Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Калектывізацыя ў БССР




Укажыце прычыны і мэты суцэльнай калектывізацыі.

У канцы 20-х гадоў групоўка Сталіна распачала адыход ад нэпа і рэпрэсіі супраць “непралетарскіх элементаў”. На вёсцы галоўным ворагам быў аб’яўлены “кулак”, г. зн. заможны селянін. У 1927 г. на Беларусі такіх налічвалася 4,1% ад усяго вясковага насельніцтва. Узмацненне “антыкулацкай лініі” прывяло да таго, што заможныя сяляне перасталі пашыраць вытворчасць збожжа. Узімку 1927—1928 гг. у СССР выбухнуў збожжанарыхтоўчы крызіс. Экспарт збожжа прыпыніўся, грошы на індустрыялізацыю не паступалі.

З другога боку, рэзка павялічыўся попыт на збожжа ўнутры краіны. У ходзе індустрыялізацыі гарадам патрабавалася ўсё больш і больш прадуктаў харчавання. Невыкананне дзяржаўнага плана нарыхтовак збожжа прывяло да ўвядзення ў гарадах прадуктовых картак.

Сталін заявіў, што прычынай хлебанарыхтоўчых цяжкасцяў з’яўляецца “кулацкая стачка”. Партыйна-савецкім органам было прапанавана сілай забіраць “лішкі” хлеба ў сялян. Акрамя таго быў вызначаны курс на масавую калектывізацыю сельскай гаспадаркі.

Мэтай суцэльнай калектывізацыі было вырашэнне чатырох асноўных задач. Па-першае, хуткімі тэмпамі стварыць магутную аграрную базу, здольную забяспечыць патрэбы індустрылізацыі. Па-другое, ліквідаваць сельскія капіталістычныя элементы — праціўнікаў сацыялістычных пераўтварэнняў вёскі. Па-трэцяе, маёмасць кулацкіх гаспадарак пакласці ў аснову калгаснай уласнасці. Па-чацвёртае, раскулачаных выкарыстоўваць на новабудоўлях краіны.

Пакажыце асноўныя метады правядзення калектывізацыі і іх вынікі.

Прадугледжвалася завяршыць калектывізацыю ў збожжавых раёнах вясной 1932 г. Тэрмін заканчэння калектывізацыі для Беларусі прадугледжваўся ў 1932—1933 гг. Але кіраўніцтва БССР вырашыла фарсіраваць тэмпы калектывізацыі, закончыць працэс да 1931 г. Каб забяспечыць высокія тэмпы калектывізацыі, у вёску паслалі тысячы ўпаўнаважаных. У пачатку лютага 1930 г. яны выехалі на месцы прызначэння, працавалі старшынямі і членамі праўлення калгасаў. Слабадасведчаныя ў асаблівасцях сялянскага жыцця, яны дзейнічалі метадам загадаў і прымусаў.

Працэс кааперавання быў падменены “раскулачваннем”. У БССР раскулачванню падлягала 34 тыс. гаспадарак. Да мая 1930 г. пад рэпрэсіі падпала 15,6 тыс. сямей. Пры гэтым адну частку сялян нацкоўвалі на другую, заахвочвалі падзелам маёмасці кулакоў. ЦК КП(б)Б у лютым 1930 г. даў класіфікацыю кулацтва па трох катэгорыях: 1) актыўныя праціўнікі калектывізацыі; 2) найбольш заможныя; 3) усе астатнія. Тых, каго адносілі да першай катэгорыі, без суда і следства арыштоўвалі і накіроўвалі ў месцы зняволення або растрэльвалі. Сялян, аднесеных да другой катэгорыі, высылалі на Поўнач. “Кулакоў” трэцяй катэгорыі пазбаўлялі права на зямельны надзел у сваёй вёсцы і давалі ім участак за межамі калгасаў.

