Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Яго роля ў сацыяльна-эканамічным развіцці беларускіх зямель




 

Змены, якія адбываліся ў эканоміцы, аказвалі ўплыў і на сацыяльную сферу. На ўсіх землях усходніх славян ішло даволі хуткае разлажэнне родаплемяннога строю, фарміраванне новых сацыяльных адносін. Гэта разлажэнне ў першую чаргу закранула асноўную форму арганізацыі жыцця людзей таго часу – абшчыну, з радавой яна паступова ператварылася ў тэрытарыяльную або суседскую (сельскую), якая ў пісьмовых крыніцах (“Русская правда”) называецца мірам ці “вервью”. Гэта быў даволі працяглы працэс, у якім вылучаецца некалькі этапаў. Яны адрозніваюцца ўзроўнем развіцця ўсходнеславянскай абшчыны. На аснове аналізу археалагічных матэрыялаў даследчыкі вылучаюць тры яе тыпы: вялікасямейная абшчына (VI – VIІ стст.), суседска-вялікасямейная (VIІІ – ІХ стст.) і суседская (Х – ХІ стст.) [36,с.141]. Такія тыпы праслежваюцца і на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым І-е тысячагоддзе было перыядам., калі ў пераходных формах абшчыны перапляталіся розныя родавыя і суседскія сувязі. Разам з тым галоўнай тэндэнцыяй змен было ўзрастанне ролі уласна суседскай абшчыны з фарміраваннем індывідуальных сялянскіх гаспадарак.

Разлажэнне радавой абшчыны прывяло да таго, што пярвічнай ячэйкай сталі малыя сем’і, аднак гаспадарчая роля іх аж да самага канца VIII ст. была слабай, таму што яны ўваходзілі ў вялікія патрыярхальныя сем’і. Значэнне малых сем’яў у выглядзе сялянскіх двароў-сядзіб з невялікімі дамамі (т.зв. “дымы”) узрасло ў ХІ – ХІІ стст., калі, на думку гісторыкаў, і завяршыўся пераход ад радавой да тэрытарыяльнай абшчыны [37,с.27-34]. Трэба пры гэтым адзначыць, што ў адрозненні ад старажытнагерманскіх плямёнаў, у славян адасабленне малых сямей не прывяло да з’яўлення асабістай зямельнай уласнасці накшталт алода. Як лічыць Я. Рыер, тут адыгралі больш складаныя натуральныя ўмовы і больш рэдкае насельніцтва. Яны патрабавалі больш значных намаганняў пры гаспадарчай дзейнасці. Асаблівасцю тэрытарыяльнай (суседскай) абшчыны было тое, што ў ёй спалучаліся два супярэчлівыя пачаткі – калектывісцкае і прыватнаўласніцкае. З аднаго боку, яна захавала агульнае валоданне раллёй, лясамі, вадаёмамі, пашай, з другога – кожная сям’я апрацоўвала свой, за ёю прызнаны ўчастак ворнай зямлі.

Аднак вызначальную ролю ў развіцці сацыяльных адносін іграў не грамадскі - калектывісцкі пачатак. Ён хутчэй адносіўся да формы, сама ж сутнасць працэсаў, якія развіваліся ў той час, была звязана з узнікшай прыватнай уласнасцю і індывідуальнай працай. Яны стваралі аб’ектыўныя умовы для маёмаснай, а потым і сацыяльнай няроўнасці.

Працэс разлажэння першабытна-абшчынных адносін ва ўсходніх славян большасць гісторыкаў звязваюць з феадалізацыяй іх грамадства, развіццём у даным рэгіёне феадальнага спосабу вытворчасці. Такога погляду прытрымліваліся некаторыя расійскія гісторыкі ўжо ў ХІХ ст., прызнаваўшыя Сярэдневяковую Русь краінай феадальнай, якая прынцыпова не адрознівалася ў гэтых адносінах ад заходнееўрапейскіх краін. На такіх пазіцыях стаялі т.зв. “западники”, а сярод прафесійных гісторыкаў М. Паўлаў-Сільванскі. Праўда, ён указваў на несінхроннасць у часе рускага і заходнееўрапейскага феадальнага працэсу, прызнаваў асаблівасці Сярэдневяковай Русі.

Разам з тым у Расіі было не мала гісторыкаў (С. Салаўёў, В. Ключэўскі, П. Мілюкоў), адмаўляўшых наяўнасць на Русі феадальных адносін, ва ўсякім разе ў іх еўрапейскім сэнсе.

