Студопедия

КАТЕГОРИИ:


Архитектура-(3434)Астрономия-(809)Биология-(7483)Биотехнологии-(1457)Военное дело-(14632)Высокие технологии-(1363)География-(913)Геология-(1438)Государство-(451)Демография-(1065)Дом-(47672)Журналистика и СМИ-(912)Изобретательство-(14524)Иностранные языки-(4268)Информатика-(17799)Искусство-(1338)История-(13644)Компьютеры-(11121)Косметика-(55)Кулинария-(373)Культура-(8427)Лингвистика-(374)Литература-(1642)Маркетинг-(23702)Математика-(16968)Машиностроение-(1700)Медицина-(12668)Менеджмент-(24684)Механика-(15423)Науковедение-(506)Образование-(11852)Охрана труда-(3308)Педагогика-(5571)Полиграфия-(1312)Политика-(7869)Право-(5454)Приборостроение-(1369)Программирование-(2801)Производство-(97182)Промышленность-(8706)Психология-(18388)Религия-(3217)Связь-(10668)Сельское хозяйство-(299)Социология-(6455)Спорт-(42831)Строительство-(4793)Торговля-(5050)Транспорт-(2929)Туризм-(1568)Физика-(3942)Философия-(17015)Финансы-(26596)Химия-(22929)Экология-(12095)Экономика-(9961)Электроника-(8441)Электротехника-(4623)Энергетика-(12629)Юриспруденция-(1492)Ядерная техника-(1748)

Нацыянальна-вызваленчы, рабочы і сялянскі рух у Заходняй Беларусі




У Заходняй Беларусі актыўна дзейнічала дэфензіва (вайсковая контрразведка), паліцыя, шматлікія суды, карныя экспедыцыі і турмы. Падкрэсліце, што рэжым санацыі ставіў сваімі мэтамі “аздараўленне грамадска-палітычнага жыцця” і “недапушчэнне бальшавізму ў Заходнюю Еўропу”, таму дзейнічаў аўтарытарнымі метадамі і ўзмацніў сацыяльны, нацыянальны і рэлігійны прыгнёт, што выклікала актывізацыю нацыянальна-вызваленчага і рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. Тэрор, масавыя арышты, здзекі і катаванні былі звычайнай з`явай у Заходняй Беларусі, яны сталі асноўным сродкам зацвярджэння ўлады і метадам праўлення польскіх кіруючых колаў. Усё гэта выклікала беларускі народ на барацьбу за свае сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

Пакажыце, што ў першай палове 20-х гадоў пераважалі ўзброеныя выступленні партызанскага характару.

Дзейнічаючы невялікімі атрадамі і групамі, партызаны нападалі на паліцэйскія раз`ез­ды і патрулі, грамілі паліцэйскія ўчасткі, гмінныя управы, палілі памешчыцкія сядзібы і асадніцкія хутары. Вясной 1922 г. некалькі тысяч партызан Брэсцкага, Ваўкавыскага, Пружанскага і іншых паветаў накіравалі польскаму ўраду ўльтыматум, у якім патрабавалі спыніць гвалт над беларускім народам, вызваліць з турмаў зняволеных, забараніць высяканне лясоў і даць Заходняй Беларусі права на самавызначэнне, але у першыя гады партызанская барацьба была стыхійнай. У паўночна-заходнім рэгіёне дзейнічалі беларускія эсэры; яны вызначалі патрабаванні самавызначэння беларускіх зямель і спынення ўрадавых рэпрэсій.

Неабходна расказаць таксама пра легальныя сродкі барацьбы беларусаў за свае правы і інтарэсы.

У 1922 г. ў польскім Сейме пачала сваю працу фракцыя “Беларускі пасольскі клуб”, якую стварылі 11 лідэраў розных палітычных сіл Заходняй Беларусі (А. Аўсянік, Б. Тарашкевіч, Ф. Ярэміч, В. Рагуля, С. Рак-Міхайлоўскі і інш.), галоўнай мэтай клуба было адстойванне інтарэсаў беларускага насельніцтва праз парламенцкую дзейнасць.

З восені 1923 г. ў заходнебеларускім рэгіёне пачынае дзейнічаць Камуністычная партыя (КПЗБ), якая разам з заходнеўкраінскай, з’яўлялася часткай кампартыі Польшчы (КПП). У склад ЦК КПЗБ абраны С.А. Мертэнс (Скульскі), С.Т. Міллер, С.А. Дубовік, Тамашэўскі (“Стары”) і А. Буксгорн. На момант стварэння ў партыйных арганізацыях КПЗБ налічвалася 528 чалавек, у 1928 г. — 3 000, у 1934 г. — 4 000 членаў, акрамя таго каля 3 000 членаў партыі знаходзіліся пастаянна ў турмах.

