КАТЕГОРИИ: Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748) |
Перагрупоўка палітычных сіл. Путч Капа-Лютвіца
Далейшае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне, а таксама палярызацыя палітычных сілаў паводле стаўлення да Версальскага міру выклікалі канчатковае размежаванне двух асноўных палітычных груповак. Першую прадстаўлялі партыі "веймарскай кааліцыі", а таксама памяркоўнае крыло ННП. Гэтая групоўка выступала за далейшае паглыбленне парламентарызму і рэспубліканскай сістэмы, а ў сферы знешняй палітыкі – за безумоўнае выкананне Версальскага дагавора як адзіную рэальную магчымасць адраджэння дзяржавы. На рэвалюцыйнай і антыкайзераўскай хвалі руху за мадэрнізацыю германскай палітычнай сістэмы гэтая групоўка захапіла ў свае рукі асноўныя рычагі ўлады ў дзяржаўным і зямельных апаратах. Нават нашмат больш правыя палітыкі былі змушаныя змірыцца з яе перамогай – альтэрнатывы гэтай уладзе бачна тады не было. Але з другой паловы 1919 г. другая групоўка, якая прадстаўляла авантурыстычна-мілітарысцкія сілы, т.зв. "чорна-бела-чырвоныя" партыі (колеры імперскай Германіі), пераходзяць у наступ. У сваёй звычайнай рыторыцы яны даводзілі краіне, што манархія найбольш падыходзіць нямецкаму народу, і заклікалі яго згуртавацца супраць здрадніцкай бальшавіцка-сацыял-дэмакратычнай "хеўры", якая спачатку нанесла "ўдар у спіну" фронту, а затым "здала" рэйх у Версалі. Яе лозунгі эканоміі і самаабмежавання (напрыклад, адмаўленне ад 8-гадзіннага працоўнага дня) таксама знаходзілі разуменне і падтрымку у некаторых слаях германскага грамадства. Актыўную дапамогу "чорна-бела-чырвоным" стала аказваць і правая буржуазія. Яна перастала лічыць мэтазгодным далейшае заляцанне з сацыял-дэмакратамі і, увогуле, з рэспубліканцамі. Пры шчодрай падтрымцы Нямецкага прамысловага саюзу, які выдаткаваў на патрэбы гэтых сіл каля 500 тыс. марак, пачынаюць гуртавацца і правыя радыкалы. Яны знайшлі ў Германіі цудоўную базу. Калі ў 1920 г. урад прыступіў да выканання ваенных артыкулаў Версальскага дагавору, значная частка нямецкага афіцэрства часова засталася без працы. З 1919 г. актыўны ўдзел у палітычных акцыях скрайне правых сталі браць спрадвеку палітычна заангажаваныя студэнцкія саюзы. У тым жа 1919 г. спачатку пад назвай "Камітэт незалежных рабочых" з'яўляецца Нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя (НСДАП) (яе першы лідэр – рабочы Антон Дрэкслер). Найбольш значнай арганізацыяй, што гуртавала вакол сябе праварадыкальныя элементы, з'яўлялася "Нацыянальнае аб'яднанне". Пад кіраўніцтвам В. фон Лютвіца ствараліся " добраахвотніцкія карпусы". Падобныя фармаванні мелі самыя далёкасяжныя намеры ў адносінах да кволай рэспублікі і ім заставалася толькі чакаць свайго часу. Сігналам да адкрытага выступлення антырэспубліканскіх сілаў стаў загад ваеннага міністра Г. Носке ад 29 лютага пра расфарміраванне аднаго з падобных карпусоў. У нетрах "Нацыянальнага аб'яднання" быў створаны праект новай надзвычайнай канстытуцыі і вялася праца па падрыхтоўцы да перагляду ўмоваў Версальскага дагавору. На пасаду кіраўніка новага ўраду быў прапанаваны прускі юнкер Вольфганг Кап. 10 сакавіка 1920 г. путчысты накіравалі прэзідэнту Ф. Эберту і міністру ўнутраных спраў Г. Носке патрабаванне спыніць расфарміраванне вайсковых падраздзяленняў. Не дачакаўшыся адказу, у ноч з 12 на 13 сакавіка путчысты ўвялі свае "добраахвотніцкія карпусы" ў Берлін. В. Кап абвясціў сябе рэйхсканцлерам і распусціў Нацыянальны сход. Як рэакцыя на гэтыя падзеі па краіне пайшла хваля акцыяў пратэсту. Усеагульная забастоўка ахапіла звыш 12 млн. рабочых і служачых. Найбольшай сілы дасягнула барацьба ў Рурскай вобласці, дзе нават адбыліся ўзброеныя сутычкі. Ізаляваныя сацыяльна і тэрытарыяльна путчысты склалі зброю, а іх лідары паўцякалі з краіны. З гэтага часу лагер радыкальных манархістаў губляе былую згуртаванасць. У чэрвені 1920 г. ННП заявіла аб прынцыповай згодзе удзельнічаць ва ўрадзе з СДПГ. З'явілася надзея на доўгачаканую "Вялікую кааліцыю", якая б прадстаўляла шырокі спектр палітычных сіл Германіі.
Дата добавления: 2014-11-08; Просмотров: 539; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы! Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет |