Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

У канцы XIV першай палове XVIст




Унутраная і знешняя палітыка ВКЛ

У другой палове XIVст. міжнароднае становішча ВКЛ было цяжкім. Маскоўскае вялікае княства стала прэтэндаваць на ролю аб’яднальніка старажытнарускіх зямель і арганізатара барацьбы супраць мангола-татар. Гэта імкненне Масквы асабліва ўзрасло пасля Кулікоўскай бітвы 1380 г. Да Масквы сталі схіляцца беларускія і ўкраінскія феадалы, нездаволеныя палітыкай літоўскіх князёў.

Паходы Альгерда на Маскву (1368 г., 1370 г., 1372 г.) і яго палітыка заключыць антымаскоўскі саюз з ханам Джанібекам закончыліся няўдала. У другой палове XIVст. Тэўтонскі ордэн дабіўся найбольшай магутнасці і ўяўляў сур’ёзную пагрозу ВКЛ. З 1345 г. па 1392 г. нямецкія рыцары 96 разоў нападалі на Літву і Беларусь. Адносіны ВКЛ з Польшчай былі напружанымі з-за барацьбы за Галіцка-Валынскае княства і Падляшша.

Цяжкае міжнароднае становішча ВКЛ пагоршылася пасля смерці Альгерда барацьбой паміж літоўскімі князямі за вялікакняжацкі трон. Вялікім князем літоўскім насуперак традыцыі стаў малодшы сын Альгерда Ягайла (1377—1392 гг.). Кааліцыю праціўнікаў Ягайлы ўзначаліў яго старэйшы брат полацкі князь Андрэй Альгердавіч, які ўдзейнічаў у Кулікоўскай бітве на баку Дзмітрыя Іванавіча і карыстаўся падтрымкай Масквы.

У гэтых умовах вялікі князь літоўскі Ягайла і яго прыхільнікі пайшлі на саюз з Польшчай. 14 жніўня 1385 г. паміж ВКЛ і Польшчай у Крэве (зараз Смаргоньскі раён)была заключана ўнія. Ягайла і яго браты паабяцалі на ўсе часы далучыць свае землі, літоўскія і рускія, да кароны польскай. Яны абавязаліся прыняць каталіцтва і пераўтварыць у каталіцкую веру ўсіх падданых, не толькі літоўцаў, якія заставаліся яшчэ паганцамі, але і праваслаўнае насельніцтва.

У 1385г. акт уніі быў замацаваны ў Крэве выбраннем вялікага князя літоўскага адначасова польскім каралём (1386—1434 гг.). Ягайла прыняў каталіцтва пад іменем Уладзіслава і ўступіў у шлюб з польскай каралевай Ядвігай.

Вызначце прычыны заключэння Крэўскай уніі, якая садзейнічала збліжэнню Каралеўства Польскага з ВКЛ.

Умовы Крэўскай уніі азначалі практычна далучэнне ВКЛ да Польшчы, ліквідацыю яго самастойнасці. Таму паміж беларускіх і некаторых літоўскіх феадалаў супраць уніі склалася апазіцыя. Першым супраць Ягайлы выступіў полацкі князь Андрэй у саюзе са смаленскім князем Святаславам Іванавічам. У 1386 г. яны пачалі ваенныя дзеяні. Найбольшага напружання барацьба дасягнула ў 1389—1392 гг., калі апазіцыю ўзначаліў дваюрадны брат Ягайлы, гродненскі князь Вітаўт.

Барацьба ваюючых бакоў скончылася заключэнем у 1392 г. у маентку Востраў (каля Ліды) пагаднення. Па Востраўскаму пагадненню польскія феадалы павінны былі адмовіцца ад уключэння ВКЛ у склад Польшчы. За ім захоўвалася аўтаномія пад эгідай польскага караля. Вялікім князем літоўскім пажыццёва стаў Вітаўт (1392—1430 гг.).

Крэўская ўнія станоўча сказалася на выніку сумеснай барацьбы Польшчы і ВКЛ з Тэўтонскім ордэнам у Грунвальдскай бітве.

Неабходна паказаць, які ўплыў аказала перамога на фарміраванне і кансалідацыю беларускай народнасці.

Разам з тым Крэуская ўнія адчыніла шлях каталіцкай агрэсіі ў Беларусь. Ужо пры Ягайле сталі будавацца касцёлы, манастыры, насаджацца каталіцкае землеўладанне.

У 1387 г. Ягайла выдаў прывілей, па якому літоўскія феадалы-католікі атрымлівалі вялікія маёмасныя і асабовыя правы. На праваслаўных феадалаў гэтыя правы не распаўсюджваліся.

Па гэтаму прывілею шлюб паміж католікамі і праваслаўнымі мог быць заключаны толькі пры ўмове пераходу апошніх у каталіцтва. Уладанні каталіцкай царквы вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцяў. Усё гэта садзейнічала ўзмацненню становішча літоўскіх феадалаў-католікаў у палітычным жыцці ВКЛ.

Беларускія феадалы, аказваючы падтрымку Вітаўту ў яго барацьбе супраць Ягайлы, спадзяваліся захаваць свае правы ўдзельных уладальнікаў. Але Вітаўт стаў узмацняць сваю ўладу пры дапамозе цэнтралізацыі дзяржавы, абапіраючыся на літоўскіх феадалаў. Ён ліквідаваў абласныя княжанні і замяніў іх інстытутам намесніцтва. Намеснікамі ў заходнерускія княствы назначаліся прадстаўнікі цэнтральнай улады літоўскага паходжання. Далей яны сталі буйнейшымі землеўладальнікамі, магнатамі ў ВКЛ.

Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 г., у якой воіны ВКЛ адыгралі вызначальную ролю, Вітаўт спрабаваў змяніць васальныя адносіны з Каронай Польскай, дабіцца поўнай самастойнасці ВКЛ амаль да стварэння асобнага каралеўства. У выніку перагавораў Ягайлы і Вітаўта была падпісана ў 1413 г. Гарадзельская ўнія. Яна юрыдычна замацавала самастойнасць ВКЛ, але пад уладай польскага караля. Гарадзельскі прывілей, выданы Ягайлам і Вітаўтам, параўняў у правах з польскімі магнатамі тых феадалаў ВКЛ, якія прынялі каталіцтва і польскія гербы. Літоўскія феадалы-католікі атрымалі таксама выключнае права займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады і знаходзіцца ў вялікакняжацкай радзе.

Праваслаўныя феадалы беларускіх зямель апынуліся ў яшчэ больш нераўнапраўным становішчы.

У канцы жыцця Вітаўта была зроблена спроба пераўтварыць у жыццё ідэю аб стварэнні літоўскага каралеўства. Аднак яна не ажыццявілася, таму, што гэтаму перашкодзілі польскія феадалы і смерць Вітаўта ў 1430 г.

Неабходна растлумачыць сэнс гэтай спобы Вітаўта.

Працягваючы знешнюю палітыку Вітаўта, яго прыемнік Свідрыгайла (1430—1432 гг.) стаў далучаць да дзяржаўнага кіравання буйных феадалаў рускіх і ўкраінскіх зямель. Гэта выклікала рэзкае незадавальненне літоўскай арыстакратыі, якая з дапамогай Польшчы арганізавала змову супраць вялікага князя. Свідрыгайла збег у Полацк, дзе знайшоў падтрымку мясцовых князёў і баяр. Вялікім князем літоўскім быў абвешчаны брат Вітаўта — Жыгімонт (1432—1440 гг.).

Процістаянне бакоў прывяло да грамадзянскай вайны (1432—1436 гг.), якая вялась на тэрыторыі Беларусі, Украіны, Літвы. Ягайла і Жыгімонт былі вымушаны ў 1432 і 1434 гг. выдаць прывілеі, якія распаўсюджвалі асабістыя і маёмасныя правы феадалаў-католікаў на праваслаўных феадалаў. Але ў палітычных адносінах правы апошніх па-ранейшаму абмяжоўваліся.

На баку Свідрыгайлы выступалі праваслаўныя феадалы, якія дабіваліся роўных правоў з феадаламі-католікамі. Літоўскія князі, нездаволеныя палітыкай Жыгімонта ў адносінах з Польшчай, пачалі вайну. У той жа час у гэтай феадальнай вайне прымалі ўдзел шырокія слаі насельніцтва беларускіх зямель, што надавала ёй рэлігійную афарбоўку і некаторыя рысы нацыянальнага руха. Грамадзянская вайна не рашыла палітычныя супярэчнасці ў ВКЛ, а толькі часткова паслабіла іх.

Свідрыгайла і яго прыхільнікі пацярпелі паражэнне ў гэтай барацьбе. Жыгімонт з намерам узмацнення сваіх пазіцый і адносін з Польшчай меў намер увесці каталіцтва ва ўсім княстве. Баючыся абвастрэння ўнутрыпалітычных абставін, літоўскія князі склалі змову і ў 1440 г. у Вільна забілі яго.

Палітычная барацьба ў ВКЛ прымусіла вялікага князя Казіміра выдаць у 1447 г. агульназемскі прывілей, які гарантаваў праваслаўным феадалам эканамічныя і палітычныя правы нараўне з феадаламі-каталікамі. На практыцы доступ праваслаўных феадалаў да вышэйшых дзяржаўных пасад па сутнасці быў закрыты.

Ва ўмовах пастаянных войн, барацьбы з набегамі крымскіх татар ваенна-служылае саслоўе шляхта набывала ўсё большую значнасць у дзяржаве. Яна паступова дабілася права ўласнасці на зямлю. Зямельная ўласнасць шляхты стала перадавацца па спадчыне і пераўтварацца ў вотчыны. Шляхта дабілася прывілеў і ў гандлі. Ёй было дадзена права бязмытнага ўвозу замежных тавараў.

З цягам часу шляхта стала далучацца да палітычнай дзейнасці. У пачатку XVIст. была ўстаноўлена выбарнасць дэпутатаў вальнага сейма на павятовых сейміках, якія складаліся ў асноўным са шляхты. Павятовыя шляхцічы сталі прымаць удзел у рабоце сейма. У 1547 г. прывілеем Жыгімонта II праваслаўная шляхта была ўроўнена ў правах з каталіцкай. З 1563 г. шляхта атрымала права займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады.

У першай палове XVIст. шляхта была ўроўнена ў правах з феадальнай знаццю, ёй гарантавалася асабістая і маёмасная недатыкальнасць. У статуце 1529 г. тэрмін «шляхта» распаўсюджваўся на ўсіх феадалаў Вялікага княства Літоўскага. Быў закончаны працэс кансалідацыі розных слаёў феадалаў у адно прывеліяванае саслоўе. Гэта знайшло адлюстраванне ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588 гг. Але найбольш буйныя феадалы, маганты ігралі кіруючую ролю ў дзяржаве. Яны падлягалі асабістай юрысдыкцыі, іх не маглі судзіць правінцыяльныя суды.

Такім чынам, унутрыпалітычнае развіццё ВКЛ характэрызуецца барацьбой за ўзмацненне цэнтралізаванай улады, павышэнне ролі літоўскіх феадалаў у палітычным жыцці дзяржавы, дыскрымінацыяй праваслаўных феадалаў, якія імкнуліся атрымаць роўныя правы з феадаламі-католікамі. Але яны дабіліся толькі некаторых уступак з боку вялікакняжацкай улады. Афіцыйнае прызнанне раўнапраўя ўсіх слаёў класа феадалаў незалежна ад рэлігійных вераванняў адбылося толькі ў сярэдзіне XVIст.

Знешняя палітыка ВКЛ цесна звязана з унутрыпалітычнымі працэсамі, якія адбываліся ў ёй, была накіравана на ахову граніц дзяржавы, пашырэнне яго тэрыторыі на поўдні і ўсходзе. У 1362 г. у барацьбе на р.Сінія Воды Альгерд разбіў татара-мангольскае войска, у выніку чаго Кіеўшчына і Падолія былі вызвалены ад татара-манголаў і далучаны да ВКЛ.

Важна ведаць, што гэтая перамога паклала пачатак вызваленню ўсходнеславянскіх зямель ад мангола-татарскай няволі.

У канцы XIVст. Залатая Арда знаходзілася ў стане ўнутрыпалітычнага крызісу, у ёй ішла барацьба за ўладу. У 1395 г. хан Тахтамыш пацярпеў паражэнне ад хана Цімура і збег у ВКЛ. Вітаўт прыняў Тактамыша і паабяцаў аднавіць яго ўладу ў Залатой Ардзе. У сваю чаргу Тахтамыш паабяцаў пасадзіць Вітаўта на Маскоўскі трон. Для ажыццяўлення сваіх амбіцыёзных планаў трэба было разбіць Цімура. 12 жніўня 1399 г. адбылася бітва на р.Ворскле (Палтаўшчына) паміж войскамі Вітаўта і Тахтамыша з аднаго боку і Цімура з другога. Вітаўт і Тахтамыш пацярпелі лютае паражэнне. Паражэнне на Ворскле прымусіла Вітаўта ўсталяваць больш цесны саюз з Польшчай. У 1401 г. паміж гэтымі дзяржавамі быў падпісаны дагавор, які падцвердзіў Крэўскую ўнію 1385 г. і даваў магчымасць аб’яднаць сілы дзвух дзяржаў для барацьбы са знешнімі ворагамі. У XIV — пачатку XVст. галоўным ворагам ВКЛ былі рыцары Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. У 1409 г. пачалася вайна ВКЛ і Польшчы з Тэўтонскім ордэнам. 15 жніўня 1410 г. у бітве пад Грунвальдам крыжакі былі разбіты, пасля чаго ўжо не маглі аднавіць былую моц. Нямецкая агрэсія на славянскія землі была прыпынена на некалькі стагоддзяў.

