КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Утварэнне Кіеўскай Русі. Уключэнне беларускіх зямель у склад старажытнарускай дзяржавы
Вывучэнне пытання неабходна пачаць з высвятлення сутнасці дзяржавы, яе прыкмет і гістарычнага этапу, на якім яна ўзнікае. Дзяржава — гэта разгалінаваная сістэма палітычнай улады, якая ажыццяўляецца ў краіне. Яна аб’ядноўвае ўсё насельніцтва ў адно тэрытарыяльнае цэлае. Узнікненне першых старажытных дзяржаў звязана з пераходам першабытных плямёнаў ад прысвойваючай да вытворчай гаспадаркі. З’яўленне матыжнага, а потым ворыўнага земляробства садзейнічала росту ўраджаяў і спрыяла развіццю жывёлагадоўлі. Узнік прыбавачны прадукт. Цяпер абшчына магла пракарміць не толькі працаўнікоў, але і непрацаздольных, вызваліць частку людзей ад сельскагаспадарчай працы, што садзейнічала росту рамяства. Адбываўся працэс аддзялення рамяства ад земляробства. З цягам часу месца племяннага аб’яднання заняла тэрытарыяльная суседская абшчына. У грамадстве зараджаецца маёмасная і сацыяльная няроўнасць. Прыбавачны прадукт мог прысвоіць прывілеяваны слой грамадства: ваенныя правадыры, жрацы, старэйшыны. Аднак без такой няроўнасці, прагрэс увогуле немагчымы. Для замацавання існуючага сацыяльна-эканамічнага ладу быў неабходны апарат прымусу, якім і стала дзяржава з яе адміністрацыяй, тэрытарыяльным прынцыпам кіравання, падаткамі, узброенымі сіламі, законамі. Перыяд узнікнення дзяржаў супадае з перыядам утварэння гарадоў. Разам з дзяржавамі ўзнікаюць першыя цывілізацыі. Першыя дзяржавы ўзніклі ў IV—III тыс. да н. э. на Блізкім Усходзе (у Месапатаміі і Егіпце). У VI—Xстст. у Заходняй Еўропе складваюцца феадальныя дзяржавы ў франкаў, бургундаў, вестготаў, вылучаюцца буйныя палітычныя цэнтры ў Даніі, Швецыі, Нарвегіі. Ідзе дзяржаваўтварэнне ў Брытаніі, Скандынавіі. Устанаўліваюцца дзяржавы ў славян: чэхаў, мараваў, харватаў і славенцаў, палякаў. На землях Усходняй Еўропы працэс утварэння дзяржаў адбываецца ў VIII—Xстст. Дзяржаўнай арганізацыяй усяго ўсходняга славянства з’яўляецца Кіеўская Русь. Старажытнаруская дзяржава ўсходніх славян са сталіцай Кіеў (адсюль назва Кіеўская Русь) склалася ў другой палове IXст. і праіснавала як адносна адзінае ўтварэнне да пачатку XIIст. Як і чаму ўтварылася гэтая вялікая дзяржава, якая займала тэрыторыю ад Прычарнаморскіх стэпаў да Паўночнай Дзвіны і ад Заходняга Буга да Волгі і Акі? Аналізуючы генезіс Старажытнай (або Кіеўскай) Русі, адзначым, што яшчэ ў VIII—IXстст. склаліся блізкія адно да аднаго супольнасці ўсходнеславянскага насельніцтва — плямённыя саюзы дулебаў, палян, драўлян, дрыгавічоў, радзімічаў, крывічоў, вяцічаў і інш. Гэтыя племянныя саюзы былі блізкімі па мове, культуры, звычаях. Пераход да вытворчай гаспадаркі (земляробству і жывёлагадоўлі), будаўніцтву гарадоў, развіццё рамёстваў і гандлю, а таксама неабходнасць аб’яднання сіл для абароны сваіх земляў ад набегаў хазараў, полаўцаў і інш. ваяўнічых качэўнікаў — усё гэта стварала ўмовы для палітычнага аб’яднання ўсходніх плямён і ўтварэння вялікай і магутнай дзяржавы. Важнай крыніцай, якая апавядае аб рассяленні ўсходніх славян і ўтварэнні старажытнаславянскай дзяржавы, з’яўляецца летапіс «Аповесць мінулых гадоў». Складальнік летапісу, манах Нестар, на падставе вядомых яму гістарычных звестак і паданняў расказвае аб існаванні ва ўсходніх славян шэрагу самастойных племянных княжанняў яшчэ да ўтварэння старажытнаславянскай дзяржавы. Паляне мелі сваё княжанне на чале з Кіевам, «а в древлях (у драўлян) свае, в дреговичи свое, а словене свое в Новгороде, а другое на Полоте иже полочане». Племянныя княжанні былі папярэднікамі Кіеўскай Русі і ўяўлялі сабой пачатковую форму дзяржаўнасці на яе тэрыторыі. У «Аповесці мінулых гадоў» утварэнне ўсходнеславянскай дзяржавы звязана з варагамі (так называлі скандынаваў, якія ў IX-XIстст. ажыццяўлялі паходы амаль па ўсёй Еўропе). Нестар сцвярждаў, што варожыя плямёны ільменскіх славян, крывічоў і чудзь запрасілі варажскага конунга (князя) для навядзення парадку. Князь Рурык (?