Неабходна адзначыць, што асобнай праграмы і статута КПЗБ не мела, бо падзяляла праграмныя ўстаноўкі КПП.

КПП-КПЗБ паставілі сваёю мэтаю барацьбу за стварэнне ўрада рабочых і сялян, за перадачу сялянам зямлі без выкупу, за самавызначэнне Заходняй Беларусі і яе ўз`яднанне з БССР, таму камуністы сталі актыўнымі арганізатарамі, удзельнікамі і кіраўнікамі барацьбы працоўных за свае нацыянальныя і сацыяльныя інтарэсы.

У 1924 г. створаны Камуністычны Саюз Моладзі Заходняй Беларусі (першы сакратар — В. Харужая). З’яўленне новай палітычнай сілы — КПЗБ — спрыяла пашырэнню партызанскага руху, які стаў больш масавым і арганізаваным.

Неабходна звярнуць увагу на тое, што з тэрыторыі БССР доўгі час у Польшчу, нягледзячы на падпісаныя ўмовы Рыжскага мірнага пагаднення 1921 г. засылаліся разведвальна-дыверсійныя атрады В. Каржа, С. Ваўпшасава, К. Арлоўскага і інш.

На сваім І з`ездзе (28 чэрвеня — 25 ліпеня 1928 г.) КПЗБ паставіла галоўнымі задачамі:

а) мабілізацыю беднаты на барацьбу супраць памешчыкаў і фашысцкай дыктатуры;

б)арганізацыю мас і кіраўніцтва барацьбою супраць фашыскай дыктатуры, памешчыкаў, капіталістаў, асаднікаў і кулакоў;

в)выкрыццё памешчыцка-капіталістычнага характару фашысцкай палітыкі ў вёсцы;

д) умацаванне і паглыбленне свайго ўплыву сярод асноўных мас сялянства, у першую чаргу сярод бядняцкіх мас”.

Асабліва ўпартай і працяглай была барацьба сялян вёскі Баранава Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства, якая ішла пад кіраўніцтвам камуністаў на працягу больш двух гадоў (1930-1932 гг.). Члены мясцовай ячэйкі КПЗБ і камсамольцы актыўна агітавалі сялян супраць правядзення ў вёсцы камасацыі (хутарызацыі), якая па іх словах была накіравана на ўзбагачэнне заможных сялян. Пад уплывам камуністаў сяляне вёскі Баранава вясною 1931 г. не дапусцілі землямера да правядзення патрабуемых работ. Улады паспрабавалі наняць рабочых у навакольных вёсках, але сялянскі камітэт распаўсюдзіў лістоўкі, у якіх заклікаў сялян не ісці на працу ў Баранава. Гродненскі акруговы камітэт КПЗБ заклікаў усіх сялян павета дапамагчы бунтуючым жыхарам Баранава. У выніку ў вёсцы фактычна была ўведзена асаднае становішча, сялянам забаранялася збірацца вечарамі.

4 снежня 1932 г. у Баранава адбыўся мітынг, на які сабралася каля 500 сялян. Паліцыя не асмелілася разагнаць сходку. Член КПЗБ выступіў з прамовай, у якой заклікаў сялян да стойкасці, пасля гэтага сяляне пашыхаваліся ў калону і са спяваннем рэвалюцыйных песен пайшлі ў поле, дзе знішчылі межавыя знакі. На наступны дзень паліцэйскія правялі ў вёсцы “пацыфікацыю” (уціхамірванне) сялян, а таксама арышты членаў мясцовай камуністычнай ячэйкі. 6 снежня 1932 г. на кірмашы ў Індуры выступіў актывіст Янчанюк, які заклікаў сялян ісці да пастарунка і сілай вызваліць арыштаваных. У вёсцы ізноў прайшлі масавыя арышты актывістаў выступлення.

Звярніце ўвагу на тое, што значны ўплыў на працоўных гарадоў і мястэчак Заходняй Беларусі мелі яўрэйскія дэмакратычныя арганізацыі і найперш за ўсё — Бунд (Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі.