Нават сераднякоў і беднякоў маглі абвясціць класавымі ворагамі. У выніку ў вёсцы абвастрылася палітычнае становішча, сталі нарастаць сялянскія хваляванні. У студзені — красавіку 1930 г. у БССР было зарэгістравана 520 сялянскіх выступленняў. Масавы характар набыў забой жывёлы. Сяляне лічылі за лепшае з’есці ці прадаць мяса, чым аддаць жывёлу ў калгасны фонд. Пра масштабы забою жывёлы гаворыць той факт, што яе пагалоўе ўдалося аднавіць толькі к 1959 г. Але асноўнай формай непрымання калектывізацыі ў Беларусі была пасіўнасць (бяздзейнасць) вясковых жыхароў.

Кіраўніцтва краіны вырашыла прыняць меры па ліквідацыі “перагібаў”. 2 сакавіка 1930 г. на старонках “Праўды” быў надрукаваны артыкул І. Сталіна “Галавакружэнне ад поспехаў”, дзе ўпершыню асуджалася практыка прымусовай калектывізацыі, давалася ўказанне весці работу ў адпаведнасці з мясцовымі ўмовамі, не абагульняць прысядзібныя землі, агароды і г.д. Адразу адбыўся адток сялян з калгасаў. Да 1 чэрвеня 1930 г. працэнт калектывізацыі паменшыўся з 58% да 11,1%. Аднак восенню 1930 г. палітыка суцэльнай калектывізацыі была зноў адноўлена. Кастрычніцкі (1930 г.) Пленум ЦК КП(б)Б прызнаў неабходным “паскорыць” тэмпы калектывізацыі. З мэтай прыцягнення сялян у калгасы працягвалася раскулачванне. Па ранейшаму прымусова абагульваліся жылыя памяшканні і жывёлы, аплата працадзён праводзілася па астаткаваму прынцыпу — пасля выканання дзяржаўных паставак, якія паглыналі ўсе даходы. Зберагаць зерне ў калгасах забаранілі, ураджай ў абавязковым парадку вывозіўся на дзяржаўныя элеватары.

Адным з наступстваў калектывізацыі стала вострая нястача харчавання на сяле. Адсюль меў месца крадзеж зерня, выстрыганне каласоў на палях. Барацьба з кражамі вялася экстрымальнымі сродкамі. У 1932 г. быў прыняты закон “Пра ахову маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацый і ўмацаванне грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці”. Закон прызнаваў грамадскую ўласнасць асновай савецкага ладу. Адпаведна людзі, якія рабілі замах на сацыялістычную ўласнасць, разглядаліся як ворагі народа. У якасці пакарання для іх прадугледжвалася смяротная кара ці 10 гадоў пазбаўлення волі.

У 1932—1933 гг. голад ахапіў самыя ўрадлівыя раёны СССР — Украіну, Паволжа, Паўночны Каўказ. Ён быў выкліканы неўраджаем і жорсткай нарыхтоўчай палітыкай. Па розных падліках ад 2 да 7 млн чалавек памерлі галоднай смерцю. Даходзіла нават да людаедства. Не абышоў голад і паўднёвыя раёны Беларусі, але дзякуючы намаганням кіраўніцтва рэспублікі ён не набыў такіх катастрафічных маштабаў. Адбыўся новы адток сялян з калгасаў. Калі на пачатку года калектывізацыя складала 50,4% двароў, то вясной — паменшылася да 43,7%: распалася звыш 1 000 калгасаў.

Нестабільнасць у вёсцы парадзіла масавую міграцыю сялян у горад. Каб замацаваць працоўную сілу ў калгасах і саўгасах у снежні 1932 г. была адноўлена (адмененная ў 1917 г.) пашпартная сістэма для насельніцтва краіны. Пашпарты выдаваліся толькі гарадскому насельніцтву, якое абавязкова прапісвалася па месцы жыхарства ў тэрытарыяльных органах міліцыі. Сялянам пашпарты не выдаваліся. Для паездкі ў горад, не гаворачы пра паступленне на вучобу ці працу, патрэбна было атрымаць даведку-дазвол ад праўлення калгаса. Пакінуўшыя вёску без дазволу аўтаматычна атрымлівалі турэмны тэрмін за валацужніцтва. Сельскае насельніцтва аказалася прымацаваным да зямлі, да сваіх калгасаў і саўгасаў.

