Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Пагроза беларускім землям з боку мангола-татар




Барацьба з крыжаносцамі.

 

Адносіны ўсходнеславянскіх зямель, у тым ліку і беларускіх, з крыжаносцамі асвятляюцца як у агульных працах, так і ў шэрагу спецыяльных даследаванняў. Найбольш падрабязна і грунтоўна падзеі, якія тычыліся беларускіх зямель, разгледжаны гісторыкамі М. Ермаловічам, Г.Сагановічам і некаторымі іншымі [32].Таму ў дапаможніку будзе дадзены толькі кароткі аналіз гэтых падзей у кантэксце знешнепалітычных фактараў развіцця княстваў, што склаліся ў той час на тэрыторыі нашай краіны.

Крыжаносцы, як вядома, сталі пранікаць на землі, якія размяшчаліся на ўсходзе ад Балтыйскага мора, яшчэ ў Х – ХІІ стст., а ў пачатку ХІІІ ст. яны з’явіліся ў вусці Заходняй Дзвіны. Іх паход у гэты рэгіён не быў стыхійным, яго падтрымлівалі не толькі нямецкія гарады, рыцарства іншых еўрапейскіх краін, але і Ватыкан, каталіцкая царква. Абапіраючыся на гэту падтрымку, крыжаносцы, пад выглядам распаўсюджвання хрысціянскай веры сярод мясцовага язычніцкага насельніцтва, сталі ўмацоўваць свае пазіцыі ў Прыбалтыцы, дзе ўзніклі даволі моцныя феадальна – тэакратычныя дзяржаўныя ўтварэнні – Ордэн Мечаносцаў і Тэўтонскі Ордэн (у далейшым яны аб’ядналіся ў адзіную канфедэратыўную дзяржаву - Лівонію) [33].

З’яўленне крыжакоў у Прыбалтыцы не магло не занепакоіць суседнія ўсходнеславянскія княствы і ў першую чаргу Полацкае, якое мела цесныя сувязі з лівамі, латгаламі і іншымі плямёнамі, якія пражывалі тут. Больш таго, у Ніжнім Паддзвінні знаходзіліся два гарады-крэпасці – Герцыке і Кукенойс, князі якіх, як ужо адзначалася, былі васальна залежныя ад Полацка.

Аднак на першых парах дзейнасці каталіцкіх місіянераў (а яна папярэджвала з’яўленню крыжаносцаў) не прыдалі належнага значэння, і яна праходзіла з ведама полацкіх князёў. Так, на пачатку 1180-х г. атрымаў дазвол ад полацкага князя Уладзіміра на распаўсюджванне каталіцкай рэлігіі сярод ліваў-язычнікаў манах-аўгусцінец з Брэмена Мейнард – першы каталіцкі святар, які высадзіўся разам з купцамі ў вусці Заходняй Дзвіны. Менавіта ён узвёў тут касцёл і заснаваў першае епіскапства, але ў цэлым яго дзейнасць была безпаспяховай, хоць і працягвалася амаль 16 гадоў (у 1196 г. біскуп Мейнард памёр) [34]. Дарэчы, каталіцкія епіскапы, якія накіроўвалі ў Прыбалтыку месіянераў, разумелі, што тут быў моцны ўплыў Полацка, таму гэтыя місіянеры атрымлівалі паўнамоцтвы і для дзейнасці “в Руссии”. Такія паўнамоцтвы меў, у прыватнасці, Мейнард [35,с.97].

Не дабіўся асаблівых вынікаў у місіянерскай дзейнасці і пераемнік Мейнарда епіскап Бертольд. Разам з тым ён упершыню запрасіў у Лівонію нямецкіх рыцараў і дамогся таго, што рымскі папа прыраўняў ваенныя акцыі ў гэтым рэгіёне да крыжовых паходаў. Аднак у 1198 г., пад час ваенных дзеянняў супраць ліваў, епіскоп Бертольд загінуў.

Больш рашуча стаў дзейнічаць у Лівоніі пераемнік Бертольда брэменскі канонік Альберт. Ён прыбыў у Лівонію з ваеннай экспедыцыяй з 23-х караблёў і ў 1201 г. у вусці Заходняй Дзвіны (на месцы ліўскага паселішча) узвёў крэпасць Рыгу, якая з’явілася галоўным апорным пунктам нямецкай каланізацыі паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа Балтыкі. Яна ж стала і цэнтрам каталіцкага арцыбіскупства. Больш таго, для абароны каталіцкай царквы ад мясцовх язычнікаў ужо ў 1202 г. тут быў утвораны манаска-рыцарскі ордэн братоў Хрыстовых, вядомы пазней як Ордэн Мечаносцаў, які пастаянна папаўняўся нямекімі рыцарамі. Гісторык Г. Сагановіч адзначае, што біскуп Альберт выявіў незвычайную актыўнасць у мабілізацыі сіл і сродкаў на справу Ордэна і за часы свайго біскупства 11 разоў адпраўляўся вербаваць рыцараў у Нямеччыну [36,с.9]. Ордэн Мечаносцаў зрабіўся сур’ёзнай ваеннай сілай у Прыбалтыцы.

Фактычна з гэтага часу, г.зн. з пачатку ХІІІ ст., і разгарнулася барацьба беларускіх зямель з агрэсіяй крыжаносцаў (некаторыя гісторыкі называюць іх дзейнасць экспансіяй), якая працягвалася некалькі стагоддзяў. Прычым асноўны цяжар гэтай барацьбы лёг на Полацкае і іншыя старажытнарускія княствы, якія знаходзіліся на мяжы з Прыбалтыкай. Як сведчаць крыніцы (“Хроника Ливонии”), першае сутыкненнне Полацка з Ордэнам адбылося ў 1203 г., калі полацкі князь Уладзімір нечакана з’явіўся ў наваколле Рыгі і аблажыў замак Юкскюль. Але ўзяць гэты замак (як і суседні замак Гольм) яму не ўдалося, палачане вымушаны былі адступіць. У 1206 г. адбыўся другі паход у раён Рыгі (разам з мясцовымі лівамі), аднак і ён аказаўся няўдачлівым з-за перавагі крыжаносцаў ва ўзбраеннях.

Няўдачліва развіваліся падзеі для Полацка і ў наступны перыяд. Так, у 1208 г. крыжаносцы занялі горад Кукенойс, дзе княжыў Вячка (Вячаслаў), васальна залежны ад полацкіх князёў. З невялікай дружынаю ён мужна абараняў горад, аднак утрымаць яго не змог (полацкі князь Уладзімір, па невядомай прычыне, на дапамогу не прыйшоў), Кукенойс быў захоплены крыжакамі, а князь Вячка збег, на думку Г.Сагановіча, “на Русь”. Пра далейшы лёс Вячкі крыніцы маўчаць. Але вядома, што ён княжыў у Юр’еве (Тарту), дзе ў 1224 г. загінуў пры абароне горада ад крыжаносцаў.

У 1209 г. крыжаносцы захапілі і спалілі і другі горад – Герцыке. Князь Усевалад, які тут знаходзіўся, уратаваўся ўцёкам і мусіў пайсці на замірэнне з біскупам Альбертам. Пры гэтым ён не толькі стаў васалам рыжскага біскупа, але перадаў яму свае землі, што было зафіксавана асобным актам і дзеялася гэта без узгаднення з Полацкам. Як адзначае Г. Сагановіч, Усевалад, васал полацкага князя, “цяпер адцураўся ад яго” [37,с.16]. У выніку Ніжняе Падзвінне апынулася пад кантролем Ордэна, пазіцыі Полацка былі прыкметна падарваны, і ён неўзабаве пагадзіўся на перагаворы з крыжаносцамі, якія прывялі да падпісання ў 1210 г. паміж Ордэнам і Полацкам мірнага дагавору (некаторыя гісторыкі выказвалі думку, што ў падпісанні гэтага дагавору ўдзельнічаў і Смаленск).

Дагавор гэты, на думку Г. Сагановіча, стаў першым “вечным мірам” паміж Полацкам і немцамі, і яго можна разглядаць як кампраміснае пагадненне. Цэнтральным у ім стала пытанне аб даніне, якую выплачвалі Полацку лівы. Ордэн згадзіўся на тое, што б яна давалася і далей, але з ведама і пад кантролем епіскапа.

Шэраг артыкулаў дагавору закранаў гандлёвыя адносіны паміж Полацкім княствам і Ордэнам, у прыватнасці, рыжскія купцы маглі свабодна гандляваць у полацкіх землях, а полацкія купцы мелі права гандлёвай дзейнасці ў Рызе, свабоднага праезду па Заходняй Дзвіне, вусце якой кантралявалі цяпер крыжаносцы.

У 1212г. паміж Полацкам і Ордэнам было падпісана новае пагадненне. На гэты раз перамовы ініцыяваў ужо князь полацкі. Яны праходзілі ў напружаных абставінах і нават перарываліся (полацкі князь паспрабаваў застрашыць біскупа, пагражаў вайною). Урэшце бакі дамовіліся, але дамова гэта была не на карысць Полацку. Ён вымушаны быў адмовіцца ад даніны з ліваў і аддаць “усе Інфлянты” Ордэну. Тым самым Полацк канчаткова страціў Ніжняе Падзвінне, яго ўплыў у рэгіёне быў нейтралізаваны. Праўда, шлях па Заходняй Дзвіне для полацкіх купцоў заставаўся свабодным.

Разам з тым актыўнасць крыжаносцаў тут не зменшылася. Так, у 1214 г., парушыўшы дагавор, крыжаносцы напалі на Герцыке і разрабавалі горад. У 1216 г. палачане разам з эстамі і літоўцамі рыхтавалі сумесны паход супраць Ордэна, аднак раптоўная смерць полацкага князя Уладзіміра (ёсць меркаванне, што ён быў атручаны) перашкодзіла яго ажыццяўленню [38].

Такім чынам, барацьба з крыжаносцамі, якая разгарнулася з пачатку ХІІІ ст., аказалася безпаспяховай для Полацка. Чым жа гэта тлумачыцца? Калі абагульніць матэрыялы, якія выкладзены ў гістарычнай літаратуры па гэтаму пытанню, то можна вылучыць некалькі прычын.

Першая – гэта недаацэнка Полацкім княствам, як і іншымі ўсходнеславянскімі княствамі, небяспекі, якую прадстаўлялі крыжаносцы, што дало магчымасць ім замацавацца ў Прыбалтыцы, стварыць тут апорныя пункты для далейшага прасоўвання на Усход. Такім пунктамі сталі Рыга і іншыя замкі, пабудаваныя ў вусці Заходняй Дзвіны. М.Ермаловіч, вылучыўшы гэты момант, піша: “Заснаванне Рыгі было першым і самым моцным ударам па інтарэсах Полацка, яно фактычна і заклала аснову для паспяховага наступлення крыжаносцаў у глыбіню полацкіх уладанняў у Ніжнім Падзвінні” [39,с.286].

Па-другое, Ордэн умела выкарыстоўваў супярэчнасці паміж плямёнамі, якія насялялі раён Ніжняга Падзвіння, і здолеў схіліць іх на свой бок, адарваць ад Полацка, нават проціпаставіць іх Полацкаму княству.

Не былі ў саюзе з Полацкам, які пачаў барацьбу з крыжаносцамі, суседнія ўсходнеславянскія землі. Полацк фактычна адзін супрацьстаяў Ордэну, толькі пазней, з 40-х гадоў ХІІІ ст., у гэту барацьбу уключыліся Пскоў і Ноўгарад.

І, нарэшце, трэба мець на ўвазе і той факт, што крыжаносцы і ў ваенных адносінах былі добра падрыхтаваныя, мелі навейшую па таму часу еўрапейскую зброю. Гісторыкі адзначаюць, што феадалы каталіцкіх дзяржаў Заходняй Еўропы пастаянна папаўнялі рады крыжаносцаў, уносілі ім велізарныя ахвяраванні, што забяспечвала Ордэн як людскімі сіламі, так і неабходнымі ваеннымі і матэрыяльным рэсурсамі. У 1219 г. у барацьбу, якая адбывалася ў гэтым рэгіёне, непасрэдна ўмяшалася і Данія. Яна (паводле дамовы з біскупам Альбертам) высадзіла сваё войска на паўночным узбярэжжы Эстоніі. Датчане захапілі крэпасць эстаў Лінданіс, на месцы якой быў закладзены Рэвель (Талін) [40,с.22].

Безумоўна, сувязі Полацка, іншых гарадоў з Лівоніяй не перапыняліся, асабліва ў гандлёва-эканамічнай сферы. Так, ёсць звесткі аб тым, што ў 1222 ці 1223 г. “кароль смаленскі і кароль полацкі” з некаторымі іншымі ўладарамі Русі накіравалі ў Рыгу паслоў прасіць міру, у выніку чаго быў падпісаны дагавор “ва ўсім такі самы”, як ранейшы, г.зн. як дагавор 1212 г. [41,с.22]. Некалькі пазней, у 1229 г., была заключана тарговая дамова Полацка, Смаленска і Віцебска з саюзам нямецкіх гарадоў. У гэты саюз уваходзілі, акрамя Рыгі, Готланд, Любек, Мюнстэр, Брэмен, інш. Г. Сагановіч адзначае, што дамова 1229 г. у “асноўных пунктах захоўвала сваю прававую моц да часоў Вітаўта, забяспечыў абодвум бакам “чысты шлях” (свабоднае плаванне) па ўсёй Дзвіне, нават да Смаленска, і не чым не абмежаваны гандль” [42,с.22].

Але барацьба з крыжаносцамі не спынілася. Каб згуртаваць сілы, якія процістаялі агрэсіі Ордэна, полацкія князі сталі ўмацоўваць сувязі з літоўцамі, суседнімі старажытнарускімі княствамі і, у прыватнасці, з Ноўгарадам, аб чым сведчыў брак Аляксандра Яраславіча (Неўскага) з дачкой полацкага князя Брачыслава. У першай чвэрці ХІІІ ст. Полацк і Віцебск прызналі вярхоўную ўладу смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча, што таксама мела важнае значэнне для абароны беларускіх зямель ад крыжаносцаў. У 1236 г. аб’яднанае беларуска-літоўскае войска разграміла мечаносцаў каля Шауляя. Гэты разгром паскорыў аб’яднанне ордэна Мечаносцаў з Тэўтонскім ордэнам (яно адбылося ў 1237 г.) [43,с.118].

Вяліку ролю ў зрыве захопніцкіх планаў лівонскіх рыцараў, дацкіх і швецкіх феадалаў, адыгралі бітва на рацэ Няве ў 1240 г. і бітва на Чудскім возеры (“Лядовае пабоішча”) 1242 г. Крыніцы сведчаць, што ў Неўскай бітве разам з наўгародцамі і суздальцамі ўдзельнічалі і прадстаўнікі Полацкай зямлі. У ёй асабліва вызначыўся адвагай палачанін Якаў. Аб гэтай бітве расказваецца ў “Жыціі” Аляксандра Неўскага. Аўтар “Жыція” адзначае, што Якаў Палачанін праявіў выключную храбрасць і мужнасць, ён, гаворыцца ў “Жыціі”, “наехаў на полк з мячом і мужна біўся і пахваліў яго князь” [44,с.118].

Аднак пагроза беларускім землям з боку крыжакоў і апасля гэтых падзей не знікла. Прычым яе стварыў не толькі ордэн Мечаносцаў, але і Тэўтонскі ордэн, які замацаваўся ў Прусіі (у гістарычнай літаратуры ён вядомы і як Нямецкі ордэн). Гэты ордэн быў запрошаны сюды Мазавецкім князем Конрадам, які, адзначаюць гісторыкі, зрабіў палітычны пралік, спадзяючыся атрымаць ад яго дапамогу ў барацьбе за суседнія польскія і літоўскія землі. Гісторыя Тэўтонскага ордэна пачынаецца з 1190 г., калі ён быў створаны немцамі ў Палесціне, дзе змагаўся з арабамі. Затым сваю дзейнасць члены гэтага ордэна перанеслі на еўрапейскі кантынент, абзавяліся землямі ў Германіі, Італіі, Венгрыі і іншых краінах. І вось па запрашэнню Конрада тэўтонцы ў канцы 20 – пачатку 30-х гг. ХІІІ ст. пасяліліся на Вісле, абавязаліся ваяваць супраць прусаў і літоўцаў. Замацаваўшыся ў Прусіі (мясцовае насельніцтва практычна было знішчна), рыцары Тэўтонскага ордэна сталі рабіць набегі і на беларускія землі [45,с.340]. Тут галоўны ўдар на сябе прыняло Навагародскае княства. Крыніцы паведамляюць аб неаднаразовых спробах крыжаносцаў (а іх сілы яшчэ больш узраслі пасля таго, як Тэўтонскі ордэн аб’яднаўся з ордэнам Мечаносцаў) захапіць Навагародскі замак, але ўсякі раз яны атрымлівалі адпор з боку мясцовага насельніцтва.

Мужна абаранялі свае землі ад крыжаносцаў і жыхары Гродна. Першы раз крыжаносцы напалі на Гродна ў 1248 г.. усяго ж вядома амаль 20 паходаў на гэты горад [46]. У абароне гродненскіх і ўвогуле панямонскіх зямель ад набегаў крыжаносцаў у далейшым асабліва вызначыўся выдатны дзеяч беларускіх зямель князь Давыд, імя якога шырока было вядома ў той перыяд [47,с.187-188].

Барацьба з нямецкімі захопнікамі працягвалася многія гады, яна стала неад’емнай часткай нашай гісторыі. Дастаткова сказаць, што толькі за перыяд з канца ХІІІ ст. па 1410 г. крыжаносцы больш за 140 разоў урываліся на тэрыторыю Беларусі і Літвы, разбураючы землі Панямоння і Падзвіння. У сваю чаргу беларуска-літоўскія палкі за няпоўныя 100 гадоў ажыццявілі каля 60 адказных паходаў [48,с.15].

Неабходна адзнчыць, што ўжо ў той час, асабліва ў ХІІ – ХІІІ стст., пэўную пагрозу для беларускіх земляў і, ў прыватнасці, для Полацкага княства стварылі літоўскія плямены. У гэтых плямёнаў таксама зараджалася дзяржаўнасць і іх правіцелі, т.зв. кунігасы, імкнуліся пашырыць свае ўладанні за кошт ўсходнславянскіх зямель. Іх напады на гэтыя землі зафіксаваны ў многіх крыніцах. Толькі за перыяд з 1201 па 1236 гг. літоўскія дружыны ажыццявілі 14 паходаў на ўсходнеславянскія землі, у тым ліку на Полаччыну і Смаленшчыну [49,с.60]. У сваю чаргу і старажытнарускія княствы, у прыватнасці Полацкае, рабілі паходы на літоўцаў. Яны адбыліся ў 1040, 1131 і 1119 гг.

Разам з тым полацкія князі ўступалі з літоўцамі і ў саюзы, запрашалі іх дружыны на дапамогу. Так, літоўцы ўдзельнічалі ў паходзе, які арганізавалі полацкія князі ў 1180 г. супраць смаленскіх Манамахавічаў [50,с.94]. Умацаванне саюзных адносін паміж Полацкім княствам і Літвой, спрыяла і тая пагроза, якая навісла над імі з боку крыжаносцаў. Так, літоўскія дружыны неаднаразова аказвалі дапамогу князю Герцыке Усеваладу, які нават ажаніўся з дачкою аднаго з літоўскіх князёў. У 1203 г. літоўцы дапамагалі палачанам падчас асады імі Рыгі. Войска Ўладзіміра Полацкага, з якім ён у 1216 г. сабраўся ісці на Рыгу, напалову складалася з літоўцаў [51,с.62]. Есць і іншыя прыклады. Аднак адносіны з Літвой былі не простымі, таму што яе князі праследавалі свае мэты, а яны далёка не заўсёды супадалі з імкненнямі князёў суседніх усходнеславянскіх зямель.

Ускладнілася ў ХІІІ ст. становішча і на паўднева-усходніх землях Русі. Тут пагроза старажытнарускім землям зыходзіла з боку мангола-татар. Упершыню з імі старажытнарускія княствы сустрэліся ў 1223 г. на рацэ Калке. Некаторыя гісторыкі адзначалі, што ў бітве, якая тады адбылася, удзельнічала і дружына несвіжскага князя Юрыя. Але старажытнарускія княствы пацярпелі тут паражэнне, праўда, і манголы тады адказаліся пайсці на Русь.

Нашэсце на ўсходнеславянскія землі яны пачалі пазней, у 1237 г., калі полчышчы хана Батыя ўварваліся ў межы Разанскага княства. На працягу трох гадоў працягвалася барацьба з татара-манголамі, але раздробленныя княствы Русі не змаглі спыніць нашэсце хана Батыя і амаль уся Старажытная Русь была заваявана і разбурана, трапіўшы затым пад іга Залатой Арды.

Небяспека з боку манголаў навісла ў той перыяд і над беларускімі землямі. Так, у 1238 г. манголы падышлі да Смаленска, узяўшы які яны маглі б непасрэдна выйсці на тэрыторыю Беларусі, але тут яны сустрэлі ўпорнае супраціўленне і адышлі ад горада. Спроба ўзяць Смаленск была зроблена і ў 1242 г., але таксама беспаспяхова [52,с.121]. Ёсць падставы сцвярджаць, што манголы прайшлі толькі па поўдню Беларусі, разрабавалі і спалілі такія паўднёвыя і палескія гарады, як Гомель, Мазыр, Петрыкаў, Тураў, Давыд-Гарадок, Пінск, Слуцк, Клецк. Даследаванні апошніх гадоў паказваюць, што мангольскія атрады дайшлі нават да Магілева і знішчылі яго. Сляды іх разбурэнняў зафіксаваны археолагамі ў Крычаве, Прапошаску (Слаўгарадзе), Вішчыне, некаторых іншых месцах гэтага раёна [53,с.69-70]. Аднак у цэлым землі Беларусі засталіся ў баку ад галоўнага напрамку руху манголаў і не зведалі таго разбурэння, якому яны падверглі паўночна-усходнюю і паўдневую Русь. Не распаўсюджвалася на тэрыторыю Беларусі і іга Залатой Арды [54]. Чаму? Чым гэта можна растлумачыць?

На гэтыя пытанні гісторыкі адказваюць па-рознаму, а некаторыя з іх увогуле прыходзяць да высновы аб тым, што татара-манголы тады і не ставілі задачу заваяваць гэты край. Прычым у гістарычнай літаратуры выказана думка, што яшчэ да паўднёвага паходу манголы дамовіліся з Ватыканам аб падзеле Усходняй Еўропы на сферы ўплыву і Паўночна-Заходняя Русь, у тым ліку і тэрыторыя Беларусі, павінны былі перайсці пад кантроль крыжаносцаў. “Вельмі верагодна, - піша А. Рагалёў, - што Батухан і Ватыкан менавіта ў гэты час падзялілі сферы ўплыву на Русі і навогул ва Усходняй Еўропе. Інакш, як растлумачыць, што паўднёвы паход мангола-татар супаў па часу з нашэсцем нямецкіх і швецкіх рыцараў на Прыбалтыку і Паўночна-Заходнюю Русь? Вось чаму мангола-татарскія тумены не дзвінуліся напрамую на Смаленск, Полацк, Мінск, у Верхняе Панямонне. Гэтыя гарады, так жа як і Ноўгарад, Пскоў, пакідаліся крыжаносцам” [55,с.60].

Аднак ў далейшым, у другой палове ХІІІ ст., татары неаднаразова спрабавалі захапіць беларускія і іншыя землі, якія тады ўваходзілі ў Вялікае кнства Літоўскае. У той час паходы на гэтыя змлі арганізоўвала Залатая Арда. Гэта дзяржава, як вядома, была створана ўжо пасля мангола-татарскага нашэсця і прадстаўляла сур’ёзную пагрозу для народаў Усходняй Еўропы. Так, першы буйны паход ардынцы на землі ВКЛ здейснілі ў 1258 г., яго узначаліў хан Бурундай. “Того же лета, - гаворыцца ў летапісе, - взяша татарове всю землю Литовскую и со многим полонам и богатством идоша в свояси” [56,с.21]. Буйны паход на Беларусь быў зроблены залатаардынцамі ў 1275 г., затым ён паўтораны быў у 1277 г. Летапісы і іншыя пісьмовыя крыніцы паведамляюць і аб паходзе татар на землі Беларусі і Літвы ў 1287 г. Гэтымі падзеямі ў асноўным і абмяжоўваецца барацьба з мангола-татарамі ў ХІІІ ст. Але татары пагражалі Беларусі не толькі ў гэтым стагоддзі, яны рабілі паходы на беларускія землі і ў XIV, і ў XV стст.

Як бачым, барацьба з іншаземнымі захопнікамі была працяглай і ўпартай, аднак пакарыць беларускія землі тады не ўдалося ні крыжаносцам, ні мангола-татарам.

На заканчэне гэтага пытання трэба адзначыць наступнае. Княствы, якія склаліся ў сярэднявеччы на беларускіх землях, развіваліся ў даволі складаных знешнепалітычных умовах. Перад імі ўзнікалі самыя розныя праблемы міжнароднага характару і, можна сказаць, што ў цэлым яны вырашаліся паспяхова. Пры гэтым на першым плане ў знешнепалітычнай дзейнасці князёў стаялі пытанні забеспячэння незалежнага развіцця сваіх зямель. Разам з тым яны імкнуліся абагаціцца за кошт ваенных паходаў на суседнія землі, пашырыць свае ўладанні. Па меры развіцця феадалізма, дзяржаўнасці на знешнюю палітыку старжытнарускіх княстваў усё больш прыкметна станавілася ўздзеянне эканамічных інтарэсаў. Неабходна падкрэсліць і той факт, што хоць княствы беларускіх зямель і былі звзаны з Кіевам, яны вырашалі ў першую чаргу ўласныя знешнепалітычныя праблемы. А ў перыяд раздробленасці Русі шляхі развіцця ўсходнеславянскіх зямель разойдуцца, і яны апынуцца ў розных дзяржавах.

 

Пытанні для самакантролю:

· Якія фактары вызначалі міжнародныя ўмовы і знешнепалітычную дзейнасць княстваў беларускіх зямель? Па якіх накірунках яна ажыццяўлялася?

· Ахарактарызуйце сувязі беларускіх зямель з прыбалтыйска-скандынаўскім рэгіёнам. Як развіваліся сувязі беларускіх зямель з Візантыяй? У падпісанні якіх пагадненняў з гэтай краінай бралі ўдзел прадстаўнікі племянных аб’яднанняў і княстваў беларускіх зямель? Якія факты сведчаць аб удзеле княстваў, што склаліся на тэрыторыі Беларусі, у барацьбе са стэпавымі качэўнікамі?

· Калі і чаму стала нарастаць пагроза беларускім землям з боку крыжаносцаў? Якія падзеі сведчаць аб процідзеянні крыжаносцам полацкіх князёў? Якія пагадненні былі падпісаны Полацкам з Ордэнам? Дайце ацэнку гэтым пагадненням. Як складваліся адносіны Полацкага княства з Літоўскімі плямёнамі?

· У чым была пагроза беларускім землям з боку мангола-татар? Прывядзіце факты, якія сведчаць аб знаходжанні мангола-татар на беларускіх землях? Чаму на беларускія землі не распаўсюдзілася іга Залатой Арды?





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 1020; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.007 сек.