Спрэчкі па гэтай праблеме працягваліся і ў савецкі час. Тады быў распрацаваны і стаў пануючым у гістарыяграфіі марксісцкі погляд на феадалізм як на “всемирный средневековый феодальный тип”. Фундаментальныя асновы савецкай тэорыі “русского феодализма” былі закладзены ў працах 30-х гадоў мінулага стагоддзя і развіты Б. Грэкавым, Б. Рыбаковым і іх паслядоўнікамі. Пры гэтым у савецкай гістарыяграфіі шырока была распаўсюджана думка аб тым, што феадальныя адносіны ў Сярэдневяковай Русі склаліся да ІХ ст.

Але такі погляд нават у савецкі час падзялялі не ўсе навукоўцы і ён стаў удакладняцца. Так, шэраг гісторыкаў (М. Свердлаў, І. Фраянаў, Г. Штыхаў і інш.) яшчэ ў 70 - 80-я гады мінулага стагоддзя прыйшлі да высновы, што аб феадалізме ў Сярэдневяковай Русі можна гаварыць не раней ХІІ – ХІІІ стст. і што старажытнарускае грамадства – складаны арганізм, а яго эканоміка насіла шматукладны характар [38].

Гэты пункт гледжання больш абгрунтаваны. Аналіз канкрэтна-гістарычнага матэрыялу паказвае, што ў ІХ – ХІ стст., і нават у ХІІ – ХІІІ стст., у эканоміцы ўсходнеславянскіх, у тым ліку і беларускіх зямель, суіснавалі тры гаспадарчыя ўклады: першабытна-абшчынны, рабаўладальніцкі і феадальны [39]. Але значэння кожнага з іх не было аднолькавым.

Так, першабытна-абшчынны ці абшчынна-сялянскі ўклад з’яўляўся астаткам ранейшых родаплемянных адносін і базіраваўся ён на гаспадарцы свабодных сялян тэрытарыяльных або суседскіх абшчын. Такіх гаспадарак ў разглядаемы перыяд было яшчэ многа. Іх асновай была індывідуальная праца, а атрыманая прадукцыя належала сям’і, якая вяла гаспадарку. Сем’і валодалі і вораўнымі землямі, прычым землі перадаваліся па спадчыне. Абшчыне ж належала права карыстання ўгоддзямі (лясамі, вадаёмамі і інш.) і права агульнага ўласніка на ўсю зямлю. Даследчыкі лічаць, што галоўным для сялянскай абшчыны з’яўляліся гаспадарчыя функцыі. Разам з тым абшчына выконвала пэўныя адміністрацыйныя і сацыяльныя функцыі (самакіраванне, кругавая парука, калектыўная адказнасць за злачынствы на сваёй тэрыторыі і г.д.). Роля сялянскай гаспадаркі, як і самой абшчыны заставалася значнай на працягу ўсяго сярэднявечча. Але сацыяльна-эканамічныя працэсы, якія развіваліся тады, не маглі не закрануць першабытнаабшчынны ўклад, і ён паступова разрушаўся. Пры гэтым абшчынныя землі і сяляне-абшчыннікі падпарадкоўваліся дзяржаўнай уладзе, аказваліся ў залежнасці ад феадальных саслоўяў.

Даволі шырока выкарыстоўвалася ў той час і праца рабоў ці халопаў, як іх называюць пісьмовыя крыніцы IX—XII стст. Рабаўладальніцкі ўклад фарміраваўся ва ўмовах т. зв. «военной демократии», характэрнай для перыяду разлажэння родаплемянных адносін. Ён існаваў і ў перыяд Старажытнай Русі, калі рабства ці, дакладней сказаць, халопства мела немалаважнае значэнне ў гаспадарчым жыцці княстваў, якія склаліся. Рабская праца выкарыстоўвалася нават у родавай абшчыне, а таксама ў патрыярхальных сем’ях. Ёсць ўсе падставы сцвярджаць, што першапачатковае ці партрыярхальнае рабства было ўсеагульна распаўсюджанай з’яваю. Не з’яўляюцца выключэннем і ўсходнеславянскія землі, Сярэдневяковая Русь. У рабоў ператвараліся перш за ўсё палонныя. Гэта была традыцыйная крыніца рабства. Як паказваюць археалагічныя даследаванні, рабоў магла мець племянная знаць тых гарадзішч, якія з’явіліся на тэрыторыі Беларусі на апошняй стадыі развіцця першабытнага грамадства. Найбольшая колькасць такіх гарадзішч на тэрыторыі Беларусі выяўлена археолагамі ў Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцях. Так пачынаўся рабаўладальніцкі ўклад. Па меры феадалізацыі грамадства, праца рабоў атрымала распаўсюджанне і ў феадальных гаспадарках. У крыніцах такіх рабоў (халопаў) называюць «челядью». У далейшым тэрмін «челядь» стаў насіць больш шырокі сэнс. У «челядь» уваходзілі ўсе, хто абслугоўваў гаспадарку ці двор феадала, ўвесь залежны ад яго люд. Крыніцы ж халопства былі іншыя. Гэта – і самапрадажа, і жаніцьба на рабе «без ряду», і «тиунство без ряду», і бегства закупаў, і г. д. Гісторыкі лічаць, што халопам мог стаць раней свабодны чалавек, і такая магчымасць была прадугледжана дзеючым законадаўствам і, у прыватнасці, «Русской правдой». Яна, ёсць падстава сцвярджаць, рэалізоўвалася ў рэальным жыцці ўсіх земляў Старажытнай Русі. Дарэчы, праца рабоў даволі шырока выкарыстоўвалася і ў франкскім грамадстве перыяду Меравінгаў, што было зафіксавана ў “Салічскай праўдзе”.

Улічваючы гэтыя і іншыя абставіны, некаторыя гісторыкі рабаўладальніцтву надавалі вызначальную ролю ў сацыяльна-эканамічным развіцці Старажытнай Русі і нават сцвярджалі, што тады існавала рабаўладальніцкая фармацыя, якая нібы прыйшла на змену першабытнаму дакласаваму грамадству. Найбольш дакладна гэту думку выказаў гісторык I. Смірноў у час дыскусіі аб сацыяльна-эканамічным ладзе Кіеўскай Русі ў пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя. На шырокае ўжыванне рабскай працы ў Старажытнай Русі ўказвалі і некаторыя дарэвалюцыйныя расійскія гісторыкі,напрыклад, В.Ключэўскі. “Эканамічны дабрабыт Кіеўскай Русі ХІ – ХІІ стст. – пісаў ён – трымаўся на рабаўладанні. Да паловы ХІІ ст. рабаўладанне дасягнула там агромных размераў” [40,с.278]. На думку беларускага гісторыка В.Гарамыкінай, на ўсходнеславянскіх землях спачатку існавала рабаўладальніцкая фармацыя, а потым у ХІІ — ХІІІ стст. яе змяніў феадалізм [41,с.73-74].

Аднак погляды гэтых вучоных не знайшлі шырокай падтрымкі ў гісторыкаў. Большасць з іх ацэньваюць рабаўладальніцтва на Русі не як фармацыю, а як уклад, які ў далейшым не атрымаў развіцця. Чаму? На гэтае пытанне даюцца розныя адказы, але шмат якія з гісторыкаў лічаць, што пераход славян ад першабытнага грамадства да феадалізму быў абумоўлены больш высокім узроўнем развіцця вытворчых сіл (ворнае земляробства, добра развітае рамяство) і грамадскіх адносін (сельская абшчына), чым у час пераходу да антычнага рабства. Некаторыя гісторыкі спрабуюць звязаць адсутнасць рабаўладальніцкай стадыі ў гісторыі ўсходніх славян з прыроднымі ўмовамі, якія абумовілі крайнюю працаёмкасць земляробства, што выключала магчымасць эфектыўнага прымянення рабскай працы мелкімі сямейнымі абшчынамі, рабіла рабаўладальніцкую латыфундыю немагчымай [42].

Ні першабытна-абшчынны, ні рабаўладальніцкі ўклады, на думку сучасных гісторыкаў, не ігралі тады вызначальнай ролі ў сацыяльна-эканамічным развіцці ўсходнеславянскіх зямель. Асноўнай тэндэнцыяй гэтага развіцця было зацверджанне тут феадалізму, які станавіўся пануючым гаспадарчым укладам.

Трэба адзначыць што беларускія гісторыкі ў апошнія гады правялі значную работу па вывучэнню пытанняў, якія тычацца генезіса феадальных адносін на тэрыторыі нашай краіны. Гэтыя пытанні знайшлі адлюстраванне як у агульных працах, так і ў спецыяльных публікацыях, у ліку якіх трэба, вылучыць публікацыі Г. Штыхава і В. Ляўко. Зроблена выснова, што генэзіс і развіццё феадалізма на беларускіх землях, як і ва ўсёй Усходняй Еуропе, адлюстроўваліся ў двух істотна важных момантах: па-першае, у канцэнтрацыі зямлі (а тады гэта было асноўнае багацце, асноўны сродак вытворчасці) у руках самой дзяржавы ў асобе князя ці ў руках службовых людзей, якія выконвалі розныя дзяржаўныя справы. Паступова яны ператвараліся ў землеўласнікаў. Пры гэтым спачатку (ІХ – ХІ стст.) на ўсіх усходнеславянскіх землях пераважала дзяржаўная форма зямельных уладанняў, пры якой вярхоўным уласнікам і распарадчыкам зямельнага фонда быў вялікі князь.

У далейшым на аснове дзяржаўнай зямельнай уласнасці (яе называюць княжацка-дзяржаўнай) склалася дзяржаўна-карпаратыўная ўласнасць, саўдзельнікамі якой сталі баяры (тэрмін “балярын” ці “баярын” зафіксаваны ў пісьмовых крыніцах ХІ ст.). Тады (Х – ХІ стст.) атрымаў распаўсюджанне т. зв. “вассалитет без ленов”, калі вышэйшая знаць магла надзяляцца князем правам збору на сваю карысць даніны з той ці іншай тэрыторыі. Аднак прадстаўнікі службовай знаці, як лічыць Г. Штыхаў, не былі тады землеўладальнікамі. Зямля заставалася дзяржаўнай маёмасцю. Выключэннем магло быць тое баярства, якое выйшла з племянной знаці, яно магло мець уласныя землі, раней, чым іх атрымалі князі, якія ўзначальвалі дзяржаўныя ўтварэнні. Такую думку ў свой час выказаў Г. Лаўмяньскі. Адначасова фарміравалася і княжацкае даменіяльнае землеўладанне. Расійскі гісторык С. Юшкоў пісаў, што “развіццё княжацкага дамена з’яляецца адным з асноўных момантаў феадалізацыі ў Кіеўскай Русі” [43,с.275]. Даменамі даследчыкі лічаць асабістыя ўладанні князя, незалежна ад таго, знаходзіўся ён на прастоле ці не і з’яўляюцца спадчыннымі. В. Ляўко адзначае, што “у склад княжацкага дамена ў раннім сярэднявеччы ўваходзілі двары, гарады, сёлы, неўмацаваныя паселішчы – “места”, лясы, ралля, азёры і інш. Яны маглі быць раскіданы па розных кутках дзяржавы, з’яўляліся асноўнай крыніцай даходаў на ўтрыманне князя і яго двара, а таксама фондам зямельных надзелаў васалаў” [44,с.241] На яе думку, дамен полацкіх князёў фарміраваўся з канца Х – пачатку ХІ стст.

На другім этапе генезіса феадальных адносін (а яго гісторыкі звязваюць з ХІІ – ХІІІ стст.), акрамя княжацкага дамена атрымлівае дальнейшае развіццё баярскае землеўладанне ў форме вотчыны. Звесткі аб “баярскім цівуне”, “баярскім радовічы”, “баярскіх халопах”, баярскіх “домах” і “сёлах” у ХІІ – ХІІІ стст. усё часцей сталі сустракацца на старонках пісьмовых крыніц. Праўда, звестак, якія тычацца беларускіх зямель, не шмат. Увогуле эканамічная моц баярства тут, на думку гісторыкаў, была слабай у параўнанні з паўночна-усходняй і паўднева-заходняй Русью. З канца Х ст. пачало фарміравацца і царкоўнае землеўладанне. Яго вытокі ў тых ахвяраваннях, падараваннях, якія атрымлівалі храмы, манастыры, іншыя царкоўныя ўстановы ад князёў і баяр. Яны зафіксаваны ў некаторых пісьмовых крыніцах. Так, ёсць паведамлення, што ўдава мінскага князя Глеба Усяславіча падаравала манастыру ў ХІІ ст. 5 сёл з чэляддзю. У “Жыціі” Ефрасінні Полацкай гаворыцца аб “сяльцэ”, якое належыла полацкаму епіскапу Іллі. Рост царкоўнага землеўладання можна аднесці да ХІІ – ХІІІ стст., да гэтага яно было нязначным. Па ўсіх пытаннях, якія тычацца розных відаў феадальнай зямельнай уласнасці на беларускіх землях, канкрэныя матэрыялы можна знайсці ў навуковай і вучэбнай літаратуры.

Другі важны момант феадалізацыі – гэта фарміраванне слоя людзей, якія залежалі ад землеўласнікаў. У яго ўваходзілі не толькі халопы, г.зн. асабіста несвабоныя, але і сяляне-абшчыннікі. Аналіз пісьмовых крыніц паказвае, што ператварэнне свабодных абшчыннікаў у залежных сялян адбывалася як шляхам захопу або раздачы абшчынных зямель, ці праз іх закабаленне. У выніку закабалення, на думку гісторыкаў, з’явіліся такія катэгорыі феадальна-залежных людзей, як “изгои”, “рядовичи”, “закупы” і інш. Што ж тычыцца павіннасцей залежных сялян, то яны таксама былі рознымі і прайшлі пэўную эвалюцыю. На стадыі зараджэння дзяржаўнасці, калі вярхоўным уласнікам зямлі быў князь, галоўнай павіннасцю сялян была даніна, якая збіралася ў час т. зв. “полюдья”. Г. Штыхаў адзначае, што сяляне-даннікі былі падобныя на феадальна-залежных людзей, у іх прыбавачны прадукт адбіраўся шляхам па-за эканамічнага прымушэння. “Данніцтва, - піша ён, - паводле эканамічнай структуры і сваіх тэндэнцый адносіцца да фадалізму ці выглядае блізка да яго” [45,с.47-48].

Па меры развіцця феадальных адносін усё больш распаўсюджанымі станавіліся і аброчныя павіннасці, галоўным чынам натуральныя. Гэта была рэнта прадуктамі, магчымя выкарыстоўвалася рэнта і ў выглядзе адпрацовак. Трэба ўлічваць і той факт, што сяляне, у тым ліку і феадальна-залежныя, неслі павіннасці і на карысць дзяржавы і царквы.

Безумоўна, феадалізацыя грамадства нават у ХІІІ ст. была яшчэ не глыбокай, але менавіта яна вызначала асаблівасці як эканамічнага развіцця беларускіх зямель, так і сацыяльную структуру. Гэта структура ўскладнілася, прычым яна ў значнай ступені была абумоўлена феадальнымі адносінамі. На фарміраваннне сацыяльнай структуры аказвалі ўздзеянне палітычныя працэссы, іншыя гаспадарча-эканамічныя ўклады, якія захаваліся. Аналіз змен у сацыяльнай сферы паказвае, што асноўнымі групамі грамадства на ўсіх усходнеславянскіх землях сталі знаць, свабодныя жыхары сельскіх і гарадскіх паселішчаў і залежныя людзі. Знаць па свайму сацыяльнаму статусу была катэгорыяй феадальнай і ў яе ўваходзілі князі і розныя службовыя людзі з ліку дружыннікаў і былой рода-племянной вярхушкі. Менавіта з іх фарміравалася баярства і будучая шляхта (дваране). Трэба адзначыць, што высокі статус гэтай катэгорыі забяспечваўся не толькі службовай дзейнасцю, але і зямельнымі ўладаннямі, хоць эканамічныя магчымасці мясцовага баярства на беларускіх землях, як ужо адзначалася, былі яшчэ не вялікімі.

Свабоднае насельніцтва было прадстаўлена як сельскімі, так і гарадскімі жыхарамі. Сельскія жыхары – гэта сяляне-абшчыннікі, якія яшчэ не апынуліся ў асабістай залежнасці ад феадалаў і выконвалі дзяржаўныя павіннасці. Аднак іх колькасць змяншалася. У склад свабодных жыхароў уваходзілі і гараджане, у асноўным гандлёва-рамесны люд. Трэцюю групу складалі залежныя людзі, яе прадстаўлялі “невольники”, г. зн. халопы (рабы) і розныя катэгорыі сялян, многія з якіх жылі ў феадальных сядзібах-дварах ці замках і выконвалі павіннасці на карысць іх уладальнікаў.

У асобную групу вылучылася духавенства, але яно займала своеасаблівае месца ў сацыяльнай структуры грамадства, прычым яго вярхушка прымыкала да феадальнай знаці. Гэта група была нешматлікай [46,с.17-25].