—879) прыйшоў са сваёй дружынай і паклаў пачатак вялікакняжацкай дынастыі Рурыкавічаў. Апавяданне летапісца Нестара аб запрашэнні варагаў на зямлю ўсходніх славян знайшло ў далейшым дастаткова супярэчлівую інтэрпрэтацыю гісторыкаў. Існуюць дзве асноўныя тэорыі паходжання Кіеўскай Русі: нарманская і антынарманская. Высветліце час ўзнікнення, змест і аргументацыю вучоных на карысць той ці іншай тэорыі. Важна адзначыць, што ў гістарыяграфіі пытанне аб сутнасці Кіеўскай Русі як дзяржавы перыяду сярэднявечча адносіцца да складанных і супярэчлівых. Разгледзім два падыходы. Адны вучоныя сцвярджаюць, што Кіеўская Русь — гэта цэнтралізаваная моцная дзяржава, якая ўключала ў свой склад усе ўсходнеславянскія землі. Другія — разглядваюць Кіеўскую дзяржаву як ваенны саюз усходнеславянскіх зямель у пераходны перыяд да феадалізму. Гэты саюз начале з вялікім князем кіеўскім выступае як адзінае ваеннапалітычнае цэлае ў барацьбе са стэпавымі народамі (хазарамі, печанегамі, полаўцамі), з Візантыйскай імперыяй і некаторымі дзяржавамі Заходняй Еўропы. Прывядзіце аргументы гісторыкаў гэтых двух поглядаў. Працэс аб’яднання ўсходнеславянскіх плямёнаў і ўтварэнне дзяржавы Кіеўская Русь адбываецца праз дзейнасць пераемнікаў Рурыка. Князь Алег (882—912) захапіў Кіеў, аб’яднаў Ноўгарадскае і Кіеўскае княствы, распаўсюдзіў уладу на многія ўсходнеславянскія і неславянскія плямёны. Дзейнасць наступных кіеўскіх князёўІгара (912—945), удавы Ігара Вольгі (945—964), іх сына Святаслава (964—972) была накіравана на пашырэнне тэрыторыі і ўмацаванне старажытнарускай дзяржавы — Кіеўскай Русі. Найвышэйшага росквіту Кіеўская Русь дасягнула ў канцы X —першай палове XIстст. у час княжання Уладзіміра Святаслававіча (980—1015) і яго сына Яраслава Мудрага (1019—1054). Першая буйнейшая на тэрыторыі Беларусі дзяржава — Полацкае княства — было ўключана ў склад Кіеўскай Русі каля 980 г. Уладзімірам Святаслававічам. Зазначым, што характар узаемаадносін Полацка з Кіевам у IX—XIIстст. з’яўляецца складаным, што пацвярджаецца тагачаснымі крыніцамі («Аповесць мінулых гадоў», «Слова аб палку Ігаравым»). Раскажыце аб абставінах, пры якіх беларускія землі Падзвіння і Пасожжа ўвайшлі ў склад Кіеўскай Русі. Пры Уладзіміры Святаслававічу было амаль завершана аб’яднанне ўсіх усходнеславянскіх зямель, узмоцнена дзяржаўнае кіраванне, уведзена хрысціянства як дзяржаўная рэлігія. Пры Яраславе Мудрым (сыне Уладіміра Святаслававіча і Рагнеды Рагвалодаўны) былі ўзмоцнены палітычныя, гандлёвыя і культурныя сувязі з Паўночным Прычарнамор’ем, Візантыяй, Блізкім Усходам, Польшчай, Венгрыяй і інш. У складзе Кіеўскай Русі адбываўся працэс сцірання племянных рыс і адметнасці, ішло фарміраванне раннефеадальных этнасаў. Тым не менш, гэтая дзяржава была этнічна стракатай, з неаднародным культурным жыццём. Палітычнае аб’яднанне не падмацоўвалася рэальнымі эканамічнымі сувязямі і было нетрывалым. Таму адначасова з аб’яднаўчымі тэндэнцыямі набіралі сілу цэнтрабежныя, уласцівыя ўсім раннефеадальным дзяржавам. Кіеўская Русь, праіснаваўшы тры стагоддзі (2-я палова IX — первая палова XIIстст.), распалася на ўдзелы. Зазначым, што яе распад адбываўся ў той час, калі не толькі існавала цэнтральная вярхоўная ўлада з вялікакняжацкім сталом у Кіеве, але і з’явілася агульная рэлігія — хрысціянства, якая была ў той час магутным сродкам кансалідацыі грамадства. Галоўнае — гэта рост прадукцыйных сіл, узнікненне новых эканамічных цэнтраў, узмацненне ўлады князёў на месцах, пастаянныя міжусобіцы, а ў выніку — феадальная раздробленнасць, якая і прывяла да распаду Кіеўскай Русі на самастойныя дзяржавы. Найбольшымі з іх былі княствы Кіеўскае, Полацкае, Чарнігаўскае, а таксама Ноўгарадская рэспубліка. Такім чынам, дзяржава як сацыяльны інстытут узнікае на этапе пераходу да вытворчай гаспадаркі і фарміравання класавага грамадства. Першыя дзяржавы з’яўляюцца ў старажытнасці. Дзяржаваўтваральны працэс у Еўропе бярэ пачатак з канца Vст. Старажытнаславянская дзяржава, якая склалася ў другой палове IXст., была адной з буйнейшых еўрапейскіх дзяржаў. Кіеўская Русь падтрымлівала палітычныя, гандлёвыя і культурныя сувязі з Чэхіяй, Польшчай, Венгрыяй і Балгарыяй, мела дыпламатычныя адносіны з Візантыяй, Германіяй,Нарвегіяй, Швецыяй, наладжвала кантакты з Францыяй і Англіяй. Кіеўская Русь была палітычна-тэрытарыяльным саюзам усходнеславянскіх супольнасцей і стала калыскай, з якой пачаўся працэс фарміравання блізкіх народаў: беларускага, рускага і ўкраінскага.
Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 1726; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |