Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае становішча заходнебеларускіх зямель у складзе Польшчы




У 1921 г. на Рыжскіх мірных перамовах пры дапамозе Антанты да Польшчы была далучана заходняя частка Беларусі (былая Гродзенская, усходнія паветы Віленскай і заходнія Мінскай губерняў).

Звярніце ўвагу на тое, што беларуская дэлегацыя не была дапушчана да вядзення перамоў.

У большасці выпадкаў польскія дзяржаўныя ўлады называлі яе “Усходнія крэсы (ускраіна) Польшчы”. Тэрыторыя Заходняй Беларусі складала 112 995 км2, яна ўваходзіла ў склад 4 ваяводств: Палескага (з цэнтрам у Брэсце-Бужскім), Навагрудскага і часткова Віленскага і Беластоцкага, якія ў сваю чаргу падзяляліся на паветы і гміны.

Трэба адзначыць, што ў гэты час Баранавічы сталі павятовым цэнтрам Навагрудскага ваяводства.

У Заходняй Беларусі (на 1931 г.) пражывала 4,6 млн чалавек, з іх 85% — у вёсцы і 15% — у горадзе. Пры гэтым беларусы складалі 65%, палякі — 15, яўрэі — 11, украінцы — 4, літоўцы — 2,5, рускія — 2%.

У эканамічным плане Заходняя Беларусь заставалася аграрным рэгіёнам — у сельскай гаспадарцы краю ў 1921-1939 гг. занята звыш 80% працаздольнага насельніцтва. У 1920-я гады памешчыкі, якія складалі 1,7% землеўласнікаў, валодалі амаль паловай прыватнаўласніцкай зямлі, значнай заставалася доля латыфундый. На адзін памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыходзілася каля 500 га, на сялянскі двор — 7 га; амаль 55 тысяч сялянскіх гаспадарак мела зямлі менш за 1 га. Каля 90 тысяч парабкаў былі навогул беззямельнымі.

Усё гэта паслужыла прычынамі таго, што палякам на “Крэсах Усходніх” неабходна было правесці аграрную рэформу.

У 1920-х гг. польскі ўрад праводзіць на далучаных землях шэраг аграрных рэформ: парцэляцыю — продаж памешчыкамі праз Дзяржаўны банк часткі сваіх зямель па фіксаваным кошце; камасацыю — аб’яднанне ў адзіны надзел дробных сялянскіх палосак і высяленне сямей на хутары; пераход сервітутаў — сумесных для карыстання памешчыкаў і сялян зямель (сенажаць, лес, месца для рыбнай лоўлі і інш.) — да прыватных уласнікаў.

Раскажыце пра складаючыя часткі аграрнай рэформы польскіх улад на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

31 ліпеня 1923 г. Сеймам выдадзены закон аб камасацыі (хутарызацыі), але масава яна стала праводзіцца толькі з 1927 г. Для правядзення камасацыі ўлады падбіралі толькі вопытных і спрактыкаваных людзей, пераважна з былых афіцэраў-артылерыстаў. Для іх адкрываліся 6-месячныя курсы падрыхтоўкі землямераў, акрамя таго, матэрыяльна заахвочваўся ўдзел у правядзенні камасацыі мясцовых навучэнцаў дарожна-будаўнічых і іншых інжынерных школ. Сяляне павінны былі плаціць за камасацыю гектара зямлі ў залежнасці ад яе якасці ад 14 да 20 злотых, за складанне праектаў меліярацыі, утрыманне землеўпарадчыкаў, перанясенне дарог і г.д., таму неабходна падкрэсліць, што камасацыя першапачаткова праходзіла даволі марудна. З мэтай паскарэння хутарызацыі 14 студзеня 1927 г. прынята сумеснае распараджэнне Міністэрства зямельных (рольных) рэформ і Міністэрства фінансаў аб аказанні дапамогі сялянам, якія выходзілі на хутары. На 15-гадовы тэрмін выдаваўся крэдыт: 1200 злотых на перанос будынка і 600 злотых на меліярацыю.

