і 54 адзінкавыя знаходкі ўсходніх дырхемаў. Большасць з іх канцэнтруецца ўздоўж цячэння Дняпра і Заходпяй Дзвіны, г. зн. па заходнерускаму адрэзку «пути из варяг в греки» [31,с.65]. З канца X ст. прыток усходніх манет стаў аслабеваць, а затым у сувязі з крызісам чаканкі на Усходзе з пачатку XI ст. — спыніўся. У сярэдзіне X ст. на тэрыторыі Старажынай Русі, у тым ліку і на беларускіх землях, з’яўляюцца заходнееўрапейскія дынарыі (англійскія, нямецкія, дацкія, чэшскія, іншыя). Спачатку яны абарачаліся ў якасці прыдатку да ўсходніх дырхемаў, а затым паступова, на працягу прыкладна паўстагоддзя, выцеснілі іх. З сярэдзіны XI ст. усходнія манеты канчаткова ўступаюць месца заходнееўрапейскім. На тэрыторыі Беларусі зарэгістравана 13 кладаў, якія ўтрымліваюць дынарыі (усяго каля 2280 экзэмпляраў) і 9 адзінкавых знаходак [32,с.65]. Ёсць шмат кладаў, у якіх утрымліваліся і арабскія, і заходнееўрапейскія манеты. Толькі на тэрыторыі Полацкай зямлі выяўлена 38 кладаў IX—XI стст., у якіх меліся ўсходнія і заходнееўрапейскія манеты [33,с.26]. Самы старажытны не толькі на Беларусі, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе клад, у якім упершыню «сустрэліся» манеты Усходу і Захаду, адкрыты быў у 1926 г. у вёсцы Стары Дзедзін Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Гэта грашовае зберажэнне (201 дырхем, 1 візантыйская і 2 германскія манеты) было схавана паміж 980 і 985 гг., і, на думку В. Рабцэвіча, яно стала своеасаблівай вяхою у пераходзе ад панавання дырхема да эпохі дынарыя, якая працягвалася ў Старажытнай Русі да канца першай чвэрці XII ст. [34,с.66]. Трэба адзначыць, што ад часу Уладзіміра Святаславіча да нас дайшлі і першыя манеты старажытнарускай чаканкі. Гэта манеты з адлюстраваннем князёў і радавымі знакамі Уладзіміра, Яраслава і Мсціслава. Чаканіліся яны з золата і серабра, але іх было нямнога, і яны не сталі галоўнай манетай Старажытнай Русі. Пасля таго, як спыніўся прыток заходнееўрапейскага дынарыя, старажытнарускія землі ўступілі ў перыяд, вядомы ў навуковай літаратуры пад назвай «безманетнага». На тэрыторыі Беларусі ён працягваўся да канца XIII — паловы XIV стст. У гэты перыяд у якасці грошай выкарыстоўваліся грыўны (зліткі з серабра вагою ў 100, 160, 200 грамаў). У Беларусі часцей за ўсё сустракаліся два віды зліткаў — «кіеўскія» вагою 163—165 грамаў, і «заходнерускія» або «літоўскія» — 100—105 грамаў. Значна раней трапляюцца «наўгародскія» зліткі вагою 200 грамаў. Некаторыя гісторыкі адзначаюць, што ўжо з ХІ ст. сталі складвацца мясцовыя грашова-вагавыя сістэмы, напрыклад, Полацка-Віцебская ці больш шырокая Заходнедзвінска – Верхнедняпроўская [35]. На заканчэнне гэтага пытання трэба адзначыць, што нельга пераацэньваць ступень развіцця рыначных і таварна-грашовых адносін пры аналізе сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх зямель у сярэднявяковы перыяд. На беларускіх землях, як і ва ўсёй Старажытнай Русі, працягвала панаваць натуральная гаспадарка, асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе кожная сям’я або сельская абшчына імкнулася абыходзіцца ўсім вырабленым. Што ж тычыцца гандлю, то ён абслугоўваў вузкія колы грамадства. Разам з тым узнікненне гарадоў, развіццё гарадскога рамяства і гандлю стала сведчаннем паглыблення грамадскага падзелу працы на беларускіх землях, важных змен у сацыяльна-эканамічнай сферы. Гарады ўжо ў сярэднявеччы станавіліся ачагамі новых з’яў у гаспадарчым жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры, а на думку некаторых сучасных навукоўцаў, нават асновай старажытнарускай цывілізацыі, якая насіла полісны характар.
2.3. Сацыяльныя працэсы. Фарміраванне феадальнага укладу,
Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 4552; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |