Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

На поўдні, развіцці сувязей з Візантыяй, іншымі краінамі




Удзел княстваў беларускіх зямель ва ўмацаванні бяспекі Русі

 

Не былі ізаляваны беларускія землі і ад падзей, што адбываліся на поўдні і, у прыватнасці, у адносінах з Візантыяй. Гэтыя адносіны таксама завязаліся даўно. Гісторыкі, якія вывучалі гэтае пытанне, адзначаюць, што сутыкненне шматлікіх старажытнаславянскіх плямёнаў з Візантыйскай імперыяй адбылося ў V – VI стст. н. э. Ужо тады гэтым плямёнам добра знаемы быў шлях на Канстанцінопаль, і яны неаднаразова рабілі набегі на ўладанні імперыі. У час Старажытнай Русі сувязі усходніх славян з Візантыяй не толькі пашырыліся, але і набылі новую якасць – сталі насіць міждзяржаўны характар, што замацавана было спецыяльным дагаворам, які быў падпісаны з Візантыяй у выніку паходу русаў на сталіцу імперыі ў 860 г.

Трэба адзначыць, што гісторыкі вельмі высока ацэньваюць паход 860 г., разглядаюць яго як паварот у руска-візантыйскіх адносінах. Менавіта з гэтага часу, на думку Б. Рыбакова, гісторыя Русі цесна сплялася з гісторыяй Візантыі, Балгарыі [14,с.165].

Далейшае развіццё адносін Русі з Візантыяй адбылося ў X ст., калі на яе былі зроблены новыя паходы – ў 907, 911 і 944 гг. Вынікам гэтых паходаў сталі пагадненні, якія пашырылі і ўглубілі міждзяржаўны характар руска-візантыйскіх адносін.

Для нас у дадзенай праблеме важна пытанне: ці ўдзельнічалі ва ўсіх гэтых паходах і перагаворах, звязаных з падпісаннем дагавораў, прадстаўнікі княстваў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі?

Калі разглядаць першы паход, паход 860 г., дык пастаўленае намі пытанне застаецца адкрытым, таму што крыніцы, якія захаваліся, не раскрываюць склад удзельнічаўшых у паходзе войск, а некаторыя гісторыкі, галоўным чынам гісторыкі-нарманісты, увогуле адмаўлялі ўсходнеславянскі, рускі характар гэтага паходу.

Станоўча можна адказаць на пастаўленае пытанне ў адносінах пахода 907 г., арганізаванага кіеўскім князем Алегам. Аналіз звестак, якія тычацца гэтага паходу, паказвае, што рыхтуючыся да яго, Алег сабраў пад сваю руку ўсе наяўныя сілы ўсходнеславянскіх плямёнаў, залежных на той момант ад Кіева або ўжо ўваходзіўшых у склад Кіеўскай Русі. У ліку гэтых плямёнаў былі і крывічы, трэба меркаваць і полацкія крывічы, а таксама радзімічы. У летапісе аб гэтым сказана ў той частцы, дзе гаворка ідзе аб складзе Алегава войска: «...поя же множество варяг, и словень, и чюдь, и словене, и кривичи, и мерю, и деревляны, и радимичи, и поляны, и северяне, и вятичи, и хорваты и дулебы, и тиверцы,...» [15,с.23].

Аб удзеле палачан у гэтым паходзе гаворыць і той факт, што ў ліку гарадоў, якім Канстанцінопаль пагадзіўся выплачваць даніну (“уклады”) пасля паходу 907 г., мы знаходзім і Полацк.

Можна думаць, што прадстаўнікі палачан і радзімічаў, разам з прадстаўнікамі другіх усходнеславянскіх зямель, удзельнічалі і ў падрыхтоўцы ўмоў дагавора з Візантыяй, які быў падпісаны ў выніку пахода ў 907 г. Гэта таксама быў вельмі важны міжнародна-прававы дакумент. Праз дагавор 907 г., як лічаць гісторыкі, Русь увайшла ў саюзныя адносіны з Візантыяй, а выхадцы з усходнеславянскіх земляў атрымалі права наймацца на службу ў візантыйскую армію. Аб гэтым сведчыць адзін з артыкулаў дагавора, у якім сказана: “Егда же требуеть на войну ити, и сии хотять почтити царя вашего, да аще въ кое время елико их приидетъ и хотять остатися у царя вашего своею волею, да будуть” [16,с.23]. У гістарычных дакументах, якія дайшлі да нас, ёсць звесткі аб сумесных дзеяннях русаў і візантыйцаў у складзе войск імперыі, а гэта значыць, што данае пагадненне ажыццяўлялася.

Прадстаўнікі ўсходнеславянскіх плямёнаў былі ўключаны і ў склад пасольства Русі, якое выпрацавала ўмовы дагавора, падпісанага з Візантыяй у 911 г. Аб гэтым гаворыць запіс у тэксце дагавора, у якім паслы рэкамендавалі сябе: “Мы от рода русского... иже послани от Олга, великого князя рускаго, и от всех, иже суть под рукою его, светлых и велвеликих князь и его великих боярь...” [17,с.25-26]. Гэта ж думка ў дагаворы адлюстроўваецца неаднойчы, Так, у ім гаворыцца, што паслы ўпаўнаважаны “на удержание и на извещение любви” между Византией и Русью “похотеньем наших великих князь и по велению от всех иже суть под рукою его сущих Руси”, что греки должны хранить, “тако же любовь ко княземъ нашим светлым рускым и ко всем, иже суть под рукою светлого князя нашего...” [18,с.26].

Такую характарыстыку рускага пасольства многія гісторыкі разглядаюць не толькі як факт, які пацвярджае адсутнасць тады на Русі адзінай дзяржавы, але і як сведчанне самастойнасці ўсходнеславянскіх княстваў у пытаннях знешняй, міжнароднай палітыкі. С. Бахрушын нават лічыў, што “светлые князья” накіроўвалі ў Канстанцінопаль для заключэння дагавора асобных паслоў нараўне з вялікакняжацкімі. Гэты пункт погляду падтрымаў і гісторык Б. Грэкаў. Ён меркаваў, што дагаворы Русі з грэкамі заключаліся перш за ўсё ў інтарэсах “светлых”, г. зн. мясцовых князёў і баяр, якія прымалі ў гэтым працэсе праз сваіх упаўнаважаных актыўны ўдзел [19,с.295,297].

Есць падставы сцвярджаць, што прадстаўнікі ўсходнеславянскіх княстваў удзельнічалі і ў падрыхтоўцы дагавора з Візантыяй, які быў падпісаны ў 944 г. Такога пункту гледжання прытрымліваліся І.Болцін, Дз. Ілавайскі, С.Салаўеў, А.Праснякоў, Б. Грэкаў і некаторыя іншыя. Праўда, была выказана і другая думка, якая адмаўляла палітычнае прадстаўніцтва ўсходнеславянскіх княстваў пры перагаворах з Візантыяй у 40-я гады Х ст. [20,с.233-239]. Але нават, калі рускае пасольства і выступала ад імя Кіеўскай Русі, як адзінай дзяржавы, яно павінна было ўлічваць інтарэсы ўсіх яго зямель, асабліва ў вобласці гандлёва-эканамічнай. Невыпадкова ў складзе пасольства былі купцы (26 чалавек). Аб іх удзеле гаворыцца і ў самой грамаце, у яе пачатку (“Мы от рода рускаго съли и гостье”) і ў заключнай частцы, дзе пасля пераліку купцоў, якія ўвайшлі ў склад пасольства, сказана: “...послание от Игоря, великого князя рускаго и от всякоя княжья и от всех людей Руская земли” [21,с.34-35].

Прадстаўнічы характар мела таксама пасольства Вольгі ў Канстанцінопаль у 957 г., у час якога мабыць быў пацверджаны і пашыраны дагавор 944 г. У ім, акрамя ўсіх іншых (колькасць пасольства перавышала 100 чалавек), было 20 паслоў рускіх князёў і 43 ці 44 купцы. Аб тым, што гэтыя купцы былі с тых зямель, ад імя якіх выступалі рускія князі, гаворыць запіс у адным з дакументаў, які апісваў цырымонію прыёму пасольства княгіні Вольгі: “Вслед за ней вошли послы руских князей и купцы стали позади у завесы” [22,с.93-94].

Наладжваючы сувязі з паўдневымі і ўсходнімі краінамі, Старажытная Русь у той жа час актыўна процідзейнічала набегам, якія рабілі тады на ўсходнеславянскія землі хазары, печанегі, торкі, полаўцы і іншыя качэўнікі. Вядома, напрыклад, што радзімічы адзін час знаходзіліся ў залежнасці ад хазар, уплачвалі ім даніну. Аднак у гады праўлення кіеўскага князя Алега гэта залежнасць была ліквідавана. Рашучы ўдар па Хазарыі нанес Святаслаў, які зрабіў шэраг паходаў на яе. Не выключаецца ўдзел у гэтых паходах і прадстаўнікоў княстваў Верхняй ці Паўночнай Русі, у тым ліку і палачан бо паходы на Хазарыю мелі на ўвазе як палітычныя, так і эканамічныя мэты, звязаныя з устанаўленнем кантролю над гандлёвымі шляхамі з паўднёвымі і ўсходнімі краінамі, а ў гэтым былі зацікаўлены ўсе ўсходнеславянскія княствы. Мэта паходу, піша У.Пашута (гаворка ідзе аб паходзе Святаслава ў 965 г. – заўвага аўтара) “заключалася не толькі ў разгроме Хазарыі, але і ў тым, каб узяць у рускія рукі кантроль над гандлёвымі шляхамі ў Харэзм, Багдад, Канстанцінопаль, па Волзе, Дону, на Керчынскім праліве, на Паўночным Каўказе, адкрыць дарогу на Каўказ і трывалай нагою стаць у Крыму” [23,с.93-94].

Агульнаславянскі характар насіла барацьба з печанегамі, торкамі, полаўцамі. Так, да будаўніцтва засечнай лініі з усходу ад Кіева, па рэках Дзясне, Остэру, Трубежу і Суле кіеўскі князь Уладзімір прыцягнуў амаль усе плямёны, залежныя ад яго, у тым ліку і прадстаўнікоў крывічоў. У летапісе аб гэтым сказана так: “Се не добро, еже мало город около Кыева. – И нача ставити городы по Десне и по Въстри и по Трубешиви и по Суле и по Стугне. И нача нарубати муже лучшие от словень, и от кривичь, и от чуди, и от вятичъ, и от сихъ насели грады; бе бо рать от печенегъ. И бе воюяся с ними и одолая имъ” [24,с.83].

Княствы, якія склаліся на тэрыторыі Беларусі, прымалі ўдзел і ў барацьбе з торкамі і полаўцамі, якія апасля печанегаў прадстаўлялі сур’ёзную небяспеку для Старажытнай Русі. Так, у крыніцах зафіксаваны ўдзел полацкага князя Усяслава у паходзе супраць торкаў ў 1060 г. Есць падставы сцвярджаць, што Усяслаў Полацкі адыграў немалаважую ролю і ў арганізацыі барацьбы з полаўцамі ў час свайго сямімесячнага праўлення ў Кіеве. Гісторык В.Тацішчаў адзначаў, што ў час паўстання 1068 г. кіеўляне сталі патрабаваць вызвалення Усяслава “яко искусного в войне и против неприятеля отправить” [25,с.84]. Шэраг даследчыкаў не выключаюць таго, што Усяслаў, з’яўляючыся кіеўскім князем, ажыццявіў паход праз усю Палавецкую стэп і потым вярнуўся ў Кіеў, паспяхова вырашыўшы ваенныя ці дыпламатычныя пытанні ў самай глыбіне Палавецкай зямлі. Некаторыя гісторыкі нават выказваюць думку, што Усяслаў нейкі час княжыў у Тмутаракані. Крыніцы паведамляюць таксама аб удзеле палачан у паходах на полаўцаў у 1103 і 1183 гг.

Неабходна ўлічваць і той факт, што сцяпныя качэўнікі ігралі пэўную ролю і ў княжацкіх усобіцах на Русі, прыцягваліся ў якасці наймітаў у дружыны не толькі кіеўскіх, але і мясцовых князёў, якія імкнуліся выкарыстаць іх у сваіх палітычных мэтах. Так, тураўскі князь Святаполк спрабаваў знайсці падтрымку ў печанегаў, калі змагаўся за кіеўскі стол [26,с.97].

Трэба, аднак, заўважыць, што па меры ўмацавання самастойнасці, мясцовыя княствы сталі ўхіляцца ад удзелу ў барацьбе са знешняй небяспекаю, якая зыходзіла ад качэўнікаў. Аб гэтым гаворыць хаця бы той факт, што полацкія князі ў 1128 (ці 1127 г.) адмовіліся ад удзелу ў паходзе на полаўцаў, які рыхтаваўся кіеўскім князем Мсціславам і гэта, на думку М. Ермаловіча,стала адной з прычын расправы над імі: полацкія князі былі схоплены Мсціславам і адпраўлены ў Візантыю [27,с. 180-189].

Вырашаючы знешнепалітычныя праблемы, княствы беларускіх зямель выкарыстоўвалі розныя сродкі: не толькі ваенна-дыпламатычныя, але і сямейна-шлюбныя. Так, кіраваўшая ў Полацку дынастыя Рагвалодавічаў знаходзілася ў радстве з Візантыйскім імператарскім домам праз шлюб дачкі полацкага князя Ўсяслава з сынам візантыйскага імператара. А гэта, на думку Л. Аляксеева, дазволіла Полацку мець прамыя кантакты з Канстанцінопалем, і яны адбываліся як пры Ўсяславе, так і пры яго пераемніках [28,с.78]. Тураўскі князь Святаполк быў жанаты на дачцы польскага караля Баляслава. Праўда, адносіны Русі з Польшай ў той час былі даволі напружанымі, што тлумачыцца спрэчкай з-за зямель, размешчаных на стыке тэрыторый усходніх і заходніх славян у раёне Пабужжа, дзе знаходзіліся т.зв. “Червенские грады”, у тым ліку і Берасцейскія землі. Першае сутыкненне паміж Польшчай і Руссю з-за гэтых тэрыторый адбылося ў пачатку ХІ ст., у 1013 г., калі польскі кароль Баляслаў арганізаваў паход з мэтай захапіць “Червенские грады”. Відаць тады палякам удалося заняць Бярэсце, таму што ў 1017 г. кіеўскі князь Яраслаў прадпрыняў адказны паход, праўда, ён не быў паспяховым. У 1018 г. польскаму каралю у выніку вялікага ваеннага наступлення ўдалося захапіць “Червенские грады”, але належылі яны Польшчы нядоўга. Ужо ў 20-я гады кіеўскі князь прадпрыняў меры, каб вярнуць іх. Барацьба з палякамі працягвалася і ў 30-я гады ХІ ст. і Берасцейскія землі засталіся ў складзе Старажытнай Русі [29,с.107-109].

Трэба заўважыць, што на баку польскага караля у той час выступаў і тураўскі князь Святаполк, які ў 1015 г. захапіў кіеўскі прастол. Аднак ужо ў 1019 г. ён быў разбіты на р. Альце і з рэшткамі дружыны збег да свайго цесця Баляслава ў Польшчу, дзе і згінуў. Пры гэтым палякі тады паспрабавалі распаўсюдзіць на беларускія землі каталіцтва. Такая спроба была звязана з дзейнасцю епіскапа Калабрэжскага Рэйнберна – духоўніка дачкі польскага караля Баляслава, якая стала жонкай князя Святаполка. Гісторыкі не выключаюць, што тады, а дакладней у 1005 г., у Тураве, была заснавана першая на тэрыторыі Беларусі каталіцкая кафедра [30,с.282].

Як бачым, сфера знешнепалітычнай дзейнасці княстваў беларускіх зямель была даволі шырокай, яна ажыццяўлялася па розных накірунках як самастойна, так і разам з кіеўскімі князямі. Самастойнасць княстваў у вобласці знешняй палітыкі, як ужо адзначалася вышэй, асабліва ўзрасла ў перыяд феадальнай раздробленасці. Феадальная раздробленасць (а яна наступіла ўжо ў ХІІ ст.), змяніла характар Старажытнай Русі, прывяла да ўзмацнення ролі мясцовых княстваў у вырашэнні міжнародных спраў. Гэтыя княствы фактычна сталі незалежнымі дзяржавамі. “Феадальныя княствы ХІІ ст., - піша Б. Рыбакоў, - былі зусім склаўшыміся дзяржавамі. Іх князі валодалі усімі правамі суверэнных кіраўнікоў: яны “думали с бояры о строе земельном и о ратех”, г. зн. распараджаліся ўнутраннымі справамі і мелі права вайны і міру, права заключэння любых саюзаў” [31,с.475].

Разам з тым у перыяд раздробленасці Русі перад мясцовымі княствамі паўсталі новыя міжнародныя праблемы, а знешнепалітычныя ўмовы іх развіцця прыкметна ўскладніліся ў сувязі з небяспекаю, якая навісла з боку іншаземных захопнікаў. Для беларускіх зямель гэта небяспека зыходзіла перш за ўсё ад нямецкіх рыцараў-крыжаносцаў (крыжакоў).

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 626; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.013 сек.