Трэба адзначыць, што камасацыя стала прагрэсіўнай з’явай, уяўляла сабою працяг сталыпінскай аграрнай рэформы, вылілася паўсюдна ў насаджэнне фермерскіх гаспадарак, спрыяла больш прадукцыйным формам арганізацыі працы, паляпшэнню якасці апрацоўкі зямлі, павышэнню яе вытворчасці і яе інтэнсіфікацыі, змяншала колькасць неабходных для апрацоўкі асабістага надзела працадзён сялянства Заходняй Беларусі, садзейнічала хутчэйшаму развіццю капіталізма ў сельскай гаспадарцы Заходняй Беларусі. Такім чынам на некаторы час камасацыя дала аддушыну ў сацыяльнай напружанасці ў вёсцы.

Польскія эканамісты таго часу прызнавалі, што для вядзення нармальнай гаспадаркі і выплаты крэдыту, неабходна выдзяляць на хутар па 15-25 га зямлі, а выдзялялася па 4-8 га на сям`ю. Больш малазямельнаму або беззямельнаму гаспадару не пад сілу было апрацаваць, бо ў яго не хапала сродкаў і жывёлы для яе апрацоўкі (коней, валоў і г.д.).

Польскія ўлады праводзілі парцэляцыю — продаж дробнымі надзеламі (парцэламі) часткі пустуючых зямель з мэтай насаджэння ў Заходняй Беларусі польскіх вайсковых каланістаў (асаднікаў).

Адзначце, што парцэляцыі падлягалі маёнткі, што належалі дзяржаве, іншаземцам, рускаму сялянскаму банку, царкве, ліквідаваным манастырам, набытыя ў час вайны пры дапамозе ліхвярства.

Маёнтак, або частка яго, у прымусовым парадку павінен быць выкуплены ад прыватных уладальнікаў, але прымусоваму выкупу не падлягала прыватная зямельная ўласнасць ад 60 да 180 га, а ва ўсходніх акраінах і былой прускай частцы Полышчы, прыватная зямельная ўласнасць абмяжоўвалася 400 га. Пры правядзенні парцэляцыі паветы падзяляліся па якасці ворнай зямлі на раёны. Так, Пінскі павет падзялілі на чатыры раёны: першы — паблізу Пінскa, 1 га ворнай зямлі IV класа каштаваў 900 злотых, V — 600, VI — 400 злотых; другі раён — сярэдні кошт зямлі IV класа — 600 злотых, V — 450, VI — 350 злотых i г. д. Трэба адзначыць, што кошт зямлі ў Заходняй Беларусі аказаўся самым нізкім на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай, што было звязана з нізкай урадлівасцю заходнебеларускай зямлі — таму, кaлi ў Віленскім ваяводстве за 1 га зямлі давалі 450 злотых, у Навагрудскім — 830, то ў Кракаўскім — 3 310, у Варшаўскім — 1 320 злотых, але трэба падкрэсліць, што кошт зямлі для малазямельных і тым больш навогул беззямельных сялян заставаўся занадта высокім. Да 1939 г. па лініі дзяржаўнай і прыватнай парцэляцыі ў чатырох заходнебеларускіх ваяводствах распарцэлявана 675,6 тысяч га зямлі.

Сервітуты былі з аднаго боку перажыткам з часоў паншчыны і феадалізму, з другога — жыццёванеабходнай для мясцовых сялян рэччу — яны давалі ім магчымасць свабодна трымаць на выганах, пашах большую колькасць сельскагаспадарчай жывёлы, а на вадаёмах — вялікую колькасць хатняй птушкі, лавіць рыбу, а таксама такі неабходны лес для пабудовы хаты і іншых неабходных сельскагаспадарчых пабудоў, нарыхтоўкі дроў, магчымасць бесперашкодна збіраць ягады, грыбы, мох. Ліквідацыя сервітутаў мела для сялян цяжкія наступствы — 75% сервітутных зямель перайшло ва ўласнасць памешчыкаў і асаднікаў, таму праходзіла галоўным чынам у прымусовым парадку і стала самым складаным мерапрыемствам аграрнай рэформы. З 1923 г. па 1938 г. 115 700 сялянскіх гаспадарак Заходняй Беларусі страцілі сервітуты, узамен іх сяляне атрымалі каля 189 000 га неапрацаванай зямлі i кампенсацыю ў 127 100 злотых, але гэта была значна менш страчанага. У барацьбе за свае правы пры захаванні сервітутаў сяляне выкарыстоўвалі як легальныя, так і нелегальныя сродкі барацьбы: суд, Сейм Рэчы Паспалітай, левыя газеты, а калі гэта не дапамагала, то выкарыстоўваліся нелегальныя сродкі барацьбы: прамы супраціў правядзенню ліквідацыі сервітутаў, непрызнанне вынікаў праведзенага зямельнага размеркавання, незаконны выпас жывёлы на землях памешчыкаў, самавольная вырубка лесу і гэтак далей. Яшчэ болей грозныя масштабы набыла барацьба сялян супраць памешчыкаў і асаднікаў у форме падпалу іх маёнткаў і хутароў. Падпалы прыносілі памешчыкам, асаднікам і буржуазіі, а таксама польскай дзяржаве, найбольшы матэрыяльны ўрон.

Спачатку ўзнікалі судовыя працэсы, якія ініцыявалі сяляне супраць сваіх памешчыкаў, патрабуючы поўную перадачу сервітутаў на сваю ўласнасць. Гэтыя працэсы працягваліся па некалькі гадоў. Калі памешчык дабіваўся ва ўлад рашэння аб падзеле сервітута, незадаволеныя сяляне звярталіся ў суд — выбіралі дэлегацыі абараняць іх правы, збіралі грошы, наймалі адвакатаў, але суды, часцей за ўсё, выносілі рашэнне на карысць памешчыка, спасылаючыся на юрыдычнае права ўласнасці паноў на гэтыя землі, існаваўшыя з даўніх часоў і захаваныя пры адмене прыгоннага права. На такія рашэнні сяляне звычайна спрабавалі падаваць апеляцыі, але і яны часта адхіляліся. Пакуль ішло судовае разгляданне справы, сяляне паўсюдна карысталіся севітутамі, нягледзячы на забарону памешчыкаў. Яны часта аказвалі прамое супраціўленне уладам, калі тыя спрабавалі правесці размежаванне сервітутных зямель, пасля таго як суд вынес рашэнне на карысць памешчыка.

Звярніце ўвагу на тое, што барацьба нярэдка працягвалася і пасля ліквідацыі сервітутаў, сяляне працягвалі ім карыстацца, нягледзячы ні на што, праганялі адміністрацыю маёнткаў, якая спрабавала ім перашкодзіць.

Памешчыкі вымушаны былі вызываць паліцыю, каб справіцца з сялянамі. Напрыклад, сяляне вёскі Загор`е Кобрынскага павета на працягу доўгага перыяду дарэмна дабіваліся праз суд прызнання іх правоў на сервітут. Суд вынес рашэнне на карысць памешчыка. Войт патрабаваў ад сялян, каб яны пакарыліся судоваму рашэнню і спыніць далейшае карыстанне сервітутам. У сувязі з гэтым кобрынскі павятовы стараста паведамляў у палескую ваяводскую ўправу, што “сельская грамада вёскі Загор`е катэгарычна і рашуча адмаўляецца падпарадкавацца, заяўляючы, што і надалей будзе пасвіць жывёлу на лугах, бо яны належаць вышэйазначанай вёсцы”.

Самай галоўнай часткай польскай аграрнай рэформы стала насаджэнне асадніцтва.

17 снежня 1920 г. польскі Сейм па прапанове ўрада Вінцэнта Вітаса прыняў закон аб вайсковым асадніцтве. У распараджэнні старшыні Галоўнай зямельнай управы Другой Рэчы Паспалітай ад 23 сакавіка 1921 г. тлумачыцца, каго закон разумеў пад салдатамі польскай арміі. Гэта радавыя, афіцэры і генералы, а таксама прыроўненыя да іх служачыя польскай арміі і падраздзяленняў добраахвотнікаў, якія неслі вайсковую службу не менш чатырох месяцаў. Усе яны мелі права на бясплатнае надзяленне зямлёю.

У 1926 г. Сеймам прыняты закон, па якім польскія афіцэры і унтэр-афіцэры (асаднікі) маглі набываць на далучаных да Польшчы землях за невялікія грошы надзелы плошчай ад 15 да 45 гектараў, яны мелі права насіць зброю і карыстацца ёю па сваім жаданні. З мэтаю падтрымкі добрых адносін з асаднікамі, установамі і арганізацыямі, з якімі прыйдзецца супрацоўнічаць пры насаджэнні асадніцтва, Міністэрства вайсковых спраў Польшчы пачынае ствараць грамадскія арганізацыі, у якіх галоўную ролю ігралі вайсковыя асаднікі. Самай буйной з іх стаў “Саюз асаднікаў”, якую ўзначальваў Цэнтральны саюз асаднікаў у Варшаве, у кожным заходнебеларускім ваяводстве стваралася яго філія. Членам “Саюза асаднікаў” мог стаць кожны поўнагадовы грамадзянін Другой Рэчы Паспалітай, які атрымаў асаду, члены яго сям`і і адміністрацыйны апарат асады, тыя грамадзяне, чыя дзейнасць магла быць каштоўнай для асаднікаў.

Ва ўладных структурах Другой Рэчы Паспалітай абмяркоўвалася пытанне, як лепш рассяляць асаднікаў — хутарамі ці калоніямі, у глухіх месцах ці паблізу паселішч. Навагрудская ваяводская адміністрацыя лічыла, што асаднікаў “лепш за ўсё было б рассяліць уздоўж важнейшых камунікацый, маючых стратэгічнае значэнне”. Фактычна асаднікаў сялілі паўсюдна, дзе меліся для гэтага ўмовы. Большасць асаднікаў атрымлівала на тэрыторыі Заходняй Беларусі па нізкім кошце ці навогул бясплатна па 15-45 га зямлі ў залежнасці ад вайсковых заслуг і звання: па агульнапрынятаму правілу палкоўнік атрымоўваў 30 гектараў зямлі, капітан — 20, паручнік — 15, радавы — каля 9-10 га, але былі і такія асаднікі, якія атрымалі толькі па 3-5 гектараў зямлі, бо не маглі яе больш апрацаваць.

Звярніце ўвагу, што ішло таксама і насаджэнне цывільнага асадніцтва, але яно не атрымала такога масштабу і многія цывільныя асаднікі перайшлі потым у вайсковае асадніцтва.

Частка асаднікаў здавала свае землі ў арэнду мясцовым сялянам — гэта давала каланістам магчымасць працягваць несці вайсковую службу, працаваць у банку, на пошце, чыгунцы.

Асаднік павінен быў быў на працягу аднаго года пасяліцца на асадзе і асвоіць яе. Памер аплаты за зямлю прыроўніваўся да 30-100 кг збожжа за 1 га штогод з выплатай дзяржаве на працягу 30 гадоў, пачынаючы з пятага года пасля атрымання зямлі. Вайсковым каланістам для арганізацыі гаспадарак дзяржава перадавала коней, буйную рагатую жывёлу, свіней і іншую маёмасць. Згодна ўставе ад 17 снежня 1920 г. каланісту на абзавядзенне гаспадаркай польскім урадам выдзялялася:

1) Адна пара коней з вупражжу і воз пасля дэмабілізацыі асадніка;

2) 80 кубічных метраў дрэва і іншыя неабходныя матэрыялы для пабудовы хаты і гаспадарчых пабудоў;

3) Крэдыт на 50 000 марак (1921 г.) на стварэнне гаспадаркі;

4) Крэдыт на будаўніцтва па прашэнню асадніка, якое разглядалася павятовым надаўчым камітэтам для вызначэння памераў неабходнай фінансавай дапамогі.

Пры надзяленні асаднікаў заходнебеларускаю зямлёю, польскія ўлады ўлічвалі ў першую чаргу іх вайсковыя заслугі і лаяльнасць да польскага панавання на “Крэсах Усходніх”, і толькі ў другую іх здольнасць займацца сельскай гаспадаркаю.

Варта адзначыць, што многія вайсковыя асаднікі, якія сяліліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, праславіліся сваёй храбрасцю і мужнасцю, праяўленымі пад час савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. — напрыклад, асаднік Ялінскі (асада Сялец Пружанскага павета Палескага ваяводства) стаў поўным кавалерам вышэйшага польскага вайсковага ордэна “Віртуці Мілітары”.

На месцах ствараліся розныя гурткі і арганізацыі — “Кулкі Рольнічэ”, “Каса Стэфчыка”, “Стшэлец” і іншыя, дзе галоўную ролю ігралі асаднікі. Яны вучылі сялян новым метадам вядзення сельскай гаспадаркі, арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы, тэатральныя і музычныя прадстаўленні, акрамя таго, ствараліся сельскагаспадарчыя гандлёвыя таварыствы і аб`яднанні сельскіх гаспадынь. Сельскагаспадарчыя таварыствы ўтрымоўвалі свае крамы па продажы прадуктаў паляводства, жывёлагадоўлі.

Улады ўсяляк падтрымлівалі прыватнаўласніцкія настроі сялян, заахвочвала развіццё заможных гаспадарак.

Спецыяльныя аграномы выязджалі ў вёскі з мэтай арганізацыі сельскагаспадарчых таварыстваў. Так, у Луніне Саюзам сельскай моладзі былі арганізаваны спецыяльныя сельскагаспадарчыя курсы, у 1929 г. адна група сялян займалася ў вёсцы Дубай, а другая ездзіла ў Сарны і вывучала здабычу, апрацоўку і выкарыстанне торфу і праходзіла вытворчую практыку.

Нагадайце, што з дапамогаю асаднікаў польскі ўрад імкнуўся стварыць сабе сацыяльную апору ў вёсцы, таму на канферэнцыі ваявод і начальнікаў зямельных аддзелаў у г. Гродна 24 красавіка 1937 г. генерал Янушкевіч казаў: “Мы павінны ясна ўсведамляць, што без умацавання польскага элемента немагчыма весці барацьбу за ўсходнія землі. Найбольш рашучым саюзнікам у гэтай барацьбе будзе вясковы асаднік. Таму трэба як мага больш іх адбіраць з Цэнтральнай Польшчы... Польская культура павінна гаспадарыць на паўночна-ўсходніх ускраінах...”. Вызначыць дакладна колькі асаднікаў атрымала зямлю ў Заходняй Беларусі немагчыма, бо гэтая інфармацыя адносілася да кампетэнцыі вайсковага ведамства і мела высокую сакрэтнасць, але па меркаванням даследчыкаў за 1921—1939 гг. на землі Заходняй Беларусі пераселена ад 6 000 да 10 000 вайсковых асаднікаў, якія сталі апорай польскіх улад.

Звярніце ўвагу на тое, што асаднікі выступалі ў Заходняй Беларусі ў якасці польскага каланізацыйнага элементу, але ацэньваць іх ролю у гісторыі Беларусі адназначна негатыўна нельга, бо яны ўнеслі значны ўклад у паляпшэнне метадаў вядзення мясцовымі сялянамі сваёй гаспадаркі, павышэнню іх агульнаадукацыйнага і культурнага ўзроўню дзякуючы арганізацыі школ, бiблiятэк, тэатральных, музычных і спартыўных таварыств, бібліятэк, народных дамоў.

Трэба адзначыць, што ў выніку комплексных мерапрыемстваў у сельскай гаспадарцы ўмацавалася становішча заможных і сярэдніх сялян, паскорыўся працэс сацыяльнага расслаення на вёсцы, актывізавалася канцэнтрацыя сельгасвытворчасці. Аграрная рэформа, праведзеная польскімі ўладамі, садзейнічала ліквідацыі паўпрыгонніцкіх адносін, канцэнтрацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, расчышчала шлях для больш хуткага развіцця капіталізму ў вёсцы. Сельская гаспадарка Заходняй Беларусі ў 1929 г. дасягнула даваеннага ўзроўню развіцця. Паказчыкі прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі ў 1930-я гады значна выраслі і дасягнулі ўзроўня перадавых краін свету: Францыі і ЗША, а ў некаторых паказчыках нават пераўзыйшлі іх, павялічылася таксама колькасць сельскагаспадарчай жывёлы. Ураджайнасць збожжавых у бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарках у 1930-я гады складала ў сярэднім па 7 цэнтнераў з гектара, а ў памешчыкаў і заможных сялян — па 9 цэнтнераў з гектара.

Падкрэсліце, што прамысловасць Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гг. насіла пераважна дробны характар з найбольшым развіццём харчовай і асабліва дрэваапрацоўчай галін, яна базіравалася на перапрацоўцы мясцовай сыравіны.

У адносінах да рабочых прымянялася пашыраная сістэма штрафаў, не развівалася сацыяльнае заканадаўства (рабочы дзень дасягаў 12—14 гадзін, не было шпітальных кас і інш.), рабочыя працавалі ў антысанітарных умовах. Сярэдняя заработная плата рабочага на заходнебеларускіх прадпрыемствах складала каля 68% ад заработнай платы рабочага ў Цэнтральнай Польшчы. У 1928 г. у Заходняй Беларусі дзейнічала каля 2000 прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала ад 5 да 20 чалавек. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва, удзельная вага прамысловасці Заходняй Беларусі ледзьве перавышала 3%. У сферы прамысловасці ў Заходняй Беларусі было занята каля 100 тысяч рабочых (амаль 5% рабочых Польшчы), налічвалася 50 тысяч рамеснікаў. Вялікае значэнне ў эканоміцы краю мела мясная і малочная прамысловасць: працавалі чатыры буйныя паўмеханічныя бойні ў Ваўкавыску, Беластоку, Баранавічах, Наваградку, а таксама больш дробныя заводы, якія належалі англійскай фірме “Крэсэкспарт” у Баранавічах, Беластоку і Ваўкавыску. Паспяхова развівалася масларобная вытворчасць.

Падкрэсліце, што стан працоўных значна абвастрыў эканамічны крызіс 1929—1933 гг., у выніку якога спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў і каля 46 % рабочых засталіся без працы. У пошуках лепшай долі працоўныя Заходняй Беларусі выязжалі за мяжу: за 1921—1939 гг. краіну пакінулі каля 120—150 тысяч чалавек; выхадцы з Беларусі эмігравалі ў Канаду, ЗША, краіны Заходняй Еўропы і Лацінскай Амерыкі. Трэба адзначыць, што ў Баранавічах працавала аргентынскае консульства, паслугамі якога скарысталіся многія заходнебеларускія працоўныя. Польская дзяржава не рабіла перашкод людзям, якія ехалі за мяжу на заробкі ці назаўсёды.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 2097; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.009 сек.