Створаны яшчэ ў 1897 г., ён прадстаўляў галоўным чынам інтарэсы яўрэйскай беднаты і паўпралетарскіх элементаў. У той час як на тэрыторыі БССР дзейнасць Бунда была поўнасцю згорнута, на тэрыторыі Заходняй Беларусі ён працягваў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць: выдаваў у Варшаве штодзённую газету “Фольксцайтунг”, пад яго апекай дзейнічалі дзіцячая арганізацыя “Скіф” (Сацыялістычны дзіцячы яўрэйскі саюз) і юнацкая Югенд-Бунд “Цукунфт”. Бунд стаяў на пазіцыях легальнай парламенцкай дзейнасці, супрацоўнічаў з ППС і партыяй Паалей-Цыён, якая мела левае і правае крыло. Гэтая партыя прапагандавала неабходнасць стварэння асобай яўрэйскай эканомікі і пабудовы ў перспектыве яўрэйскага сацыялістычнага грамадства ў Палестыне.

Варта адзначыць, што разам з гэтымі арганізацыямі актыўную дзейнасць вялі і непасрэдна беларускія арганізацыі.

У сярэдзіне 20-х гадоў на палітычную сцэну выходзіць яшчэ некалькі сіл, сярод якіх вызначаецца Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ) на чале якой стаяў Браніслаў Тарашкевіч. За два гады існавання (1925—1927 гг.) яна пераўтварылася ў адну з самых масавых палітычных арганізацый сялян Еўропы. У сваёй праграме ад 12 мая 1926 г. БСРГ ставіла мэтаю канфіскацыю памешчыцкіх і царкоўных зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва, а таксама ўсталяванне рабоча-сялянскай улады, уз`яднанне Заходняй Беларусі з БССР, дэмакратычныя свабоды, нацыянальная роўнасць і навучанне на роднай мове. КПЗБ актыўна супрацоўнічала з БСРГ і фактычна ўзяла яе пад свой кантроль, такім чынам па сутнасці БСРГ стала легальнай філіяй КПЗБ.

24 чэрвеня 1925 г. дэпутаты польскага Сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з беларускай нацыянальнай фракцыі Сейма і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся пасольскай недатыкальнасцю, лідэры БСРГ разгарнулі работу па стварэнні масавай арганізацыі працоўных для барацьбы за свае правы. Значны ўплыў на дзейнасць Грамады аказвалі камуністы, якія выкарыстоўвалі яе для сваёй легальнай дзейнасці. БСРГ мела свае друкаваныя органы “Беларуская справа”, “Жыццё беларуса”, “Народная справа”, “Наша воля”, “Народны звон”, сатырычны часопіс “Маланка”. Аб папулярнасці друку БСРГ сведчыць той факт, што многія сяляне-беднякі выпісвалі гэтыя газеты ў складчыну, наладжвалі калектыўныя чыткі. У выніку актыўнай дзейнасці БСРГ не толькі асобныя члены, але і цэлыя арганізацыі ППС і “Вызваленне” выйшлі з гэтых партый і ўступілі ў Грамаду. Дзеячамі БСРГ праведзена актыўная работа па стварэнні Беларускага кааператыўнага банка. У канцы 1926 г. банк базіраваўся ў Вільні, меў аддзелы ў Пінску і Глыбокім, налічваў каля 900 ўкладчыкаў і аказваў дапамогу маламаёмасным сялянам за невялікі працэнт.

У 1927 г., у выніку выбараў у Сейм КПЗБ стварыла сваю дэпутацкую фракцыю “Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых” (“Змаганне”, І. Гаўрылік, І. Грэцкі, С. Дварчанін, Ф. Валынец, П. Крынчык і інш.). Гэтыя арганізацыі сумесна выступалі супраць аграрнай і падатковай палітыкі польскіх улад, кіравалі забастоўкамі рабочых, выдавалі шматлікія газеты. Клуб “Змаганне” пераўтварыўся ў рэвалюцыйна-дэмакратычную і нацыянальна-вызваленчую арганізацыю, але ўлады не дазволілі ёй стаць масавай. Як і Грамада, пасольскі клуб “Змаганне” патрабаваў канфіскацыі памешчыкіх зямель і падзел іх без выкупу сярод маламаёмасных сялян, перакладанне падаткаў на заможных людзей, стварэнне рабоча-сялянскай улады, уз`яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Клуб “Змаганне” праводзіў палітычную і арганізацыйную працу сярод сялян і сельскагаспадарчых рабочых, арганізоўваў выступленні сялян супраць зямельнай і падатковай палітыкі ўрада, разам з КПЗБ выступаў супраць судовага працэсу над актывістамі Грамады, рыхтаваў правядзенне Еўрапейскага сялянскага кангрэса, арганізоўваў дапамогу галадаючым.

Звярніце ўвагу на тое, што клуб “Змаганне” актыўна супрацоўнічаў з польскімі і ўкраінскімі рэвалюцыйна-дэмакратычнымі і лева-сацыялістычнымі арганізацыямі — ППС-лявіцай, Сельробам, аб`яднаннем сялянскай лявіцы “Самапомоц”, але пад уплывам КПЗБ з 1929 г. клуб пачаў займаць больш жорсткую пазіцыю ў адносінах да дробнабуржуазных партый, празмерна завастрыў свае праграмныя патрабаванні, што прывяло да звужэння сацыяльнай базы і зніжэння ўплыву пасольскага клубу “Змаганне” на палітычную сітуацыю ў краіне.

Галоўным палітычным апанентам БСРГ і КПЗБ у барацьбе за ўплыў на сялянскія масы стала Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). На яе чале стаялі ксяндзы Ф. Абрантовіч, А. Станкевіч, В. Гадлеўскі і іншыя. У аснову праграмы БХД пакладзена сцвярджэнне, што беларускі народ з`яўляецца бяскласавым і цалкам працоўным, кіраўнікі БХД выступалі супраць устанаўлення “дыктатуры пралетарыяту” і ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР. Патрабаванні перадачы зямлі без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам ва ўласнасць, дэмакратычных свабод мелі водгук сярод насельніцтва пераважна каталіцкага веравызнання. Цэнтральным друкаваным органам БХД была газета “Беларуская крыніца”, якая выдавалася на беларускай мове і спачатку друкавалася лацінскім шрыфтам, а потым — кірыліцай. У 1926 г. БХД стварыла арганізацыю культурна-гаспадарчага характару — Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (БІГіК), з дапамогай якога БХД удалося значна пашырыць свой уплыў на бяднейшую частку сялянства і інтэлігенцыю. У пачатку 1936 г. БХД пераіменавана ў Беларускае нацыянальнае аб`яднанне (БНА), гэта было зроблена для таго каб пашырыць уплыў на праваслаўную частку насельніцтва.

Блізкія да БХД пазіцыі займаў створаны ў лістападзе 1925 г. В. Рагуляй і Ф. Ярэмічам Беларускі сялянскі саюз (БСС). Цэнтральным друкаваным органам БСС стала газета “Сялянская ніва”. Праграма БСС прадугледжвала падзел памешчыцкіх зямель і перадача іх ва ўласнасць малазямельных сялян па працоўнай норме; скасаванне асадніцтва. На 2-й канферэнцыі БСС (ліпень 1927 г.) па зямельным пытанні ў праграме запісана, што “ўсе землі: абшарніцкія, дзяржаўныя, касцёльныя, царкоўныя і іншыя павінны перайсці ў рукі беларскіх беззямельных і малазямельных сялян”. БСС аказаўся пад агнём крытыкі як з боку БСРГ і КПЗБ, так і польскіх уладаў, таму ён заставаўся нешматлікай грамадска-палітычнай арганізацыяй і на пачатку 1929 г. распаўся.

Канкурэнтам вышэйпералічаных партый і арганізацый у барацьбе за ўплыў на насельніцтва Заходняй Беларусі выступала палітычная групоўка беларускіх буржуазных суполак Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), якая насіла неафіцыйную назву “беларуская санацыя” (“белсанацыя”), бо лічыла магчымым кампраміс з “санацыйным” рэжымам Ю. Пілсудскага. “Цэнтрасаюз” абапіраўся на беларускіх памешчыкаў, частку інтэлігенцыі і найбольш заможных сялян-беларусаў. Кіраўніцтва гэтай партыяй ажыццяўлялі А. Луцкевіч, Р. Астроўскі, Ф. Акінчыц і інш., выпускаліся газеты “Беларускі звон”, “Наперад”, “Родны край”.

Трэба адзначыць, што вырашальны ўплыў на працоўныя масы Заходняй Беларусі ў гэты час мела менавіта БСРГ.