Адначасова партыйнае кіраўніцтва краіны было вымушана дазволіць калгасны гандль, паменшыць падатак на гандаль сельскагаспадарчымі прадуктамі. Былі намечаны канкрэтныя мерапрыемствы па арганізацыі, уліку і аплаце працы, умацаванні грамадскай гаспадаркі, аб размеркаванні ўраджаю і даходаў калгасаў, па забяспячэнні асабістай жывёлы калгаснікаў кармамі.

Актыўную ролю ў правядзенні калектывізацыі сталі адыгрываць машынна-трактарныя станцыі. Яны павінны былі пераканаць сялянскія масы ў перавазе сацыялістычнага спосабу вытворчасці. У пачатку 1929 г. пачалася арганізацыя МТС. Першая МТС у БССР пачала дзейнічаць у Койданаве (Дзяржынску). У 1932 г. налічвалася ўжо 57 МТС, якія мелі 1500 трактароў і абслугоўвалі 33% калгасаў.

У МТС былі створаны палітычныя аддзелы, якія дзейнічалі камандна-загаднымі метадамі і з’яўляліся органамі “дыктатуры пралетарыяту” у вёсцы. Палітаддзелы кіравалі дзейнасцю МТС, а таксама павінны былі кантраляваць калгасы, саўгасы і мясцовыя партыйныя арганізацыі. Толькі за год сваёй работы яны “выкрылі” і звольнілі з калгасаў 2700 “кулакоў-шкоднікаў”, знялі з работы за “варожую” дзейнасць 1544 работнікі.

Галоўнымі метадамі калектывізацыі былі гвалтоўныя: запалохванне, прымус, раскулачванне, спецпасяленні, расстрэлы. За 30-я гады беларуская вёска страціла каля мільёна сваіх жыхароў. Калгаснікі поўнасцю залежалі ад свайго старшыні. Старшыня ў сваю чаргу падпарадковаўся райкому партыі, ад якога залежаў яго лёс. Напрыклад, толькі ў 1936 г. у БССР было заменена 1500 старшынь калгасаў.

На канец 1940 г. мелася 10165 калгасаў і 92 саўгасы. Дробнатаварная гаспадарка была разбурана і ператворана ў буйную, сацыялістычную. Аднак узровень сельскагаспадарчай вытворчасці заставаўся нізкім, а планы яе павышэння не былі выкананы. У 1938 г. прысядзібныя ўчасткі калгаснікаў складалі 4% плошчы, а давалі 45% усёй сельгаспрадукцыі, у т.л. 70% мяса. Да таго ж калгаснікі не мелі адпачынку, выхадных дзён, ім не аплачваліся водпускі па цяжарнасці і родах, не прадстаўлялася пенсія.

Калектывізацыя прывяла да адчужэння былых уладальнікаў зямлі ад асноўнага сродку вытворчасці — зямлі. Знік цэлы пласт найбольш гаспадарлівых і таленавітых земляробаў. Фактычна сяляне ператвараліся ў наёмных дзяржаўных работнікаў. Пачала ўсталёўвацца нявольніцкая псіхалогія калгасніка: безыніцыятыўнасць, чаканне загадаў начальства, абыякавасць да грамадскага жыцця, схільнасць да ўжывання гарэлкі. Адначасова таталітарны рэжым атрымаў сродкі для правядзенне фарсіраванай індустрылізацыі і стварыў эфектыўны механізм кантролю над вытворчасцю і размеркаваннем харчавання ва ўсёй дзяржаве.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 2594; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.007 сек.