Як бачым, у сацыяльна-эканамічнай сферы развіваліся працэсы, якія адлюстроўвалі пераход ад першабытнага ладу да феадалізму. Гэты пераход ажыццяўляўся на аснове роста вытворчых сіл, які даваў магчымасць насельніцтву беларускіх зямель забяспечваць свае запатрабаванні. Такі рост праслежваецца як у сельскай гаспадарцы, так і ў гарадскіх пасяленнях. Узнікненне гарадскіх пасяленняў – важны паказчык агульных зрухаў, што адбыліся на беларускіх землях да сярэдзіны ХІІІ ст.. Пераходныя рысы найбольш заметны былі ў ранім сярэднявеччы, г. зн. у VI – IX стст., у далейшым і асабліва ў ХІІ – ХІІІ стст., сацыяльна-эканамічныя працэсы ва ўсё большай ступені сталі вызначацца феадалізмам, які меў на ўсходнеславянскіх землях свае спецыфічныя рысы. Пры гэтым асноўнымі цэнтрамі гаспадарча-эанамічнага жыцця становяцца феадальныя вотчыны. Яны ўключалі ў сябе замак і сельскую акругу з залежнымі ад землеўладальніка сялянамі. Першыя ўмацаваныя сядзібы, адасобленыя ад акружаючых іх простых пасяленняў, адносяцца яшчэ да VIІІ – Х стс., у далейшым іх колькасць і значэнне ўзраслі, і яны паступова набылі рысы феадальных замкаў. Парыкладам можа служыць Вішчынскі замак, што знаходзіцца ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. На думку беларускага гісторыка Э.Загарульскага, гэты замак узнік у сярэдзіне ХІІ ст. [47]. У ХІІ – ХІІІ стст. замкі як цэнтры феадальных вотчын распаўсюдзіліся практычна на ўсіх землях усходніх славян. “Усю феадальную Русь, - адзначаў расійскі гісторык Б. Рыбакоў, - мы павінны ўяўляць сабе як сукупнасць некалькі тысяч мелкіх і буйных феадальных вотчын княжацкіх, баярскіх, манастырскіх, вотчын “молодшей дружины”. Усе яны жылі самастойным, эканамічна незалежным адзін ад аднаго жыццём, уяўляючы сабою мікраскапічныя дзяржавы, якія былі мала звязаны паміж сабою і ў вядомай ступені свабодныя ад кантролю дзяржавы” [48,с.42].

Такі характар эканомікі быў тыповым менавіта для сталага феадалізму, і ў такую стадыю сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця ўступілі беларускія землі ў ХІІ – ХІІІ стст. Не выпадкова ўжо ў той перыяд адбывалася драбленне княстваў, яно вызначалася асаблівасцямі феадальнага грамадства.

 

Пытанні для самакантролю:

· Якую роль у эканоміцы беларускіх зямель адыгрывала сельская гаспадарка? Што новага з’явілася ў земляробстве? Чым вызначалася значэнне жывёлагадоўлі, прамысловай дзейнасці сялян?

· Растлумачце тэрміны “град”, “горад”. Калі яны з’явіліся на ўсходнеславянскіх землях? Якія крытэрыі прапануюцца навукоўцамі для вызначэння горада? Назавіце найбольш старажытныя гарады Беларусі. Якімі былі шляхі ўзнікнення гарадоў? Колькі мелась гарадскіх пасяленняў на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне XIII ст.

· Дайце характарыстыку гарадскіх рамёстваў. У чым выражалася спецыялізацыя гарадскога рамяства? Вызначце фактары, якія спрыялі развіццю гандлёвых сувязей гарадоў. Па якіх накірунках яны ажыццяўляліся? У чым была асаблівасць грашовай сістэмы таго часу?

· Якія змены праходзілі ў сацыяльнай сферы па меры разлажэння родаплемяннога ладу? Як гэта адбілася на абшчыне, яе тыпы? Якія гаспадарчыя ўклады вызначалі развіццё вытворчых і сацыяльных адносін на беларускіх землях? Якую роль у сацыяльна-эканамічных працэсах таго часу адыгрываў феадальны ўклад? У чым выражалась развіццё феадалізма?

· Што было характэрна для сацыяльнай структуры грамадства? Якія группы насельніцтва вылучыліся ў той час? Чым вызнчаўся іх статус?

 





Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 1070; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.01 сек.