У другой палове XVст. у знешняй палітыцы ВКЛ значнае месца займала пытанне аб адносінах з Крымскім ханствам. Амаль штогод крымскія татары ўрываліся ў межы Украіны і Беларусі. З 1500 па 1569 гг. татары зрабілі 45 набегаў на беларускія землі, разбураючы сёлы і гарады. У 1505 г. татары дайшлі да Мінска і Навагрудка, узялі ў палон каля 100 тысяч мірных жыхароў. У 1527 г. аб’яднаныя сілы ВКЛ нанеслі паражэнне крымскім татарам пад Каневым на Украіне. Пасля гэтага татары страцілі магчымасць рухацца далёка на поўнач.

З канца XVст. сталі абвастрацца адносіны ВКЛ з Рускай дзяржавай. Да гэтага часу яна канчаткова скінула мангола-татарскае іга. Аб’яднанне рускіх зямель у адзіную дзяржаву выйшла за межы паўночна-усходняй Русі. Вялікі князь маскоўскі лічыў сябе князем усіх рускіх зямель і ўзяў на сябе місію іх аб’яднання вакол Масквы. Такім чынам гістарычна склаліся два цэнтры, якія імкнуліся аб’яднаць землі старажытнарускай дзяржавы Вільна і Масква. Такое становішча прыводзіла да абвастрэння адносін, войнаў. Таму на працягу XIV—XVIстст. адносіны паміж ВКЛ і Рускай дзяржавай нярэдка насілі варожы характар.

Была і яшчэ адна прычына, падзяляўшая гэтыя дзяржавы — гэта праблема канфесійнага (рэлігійнага) становішча ў ВКЛ. Вялікі князь маскоўскі прэтэндаваў на ролю адзінага праваслаўнага князя-ахоўніка інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва. З другога боку насельніцтва ВКЛ у нацыянальна-рэлігійных адносінах не аддзяла сябе ад насельніцтва Рускай дзяржавы. У ВКЛ праваслаўная вера прыніжалася, што вяло да абвастрэння рэлігійнай барацьбы ў княстве. Наступ каталіцызму, які ўсталяваўся пасля Крэўскай уніі 1385 г., пашырэнне польскага ўплыву яшчэ больш узмацнілі незадавальненне беларускіх праваслаўных феадалаў, якія бачылі выхад з такога становішча ў далучэнні да Масквы.

У 1481 г. беларускія феадалы Міхаіл Алелькавіч, Іван Гальшанскі, Фёдар Бельскі і інш. склалі змову з мэтай захопу ўлады ў ВКЛ і далучэння беларускіх зямель да Маскоўскай дзяржавы. Змова была падаўлена, а некаторыя яго ўдзельнікі пакараны смерцю.

У 1508 г. князі Глінскія, валодаўшыя землямі ў Беларусі і на Украіне, таксама выступілі супраць панавання літоўскіх феадалаў. Яны хацелі стварыць асобныя дзяржавы з рускіх, беларускіх і ўкраінскіх зямель, што ўваходзілі ў склад ВКЛ. Аднак гэта спроба, нягледзячы на дапамогу рускіх войск, не скончылася поспехам. Некаторыя беларускія феадалы добраахвотна разам з памясцямі пераходзілі пад уладу Масквы. З 1487 па 1493 гг. у Маскву выехалі са сваімі вотчынамі князі Варатынскія, Бялеўскія, Мярецкія, Вяземскія.

Супярэчнасці паміж дзяржавамі рашаліся ў асноўным ваенным шляхам. У выніку войн Масквы з Літвой у канцы XV пачатку XVIст. Чарнігава-Северская і Смаленская землі апынуліся ў складзе Рускай дзяржавы. У 1521 г. да Русі таксама адышлі Гомель, Чарнігаў і Старадуб. Войны за далучэнне да Расіі беларускіх, украінскіх і рускіх зямель, уваходзіўшых у склад ВКЛ, вяліся ў 1516, 1518, 1519, 1534, 1536 гг. Яны не прывялі да істотных тэрытарыяльных змен, але і не знялі гэту праблему.

Прасачыце на карце тэрытарыяльныя змены, якія адбываліся ў выніку войнаў Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ.

Такім чынам, асноўныя напрамкі знешняй палітыкі ВКЛ у XIV—XVIстст. змяніліся. У XIVст. галоўную небяспеку прадстаўлялі нямецкія рыцары і мангола-татары. У канцы XIV—XVстст. ВКЛ вызначала адносіны з Польшчай, рашала праблему літоўска-польскага саюза. Доўгі час ВКЛ знаходзілася ў персанальнай уніі з Польшчай. Галоўным у знешняй палітыцы ВКЛ сталі адносіны з Маскоўскай дзяржавай, якая з’яўлялася канкурэнтам у справе аб’яднання рускіх зямель. К сярэдзіне XVIст. ВКЛ ужо не магло на роўных сапернічаць з Масквой. Гэта падштурхнула ВКЛ да больш моцнага саюзу з Польшчай.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 814; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.008 сек.