Урад Юзафа Пілсудскага паставіў сваёй задачаю разграміць Грамаду і яе саюзнікаў, таму ў ноч на 15 студзеня 1927 г. адбыліся масавыя арышты яе членаў, камуністаў і іншых прадстаўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху: па закліку Косаўскага райкама КПЗБ 3 лютага 1927 г. у Косава (Палескае ваяводства) на дэманстрацыю пратэсту супраць разгрому БСРГ сабралася звыш 1500 сялян, якія пад чырвонымі сцягамі правялі мітынг. Атрады самаабароны прагналі паліцыю, якая ў адказ адкрыла агонь. Забіта шэсць чалавек (М. Еўтух, І. Ракевіч, П. Гаўрус, М. Таптала, І. Кучук, С. Верабей), некалькі дзесяткаў паранена. Пахаванне забітых перарасло ў магутную маніфестацыю пратэсту супраць рэжыма “санацыі”. У сакавіку 1927 г. БСРГ канчаткова забаранілі, сялян гвалтоўна прымушалі здаваць членскія білеты. Узмацніліся рэпрэсіі супраць іншых беларускіх кааператыўных і культурна-асветніцкіх арганізацый. Над арыштаванымі ў лютым-маі 1928 г. у Вільні адбыўся судовы працэс,, у выніку якога Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Валошын і П. Мятла атрымалі па 12 гадоў, М. Бурсевіч — 8, іншыя ад 3 да 6 гадоў турмы, што выклікала масавае незадавальненне грамадскасці.

Падкрэсліце, што ўвогуле сярэдзіна 20-х — пачатак 30-х гг характарызаваліся імкненнем працоўных да спалучэння легальных і рэвалюцыйных формаў барацьбы.

На выбарах 1928 г. толькі за дэпутатаў ад КПЗБ было аддадзена 26% галасоў. У першай палове 30-х гг. значна зніжаецца колькасць выступленняў пад нацыянальна-вызваленчымі заклікамі. Прычына таму — сусветны эканамічны крызіс 1929—1933 гг., які пацягнуў за сабой значнае пагаршэнне стану жыцця працоўных Заходняй Беларусі — у гэты час прайшло каля 500 сялянскіх выступленняў і 1500—2000 масовак, у іх удзельнічала 140-150 тысяч сялян (па 40—50 тысяч штогод). Многія з гэтых выступленняў ахоплівалі цэлыя гміны і нават паветы і характарызаваліся працягласцю і глыбінёю супрацьстаяння. У рабочым руху адзначаецца паступовы рост забастовачнай барацьбы з перавагай стачак эканамічнага характару.

Падкрэсліце што ў адказ на неправамерныя дзеянні паліцыі сяляне стваралі атрады самаабароны, а месцамі нават станавіліся на шлях партызанскай барацьбы.

У сакавіку 1932 г. адбылося ўзброенае выступленне сялян вёскі Асташына Навагрудскага павета, якія спалілі маёнткі памешчыка, сядзібы мясцовага асадніка і гандляра за тое, што яны куплялі на аукцыёне канфіскаваныя ў сялян за нявыплатку падаткаў пажыткі. Паліцыя арыштавала завадатараў выступлення, але сяляне пад кіраўніцтвам свайго камітэта на чале з камуністамі адбілі іх, захапілі зброю і пачалі перастрэлку з паліцыяй. Улады жорстка расправіліся з паўстанцамі: паводле прысуда надзвычайнага суда 5 ліпеня 1932 г. сяляне І. Бахар, А. Гаўраш, А. Малец, В. Стасевіч павешаны, пяць чалавек атрымалі пажыццёвае зняволенне, 44 чалавекі атрымалі па 5-6 гадоў турмы.

Самым вядомым выступленнем сялян Заходняй Беларусі стала “Навасёлкаўскае паўстанне сялян” 1933 г.

25 ліпеня 1933 г. у вёску Ляплёўка Кобрынскага павета прыехаў секвестратар з трыма паліцэйскімі і стаў забіраць за нядоімкі каштоўную маёмасць і жывёлу. Сяляне прагналі паліцэйскіх, але, пакідаючы вёску, тыя адкрылі агонь і смяротна паранілі камуніста Лявона Баганскага. Ноччу ў Ляплёўку прыбыў атрад паліцэйскіх і правёў пацыфікацыю (“уціхамірванне сялян”). Брэсцкі акруговы камітэт КПЗБ прыняў рашэнне ў адказ на гэта правесці паход сялян на бліжэйшы маёнтак братоў Марачэўскіх. Вечарам 3 жніўня 1933 г. узброеная група сялян некалькіх вёсак Кобрынскага павета разграміла двары асаднікаў хутара Бельск і захапіла там толькі рэвальвер, наган, вінтоўку, шаблю, сядло — такім чынам чуткі аб небывалым узбраенні асаднікаў аказаліся перабольшанымі. Больш ста ўзброеных сялян рушыла на пастарунак у вёсцы Навасёлкі, дзе на некалькі гадзін завязалася перастрэлка з прадстаўнікамі праваахоўчых органаў. На досвітку падыйшоў атрад паліцыі з Брэста, з дапамогай якога ўлады падавілі паўстанне. Вайскова-палявы суд у Кобрыне прысудзіў 8 сялян да смяротнай кары, а Рэгіну Каплан (“Валю”, сакратара Брэсцкага акруговага камітэта КПЗБ) трохі пазней да 15 гадоў турэмнага заключэння. З-за масавага пратэсту грамадскасці мера пакарання зменена на пажыццёвае заключэнне.

3 жніўня 1933 г. сяляне вёскі Вялікія Радванічы Кобрынскага павета Палескага ваяводства разграмілі некалькі сядзіб асаднікаў, забралі зброю, сапсавалі тэлеграфную сувязь і на працягу некалькі гадзін трымалі ў асадзе пастарунак у Навасёлках. Кобрынскі павет абвешчаны на асадным становішчы, раніцай 4 жніўня паліцыя атрымала падмацаванне з Брэста і разагнала сялян. Завадатары выступлення аддадзены пад вайскова-палявы суд, але ў іх абарону выступілі працоўныя Заходняй Беларусі.

Шырокую вядомасць атрымала барацьба нарачанскіх рыбакоў (пачалася вясной 1935 г.) супраць намеру ўлад пазбавіць сялян права свабоднага лову рыбы, а таксама за павелічэнне сваёй зарабатнай платы. Улады вымушаны былі пайсці на ўступкі і не адважыліся пайсці на рэпрэсіі.

Другая палова 30-х гг. стала цяжкім часам для рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. На тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала 19 турмаў і з 1934 г. канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. У Еўропе шырылася фашысцкая пагроза, у 1935 г. у Рэчы Паспалітай адбылася спроба левых сіл стварыць адзіны антыфашысцкі фронт з мэтаю недапушчэння фашыстаў да ўлады ў Польшчы. У першамайскіх дэманстрацыях 1937 г. у многіх заходнебеларускіх гарадах разам з рабочымі ўдзельнічалі беспрацоўныя, рамеснікі, сяляне. Дэманстрацыі праходзілі пад лозунгам адзінага фронту: у іх сумесна ўдзельнічалі члены КПЗБ, ППС-лявіцы, Бунда, Паалей-Цыёна, але ўдзельнікам выступлення не хапала арганізаванасці. У жніўні 1937 г. пачалася агульнапольская забастоўка сялян, якая ахапіла каля 10 мільёнаў чалавек, яе падтрымалі сяляне Бельскага, Гродзенскага і Слонімскага паветаў. Яны перасталі дастаўляць прадукты ў гарады, выходзіць на шарваркі, праводзілі мітынгі салідарнасці з бастуючымі. Жорсткая рэпрэсіўная палітыка польскіх улад прыводзіла да шматлікіх арыштаў лідэраў палітычных арганізацый (арыштавана больш за 30 тысяч чалавек) і забароны іх дзейнасці. У 1938 г. Камінтэрнам была распушчана КПП і яе адгалінаванне — КПЗБ нібыта з-за таго, што дэфензіве ўдалося ўзяць іх пад свой кантроль, а кіраўнікі КПЗБ былі рэпрэсаваны.

Неабходна падкрэсліць, што абвінавачванні ў адрас КПП і КПЗБ былі абсалютна беспадстаўнымі: 21 лютага 1956 г. у газеце “Правда” апублікавана заява Цэнтральных Камітэтаў кампартый СССР, Балгарыі, Фінляндыі, Італіі і Польшчы, што абвінавачванне ў 1938 г. Кампартыі Польшчы (а разам з ёю КПЗБ і КПЗУ) было сфабрыкавана правакатарамі, а роспуск стаў абсалютна неабгрунтаваным. У заяве давалася высокая ацэнка дзейнасці КПП-КПЗБ і аднаўлялася яе добрае імя.

 




Поделиться с друзьями:


Дата добавления: 2015-06-25; Просмотров: 1319; Нарушение авторских прав?; Мы поможем в написании вашей работы!


Нам важно ваше мнение! Был ли полезен опубликованный материал? Да | Нет



studopedia.su - Студопедия (2013 - 2024) год. Все материалы представленные на сайте исключительно с целью ознакомления читателями и не преследуют коммерческих целей или нарушение авторских прав! Последнее добавление




Генерация страницы за: 0.007 сек.